Top.Mail.Ru

Лукашэнка аб паляванні: жывёлы павінны мець права на жыццё, усё павінна быць па законе

Жывёлы павінны мець права на жыццё, і ў пытаннях стаўлення да іх усё павінна быць па законе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў пры назначэнні Максіма Лысенкі міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, перадае БелТА.



«Вы ведаеце маё стаўленне да прыроды, да жывёльнага свету, да жывёл наогул. І культурных жывёл (хатніх, якіх разводзяць у сельскай гаспадарцы. — Заўвага БелТА), і дзікіх жывёл — няважна. Яны павінны мець права на жыццё. І ўсё павінна быць па законе. Калі ў нас шмат жывёл — гэта добра. Я ведаю, што такое паляўнічыя. Ім паесці не дай або выпіць толькі (але не закусіць), і яны будуць паляваць дзень і ноч, — сказаў Прэзідэнт. — Вельмі добра ведаю гэта. Сам паляўнічы па дакументах, але ніколі нікога не забіваў і не здабываў. Як паляўнічыя гавораць: „Мы не забіваем, мы здабываем дзічыну“. Для мяне гэта ўсё роўна».

Аляксандр Лукашэнка сказаў аб гэтым у сувязі з абмеркаваннем магчымасці перадачы Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету ў падпарадкаванне Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. «Інспекцыя павінна быць інспекцыяй, нават калі яна будзе ў вашым міністэрстве», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Той, хто гадзіць у прыродзе, а ў нас такіх шмат, асабліва ў сельскай гаспадарцы (то жыжка пацякла вясной у рэчку або возера, то яшчэ там нешта адбылося, то браканьеры сеткі паставілі або са зброяй ходзяць па лесе, страляючы налева-направа), — гэта недапушчальна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю