Top.Mail.Ru

Лісток непрацаздольнасці: як паведаміць наймальніку, здаць дакумент і праверыць аплату

Аўтар:

Лісток непрацаздольнасці — сітуацыя, знаёмая кожнаму. Але нават тут узнікае маса пытанняў: ці трэба званіць начальніку, што рабіць, калі ў дакуменце памылка, і як праверыць, ці правільна разлічылі дапамогу. Разбіраем асноўныя моманты, якія важна ведаць.


Паведаміць лепш адразу

Заканадаўства не ўстанаўлівае адзінага тэрміну, на працягу якога работнік абавязаны паведаміць наймальніку аб адкрыцці ліста непрацаздольнасці. Аднак лепш зрабіць гэта адразу, як з’явіцца магчымасць. У некаторых арганізацыях дзейнічаюць свае правілы ўнутранага працоўнага распарадку, дзе прапісаны абавязак паведаміць пра хваробу, спосаб і тэрмін паведамлення. Гэтыя правілы трэба выконваць.

Не пазней за шэсць месяцаў

Закрыты лісток непрацаздольнасці пажадана перадаць наймальніку адразу пасля выхаду на працу. Звярнуцца па дапамогу па часовай непрацаздольнасці можна не пазней за шэсць месяцаў з дня, які ідзе за днём заканчэння перыяду вызвалення ад працы, указанага ў лісце непрацаздольнасці. Гэта гранічны тэрмін. Для дапамогі па цяжарнасці і родах дзейнічае аналагічны тэрмін — не пазней за шэсць месяцаў з першага дня вызвалення ад працы.

Калі ў дакуменце памылка або ён страчаны

Калі памылка дапушчана ў медыцынскай частцы, трэба звярнуцца ў арганізацыю аховы здароўя, якая выдала лісток непрацаздольнасці. Самастойна выпраўляць запісы нельга. Калі ж памылку дапусціў наймальнік у сваёй частцы дакумента, трэба звярнуцца ў бухгалтэрыю.

У выпадку страты ліста непрацаздольнасці трэба атрымаць дублікат ва ўстанове аховы здароўя, якая яго выдала. Для гэтага спатрэбіцца пашпарт або іншы дакумент, які пацвярджае асобу.

Чым даведка адрозніваецца ад ліста непрацаздольнасці

Лісток непрацаздольнасці пацвярджае вызваленне ад працы і служыць падставай для прызначэння дапамогі пры выкананні ўстаноўленых умоў. Даведка таксама пацвярджае вызваленне ад працы, але сама па сабе права на аплату не дае. Напрыклад, даведку могуць выдаць, калі пры лячэнні дзіцяці да 14 гадоў дома догляд патрэбны і пасля заканчэння 14 каляндарных дзён, пацверджаных лістом непрацаздольнасці. Або калі ў чалавека два месцы працы: для асноўнага выдадуць лісток непрацаздольнасці, для сумяшчальніцтва — даведку.

Як праверыць разлік і куды звяртацца

Калі ёсць сумненні ў правільнасці сумы, спачатку папрасіце бухгалтэрыю патлумачыць разлік. Удакладніце, які сярэднядзённы заробак выкарыстаны, які стаж з аплатай узносаў улічаны, які працэнт аплаты прымяняецца, колькі каляндарных дзён аплачана, ці былі абмежаванні памеру дапамогі або ўтрыманні.

Праверыць правільнасць прымянення сярэднядзённага заробку можна ў мабільным дадатку «ФСАН» — там адлюстроўваецца сярэднядзённы заробак, выдадзены ФСАН для разліку дапамогі.

Калі пытанне не вырашана, звярніцеся ў тэрытарыяльны орган ФСАН па месцы рэгістрацыі наймальніка або праз партал звароты.бел. Далучыце наяўны разлік і ўкажыце, з чым менавіта не згодны. Для аператыўнасці кожную сераду з 9.00 да 12.00 па нумары 122 арганізавана кансультаванне па пытаннях правільнасці разліку лістоў непрацаздольнасці. Рашэнні па прызначэнні дапамог можна абскардзіць ва ўстаноўленым парадку, у тым ліку ў судзе.

Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю