Школьнікі ідуць на канікулы
З 1 па 8 лістапада ў вучняў пачынаюцца першыя ў гэтым навучальным годзе восеньскія канікулы. За парты школьнікі вернуцца 9 лістапада.
Рыбакам — часовая забарона
З 1 лістапада ўводзіцца забарона на лоўлю сома звычайнага. Яна працягнецца да 31 сакавіка 2027 года: у халодны час года сом залягае ў ямах і становіцца практычна нерухомым, што робіць яго ўразлівым. Таксама з 1 лістапада нельга будзе лавіць сіга чудскога — гэтая рыба ідзе на нераст, забарона дзейнічае да 15 снежня 2026 года.
«Белтэлекам» павышае тарыфы
З 1 лістапада вырастуць цэны на гарадскую сувязь, міжгароднія званкі, інтэрнэт byfly і папулярныя пакеты паслуг. У сярэднім падаражанне складзе 1–2 рублі. Напрыклад, тарыф «Дамасед Старт» будзе каштаваць 18,50 рубля замест 17,80, «СуперДамасед» — 23,85 замест 22,75, «Рэкорд 50 new» — 28,35 замест 27 рублёў. Пакет «ЯСНА 50 SMART» падаражае да 41 рубля, «ЯСНА 100 SMART» — да 45 рублёў. Пры гэтым тарыфныя планы «Рэкорд 200» і «Рэкорд 500» застануцца на ранейшым узроўні.
Адказнасць за аўтахлам пашыраецца
З 13 лістапада пачне дзейнічаць указ, згодна з якім за кінутыя аўтамабілі будуць адказваць не толькі іх уладальнікі, але і іншыя грамадзяне, якія мелі дачыненне да транспартнага сродку. У прыватнасці, гэта датычыцца тых, хто ў апошнія два гады страхаваў «закінутую» машыну, а таксама асоб, якія за год учынілі правапарушэнне супраць бяспекі руху на гэтым аўто.
Адзіны маёмасны плацёж — да 16 лістапада
Беларусам трэба будзе выплаціць адзіны маёмасны плацеж, які аб’ядноўвае транспартны, зямельны падаткі і падатак на нерухомасць. Звычайна крайні тэрмін — 15 лістапада, але ў гэтым годзе ён выпадае на нядзелю, таму фактычна апошні дзень перанесены на панядзелак, 16 лістапада.
Паўторны тэхагляд пры змене ўласніка адмяняецца
З 16 лістапада пакупнікам аўтамабіляў не давядзецца зноў праходзіць тэхагляд, калі дзейнае пасведчанне на допуск яшчэ не скончылася. Гэта замацавана пастановай Савета Міністраў ад 13 мая 2026 года № 244. Галоўная ўмова — пасведчанне павінна заставацца дзейным. Калі ж машына набываецца з пратэрмінаваным тэхаглядам, стандартную працэдуру дыягностыкі прыйдзецца прайсці.
Электронны подпіс — у пяці гарадах
На працягу лістапада жыхары Салігорска, Стоўбцаў, Смаргоні, Смалявіч і Жодзіна, а таксама навакольных населеных пунктаў змогуць атрымаць электронны лічбавы подпіс.
Ягор ЧУРЫК