Top.Mail.Ru

Кіраўнік дзяржавы ўзяў удзел у маладзёжным форуме «Моладзь. Беларусь. Будучыня», прысвечаным Дню народнага адзінства

«Што б ні адбывалася з намі ў розныя эпохі — беларусы былі, ёсць і будуць»



Дзень народнага адзінства — адно з галоўных святаў для кожнага беларуса, пра значнасць якога не раз заяўляў Прэзідэнт. Гэтае маладое свята, але яно ўжо па праву стаіць у адным шэрагу з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці, мае вялікае значэнне для падрастаючага пакалення. Менавіта моладзь сёння становіцца галоўнай дзеючай асобай і патэнцыялам адзінства. Прымаючы ад старэйшага пакалення эстафету адказнасці, яна піша новы раздзел гісторыі нашага народа. 

У гэтае важнае для нашага народа свята ў сталічным Палацы спорту было асабліва шматлюдна. Тут адбыўся маладзёжны форум «Моладзь. Беларусь. Будучыня», удзел у якім узяў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, як заўсёды, сумленна і адкрыта данёс галоўныя сэнсы гэтага дня падрастаючаму пакаленню.

«Без нас вырашылі наш лёс»

Маладзёжны форум «Моладзь. Беларусь. Будучыня» — маштабная падзея, закліканая аб’яднаць рабочую і студэнцкую моладзь, лідараў і творцаў, валанцёраў і спецыялістаў, — маладых патрыётаў, чые энергія, талент і адданасць роднай зямлі — жывое пацвярджэнне таму, што Беларусь мае не толькі вялікае мінулае, але і моцную сучаснасць і паспяховую будучыню.

Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шчыра рады бачыць удзельнікаў форуму — такіх маладых, яркіх, поўных энергіі. «Сёння вы — галоўныя дзеючыя асобы нашага мерапрыемства і свята ў цэлым. І менавіта з вамі я хацеў бы сёння пагаварыць (і не толькі я) аб сённяшняй даце — найважнейшай у нашай гісторыі», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Пра ўрокі гісторыі кіраўнік дзяржавы гаварыў не як на лекцыі, а шчыра і вобразнаю. «Вы, напэўна часта чуеце пра тое, што Беларусь знаходзіцца на важным напрамку ў Еўразіі: і геаграфічным, і геапалітычным, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прынята лічыць, што гэта найвялікшая выгада для беларускага народа. Напэўна, так. Калі мець галаву на плячах і разумна гэтым распарадзіцца, напэўна, гэта будзе вялікая выгада. Але чаму вучыць нас гісторыя? Яна вучыць галоўнай філасофскай выснове: аднабаковага разумення працэсу быць ніколі не павінна. Ёсць нешта станоўчае, абавязкова з другога боку — адмоўнае. З гісторыі бачна, што з-за гэтага выгаднага становішча мы вельмі шмат страцілі беларусаў і жыхароў гэтага кавалачка зямлі», — канстатаваў Прэзідэнт.

У гэтым кантэксце кіраўнік дзяржавы нагадаў, што менавіта праз нашы землі праходзілі ўсе буйныя войны, пачынаючы ад вайны з Напалеонам у 1812 годзе і заканчваючы Вялікай Айчыннай вайной 1941-1945 гадоў. «Тэатр ваенных дзеянняў у асноўным быў тут, у Беларусі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Вось цяпер і мяркуйце: наша геапалітычнае і геаграфічнае становішча — яно выгаднае ці не?» 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў 1921 годзе, калі падпісваўся Рыжскі дагавор і прымалася рашэнне аб падзеле нашай тэрыторыі, меркаванне Беларусі не ўлічвалася. У выніку каля 3,5-4 мільёнаў жыхароў нашай краіны былі адрэзаныя і аддадзеныя Польшчы.

«Без нас гэта вырашылі. Я лічу, гэта найгрубейшая памылка савецкага ўрада, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Факт застаецца фактам: без нас вырашылі ў 1921-м наш лёс і частка Беларусі, амаль палова (самае развітае, прасунутае, калі браць землі, лясы і іншае, што з’яўляецца галоўным нашым багаццем) апынулася там (у складзе Польшчы. — „Зв.“)».

Будзе дапоўнена.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю