«Ад нашых крокаў па забеспячэнні здароўя нашых людзей будзе вельмі шмат залежаць»
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай сучаснай медыцынскай установы, а таксама заслухаў даклад аб развіцці сістэмы аховы здароўя горада Мінска. Падчас цырымоніі адкрыцця паліклінікі Прэзідэнт традыцыйна пагутарыў з людзьмі, сярод якіх былі і супрацоўнікі медыцынскай установы, а таксама жыхары мікрараёна, іх будучыя пацыенты. У выступленні беларускага лідара гучала не толькі медыцынская тэматыка. Традыцыйна кіраўнік дзяржавы выказаўся па пытаннях як унутранага, так і міжнароднага парадку дня.

42-я гарадская паліклініка знаходзіцца па вуліцы Курсанта Гвішыяні. Узвядзенне сяміпавярховага будынка пачалося ў красавіку 2023 года. Завяршылася будаўніцтва датэрмінова — у сакавіку гэтага года. Новая паліклініка ў мікрараёне «Усходні», колькасць насельніцтва ў якім расце, будзе абслугоўваць 25 190 чалавек. У выніку павялічыцца даступнасць медыцынскай дапамогі даросламу насельніцтву, а нагрузка на амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі Першамайскага раёна сталіцы будзе зніжана. Плануецца, што працаваць у паліклініцы будуць 46 урачоў і каля сотні медыцынскіх работнікаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

«Мы стараліся стварыць вельмі добрую клініку, паліклініку будучыні»
Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі ўрачыстага адкрыцця паліклінікі, Прэзідэнт адзначыў, што з гэтым мікрараёнам, дзе ўзведзена ўстанова аховы здароўя, звязана частка яго жыцця. «Пад’язджаючы ў гэты цудоўны куток нашай Беларусі, я падумаў аб тым працяглым перыядзе свайго жыцця, які прайшоў тут, у гэтым мікрараёне, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы. — Тады ён не такім прыгожым быў. І, праязджаючы па гэтай дарозе, я заўсёды мэру Мінска гаварыў, што пуставаць гэты ўчастак не павінен. Тут павінны жыць людзі. Бо гэта адзін з найпрыгажэйшых і зручных куткоў нашага Мінска».
Па словах кіраўніка дзяржавы, гэты сталічны раён змяніўся да лепшага. Ён выказаў жаданне, каб так прыгожа было не толькі там і тады, калі прыязджае Прэзідэнт, а каб так было ўсюды і заўсёды. «Бачу, што краіна мяняецца, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае, што мы жывём мірна, ціха, спакойна».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў мікрараёне «Усходні» стараліся стварыць вельмі добрую клініку, паліклініку будучыні. «Каб тут узровень быў не горшы, чым „за бугром“, — удакладніў ён. — І каб вы захапляліся сваімі аб’ектамі, а не нейкімі, бачачы іх па тэлевізары. Такую паліклініку мы стварылі. Натуральна, што тут будуць служыць самыя прасунутыя, самыя лепшыя медыкі».
Пры гэтым беларускі лідар заўважыў, што не горшыя медработнікі працуюць і ў Мсціславе, Хоцімску, Лідзе, Стоўбцах і іншых гарадах. Аднак сталічныя медыкі, па яго словах, маюць магчымасць раней за іншых прычыніцца да самых сучасных тэхналогій, асвоіць іх.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Мінск укладваецца нямала сродкаў. У сталіцы ствараецца вельмі сур’ёзная медыцынская база. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу — зрабіць так, каб якаснае сучаснае медыцынскае абслугоўванне было даступна не толькі мінчанам, а і жыхарам самых аддаленых рэгіёнаў краіны. Адпаведныя падыходы даручана выпрацаваць кіраўніцтву сталіцы, а таксама ўраду і Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай як упаўнаважанаму прадстаўніку кіраўніка дзяржавы ў Мінску.

«Трэба зрабіць так, каб тыя, хто жыве далей ад Мінска, маглі таксама атрымаць тут дапамогу, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Вядома, гэта мы для Мінска робім. Там мы робім для іншых раёнаў, рэгіёнаў. Але тут больш прасунутыя тэхналогіі. Нельга зрабіць так, каб на ўскраінах нашай краіны, далей ад Мінска, людзі не прымалі мінчан. Развіваючы Мінск, я раблю ўсё, каб не было гэтага кантрасту, каб не было супярэчнасцяў у нашай краіне. Таму краіна павінна быць адзінай, маналітнай. І ад нашых крокаў па забеспячэнні здароўя нашых людзей будзе вельмі шмат залежаць. Трэба падумаць над гэтым».
Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба паглядзець, хто ў аддаленых раёнах мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе. Прэзідэнт нагадаў, што мінчане не павінны забывацца аб тым, што іх карані — там, у вёсцы. «Капніце сваё недалёкае мінулае і вы ўбачыце сваіх бабуль, дзядуляў, — параіў прысутным і не толькі Аляксандр Лукашэнка. — І дзякуючы ім у апошнюю вайну мы з годнасцю выстаялі, выжылі. Не соладка было, кожнага трэцяга пахавалі. Але тым не менш, выжылі. І мы на іх плячах. Трэба ім дапамагчы».
«Трэба захаваць вёску»
Адкрыццё паліклінікі Прэзідэнт назваў сімвалічнай падзеяй. І не толькі для мікрараёна «Усходні» і ў цэлым сталіцы. «Мы адкрываем самую сучасную, самую прасунутую паліклініку, — акцэнтаваў увагу ён. — Так павінна і быць. З кожным разам мы больш сучасныя аб’екты і аховы здароўя, і адукацыі адкрываем. І гэтым самым мы завяршаем фарміраванне сеткі сацыяльных устаноў гэтага мікрараёна».
Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз заявіў аб тым, што не варта перанасяляць Мінск і заклікаў захаваць вёску. «Так, будзем недзе патрошку будаваць жыллё, — удакладніў ён. — Але не думайце, што мы будзем размахвацца па жыллі, як гэта раней у Мінску. Гэта перш за ўсё ў вашых інтарэсах. Калі перанаселім Мінск, мы сцягнем усю рабочую сілу ў сталіцу, што рабіць ні ў якім разе нельга. Вы бачыце, у нас ужо дэфіцыт рабочай сілы ў рэгіёнах, асабліва ў сельскай гаспадарцы. А есці ўсе хочам. І якасна хочам».
Сельскай гаспадарцы кіраўнік дзяржавы заўсёды ўдзяляе вельмі шмат увагі. «І нават не сельскай гаспадарцы, а выратаванню вёскі, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба захаваць вёску. Без яе мы нішто. Ну, будзем хутка ездзіць на аўтобусах даіць кароў у вёсцы, калі будзем праводзіць такую палітыку. Таму трэба будаваць і там. І, да таго ж, трэба разгрузіць Мінск. Вы бачыце, што ў гадзіны пік ужо не прабіцца».
Па яго словах, што ні дом, то двор побач застаўлены аўтамабілямі. «Добра яшчэ, што вы малайцы, культурныя людзі, машыну гэту памыеце, — заўважыў ён. — Пасля бруднага нейкага надвор’я — ну, жудасна глядзець. Прыгожыя дамы (вось як тут), а ўсё вакол у аўтамабілях. Нічога добрага ў гэтым няма. Але жыццё такое, мы яго ўжо не зменім. Так усюды, ва ўсім свеце. Людзі становяцца багацейшымі, купляюць аўтамабілі не для таго, каб мець аб’ект раскошы, а для таго, каб перамяшчацца ў гэтым жорсткім свеце».

«Бясплатнага бензіну няма»
У гэтай сувязі Прэзідэнт пракаменціраваў рост сусветных цэн на энергарэсурсы. «Вайна (на Блізкім Усходзе. — „Зв.“) пачалася — паліва пачало даражэць, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — У нас яшчэ цярпіма. Едуць усе запраўляцца да нас. Вось гэтыя ўсе „варожыя“ дзяржавы (я, вядома, іх ворагамі не лічу) едуць у „дыктатуру“ запраўляцца. З Украіны, праўда, не едуць, бо яны там граніцу цалкам закрылі. Ну, прыедуць — няхай запраўляюцца».
У Беларусі, па словах Прэзідэнта, больш выгадныя ўмовы ў плане доступу да энергарэсурсаў. «Тым не менш, цэны рухаюцца, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — І гэта не ад нас залежыць. Мы ж вайну на Блізкім Усходзе не пачыналі, і чвэрць прыроднага газу і нафтапрадуктаў мы там у Армузскім праліве не блакіравалі. Але свет узаемазалежны. Таму, купляючы аўтамабілі, па два, па тры на сям’ю, трэба памятаць, што бясплатнага бензіну няма».
Прэзідэнт удакладніў, што большую частку нафты, з якой і вырабляюцца розныя віды паліва, наша краіна імпартуе. І ад гэтай цаны, па яго словах, залежыць узровень цэн. «Але пакуль цярпіма, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі нават недзе цэны пасунуліся, таксама кантралюем. Мы на гэту капейчыну спрабуем неяк павысіць заработную плату. Я ведаю, што не багата жывём, але жыць можна».

«Мы без вайны жывём, бо мы адзіныя»
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што беларусы жывуць у мірнай і спакойнай краіне. «Мы без вайны жывём, бо мы адзіныя, — падкрэсліў ён. — Мы „прышчэпку“ атрымалі апошнюю ў 2020 годзе. Медыкі ведаюць, якую. Убачылі, адчулі, сербанулі, параўналі, зрабілі высновы. Мы бачым, хто зрабіў высновы, — ідзіце, жывіце, гэта ваша зямля. Я не маю права вас пазбавіць гэтага кавалка зямлі. Але калі вы прыйдзеце зноў да нас са зброяй і паспрабуеце гэта ўсё перавярнуць, наракайце самі на сябе. Мы гэтага не дапусцім. І чаго б мне ні каштавала, я перш за ўсё выйду на абарону спакойнага і мірнага вашага жыцця».
І справа, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, не ў ім. «Мая адказнасць як Прэзідэнта, якога вы выбіралі, — абараніць вас і вашу сям’ю, вашых дзяцей, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — У гэтым прызначэнне любога Прэзідэнта».
«Людзей у нас хапае»
На прыкладзе новай мінскай паліклінікі — у плане аказання першаснай дапамогі — будуць дзейнічаць, па словах кіраўніка дзяржавы, па ўсёй Беларусі. «Вельмі важна на ранніх стадыях выявіць хваробу — лягчэй будзе лячыць, — канстатаваў ён. — Ну а тое, што людзі больш будуць хварэць, — таксама не сакрэт. Ад гэтага нікуды не дзецца».
Прэзідэнт пракаменціраваў размовы наконт таго, што ў сістэме аховы здароўя быццам бы не хапае людзей. «Гавораць, яшчэ недзе не хапае, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Заўсёды чагосьці нам не хапала. Перш за ўсё грошай, потым людзей і іншае. Людзей у нас хапае. Нам трэба разабрацца. Нам трэба (дзе, як гавораць, не хапае) сістэму мяняць. Трэба выбудаваць так сістэму, каб тыя людзі, якія ёсць, маглі працаваць, зарабляць і абслугоўваць насельніцтва».
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што гэта больш чым на 200 % датычыцца Міністэрства аховы здароўя і нашых медыкаў. «Не трэба плакацца, што вы больш за 8 гадзін у суткі працуеце, — параіў ён. — Медыкі — гэта як Прэзідэнт: колькі трэба, столькі і працуем. А куды падзецца? Таму цярпіце там, дзе даводзіцца працаваць 10 гадзін. Вывучайце новыя тэхналогіі, ушчыльняйцеся».
Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба больш актыўна ўкараняць у медыцынскую дзейнасць ІТ-тэхналогіі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не ўсюды яшчэ ў ахове здароўя працуе інфармацыйная сістэма.
«Таму давайце будзем будаваць наша жыццё так, каб гэтак жа добра, як Мінску, было ў Хоцімску, Мсціславе, Шклове і іншых гарадах, — арыентаваў Прэзідэнт. — Трэба папрацаваць даўжэй — давайце папрацуем. Давайце перастанем ныць і плакаць, што ў нас не хапае людзей. Слухайце, мы ж не ва Украіне, дзе вайна ідзе».
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў паглядзець, што робіцца ў «хвалёнай» Польшчы, куды некаторыя нашы грамадзяне з’ехалі. «А цяпер тысячамі просяцца ў „дыктатуру“, „мы дадому хочам“, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Прыклад таму — Коля Статкевіч. Пасядзеў-пасядзеў на граніцы на лавачцы і дадому вярнуўся. А не вярнуўся б — ужо пахавалі б. Вы (урачы. — „Зв.“) яго выратавалі нядаўна — інсульт».
Прычым лячыўся Мікалай Статкевіч у вядучай медыцынскай установе краіны — Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. «Там адзіны апарат у краіне, па-мойму (трэба паглядзець, можа, яшчэ пару штук купіць), — прывёў дэталі выратавання чалавека Аляксандр Лукашэнка. — Выратавалі мужыка, які падрываў, які хацеў перавярнуць краіну, забіць Прэзідэнта. А як смажаны певень дзеўбануў — пабег да гэтага самага Прэзідэнта ў „дыктатуру“, каб яго выратавалі. Вы яго выратавалі».
Таму перш чым куды ехаць жыць, Аляксандр Лукашэнка параіў падумаць — патрэбны дзесьці беларусы ці не. «Таму жывіце на сваёй зямлі, — сказаў ён. — Можа, не вы, вашы дзеці захочуць дзесьці жыць за межамі краіны. Але я вам не раю. Не рабіце гэтага. Гэта ваша зямля».

«Думалі, што гэта зробяць амерыканцы. Але тыя своечасова спахапіліся»
Закрануў падчас свайго выступлення кіраўнік дзяржавы і праблематыку міжнароднага парадку дня. Прэзідэнт выказаўся аб сапраўдных матывах у палітыцы ЗША. «Паглядзіце на Трампа, на Амерыку, — удакладніў ён. — Я чаму ўхваляю (адносна, жартам гавару) яго палітыку: ён яе агаліў да немагчымасці. Ён паказаў. Якія правы чалавека? Якая дэмакратыя? Нафта! І дзеля гэтага будуць забіваць, будуць закідваць ракетамі, будуць усё рабіць. Будуць гінуць амерыканцы дзеля таго, каб яны там і іншыя нармальна ці нават добра жылі, мільярды зараблялі».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта не наша палітыка. «Мы так не можам будаваць сваю палітыку, — удакладніў ён. — Але мы ўбачылі сапраўдны твар гэтых людзей, якія калісьці хацелі, каб гэтак жа было ў нас. У нас будзе так, як вы вырашыце. Хочаце так, як у іх, — будзе так. Хочаце, як асобныя кажуць, рэформ, — калі ласка. Я вам магу за суткі арганізаваць гэтыя рэформы. Я навучыўся, умею гэта рабіць».
Прэзідэнт расказаў аб парадзе, якую падчас апошніх перагавораў з амерыканцамі даў Дональду Трампу наконт вайны з Іранам.
«Амерыканцы малайцы: яны пачалі рабіць тое, што я Трампу параіў у апошніх перагаворах, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Магу ўжо сёння сказаць. Яўрэі прыехалі да яго (да Дональда Трампа. — «Зв.»), ізраільцяне (пра халакост, пра ўсё забыліся, Газу зраўнялі, дзеткі загінулі там, людзі загінулі), пачалі яго клікаць супраць Ірана ваяваць. Пайшоў. Што рабіць цяпер? Я ім гавару: «Ізраіль хацеў паваяваць супраць Ірана — няхай паваююць. Дайце яму паваяваць, вы чаго туды лезеце? Вы ж пахаваеце там сваіх людзей».
І труны, па словах беларускага лідара, паціху пачалі ў Амерыку паступаць. «І грамадства абурылася, — канстатаваў ён. — Ужо дзве трэці не ўхваляюць гэту авантуру. Таму я гавару: „Перадайце Дональду, няхай ён дасць Ізраілю паваяваць з Іранам. Вось і ўбачым, што атрымаецца“. А чужымі рукамі мы ўсе ўмеем ваяваць. Як ва Украіне Захад ваюе. Чужымі рукамі ўсе ўмеюць ваяваць. Ідзіце — паспрабуйце. Бачу, што здаровы сэнс узяў верх. Паціху-паціху адтуль сыходзіць. Вы чуеце гэтыя заявы: „Мы там разбамбілі“, „ракетай забілі“, „уран заўтра забярэм“. Але галоўнае — гэта нафта: „Востраў Харк захопім“. Гэты востраў ад Армузскага праліва за сотні кіламетраў, ён ніяк не ўплывае на праходжанне суднаў там. Але амерыканцы паціху адтуль пачалі сыходзіць. Упэўнены, што і яўрэі зразумеюць, што яны не туды ўлезлі».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Ізраіль — гэта невялікая па тэрыторыі і насельніцтве дзяржава, але многіх вакол лічыць ворагамі і наносіць па іх удары. «А з такой дзяржавай і з такім насельніцтвам увесь свет не прыхопіш, — заўважыў Прэзідэнт. — Думалі, што гэта зробяць амерыканцы. Але тыя своечасова спахапіліся».

«Давайце па-людску адносіцца адно да аднаго»
Кіраўнік дзяржавы парэкамендаваў: перш чым нешта рабіць — трэба думаць. «Я вас не агітую, супраць барацьбы за дэмакратыю, правы чалавека і яшчэ нешта не выступаю, — удакладніў беларускі лідар. — Вось правы чалавека — каб маглі прыйсці ў самую сучасную паліклініку, калі не дай бог хвароба якая, атрымаць дапамогу, каб маглі атрымаць работу. Каб атрымалі нейкую капейку, каб пражыць можна было, пракарміць сям’ю».
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў жыхароў раёна, а таксама ўрачоў і медсясцёр з адкрыццём 42-й мінскай гарадской паліклінікі. «Не адштурхоўвайце людзей, асабліва нашых старых, — папрасіў Прэзідэнт. — Гэта ж нашы людзі, простыя. Яны не мелі гэтых аўтамабіляў, не мелі прыстойных заробкаў і гэтак далей. Яны не мелі ўсяго таго, што маем мы, асабліва ў Мінску. Але на іх плячах, як я сказаў, мы сёння стаім. Іх забываць не трэба. Таму давайце гэтым бабулям і дзядулям, калі можам, чымсьці дапаможам. Медыкаментозна або яшчэ неяк. Не — дык пагаварыце з імі. Слова таксама лечыць. Гэта ж вы прыдумалі, медыкі. Таму давайце па-людску адносіцца адно да аднаго. І тады ў нас будзе ўсё нармальна».
Кіраўнік дзяржавы ўручыў паліклініцы падарункавы сертыфікат на ўльтрагукавы дыягнастычны перасоўны апарат і разам з іншымі службовымі асобамі перарэзаў сімвалічную чырвоную стужку.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Будзе дапоўнена