Вельмі незвычайная рэч — літаратура. У некага талент і цяга пісаць праяўляюцца амаль што з калыскі, другі — адчуе смак мастацкага слова, калі сам прычытае не адзін тузін твораў, трэці стане літаратурным магам у сталым узросце.
Сумесны праект Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўжо другі год запар дазваляе знайсці адказ на пытанне: «Што трэба для таго, каб пакарыць літаратурны Алімп Беларусі, стаць прызнаным творцам».
Як складаецца творчы лёс пісьменніцы Алесі Кузняцовай? Яна і сама пакуль крыху ў разгубленасці. Столькі ў яе насычаным жыцці журналіста, прадзюсара, рэжысёра за апошнія гады адбылося новага і цікавага, калі яе творчы запал падхапіла літаратурная хваля, узяло ў вір кніжнае асяроддзе. Да тых літаратурных узнагарод, якімі ўжо была адзначана пісьменніца, сёлета дадалася новая і вельмі ганаровая — «Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі».
Дэбют абыўся у 2023 годзе. Гэта была пэўная неспадзяванка для Алесі Кузняцовай, якая, па асабістым прызнанні, пісала раман для сябе. Маўляў, вось такое хобі. Штуршком ім заняцца стаў каранавірус, які крыху вызваліў часу ад напружанай канцэртнай дзейнасці. Вядома, якая шырокая геаграфія паездак папулярнай арт-групы «Беларусы», прадзюсарам якой з’яўляецца Алеся Георгіеўна.
— Прачыналася раніцай, заварвала каву, глядзела ў акно, дзе падаў снег... І паглыблялася ў іншы свет, атрымліваючы пры гэтым дзіўныя эмоцыі, — расказвае пра сваё адчуванне творчасці пісьменніца.
У Выдавецкім доме «Звязда», разгледзеўшы рукапіс, прынялі неадкладнае рашэнне ператварыць яго ў кнігу. Так чытач даведаўся пра тое, «Когда трещит лёд».
Аб чым кніга? Пра ўзаемаадносіны людзей, перажыванні, вечнае пачуццё кахання. Як бы інтэрнэт не захопліваў у абдымкі сваёй віртуальнай рэчаснасцю і не паказваў там свет найновых адносін паміж людзьмі, душа чалавека застаецца трапяткой, чулай, давярае зямному прыцягненню. Гэты нязменны пастулат у літаратуры сцвярджаюць і героі раманаў Алесі Кузняцовай.
«Русский пасодобль», «Свет за горами», «Медаль благородных», «Девушка в черной тунике» — гэта назвы новых кніг, амаль што літаратурны марафон. Вось так распісалася па-журналісцку добра знаёмая са словам, а цяпер прызнаная пісьменніца Алеся Кузняцова.
«Героі настолькі рэалістычныя, што яны нібыта выходзяць за межы старонак і застаюцца з табой нават пасля прачытання. Іх перажыванні, клопаты, нягоды становяцца блізкімі і зразумелымі. Кожны з іх — гэта цэлы свет, і ты міжволі пачынаеш суперажываць ім, радуючыся іх поспехам і хвалюючыся за іх няўдачы», — такія водгукі пакідаюць чытачы на палях кнігі, што таксама з’яўляецца часткай культуры, як і, уласна, сам твор.
Варта сказаць, што дэбютанта даволі прыязна ўспрынялі і «кваліфікаваныя чытачы», як называюць літаратурных крытыкаў. Адзначаецца, што творам Алесі Кузняцовай уласцівы псіхалагізм, які з’яўляецца вызначальным эстэтычным прынцыпам, першачарговай, асаблівай мэтай і задачай мастацкай творчасці.
Калегі па творчым цэху — пісьменнікі ўхваляюць крок Алесі Георгіеўны па вывучэнні асноў літаратурнага майстэрства. Яна расказвае, што калі ўзялася за пяро, адчула неабходнасць заняткаў на адпаведных курсах. Гэта таксама сведчыць пра яе адказны падыход да літаратурнай дзейнасці.
Па прызнанні самой пісьменніцы, для яе самае цікавае, што ёсць у жыцці, — гэта людзі. Напэўна, многія могуць сказаць пра назапашаны багаж розных жыццёвых гісторый, сітуацый, сустрэч. Але далёка не кожны ўмее быць назіральным, удумлівым, ды яшчэ здольным стварыць глыбока маральныя партрэты на старонках захапляльняга рамана. У Алесі Георгіеўны гэта ўдала атрымліваецца.
— Я ў свой раман не верыла, — было колішняе шчырае яе прызнанне. — Не чакала, што будзе такі поспех.
Падобныя думкі, напэўна, хвалююць кожнага пачаткоўца. Насамрэч, у вартасцях кнігі разбярэцца чытач. І вельмі хутка.
Да ўсяго неабходна дадаць, што Алесю Кузняцову называюць яркім прадстаўніком новага пакалення беларускіх аўтараў.
Марыя ЛІПЕНЬ
Фота Лізаветы ГОЛАД