Пасля першага мокрага снегу ў паўночным рэгіёне Беларусь чакае халодны тыдзень з начнымі маразамі да мінус 7 °C, туманам і галалёднымі з’явамі, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Атмасферныя франты, якія, перамяшчаючыся па ўсходняй перыферыі антыцыклону KLAUS, прынеслі з сабой не толькі ападкі, але і прахалоду паўночных шырот. У выніку тэмпературны фон у начны час пачаў вагацца ад слабога мінуса да слабога плюса, удзень не перасягаў 3–11 °C цяпла, што нараўне з ветрам паўночнага напрамку стварае вельмі непрыемныя цеплаадчуванні для насельніцтва, а для вадзіцеляў — пагаршэнне дарожнай абстаноўкі з-за рызыкі ўтварэння галалёдзіцы.
У найбліжэйшы час лістапад прадоўжыць падтрымліваць адмоўную тэмпературную анамалію, паступова рыхтуючы нас да надыходу зімы, папярэдзілі сіноптыкі. Таму з 6 па 11 лістапада ў сувязі з працяглай адвекцыяй паветранай масы паўночных шырот у Беларусі захаваецца халоднае надвор’е з начнымі мінімумамі ад мінус 7 да плюс 4 °C і дзённымі максімумамі ў межах ад 0 да плюс 8 °C. Разам з тым на фоне вобласці павышанага атмасфернага ціску будзе пераважна сухое надвор’е, толькі ў асобных раёнах краіны, у асноўным у паўночна-ўсходніх, дзе праявіцца ўплыў франтальных раздзелаў і няўстойлівых паветраных мас, пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег).
У начныя і ранішнія часы ў вільготным паветры пры ваганнях тэмпературнага фону месцамі будуць адзначацца туманы і слабыя галалёдныя з’явы.
У суботу будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі па поўначы краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман і галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 да плюс 2 °C, удзень — 1–7 °C цяпла.
У нядзелю таксама будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі па паўночным усходзе краіны чакаюцца невялікія ападкі (дождж, магчымы мокры снег). Уначы і раніцай месцамі туман і слабы галалёд. Тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе ад мінус 4 да плюс 3 °C, днём — 2–8 °C вышэй за нуль.
Віктар ЛЮБІМАЎ