Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў культуры з прафесійным святам. Аб гэтым паведамляе БелТА.
«Айчынная культура — шматвяковы летапіс беларускага народа, у якім знайшлі адлюстраванне яго багатая гісторыя, мудрасць продкаў, народныя традыцыi, дасягненні і лепшыя рысы нацыянальнага характару», — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівая заслуга ў прымнажэнні гэтага духоўнага скарбу належыць работнікам культуры — таленавітым і неабыякавым людзям, якія прысвяцілі сябе служэнню мастацтву. «Дзякуючы вашым прафесіяналізму, майстэрству і шчырай любові да абранай справы беражліва захоўваецца спрадвечная спадчына, нараджаюцца значныя ініцыятывы і праекты, адкрываюцца новыя імёны на творчым небасхіле», — падкрэсліў ён.
«Упэўнены, што і надалей ваша стваральная дзейнасць будзе спрыяць узбагачэнню беларускай культуры і паспяховаму развіццю краiны», — дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў работнікам культуры невычэрпнага натхнення, шчасця і дабрабыту.