Гэты расійскі рэгіён з’яўляецца шматгадовым гандлёвым партнёрам Беларусі. Рэалізаваны дзясяткі сумесных праектаў у прамысловасці, нафтахіміі, сельскай гаспадарцы, транспартнай сферы. Пытанняў узаемнага інтарэсу становіцца больш, а таму ёсць куды рухацца далей. Пашырэнне супрацоўніцтва і новыя сумесныя ініцыятывы абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці. Размова выйшла далёка за межы эканомікі. Аляксандр Лукашэнка і Рустам Мініханаў удзялілі ўвагу пытанню захавання гістарычнай памяці, патрыятычнаму выхаванню насельніцтва, спартыўным дасягненням і культурным праектам.
«Мне падабаецца той тэмп, які вы набралі»
Прэзідэнт адзначыў, што адносіны Беларусі і Татарстана развіваюцца з даўніх часоў. «Мне падабаецца той тэмп, які вы набралі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — І нягледзячы на пэўную турбулентнасць у свеце, моцна трымаецеся».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён назірае за тым, як нашы браты-мусульмане часам заглядаюць у Расію і да нас — найперш праз сяброўскую нам Казань.
«Праўда, і не вельмі „добрыя“ рэчы вы часам робіце: узялі і ў мінскага „Дынама“ выйгралі: ажно 4:0, — дадаў з усмешкай беларускі лідар, маючы на ўвазе пройгрыш беларускай каманды казанскаму „Ак Барсу“ ў плэй-оф КХЛ 2025-2026. — Знервавалі тут. Але тым не менш гэта для нас быў добры ўрок. Гулялі ў фінале і гулялі годна. І я бачу недахопы, недаацэнку пэўную. У кроку былі ад перамогі, але секунды... Але гэта хакей, гэта гульня».
«Нашы артысты былі натхнёныя»
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць кіраўніку Татарстана за тое, што ў Казані беларускіх артыстаў прынялі з канцэртам-рэквіемам «Кожны трэці», які з поспехам прайшоў у канцы красавіка.
«Мы шмат мерапрыемстваў праводзім, але гэта пэўны лікбез быў нам, як трэба ўсё-такі, каб гэта ўсё клалася (на душу. — „Зв“.)», — падзяліўся Рустам Мініханаў.
«Мы ведалі, куды мы едзем, — удакладніў Прэзідэнт. — Мы ведалі, што там проста прахадным чынам не абысціся. Я ў гэта быў сур’ёзна пагружаны. Будучы ў Казані мы зразумелі, што Расія вельмі добра гэта ўспрымае».
«Нават не ўяўляеце, наколькі гэта душэўна», — дадаў кіраўнік Татарстана.
«Ёсць у каго і вучыцца мудрасці, акуратнасці, — заўважыў беларускі лідар. — Таму я спецыяльна спытаў: „А як Рустам на гэта рэагаваў?“ Кажуць: „Са слязамі на вачах“. Я быў рады, што вы ўспрынялі гэта станоўча».
Па словах Рустама Мініханава, не толькі ён, а ўсё насельніцтва Татарстана станоўча ўспрыняла канцэрт-рэквіем, падрыхтаваны беларусамі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць сэнс у Расіі паказваць такія рэчы.
Як праінфармаваў Прэзідэнта Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў, на нядаўнім пасяджэнні Групы высокага ўзроўню Саюзнай дзяржавы абмяркоўвалася пытанне аб неабходнасці вылучэння сродкаў з бюджэту Саюзнай дзяржавы на пяць такіх мерапрыемстваў.
«Гэта правільна, — лічыць беларускі лідар. — Вядома, Расія не бедная краіна».
Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны, што калі канцэрт-рэквіем прымала Казань, кіраўнік рэгіёну падтрымаў мерапрыемства і фінансава, і арганізацыйна. «Але я вам асабліва ўдзячны за тое, што вы наведалі гэта мерапрыемства, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта пэўны такі ўзровень стварыла, каларыт пэўны. Нашы артысты былі натхнёныя».
Па словах Рустама Мініханава, у Татарстане праводзіцца шмат канцэртаў, але мерапрыемства, падрыхтаванае беларускімі артыстамі, кранула да глыбіні душы.
«Я гэта заўважыў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я патрабаваў ад іх, каб душу ўклалі».

«Памяць — у гэтым перш за ўсё»
Раіс Татарстана застаўся задаволены і ад наведвання мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», дзе ўпершыню пабываў падчас гэтага візіту ў Беларусь.
«Мне вельмі важна, каб вы, як чалавек такі фундаментальны ў Расіі, паглядзелі і пераканаліся ў тым, што мы сур’ёзна адносімся да гэтай вайны, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Гэтыя аб’екты — у нас жа тысячы-тысячы помнікаў гэтых і іншых, мы іх усе ўтрымліваем. І пры тым асноўную масу гэтых помнікаў даглядаюць школьнікі. У мяне, дзе я жыву ў вёсцы цяпер, заўсёды праязджаю помнік — танк на п’едэстале. Гляджу, свежыя кветкі, вянкі — да кожнага свята дзеці, школьнікі прыходзяць, даглядаюць гэтыя помнікі. І так усюды, у кожнай вёсачцы».
«Гэта трэба ўбачыць, — падзяліўся ўражаннямі Рустам Мініханаў ад наведвання Брэсцкай крэпасці. — Мы выхаваны на гераізме (абаронцаў. — „Зв“.) Брэсцкай крэпасці. Мы ведаем гэта, але калі ты аказаўся там... Вам вялікі дзякуй. Настолькі там і персанал, і экспазіцыя — вельмі-вельмі павучальна. І вядома, усе гэтыя рэчы трэба памятаць і гаварыць».
Па словах Прэзідэнта, у Беларусі захоўваюць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. «Памяць — у гэтым перш за ўсё, — маючы на ўвазе помнікі і мемарыялы, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Людзі прыехалі, убачылі. А Брэсцкая крэпасць і Хатынь — гэта самыя яркія сведчанні таго, што было ў той страшнай вайне».
Кіраўнік рэгіёну дадаў, што падчас візіту ў Беларусь дэлегацыя з Татарстана ўвогуле не ўбачыла ў нашай краіне ні аднаго недагледжанага месца.
«Я ж вам казаў, што Беларусь вельмі падобная на Татарстан, — адзначыў Прэзідэнт. — Вельмі акуратна, чыста ў вас таксама. Вы дысцыпліну трымаеце. Я ведаю, яшчэ з нашых з вамі маладых часоў, наколькі паважалі парадак і дысцыпліну. Гэта прыносіць поспех».
Станоўчую ацэнку Рустам Мініханаў даў патрыятычнаму выхаванню насельніцтва, якое вядзецца ў Беларусі. «Вельмі важна займацца выхаваннем, — лічыць ён. — Вельмі сур’ёзная работа ў вас вядзецца».
Акрамя таго, асаблівыя ўражанні ў гасцей засталіся пасля наведвання Адукацыйнага цэнтра бяспекі жыццядзейнасці МНС. Падобны вопыт збіраюцца пераймаць і ў Татарстане. «Мы ўсё запісваем, — удакладніў кіраўнік рэгіёну. — І калі дазволіце, будзем звяртацца».
«Мы гатовы паўдзельнічаць, калі ў гэтым ёсць такая неабходнасць, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ды вы самі ўсё ўмееце, не горш за нас».
Што датычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, то ў студзені — сакавіку 2026 года тавараабарот паміж Беларуссю і Татарстанам склаў 198,9 мільёнаў долараў. Аснова экспарту — трактары і сядзельныя цягачы, часткі і прыналежнасці для аўтамабіляў і трактароў, шыны, сыры і тварог, арматура для трубаправодаў, трубы і трубкі бясшоўныя з чорных металаў і г.д. У Беларусь пераважна імпартаваліся соевыя бабы, палімеры сцірола, пліты драўняна-кудзелістыя, аўтамабілі грузавыя, палімеры этылену, прадукты для прыгатавання соусаў, гатовыя соусы і прыправы змешаныя, інсектыцыды, фунгіцыды, гербіцыды і сродкі дэзінфікуючыя, насенне лёну.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

Даслоўна
«Мы многаму вучымся ў Беларусі»
У размове з журналістамі кіраўнік Рэспублікі Татарстан Рустам МІНІХАНАЎ падзяліўся ўражаннямі ад ўбачанага ў Беларусі. «Не толькі ў сталіцы, а і ў Брэсцкай вобласці былі: горад дагледжаны, палі дагледжаныя, — канкрэтызаваў ён. — Вялікія словы ўдзячнасці — за ўвагу да нашай агульнай гісторыі. Многае робіцца ў частцы выхавання моладзі».
Падчас візіту дэлегацыя Татарстана азнаёмілася з дзейнасцю ААТ «Савушкін прадукт». «Шмат дзе ездзім, бачым, але такога камбіната малочнага, які мы наведалі, я не бачыў, — удакладніў кіраўнік рэгіёну. — Наведалі і прадпрыемства, якія ў нас таксама працуюць, па дарожных разметках. Гэта вельмі важна».
Татарстанцы вывучаюць і наш вопыт у аграпрамысловай сферы. «У вас вельмі высокі ўзровень сельскай гаспадаркі, — падкрэсліў Рустам Мініханаў. — Мы многаму ў вас вучымся».
Яшчэ адным сур’ёзным кірункам супрацоўніцтва з’яўляецца лёгкая прамысловасць. «На жаль, мы ў гэтых пытаннях адстаем», — канстатаваў Раіс Татарстана.
Ёсць інтарэс у рэгіёну і да халяльнай прадукцыі, вырабленай на нашых прадпрыемствах. «Мы запрасілі партнёраў з Беларусі, каб яны ва ўсіх нашых халяльных выстаўках прымалі ўдзел, — распавёў Рустам Мініханаў. — У вас вельмі высокі ўзровень якасці прадукцыі».
Рэзюмуючы, кіраўнік Татарстана адзначыў, што кірункаў для супрацоўніцтва вельмі шмат. Сярод іх — спорт, адукацыя, турызм, IT-тэхналогіі, штучны інтэлект. «Мы многаму вучымся ў Беларусі, — падкрэсліў Рустам Мініханаў. — Нашы пажаданні, каб ваша краіна квітнела. Нам вельмі тут камфортна, вельмі ў вас падабаецца. Дзякуючы асабістым адносінам нашых кіраўнікоў дзяржаў, у няпросты час Беларусь разам з Расіяй. Гэта вельмі важна. Мы гэта вельмі высока цэнім».