Top.Mail.Ru

Ловім лета і настрой на рэгіянальных святах

Для аматараў падарожжаў, якія цікавяцца беларускай культурай, жадаюць адкрываць яе новыя грані, добрая прапанова — наведванне культурных мерапрыемстваў у пэўнай мясцовасці, дзе можна ярка правесці час, завесці новыя знаёмствы і адпачыць душой. У бліжэйшую суботу 21 чэрвеня, напрыклад, такія пройдуць у Капыльскім і Смаргонскім раёне.



Для аматараў мастацкага слова ў аграгарадку Цімкавічы ладзяць літаратурна-музычнае свята «Цімкавіцкія вытокі». Мерапрыемства пройдзе ў філіяле «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» і на прылягаючых тэрыторыях сумесна з Капыльскім райвыканкамам і пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 

  • Сёлета 24 чэрвеня будзе адзначацца 125-годдзе з дня нараджэння Кузьмы Чорнага — выбітнага пісьменніка, яскравага прадстаўніка беларускай прозы, таленавітага драматурга і публіцыста, літаратурнага крытыка і перакладчыка. Родная вёска Цімкавічы, дзе вучыўся і рос пісьменнік, яе гаворка, прырода і побыт аказалі моцны ўплыў на літаратара. Ён казаў «Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма», а яшчэ ўвасобіў у героях уласных твораў многіх сваіх аднавяскоўцаў, адзначаючы «Мне б на ўсё жыццё хапіла апісваць цімкаўцаў». Узгадваў пісьменнік мілыя сэрцу мясціны і напрыканцы жыццёвага шляху, верыў, што там зможа яшчэ напісаць ненапісанае, але, на жаль, здзейсніць тое яму ўжо не ўдалося... 

І вось напярэдадні юбілейнай даты беларускага класіка ўсіх, хто цікавіцца яго творчасцю, жадае ярка пражыць дзень чакаюць у Цімкавічах на свяце. Для наведвальнікаў рыхтуюць вялікую канцэртную праграму з удзелам Народнага сямейнага ансамбля «Жывіца» і артыста Сяргея Славянскага. Акрамя гэтага гасцей чакае пастаноўка Лялечнага тэатра-батлейкі «Дом з Марамі», сустрэчы з пісьменнікамі, цікавыя экскурсіі па музеі, майстар-класы, гульні, а яшчэ мноства інтэрактыўных пляцовак і фотазон. 

У Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў наведвальнікаў упершыню будзе магчымасць убачыць арыгінальныя 25 работ-ілюстрацый да твораў пісьменніка («Бацькаўшчына», «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні» і «Люба Лук’янская» і іншыя) аўтарства вядомых беларускіх мастакоў з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Акрамя гэтага, усе жадаючыя на свяце змогуць набыць сабе памятныя сувеніры на выставе-продажы народнай творчасці, завітаць на выставу сельскагаспадарчых арганізацый Капыльскага раёна з дэгустацыяй страў беларускай кухні. Усіх, хто любіць музыку, літаратуру і жывыя падарожжы, у суботу чакаюць у аграгарадку Цімкавічы. 

Альбо ёсць яшчэ адзін варыянт — завітаць на «Жодзішкаўскі карагод», які збярэ прыхільнікаў народнай творчасці і побытавых танцаў 21 чэрвеня ў аграгарадку Жодзішкі Смаргонскага раёна. Удзельнікаў мерапрыемства чакае знаёмства з нацыянальнымі танцавальнымі традыцыямі рэгіёна, выступленні творчых калектываў Смаргоншчыны, майстар-класы, флэшмобы і марафоны, а для дзетак ьудуць працаваць гульнявыя атракцыёны. Акрамя гэтага ў рамках свята пройдзе агляд-конкурс абласнога фестывалю «Панямоння жыватворныя крыніцы». І, вядома, не абыдзецца і без легендарнага агульнага карагода, які аб’яднае ўсіх у адным коле. Абірайце і адпачывайце ў незабыўнай атмасферы творчасці і ў душэўнай кампаніі мясцовых жыхароў. 

Алена ДРАПКО.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю