«Віцебшчына проста патанула ў масе пустых абяцанняў, у далейшым не пацверджаных справай (магу ўспомніць і чырвоных кароў у „Вусці“, і вакцыны „БелВітуніфарма“, і Аршанскі мясакансервавы камбінат)», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці.
Ён прывёў яшчэ шэраг адмоўных фактаў. Так, за пяць гадоў аб’ём прамысловай вытворчасці скараціўся да 98 % пры росце па краіне 114 %. Праселі традыцыйныя сферы рэгіёна, уключаючы нафтаперапрацоўку, лёгкую прамысловасць, энергетыку.
«Ужо просіце дзяржпадтрымку нават знакамітаму «Белвесту» («эфектыўны інвестар» пакінуў Br300 млн даўгоў і не ведае, што рабіць), — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. — А праз дарогу — «Марка». Працуе. Чаму да яго не звярнуцца: «Падкажы, што за праблема?»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на работу Аршанскага льнокамбіната, які і сам «боўтаецца з пераменным поспехам», а да яго ў «холдынг аддалі Баранавіцкае ВБА». «У бліжэйшы час абавязкова паглядзім, што там адбываецца. Сёлета па краіне нарыхтавалі на 25 % больш ільнотрасты (183,4 тыс. т, плюс 40 тыс. т да ўзроўню 2024 года), нельга загубіць сабраны ўраджай. Гэта сур’ёзны рэзерв эканомікі льнокамбіната, магчымасць атрымаць дадатковую валюту і чысты прыбытак», — сказаў Прэзідэнт.