Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў ДВА «Беларуснафта» з 60-годдзем з дня заснавання аб’яднання. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта не проста круглая дата, а важная вяха ў гісторыі айчыннай прамысловасці.
«Створанае як частка паліўна-энергетычнага комплексу Савецкага Саюза прадпрыемства стала надзейнай апорай для эканомікі краіны», — гаворыцца ў віншаванні.
«Беларуснафта» цяпер займаецца не толькі бурэннем і здабычай чорнага золата, але і развівае самую шырокую ў краіне сетку АЗС, з’яўляецца нацыянальным аператарам зараднай інфраструктуры для электрамабіляў, пастаянна ўкараняе перадавыя тэхналогіі ў вытворчасць і кіраванне. «А паслядоўная дзяржаўная палітыка і зладжаная работа калектыву дазваляюць эфектыўна адказваць на выклікі часу і вырашаць найважнейшыя стратэгічныя задачы», — канстатаваў Прэзідэнт.
Геаграфія дзейнасці арганізацыі даўно выйшла за межы Беларусі і ўключае такія краіны, як Расія, Кітай, Эквадор і іншыя, дзе яна паспяхова працуе, яе ведаюць і цэняць як надзейнага партнёра.
«Беларуснафта» ўносіць значны ўклад як у эканоміку, так і ў сацыяльную стабільнасць, развіццё рэгіёнаў, падтрымку культуры, адукацыі і спорту», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы асобна адзначыў важную ролю ўсіх, хто стаяў каля вытокаў прадпрыемства і хто годна працягвае слаўныя традыцыі беларускіх нафтавікоў. «Упэўнены, калектыў і далей будзе рухацца наперад з поўнай аддачай», — дадаў ён.
Прэзідэнт пажадаў работнікам і ветэранам ДВА «Беларуснафта» моцнага здароўя, шчасця, новых поспехаў і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.