Сказана — зроблена. Рэстаран папулярнай сеткі, куды святочным ранкам завітаў беларускі лідар, знаходзіцца ў Першым нацыянальным гандлёвым доме. І стравы тут, як і ў іншых установах сеткі, — з айчынных інгрэдыентаў.
«Паехалі — і едзьце»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пасля сыходу з беларускага рынку «Макдональдса» даручыў зрабіць так, каб айчынны рэстаран быў не горшы за амерыканскую сетку хуткага абслугоўвання. Праз пэўны час папулярны брэнд змяніў назву на Mak.by. Пры гатаванні страў у пераважнай большасці сталі выкарыстоўваць беларускія інгрэдыенты.
«Для мяне гэта вельмі важна, паколькі некаторыя гаварылі: „Мы не справімся“, — заўважыў беларускі лідар. — „Ах, амерыканцы з’ехалі, мы загінем“. Не загінулі. І ўжо, па маіх даных, ужо 96 % з капейкай (інгрэдыентаў. — „Зв.“) — поўнасцю беларускае».
З якіх прадуктаў гатуюць стравы ў папулярным рэстаране, Прэзідэнту расказалі і паказалі. Аб тэхналогіі прыгатавання любімых многімі страў кіраўніку дзяржавы падрабязна азнаёміла дырэктар сеткі рэстарана Вікторыя Данько.
«Майце на ўвазе, што я ў „Мак.бай“ першы раз, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — І ў рэстаране ў сваім жыцці я быў, можа, тры разы. У звычайных рэстаранах, савецкіх. Так што для мяне гэта ўсё дзіўна».
Вікторыя Данько звярнула ўвагу, што ў сетцы рэстаранаў у асноўным працуе моладзь.

«Гавораць, і школьнікі ў цябе, і студэнты», — звярнуў увагу беларускі лідар.
«72 % супрацоўнікаў — студэнты, з іх 50 % — да 18 гадоў», — канкрэтызавала дырэктар сеткі рэстаранаў.
«Ну ты ж ім плаціш?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы.
«Вядома, — адказала дырэктар сеткі рэстаранаў. — Гібкі працоўны графік. Яны могуць сумяшчаць вучобу і работу».
У размове з супрацоўнікамі рэстарана Прэзідэнт пацікавіўся, як памяняліся ўмовы працы ў рэстаране са зменай шыльды. Работнікі, якія пачыналі яшчэ ў «Макдональдсе», прызналіся, што нават не заўважылі розніцы пасля сыходу амерыканскага брэнда.
«Гэта значыць, мы правільна зрабілі: паехалі — і едзьце (гаворка пра сыход „Макдональдса“. — „Зв.“), — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але вы засталіся, хто ўмее рабіць гэта ўсё. Задача была адна — прывезці абсталяванне. Хоць і не ў абсталяванні справа. Задача была ў тым, каб узяцца за справу і зрабіць. Мы павінны рабіць сваё».
Па словах Прэзідэнта, радавацца трэба, што амерыканскі брэнд сышоў з айчыннага рынку. «Людзі ў нас застаюцца, булачкі мы выпякаць умеем, — канкрэтызаваў ён. — Трэба прывучаць беларусаў да сваіх булачак. Слухайце, краіна выпякае столькі хлеба, булачак. Як не можам? Праз два месяцы булачку выпеклі. Сваё трэба».
А цяпер, як звярнуў увагу беларускі лідар, няхай амерыканцы прыйдуць і паглядзяць. «Прыедуць да мяне — абавязкова прывядзі іх сюды, — звяртаючыся да першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова, сказаў кіраўнік дзяржавы. — Скажы: пойдзем у „Макдональдс“. Беларусы працуюць, беларускае абсталяванне, беларускі прадукт — ешце. Вось у чым быў сэнс усяго гэтага».
Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на высокую якасць айчынных прадуктаў харчавання. Па словах кіраўніка дзяржавы, дасягнуць гэтага ў тым ліку дапамагло рашэнне аб захаванні ў Беларусі савецкіх ДАСТаў. І гэта датычыцца не толькі прадуктаў харчавання.
«Трэба глядзець на попыт»
Беларускі лідар яшчэ раз заклікаў рабіць упор на ўсё сваё і прапанаваў пашырыць сетку рэстаранаў хуткага абслугоўвання «Мак.бай» па краіне, у тым ліку і ў раённых цэнтрах.
«Трэба больш зрабіць, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — Калі трэба нейкая капейка (з вяртаннем, ненадоўга), мы дапаможам з бюджэту. Але не на вялікі прамежак часу. Калі ёсць попыт на гэта, трэба і ў раённых цэнтрах адчыняць».
Размова зайшла і аб вопыце выкарыстання спецыяльнага фудтрака — мабільнага рэстарана, які працуе не толькі ў сталіцы, а і ездзіць па іншых гарадах.
«Трэба глядзець на попыт, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Калі гэты трак дапамагае, людзі ідуць і ядуць — няхай будзе. Калі не — вядома, трэба стацыянар».
«Усюды мы ўпіраемся ў адно — праграмнае забеспячэнне»
Прэзідэнту прапанавалі прадэгуставаць прадукцыю рэстарана. Праз кіёск самаабслугоўвання Аляксандр Лукашэнка зрабіў заказ, выбраўшы бургер, бульбу фры, курыцу, каву, дэсерт. «Я нават баюся каштаваць гэта, — пажартаваў ён. — А раптам спадабаецца?»
Прэзідэнта праінфармавалі, што праграмнае забеспячэнне, на базе якога функцыянуе кіёск самаабслугоўвання, — айчынная распрацоўка. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў IT-спецыялістам, задзейнічаным у тэхнічным аснашчэнні рэстарана, прыняць удзел у распрацоўцы праграмнага забеспячэння для робата для даення кароў.
«Усюды мы ўпіраемся ў адно — праграмнае забеспячэнне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У адваротным выпадку мне нават крыўдна: думаю, навошта я гэты парк (Парк высокіх тэхналогій. — „Зв.“) ствараў? Навошта я прасоўваў айцішнікаў? Каб у 2020 годзе яны краіну пераварочваць імкнуліся? Таму трэба замыкаць Беларусь на свой прадукт, каб яны тут выраблялі і прадавалі самі. Вырабілі — у Расію, Кітай. Усюды наша цэніцца. Іх (беларускіх айцішнікаў. — „Зв.“) мазгі вельмі цэняцца. Мне амерыканцы шмат разоў гаварылі, што неверагоднае могуць зрабіць беларусы. Немагчымае — індусы, а неверагоднае — беларусы».

Аляксандр Лукашэнка пагутарыў і з наведвальнікамі рэстарана.
«Гэта народ, які галадае? — з жартам пацікавіўся ён. — Я хачу, каб цяпер гэта ўсё было беларускае, каб мы забыліся пра гэты „Макдональдс“. Але каб так жа было смачна. Бо калі вы не будзеце прыходзіць і гэта ўсё з’ядаць, у імя чаго мы рабілі? Але паакуратней, шмат не ешце. Смачна есці!».






Разам з журналістамі кіраўнік дзяржавы прадэгуставаў стравы рэстарана, даўшы ім станоўчую ацэнку. «Смачна, гэтым вы і прыцягваеце сюды народ», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
