Top.Mail.Ru

У кнігарні ААТ «Белкніга» «Светач» прайшла сустрэча літаратурнай моладзі краіны з чытачамі

Літаратурная моладзь збіраецца ў «Светачы»


Нагодай стала знаёмства з кнігай апавяданняў маладых празаікаў «Палёт на Марс», якая выйшла ў серыі «Век прозы». У зборнік увайшлі апавяданні 20 аўтараў. Развагамі пра іх творчасць падзяліліся супрацоўнік выдавецтва «Мастацкая літаратура» Вольга Рацэвіч, якая зазначыла, што творы прайшлі своеасаблівую апрабацыю на старонках часопіса «Маладосць», і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. 


— Імпаніруе тэматычная шматаблічнасць апавяданняў, сабраных у кнізе «Век прозы», — заўважыў Алесь Карлюкевіч. — Маладыя людзі, нягледзячы на свой узрост, шмат што ведаюць пра жыццё, імкнуцца свой досвед выкласці на старонках мастацкіх твораў. Хацелася б, каб найхутчэй прыйшлі да чытача іх першыя аўтарскія кнігі. Хаця сярод маладых празаікаў ужо ёсць і тыя, хто мае асобныя кнігі і каго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі... 

Пра сябе і ўласныя творчыя пошукі на сустрэчы з чытачамі ў кнігарні «Светач» гаварылі Лера Гілеўская, Максім Святоха, Алесь Дубоўскі і іншыя аўтары кнігі «Палёт на Марс». Арганізатарамі прэзентацыйнай імпрэзы выступілі ААТ «Белкніга», Саюз пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва «Беларусь». 


У апошні год Міністэрствам інфармацыі краіны, дзяржаўнымі кніжнымі выдавецтвамі надзвычай шмат зроблена для развіцця і падтрымкі творчасці літаратурнай моладзі. Аўтарытэтнае месца ў планах Выдавецкага дома «Звязда» і «Мастацкая літаратура» займаюць кнігі серыі «Маладосць», у якой ужо пабачылі свет творы Вікторыі Кляўко, Паліны Корневай, Яўгеніі Пракапчук, Андрэя Дарожкіна і іншых аўтараў. 


Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю