Аман выдзяляе Беларусі зямлю пад стварэнне турыстычнага кластара. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў у час прыняцця кадравых рашэнняў, гаворачы аб новых рынках і магчымасцях на прыкладзе развіцця адносін з Аманам, паведамляе БелТА.
«Зямлю нам выдзяляюць, каб мы там стварылі свой вялізны турыстычны кластар. Каб людзі маглі лятаць не толькі ў Турцыю і Эміраты. Гэта ж літаральна гадзіна (на гадзіну большая працягласць палёту, чым у ААЭ. — Заўв. БелТА) — і ты там, у акіяне. Адкрыты акіян. Вось, калі ласка, прыходзьце, працуйце, дзверы адчыненыя. Але трэба ісці, трэба ісці!» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Гэта мая задача адкрыць дзверы — заходзьце, працуйце. Целяпаліся, Амана гэтага не бачылі. Яны з задавальненнем нас прымаюць. Парты, заводы — калі ласка, бярыце, змешвайце калійныя ўгнаенні, рабіце новыя там, прадавайце. Столькі напрамкаў адкрываецца!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што аманскі бок гатовы рэалізоўваць маштабныя праекты і на тэрыторыі Беларусі. Адзін з іх — будаўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната, мемарандум аб чым быў заключаны 6 кастрычніка па выніках перагавораў у Мінску Прэзідэнта Беларусі з Султанам Амана. «Гэта ж пад два мільярды інвестыцый. Яны давераць, гатовы ў нас будаваць яго», — адзначыў Прэзідэнт.
Раней паведамлялася, што агульны аб’ём інвестыцый па гэтым праекце складзе каля $1,4 млрд. Магутнасць прадпрыемства чакаецца на ўзроўні каля 800 тыс. т прадукцыі за год.