У Літве працягвае біць рэкорды натуральнае змяншэнне насельніцтва, але замест выдзялення сродкаў на падтрымку сем'яў улады трацяць іх на абарону, а для павышэння нараджальнасці прапануюць грамадзянам часцей хадзіць на дыскатэкі, паведамляе БелТА са спаслыкай на Baltnews.
Спасылаючыся на дзяржаўнае агенцтва даных Літвы, партал прыводзіць вельмі гнятлівую статыстыку: натуральнае змяншэнне насельніцтва ў мінулым годзе склала прыкладна 19,9 тыс. чалавек. Так, у краіне нарадзіліся каля 17,5 тыс. дзяцей, у той час як пайшлі з жыцця 37,4 тыс. чалавек.
Гэта стала антырэкордам за ўвесь перыяд незалежнасці краіны з 1990 года. Тады ў Літве пражывалі каля 3,7 млн жыхароў. У 2011 годзе колькасць насельніцтва скарацілася да 3 053 800 чалавек, а па стане на красавік 2026 года склала ўсяго каля 2,8 млн чалавек.
Па прагнозах на канец 2026 года, смяротнасць перавысіць нараджальнасць прыкладна на 20 тыс. чалавек. Пры гэтым у краіне ёсць абязлюдзелыя месцы, дзе памірае ў пяць разоў больш людзей, чым нараджаецца.
У сакавіку, напярэдадні вясновай сесіі парламента, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа даў зразумець, што дэмаграфічная праблема выйшла на ўзровень нацыянальнай бяспекі. Па словах палітыка, яе ігнараванне можа абярнуцца сур’ёзнымі наступствамі ў перспектыве 30-50 гадоў.
Пры гэтым, кажучы аб падтрымцы сем’яў, Наўседа прызнаў, што меры дзяржавы абмежаваныя «з-за амбіцыйных мэт па фінансаванні абароны». Такім чынам, ён фактычна распісаўся ў тым, што дзяржава цяпер не ў стане стымуляваць нараджальнасць, а бюджэт накіраваны на ваенныя патрэбы.
Аднак, як адзначае Baltnews, іронія заключаецца ў тым, што дэмаграфічны спад і пагрозы нацбяспекі тут — прычына і наступства. «Насельніцтва скарачаецца, што б’е па абараназдольнасці, а сродкі сыходзяць на войска, каб у будучыні абараняць пустыя гарады. Кола замкнулася», — гаворыцца ў матэрыяле.
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругіненэ, кажучы аб зніжэнні нараджальнасці, адзначала, што адны пары зусім не хочуць дзяцей, іншыя адкладаюць нараджэнне дзеля кар’еры, але галоўная прычына, з яе слоў, — у нізкіх даходах. «Моладзь вымушана працаваць на некалькіх работах, каб назапасіць на старт. Мабыць, таму планы па стварэнні сям’і адкладаюцца», — канстатавала яна. Пры гэтым Ругіненэ прызнае, што, нават калі сёння ўдасца вырашыць гэтыя праблемы, краіна ўжо не зможа прыкметна палепшыць дэмаграфічную сітуацыю да канца XXI стагоддзя.
Дырэктар Цэнтра сацыяльных навук Багуслаў Гружэўскіс сярод галоўных прычын такога становішча спраў назваў фінансавую нестабільнасць, а таксама жаданне маладых людзей «мець больш свабоды» і, як вынік, адыход грамадства ад традыцыйнай сям’і. Эксперт папярэдзіў, што без росту даходаў і прапаганды сямейных каштоўнасцяў тэндэнцыя выглядае палохаючай: да 2100 года ў краіне не застанецца нават 2 млн літоўцаў.
Але замест прыняцця канкрэтных мер многія палітыкі прапануюць часцяком вельмі спрэчныя ініцыятывы.
Так, дзейны міністр сацыяльнай абароны і працы Літвы Юратэ Зайльскенэ прапанавала вярнуць забытыя дыскатэкі: «Людзі старэйшага ўзросту з задавальненнем прыходзяць на танцы, трэба нешта такое арганізаваць і для моладзі». На яе думку, дыскатэкі павінны з’явіцца ў школах, ВНУ, дамах культуры.
У той жа час, як піша партал, кіраўніцтва краіны нават баіцца заікнуцца аб сучасным лячэнні бясплоддзя, ЭКА і медыцынскіх інавацыях, якія па-сапраўднаму могуць дапамагчы ахвотным мець дзяцей.