Top.Mail.Ru

Лістапад праходзіць у Беларусі пад знакам паляўнічага турызму

Яго папулярнасць з кожным годам расце, аб чым сведчыць той факт, што колькасць замежных гасцей, якія прыязджаюць у нашу краіну ў паляўнічыя туры, у тым ліку з краін ЕС, толькі павялічваецца. Пры гэтым паляпшаюцца як умовы размяшчэння турыстаў, так і іх трафеі, а значыць, паляўнічая гаспадарка вядзецца правільна.



Нішавы брэнд

Як падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый МАРОЗАЎ, паляўнічы турызм займае важную нішу ў айчынным уязным і ўнутраным турызме.

— Хоць па аб’ёмах яго складана параўноўваць з санаторна-курортным турызмам, гэты від прыцягвае вельмі цікавы кантынгент, асабліва сярод уязных турыстаў. Большасць прыезджых — з Расіі. Ёсць таксама турысты з арабскіх краін і грамадзяне Кітайскай Народнай Рэспублікі, якія праяўляюць цікавасць да паляўнічага турызму ў Беларусі, — адзначыў ён.

Наша краіна супрацоўнічае з рознымі дзяржавамі, і вялікую цікавасць для іх грамадзян уяўляюць менавіта багацці беларускіх лясоў. Тут можна сустрэць разнастайную фауну ў спалучэнні з высокім узроўнем сэрвісу і арганізацыі палявання, якія вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Такім чынам, паляўнічы турызм — гэта нішавы брэнд, які прываблівае гасцей з розных краін на працягу многіх гадоў.

У краіне існуе вялікі выбар аб’ектаў размяшчэння — ад прэміяльнага класа да бюджэтных домікаў для паляўнічых. На сайце belarus. travel у раздзеле «Паляўнічы турызм» сабраны аб’екты, якія актыўна развіваюць гэты від турызму і прапануюць паслугі па размяшчэнні.

— Мы запрашаем паляўнічыя гаспадаркі да супрацоўніцтва ў інфармацыйным плане. Калі нейкія аб’екты яшчэ не дададзены на belarus. travel, мы з задавальненнем іх уключым, каб яны маглі прымаць турыстаў, якія цікавяцца прыродай Беларусі і паляваннем. На нашых рэсурсах — сайтах, сацсетках і тэлеграм-канале «ПазнайБеларусь» — будзе рэгулярна публікавацца інфармацыя аб усіх цікавых падзеях, звязаных з паляўнічым турызмам, — звярнуў увагу Дзмітрый Марозаў.

З мерапрыемстваў, напрыклад, 19 лістапада ў Нацыянальным парку «Нарачанскі» пройдзе экскурсія ў сафары-парк у Мядзельскім раёне. Усе дэталі можна знайсці на сайце belarus. travel і на старонцы турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Мядзельскага раёна. Экскурсія стартуе ад гасцініцы «Мядзел» у 9.30 раніцы.

Акрамя таго, у Магілёўскай вобласці пройдуць семінары па развіцці паляўнічага турызму, арганізаваныя ўпраўленнем спорту і турызму і турыстычным інфармацыйным цэнтрам Магілёва. А ў Лагойскім раёне прайшоў дзень адчыненых дзвярэй у паляўнічым комплексе «Расохі» з азнаямленчай экскурсіяй.

На аленя, казулю і ваўка

Уязны паляўнічы турызм садзейнічае развіццю паляўнічай гаспадаркі Беларусі. Як паведаміў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр КАЗАРЭЗ, летась на ўязным паляўнічым турызме наша краіна зарабіла 11,6 мільёна рублёў, што складае 136 % ад узроўню 2023 года. Толькі лесапаляўнічыя гаспадаркі Мінлясгаса сёлета зарабілі 2 мільёны рублёў, і гэта на паўмільёна больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Увогуле ж лесапаляўнічыя гаспадаркі сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі прынеслі ў скарбонку даходаў паляўнічага турызму 20 % сродкаў, па 30 % — гаспадаркі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» і Кіравання справамі Прэзідэнта, 18 % — карыстальнікі паляўнічых гаспадарак без ведамаснай прыналежнасці. Найбольш актыўна працуюць гаспадаркі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта: займаючы 7 % паляўнічых угоддзяў, яны зарабляюць 30 % даходаў ад замежнага паляўнічага турызму.

Сёння гэты від турызму ў нашай краіне будуецца на ўсёй разнастайнасці паляўнічых жывёл, што дазваляе нарошчваць яго тэмпы, паколькі расце і рэсурсная база. За апошнія 

20 гадоў колькасць высакароднага аленя, напрыклад, вырасла ў 10 разоў, казулі — у 4 разы.

— Усё большую папулярнасць набірае трафейны кірунак уязнога паляўнічага турызму. Нас папракаюць, што трафейны турызм — пагроза біялагічнай разнастайнасці, але немагчыма добры трафей атрымаць у папуляцыі жывёл, якія знаходзяцца ў прыгнечаным стане, — тлумачыць Аляксандр Казарэз. — Калі яшчэ 


20 гадоў таму найлепшы трафей высакароднага аленя ацэньваўся ў 220 балаў і мы лічылі, што лепшы вырасціць у Беларусі немагчыма, то 2 гады таму быў здабыты трафей, ацэнены ў 272 балы, сёлета ў Навагрудскім лясгасе — у 268 балаў. Гэта сведчыць, што наша паляўнічая гаспадарка вядзецца правільна з пункту гледжання рацыянальнага выкарыстання папуляцыі.

Актыўна развіваецца і паляванне на драпежнікаў, у прыватнасці на ваўка. Да нас прыязджаюць паляваць на яго ў тым ліку і расіяне. Папулярнае паляванне і на пералётных птушак. Тэрміны палявання ў Беларусі дэмакратычныя і дазваляюць цягам доўгага часу арганізоўваць яго ў розных частках краіны, што прыцягвае турыстаў.

Як расказаў начальнік упраўлення паляўнічай гаспадаркі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Сяргей Цабрук, прыцягненне турыстаў і паляўнічыя туры з удзелам замежнікаў дазваляюць не падымаць кошты на паляванне для беларускіх грамадзян. Сёлета назіраецца рост замежных паляўнічых тураў у параўнанні з мінулым годам: за 10 месяцаў летась іх праведзена 890, а сёлета — ужо 1012, летась прыехалі 1828 паляўнічых, сёлета — 1965. У тым ліку павялічылася колькасць паляўнічых з краін ЕС. Калі летась за 10 месяцаў удалося зарабіць 625 тысяч еўра, то сёлета гэта лічба перавысіла мільён еўра.

Алена КРАВЕЦ
Фота БелТА

Чытайце таксама: На Новы год — у Беларусь. Чаму расійскія турысты едуць на адпачынак у Сінявокую

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю