Top.Mail.Ru

«Для таго, каб добра жыць, нармальна жыць, у нас ёсць усё. Але трэба варушыцца»

Пятніца ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі атрымалася насычанай. Кіраўнік дзяржавы наведаў Бярэзінскі біясферны запаведнік, дзе ўдзяліў увагу не аднаму пытанню: ад дрэваапрацоўкі да экалогіі і турызму. Прэзідэнт таксама пагутарыў з супрацоўнікамі запаведніка і жыхарамі вёскі Домжарыцы — як заўсёды, гучалі важныя тэмы ўнутранай і міжнароднай павесткі.


Бярэзінскі біясферны запаведнік — гэта адзіная ў краіне асабліва ахоўная прыродная тэрыторыя самага высокага рангу, унікальны прыродны комплекс, які ўключае ў сябе разнастайнасць розных тыпаў лесу, лугоў і балот, непаўторны комплекс ракі Бярэзіны. 

Сёлета Бярэзінскі біясферы запаведнік адзначае 100-годдзе з дня заснавання. Да юбілею праведзена маштабная рэканструкцыя і мадэрнізацыя цэнтральнай сядзібы ў вёсцы Домжарыцы. Дом экалагічнай асветы перааснашчаны такім чынам, што стаў сучасным шматфункцыянальным цэнтрам. Створаны таксама Музей запаведнай справы — адзіны ў Беларусі спецыялізаваны музей, які расказвае пра гісторыю аховы прыроды і навуковых даследаваннях запаведніка. Пра ўсё гэта расказалі Прэзідэнту. 

2.jpg

На гэта трэба вылучаць грошы

Найперш кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў далажыў аб перспектывах развіцця турызму ў сістэме, якую ўзначальвае. Кіраўніцтва справамі развівае самыя розныя віды турызму, уключаючы экалагічны, падзейны, паляўнічы і іншыя віды. «У нас сёння 650 лакацый — баз, стаянак, гасцініц і гэтак далей. Таму мы нічога не будзем будаваць новага. Мы прывядзём у парадак тое, што ёсць. Таму што яно сёння не дае той аддачы, якую павінна даваць», — расказаў Юрый Назараў. Паводле яго слоў, таксама плануецца развіваць падзейны турызм, праводзіць цікавыя фестывалі і святы. 

«Па санаторыях экспарт паслуг мы павінны практычна падвоіць. Лічбы рэальныя, пралічаныя. Па прыродаахоўных аб’ектах мы выручку павялічым ад турыстычных паслуг у два разы да 2030 года. Стратэгію зацвердзілі на калегіі», — расказаў Юрый Назараў.

Прэзідэнт адзначыў, што грошы ў будаўніцтва і мадэрнізацыю турыстычных аб’ектаў і аб’ектаў санаторна-курортнага лячэння трэба ўкладваць, калі на гэта ёсць попыт. «На гэта трэба выдзяляць грошы, калі яны зваротныя», — адзначыў беларускі лідар. У тым ліку, па словах Прэзідэнта, такія праекты варта ўключаць і ў дзяржпраграму. 

Юрый Назараў далажыў, што падведамныя санаторна-курортныя і прыродаахоўныя ўстановы сёлета прынясуць выручку каля 285 мільёнаў рублёў. Шмат такіх аб’ектаў знаходзіцца на возеры Нарач. Юрый Назараў прапанаваў пабудаваць ад Мінска да Нарачы добрую дарогу, каб прыцягваць туды яшчэ больш людзей. «Там усё павінна шумець», — сказаў Юрый Назараў. «Вось для дзяржпраграмы яшчэ адна задача. Трэба будаваць», — пагадзіўся кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым, зрабіў акцэнт Прэзідэнт, працаваць трэба так, каб захаваць унікальную беларускую прыроду. Перш за ўсё для будучых пакаленняў. Але гэта не адмяняе таго, што лес трэба выкарыстоўваць і як сыравіну на вытворчасці.

3.jpg

Гэта ўзор вёскі, якую мы павінна захаваць

Цэнтральная сядзіба Бярэзінскага біясфернага запаведніка вёска Домжарыцы развіваецца па праекце «вёскі будучыні». Аб рэалізацыі гэтага праекта далажыў старшыня Лепельскага райвыканкама Міхаіл Кісялевіч. «У запаведніку павінны жыць людзі — такімі астраўкамі. Гаворка ідзе пра тое, каб там, дзе людзі жывуць, тыпу Домжарыц, ствараць гэтыя астраўкі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў, каб у такіх месцах, акрамя прыродаахоўнай дзейнасці займаліся і лясной, і сельскай гаспадаркай. Галоўнае патрабаванне — падыходзіць па-гаспадарску. «Я не кажу, з якімі мэтамі будзеце працаваць на зямлі. Малака, мяса ў нас хапае. Калі гэта будзе выкарыстоўвацца для палявання, рыбалоўства — калі ласка, гэта ваша справа», — дадаў Прэзідэнт.

Тое ж самае датычыцца і асобных участкаў, дзе можна развіваць гаспадарчую дзейнасць. «Гэтыя астраўкі нельга аддаваць прыродзе, калі яны ачышчаны ад лесу, кустоў. Яны павінны даваць вынік. Дзесьці цэх па апрацоўцы драўніны, сельская гаспадарка. Я гатовы невялікімі грашыма дапамагчы, каб гэта развіваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сёння ў Домжарыцах жыве 372 чалавекі. Праблем з працай тут няма, у запаведніку яе хапае ўсім. Больш таго, захавана і мадэрнізавана ўся неабходная сацыяльная інфраструктура, у тым ліку дзіцячы сад, школа. Кацельня цалкам працуе на мясцовых відах паліва. Пабудаваны спартыўны комплекс, у якім пастаянна займаюцца дзеці. «Калі тут вырасце добры барэц, каратыст або лыжнік — гэта вельмі добра для дзяржавы. А яны вырастаюць з вёскі. Гарадскія дзеці ўжо не вельмі хочуць працаваць. А вялікі спорт — гэта вялікая праца», — заўважыў беларускі лідар. 

Непасрэдна развіццю і добраўпарадкаванню Домжарыц Прэзідэнт даў высокую ацэнку: «Вёска добрая. Дай бог, каб у нас такія былі аграгарадкі. Малайцы, што зрабілі такую вёску». Не абышлося і без долі крытыкі, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў такіх месцах усё павінна быць зроблена з дрэва і што не варта цягнуць сюды жалезабетон і цэглу. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што Домжарыцы — гэта ўзор для пераймання. «Гэта правільна, гэта — будучыня. Я буду прапагандаваць, каб людзі прыязджалі сюды і вучыліся, як развіваць аграгарадкі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Домжарыцы ён назваў узорам таго, «якой павінна быць вёска, якую мы хочам захаваць». Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што трэба таксама захоўваць вёскі, якія раней былі цэнтрамі вялікіх саўгасаў і калгасаў. Калі там стварыць умовы, там будуць жыць людзі. Беларускі лідар падкрэсліў, што з узростам людзям хочацца спакойна жыць, у цішыні. Таму трэба захоўваць вёскі, у тым ліку і для таго, каб навучыць дзяцей працаваць на зямлі. «Выратаваць, выратаваць вёску. Для мяне гэта пытанне нумар адзін. Я заўсёды гэтаму ўдзяляў вельмі сур’ёзную ўвагу. Не будзе вёскі — не будзе дзяржавы», — сказаў Прэзідэнт. 

«Бліжэй да прыроды! І выкарыстоўваць трэба запаведныя месцы ў імя гэтага. Хочацца, каб нашы людзі ад гэтага нешта займелі», — арыентуе кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён удакладніў, што не заклікае «загаджваць Беларусь». Гаворка ідзе аб рацыянальным прыродакарыстанні. Напрыклад, не варта дапускаць таго, каб вялікія аб’ёмы каштоўнай сыравіны проста гнілі ў лесе, калі яе можна выкарыстоўваць у гаспадарчай дзейнасці. «Вядома, павінен быць парадак. Нельга загубіць святыя гэтыя месцы», — сказаў беларускі лідар.

Пасыл Прэзідэнта — берагчы сваю краіну, клапаціцца аб прыродзе і акуратна выкарыстоўваць тое, што дае прырода. 

Трэба ўсю Віцебскую вобласць «натыкаць» такімі вытворчасцямі

Плошча запаведніка і эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадаркі складае больш за 108 тысяч га і падзелена на сем лясніцтваў. Установа з’яўляецца шматгаліновай гаспадаркай, якая разам з дзейнасцю па ахове прыродных комплексаў, што фінансуецца з бюджэту, займаецца пазабюджэтнай дзейнасцю, што дазваляе атрымліваць дадатковыя грашовыя сродкі. Тут развіваецца лесагаспадарчая дзейнасць. Штогадовы аб’ём нарыхтоўкі драўніны з усіх відаў высечак складае 100 тысяч кубічных метраў. З тым, як наладжана дрэваапрацоўка, азнаёміўся і Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання дрэваапрацоўчага цэха. 

Тыдзень таму на нарадзе па развіцці Віцебскай вобласці Прэзідэнт крытыкаваў сітуацыю з дрэваапрацоўкай у рэгіёне. У Бярэзінскім біясферным запаведніку ён азнаёміўся з вытворчасцю, якую параіў «тыражаваць» па ўсёй краіне. «Трэба ўсю Віцебскую вобласць „натыкаць“ такімі вытворчасцямі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Тым больш, звярнуў увагу ён, такая прадукцыя з кожным годам становіцца ўсё больш запатрабаванай. 

У верасні 2024 года тут завяршылі будаўніцтва сушыльнага комплексу на чатыры сушыльныя камеры. У 2025 годзе ўведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці садова-паркавай мэблі, лінія сартавання круглых лесаматэрыялаў, лінія па вытворчасці абрэзаных піламатэрыялаў, цэх па аптымізацыі і зрошчванні піламатэрыялаў, участак па вытворчасці паддонаў. На прадпрыемстве наладжана вытворчасць драўляных вырабаў, якія запатрабаваны ў побыце. Напрыклад, апрацоўчыя дошкі. Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з майстрамі, падкрэсліўшы, што важна забяспечыць пераемнасць і падрыхтоўку вучняў. «У кожнага майстра павінен стаяць побач вучань. Мы сыходзім, пасля нас нашы вучні прыходзяць, дзеці нашы», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён акцэнтаваў, што прадукцыя з дрэва — жывая — і яна заўсёды будзе патрэбнай. А значыць, патрэбныя людзі, якія здольныя яе вырабіць. (У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра «Белмастацпромыслы», якія ў мінулым перадалі пад крыло Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Такое рашэнне нямала крытыкавалі, але яно дазволіла захаваць унікальныя беларускія промыслы. А галоўнае — майстроў.)  

Такім чынам цалкам абноўлена вытворчая база запаведніка. Рэалізацыя інвестыцыйных праектаў дазволіла больш рацыянальна выкарыстоўваць драўніну пры перапрацоўцы, захоўваць дынаміку росту прамысловай вытворчасці, выпускаць прадукцыю з больш высокай дабаўленай вартасцю.

Жыццё ў гармоніі з прыродай, выкарыстанне яе рэсурсаў, сацыяльныя тэмы і іншыя актуальныя, нават вострыя пытанні Прэзідэнт абмеркаваў у размове з жыхарамі Домжарыц.

«Лес, чыстая вада і свежае паветра — што яшчэ трэба, каб нармальна жыць»

Для пачатку кіраўнік дзяржавы падзяліўся, што яго тут прыемна здзівіла. У першую чаргу тое, што адсюль не з’язджае моладзь, не рвецца ў горад. «Куды з’язджаць адсюль? Паветра ў вас у 300 разоў лепшае, чым у Мінску. Школа. Садок. Праца. Усё неабходнае. Галоўнае — ёсць збыт, попыт на вашу прадукцыю. Я сказаў, што трэба аграгарадкі рабіць такімі, як у Домжарыцах. Трэба ўсё гэта змаляваць, спісаць і за некалькі гадоў зрабіць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, у Домжарыцах яго здзівіла многае — асабліва тое, што ў цэнтры ляснога масіву такая жамчужына. «Наша галоўная задача — там, дзе ёсць магчымасць гэтыя цэнтры пабудаваць і захаваць, — туды будзем накіроўваць сродкі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. І нагадаў пытанне нумар адзін — выратаваць вёску. Бо не будзе вёскі — не будзе дзяржавы. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь не такая багатая на карысныя выкапні, як, напрыклад, суседняя Расія. Каб добра жыць, трэба працаваць і карыстацца тым, што падарыў Гасподзь. А ў Бярэзінскім запаведніку гэта лес — вялікае багацце. Таму неабходна падтрымліваць дрэваапрацоўчую вытворчасць. Тым больш, на прадукцыю ёсць попыт. «Самая вялікая праблема ў дзяржаве на сёння — гэта зніжэнне попыту, — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы рабіць умеем усё, што трэба. Але прадаць не можам, бо няма такога попыту, як гэта было раней. І гэта не ад нас залежыць, гэта ўсё тое, што складваецца вакол нас. А на вашу прадукцыю ёсць попыт»

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што лясное багацце Беларусі ўразіла высокіх гасцей з Амана, якія нядаўна прыязджалі ў нашу краіну. У планах — пабудаваць у Віцебскай вобласці цэлюлозны камбінат з прыцягненнем аманскіх інвестыцый. Зацікаўленасць ёсць, сыравіны хапае — трэба будаваць вытворчасць, тым больш ад гэтага выйграюць усе. Вось прыклад, як рацыянальна выкарыстоўваць прыродныя багацці.

«Лес, чыстая вада і свежае паветра — што яшчэ трэба, каб нармальна жыць», — заўважыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што для моладзі сёння трэба ствараць умовы, каб яны маглі забяспечыць свае сем’і. У Беларусі такія ўмовы ёсць. «Сёння, давайце адкрыта, хто хоча зарабіць — той заробіць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Для таго, каб добра жыць, нармальна жыць, у нас ёсць усё. Але трэба варушыцца. Наша справа — стварыць умовы. Дзяржава, улада павінны ствараць умовы». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў запаведніку працуюць спецыялісты (у тым ліку і маладыя) з залатымі рукамі, і нагадаў кіраўнікам, што іх праца патрабуе годнай аплаты. 

«Не хочацца ўдзельнічаць у 51-м канфлікце»

Прэзідэнт павіншаваў супрацоўнікаў запаведніка са 100-годдзем. «Вы па-гаспадарску, акуратненька, без асаблівых выдаткаў стварылі працоўныя месцы, стварылі нармальныя ўмовы жыцця для людзей. Мы сюды будзем прывозіць іншых, каб навучыцца, як будаваць аграгарадкі, як будаваць цэнтры на вёсцы, дзе будуць жыць нашы дзеці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, у такіх цэнтрах — наша будучыня, і гэта трэба зберагчы.

«І надыдзе той час, калі гэта смярдзючая Еўропа будзе нам плаціць за тое, што мы беражом тое, што дасталося нам ад Бога. Таму што кісларод — ад лес і балот. У Еўропе гэтага няма, а ў нас ёсць. І вецер гэта дабро туды выносіць, і яны дыхаюць свежым добрым паветрам, дзякуючы нам. За гэта трэба плаціць. А яны замест таго, каб плаціць, пачынаюць нас душыць санкцыямі. Але гэта пройдзе. Гэта ўжо праходзіць. Я думаю, недалёкі той час, калі яны будуць плаціць нам», — заявіў кіраўнік дзяржавы. А пакуль за гэта не плацяць, лясное багацце трэба выкарыстоўваць для нашых дзяцей: прадаваць драўніну, якую можна забіраць з лясоў. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер за ўсё ў свеце трэба плаціць, і назваў лес нашым багаццем, якое заўсёды будзе патрэбна людзям. У сельскай гаспадарцы той жа падыход, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. І прывёў у прыклад Зімбабвэ, дзе вельмі запатрабаваныя беларускія сельскагаспадарчыя тэхналогіі. «Мы ім паставілі тэхніку, навучылі іх людзей працаваць, прывозілі іх сюды. Стварылі ім галіну цэлую», — расказаў беларускі лідар. Такая работа вядзецца і ў ахове здароўя. Гэта ацанілі і іншыя краіны, яны таксама звяртаюцца да нас па дапамогу. 

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што мірная стваральная праца — гэта яшчэ і залог мірнага жыцця. «Калі ёсць эканоміка, наўрад ці будзе вайна. Наўрад ці гэта дзяржава будзе ваяваць. Калі няма эканомікі — бяда. Цяпер час такі незразумелы, невядомы, калі трэба выстаяць, — рэзюмаваў беларускі лідар. — Нам трэба вытрымаць гэты час. Вытрымаем — будуць жыць нашы дзеці. Не вытрымаем, акунёмся ў гэты вір... 50 з лішнім канфліктаў і войнаў у свеце цяпер. Не хацелася, каб мы ўдзельнічалі ў 51-м. Але тое, што мы не хочам ваяваць, што мы не будзем увязвацца ў гэту вайну, калі нас не чапаюць, — гэта я вам абяцаю. Гэта якраз галоўная задача Прэзідэнта і ўлады», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што цяпер некаторыя краіны-суседзі выдаткоўваюць на ваенныя патрэбы да 5 % ад ВУП, што з’яўляецца вельмі высокім узроўнем. Пытанне: навошта гэта робіцца? У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «адхапіць» заходнюю частку Беларусі ці Украіны, як гэта было раней, не атрымаецца. «Не будзе гэтага, — падкрэсліў ён. — Калі вы прыйдзеце да нас без дазволу сваімі каванымі ботамі — бахнем».

У сваю чаргу Прэзідэнт запэўніў сваіх людзей, што не падвядзе іх: «Я ведаю, што вы мае людзі, якія мяне заўсёды падтрымлівалі. І я заўсёды памятаю, што я вам вельмі абавязаны. І буду старацца вас не падвесці». 

Каб была выгада і не было шкоды

У кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, ці не бачыць ён дысанансу ў дзейнасці дрэваперапрацоўчага цэха на тэрыторыі запаведніка, задача якога — захоўваць прыроду. Прэзідэнт прызнаўся, што вельмі шануе і любіць прыроду. Ён расказаў, што нацыянальныя паркі і запаведнікі аддадзеныя пад крыло Кіраўніцтва справамі не проста так. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта было зроблена, каб іх захаваць. У пачатку 1990-х у Белавежскай пушчы і на Браслаўскіх азёрах кіпела будаўніцтва: банкіры і бандыты будавалі лецішчы, цэлыя вёскі, сядзібы. Але Прэзідэнт гэта спыніў і ўзяў унікальную тэрыторыю пад жорсткі кантроль. 

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што прыроду мы беражом. Але трэба падыходзіць і практычна-акуратна, з розумам. Працаваць трэба так, каб была выгада, але не было шкоды, арыентуе Прэзідэнт. Гэта датычыцца не толькі Бярэзінскага запаведніка, але і Белавежскай пушчы, іншых запаведных месцаў. «Гэта не значыць, што мы павінны ўсё разбурыць, выпілаваць (як палякі зрабілі з Белавежскай пушчай — спілавалі ўсё). Рынак-прыватнік прыйшоў, выпілаваў. А мы захавалі», — заявіў Прэзідэнт. Ён удакладніў, што тут лес не пілуецца і не апрацоўваецца ў вялікіх маштабах — бяруць толькі тое, што можна ўзяць. «Невялікі цэх, які тут пабудавалі, — гэта для людзей. Да гэтага мы пабудавалі сацыяльныя аб’екты, і спартыўныя, і дзіцячы сад. Для чаго? Каб людзі жылі. Дай бог, каб праз 10 гадоў усюды было, як тут, — рэзюмаваў Прэзідэнт. — Ні ў якім разе не на шкоду прыродзе. Барані вас бог. Я больш радыкальны, чым вы, хоць гэта ваша жыццё, і вы ўвесь час гэтым займаецеся. Але гэта і маё жыццё. Мы павінны захаваць для дзяцей гэты куток».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і адрозніваецца сваёй прыродай, пра што часта гавораць замежныя госці. Нават Мінск, сталіца, не адарваны ад прыроды, гэта па-сапраўднаму зялёны горад. «Будзем разам змагацца за захаванне прыгажосці, у якой мы жывём, — заклікаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта дарагога варта».

«Падтрымка будзе, але трэба круціцца-вярцецца»

Жыхарка Домжарыц спытала ў Прэзідэнта, ці можна гады, праведзеныя ў дэкрэтным водпуску, улічваць пры налічэнні пенсій у жанчын. Асабліва гэта актуальна для шматдзетных маці. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што такія падыходы ўжо прымяняюцца. У цэлым, кажучы пра льготы, ён падкрэсліў, што нельга забываць аб тым, што кожная льгота — гэта грошы, якія хтосьці зарабіў, і яны не бясконцыя. 

Прэзідэнт згадаў сваю нядаўнюю нараду з кіраўніцтвам Саўміна, дзе адным з пытанняў былі дадатковыя льготы для маладых спецыялістаў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў нашай краіне сёння кожны малады чалавек можа атрымаць вышэйшую адукацыю, у тым ліку і праз мэтавае накіраванне — усе абітурыенты знаходзяцца ў роўных умовах. Уведзены льготы для маладых спецыялістаў, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, і шэраг іншых. Магчымасць атрымаць адукацыю ёсць ва ўсіх. Тыя, хто не можа паступіць ва ўніверсітэт, могуць вучыцца ў прафтэхвучылішчах, якія захаваны ў нашай краіне. Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што сёння ў краіне ёсць усё, каб вучыцца і працаваць. «Калі лічыце, што чагосьці не хапае, то вы скажыце. Калі крытыкуеце — параўнайце з іншымі, ці маюць іншыя такія магчымасці», — параіў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у краіне створаны роўныя ўмовы, каб нашы людзі жылі тут. І тыя, хто з’ехаў з Беларусі, ужо хочуць вярнуцца. 

Вяртаючыся да пытання дэкрэтнага водпуску, Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне ёсць праблема з дэмаграфіяй. Таму такая актыўная падтрымка аказваецца шматдзетным сем’ям. І на першым месцы — дапамога з жыллём. Але Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ёсць і перагібы — амаль усе шматдзетныя імкнуцца жыць у Мінску. У той жа час кіраўнік дзяржавы арыентуе на тое, што і шматдзетным сем’ям трэба «круціцца-вярцецца», зарабляць, у ідэале — на сваёй зямлі, на прысядзібным участку — вось з гэтым падтрымка гарантаваная. 

«Дзе толькі трэба стварыць умовы — будзем ствараць. Падказвайце, у вас Прэзідэнт свой, — рэзюмаваў беларускі лідар. — Калі нешта магчыма — зробім. Немагчыма — нават не прасіце. Таму што я зямны чалавек, я сам у беднасці жыў і ведаю, што гэта такое і як з усяго гэтага выкарабквацца».

Маладая настаўніца пачатковых класаў, якая працуе ў Лепельскім раёне, падзякавала Прэзідэнту за падтрымку маладых спецыялістаў і за ўмовы, якія для іх створаны. «Чалавек, калі прыходзіць і ён настроены на працу — такому чалавеку заўжды хочацца дапамагчы. Як і калектыву», — адказаў на гэта кіраўнік дзяржавы.

«Людзі захацелі зарабіць — і зарабілі. У чым тут віна Беларусі?»

Вострае пытанне прагучала ад журналістаў. І тычылася яно паветраных шароў, якія вельмі ўзрушылі нашых суседзяў. Настолькі, што Літва закрыла граніцу. «Тое, што з тэрыторыі Беларусі ляталі туды гэтыя шарыкі з цыгарэтамі — гэта праўда. І калі я сказаў, што мы разбярэмся, значыць, мы разбіраемся. І мы ведаем такіх людзей. Дваіх мы адразу ўстанавілі, а зараз нібыта паўтары дзесятка, а ўчора мне старшыня КДБ далажыў, што ў нас такіх груп людзей у Беларусі нямала», — Прэзідэнт, як заўсёды, нічога ўтойваць не стаў. Ён расказаў, што адбылося і нават раскрыў падрабязнасці расследавання. 

«З таго боку граніцы, і з нашага боку, натуральна, заўсёды, жылі людзі. Я пагранічнік, служыў на граніцы ў свой час. У нас граніца заўжды была не раздзяляльнай, а аб’ядноўваючай лініяй. У савецкі час нас  гэтаму вучылі — мы не павінны перашкаджаць нармальным людзям камунікаваць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Але сёння літоўскія і польскія ўлады спынілі нармальныя гандлёвыя сувязі і пабудавалі плот на граніцы. Прычым, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, палову бюджэту на будаўніцтва гэтай сцяны скралі. 
«А людзі ж прывыклі — у іх бізнес нейкі быў, яны вытворчасцю займаліся. Яны маглі вырабіць і прадаць нам, мы маглі вырабіць -прадаць туды. Ішоў гандаль. Пабудавалі плот — і парвалі, парэзалі гэтыя жывыя сувязі. Мільёны людзей раптоўна пазбавіліся гэтай працы, за кошт чаго яны жылі, асабліва палякі. Там жа прыватная вытворчасць, яны яшчэ больш залежныя ад гэтага гандлю, чым мы, — расставіў акцэнты Прэзідэнт. — Улады літоўскія і польскія, вы вінаватыя, што так адбываецца. Вы навошта паставілі людзей у такія ўмовы? Навошта вы іх штурхнулі на шлях злачынства?»

А сітуацыя з паветранымі шарамі адбылася з-за таго, што самі грамадзяне Літвы на фоне закрыцця граніц вырашылі зарабіць на перапродажы цыгарэт. Прэзідэнт расказаў, як складвалася сітуацыя: беларускія грамадзяне абсалютна легальна набывалі на вытворчасці цыгарэты і перадавалі літоўцам, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі, атрымліваючы свой навар. І ўжо самі літоўцы сваім заказчыкам перапраўлялі тавар з дапамогай паветраных шароў. Выгада заключалася ў значнай розніцы цэн на цыгарэты ў Беларусі і краінах ЕС, у нас яны ў пяць разоў таннейшыя, чым у краінах Еўрапейскага саюза. Усё лагічна: у Беларусі купіць за умоўныя «10 капеек», перакінуць туды, там за гэтыя цыгарэты заплацяць «20 капеек». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Нідэрландах цыгарэты каштуюць у 10 разоў больш — можна добра зарабіць, таму планавалася адправіць і туды. 

«Гэтыя людзі, якім па жывым парэзалі жыццё і лёсы па лініі граніцы (ім жа дзяцей трэба чымсьці карміць, чымсьці займацца), убачылі, што яны могуць тут узяць танны тавар і там перапрадаць. Зарабіць вялікія грошы, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нашы таксама паглядзелі: фабрыка наша можа ў дзесяць разоў вырабіць больш, чым вырабляе. Дзяржаве выгадна, калі фабрыка вырабіць больш? Выгадна. Мы ў бюджэт пакладзем больш». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цікавіўся ў дасведчаных людзей дэталямі, колькі менавіта цыгарэт перапраўляецца з дапамогай такіх паветраных шароў. Аказалася, у адной скрынцы 500 пачкаў цыгарэт, і за адзін раз можна падняць не больш двюх скрынак, то бок тысячу пачкаў цыгарэт. Гэта небаракі, якім цяпер працаваць няма дзе, туды-сюды ездзіць не могуць. Яны гэтым займаюцца.

Аляксандр Лукашэнка расказаў таксама, як людзі з Літвы, якія займаліся кантрабандай, траплялі ў Беларусь. У нас, як вядома, дзейнічае бязвіз, але яны ім не карысталіся. Яны па «зялёнцы», дамовіліся з пагранічнікамі літоўскімі, брамку адкрылі — яны да нас прыйшлі. «Наладзілі гэты бізнес. Нашы на фабрыцы бяруць цыгарэты па выгаднай цане, прадаюць (каб самім грошы зарабіць — навар нейкі) літоўцам. Трэба перакінуць праз плот. Маленькімі порцыямі перакідвалі на гэтых шарыках. Там літоўцы прымалі іх», — расказаў Прэзідэнт. Лагічна, што гэта павінны былі бачыць і літоўскія пагранічнікі. Беларускі лідар звярнуў увагу, што яны гэта бачылі, але таксама атрымліваюць грошы.

«Нашы гэта бачылі? Напэўна, бачылі. Ну, а што нашы? Вы санкцыі ўвялі супраць нас, вы нас душыце і іншае. Як я часта кажу, што, мы вас абараняць будзем? Ну і ляціце, гэтыя шарыкі. Але гэта мы праверым яшчэ. Але галоўнае — там літоўцы прымалі гэтыя шары і бралі гэтыя цыгарэты. І куды везлі? Не ў Літве прадавалі. У Нідэрландах і Англіі. Кажуць, там самыя дарагія цыгарэты», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ва ўсёй гэтай сітуацыі Аляксандр Лукашэнка асабліва важным назваў той факт, што з-за запуску гэтых шароў была паралізаваная работа аэрапорта. «Шары да пяці кіламетраў падымаліся, кажуць. А калі б грамадзянскі самалёт — загінулі б людзі. Для мяне гэта непрымальна і важна», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт таксама растлумачыў, што прыезд літоўцаў у Беларусь быў звязаны з адмовай саміх беларусаў запускаць гэтыя паветраныя шары: «Сказалі: „Не, Бацька пасадзіць, мы гэта рабіць не будзем!“ Закупілі гэтыя шары па інтэрнэце. І гэтыя літоўцы, паколькі нашы не пагадзіліся, самі перакідалі гэтымі шарыкамі цыгарэты ў Літву. А ў Літве прымалі іх хлопцы, якіх яны пазбавілі заробку»

Прэзідэнт задаў лагічнае пытанне — у чым тут віна Беларусі? «Я не бачу, за што караць людзей. Яны хацелі зарабіць — яны зарабілі. Калі б яны скралі гэтыя цыгарэты... Не, яны заплацілі. Якія да нас прэтэнзіі? Тое, што мы прадалі літоўцам цыгарэты? Прадалі. Гэта законна», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 
«Я наогул хачу ўдакладніць, колькі там шарыкаў гэтых паляцела. Кажуць, 200 штук. Нашы гэтыя „бандзюгі“ кажуць: „Перадайце Прэзідэнту, ніякіх там 200 не было. Там два дзясяткі гэтых шароў. У нас столькі, кажуць, няма шарыкаў“. Тое, што літоўцы самі сабе перакінулі, дык вы знайдзіце гэтых літоўцаў, устанавіце і з іх спытайце. Яны ж гэта разумеюць і ўжо, нібыта, раніцой мне сёння далажылі, літоўцы штосьці там знайшлі. Мы сваіх знойдзем, спытаем, навошта яны гэта рабілі. Але я не ведаю, як з іх спытаць, — яны купілі і прадалі», — дадаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што няма ніякай віны Беларусі ў тым, што суседзі закрылі граніцу, паставілі на ёй плот. І зноў пытанне — «чаму мы вас павінны абараняць?»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на іншую падаплёку пытання, якая не такая відавочная. «Літоўцы ж разумеюць, што гэта ўсё ўсплыве, гэта будзе ўсё вядома. Чаму яны так паступілі? Адкрыю сакрэт: мы вядзем перагаворы з амерыканцамі. Па-рознаму, цяжка ідуць гэтыя перагаворы. Ну і літаральна на наступны дзень пасля ночы, калі гэтыя шарыкі паляцелі, амерыканцы мэсэдж нам даслалі: беларусы вінаватыя, што гэта здарылася і ўлады і Лукашэнка павінны неадкладна папрасіць прабачэння перад Літвой, прытым публічна, за гэта. Я кажу: «Пайшлі на... » І так далей. Я ж сказаў, што мы папросім прабачэння, але калі будзем вінаватыя. За што мне прасіць прабачэння? Але амерыканцы ад нас патрабуюць выбачэнняў і літоўцы. Хто кім кіруе? Яны паскардзіліся амерыканцам, якія вядуць з намі перагаворы. Амерыканцы дасылаюць ліст мне, каб папрасілі прабачэння. То і літоўцы ад нас патрабуюць. Амерыканцы далі каманду ім: «патрабуйце прабачэнняў, каб Лукашэнка папрасіў прабачэння... Калі я ў чымсьці вінаваты, калі вінаваты, зыходзячы з гэтага, я гатовы папрасіць прабачэння. Але я не бачу сваёй віны, я не бачу віны нашых людзей, — заявіў беларускі лідар. — І потым, давайце шчыра: калі нам трэба перакінуць цыгарэты ў Польшчу — вагон туды адправім. І там прымуць. Чаму? Таму што там ёсць попыт на гэта. Гэта эканоміка. Нікуды не дзенешся. Калі там у 5 або 10 разоў даражэйшы тавар, чым у нас, — пад зямлёй пракапаюць тунэль і па ім паставяць. І тыя, хто будзе бачыць, прамаўчаць, калі ім заплацяць (пагранічнікі). Яму заплацілі — ён маўчыць. Цыгарэты, не ядзерная ж зброя». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што раз цана розная, купляць будуць па больш выгаднай. І сітуацыя жыццёвая — людзі хацелі зарабіць — людзі зарабілі. І караць іх проста няма за што, цыгарэты яны купілі, а не скралі.

«Пратасевіч — супрацоўнік нашай разведкі»

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што праз гэтыя абвінавачванні, апаненты за мяжой проста шукаюць падставу, каб паспрабаваць «нахіліць» беларускі бок. І як прыклад прывёў увядзенне санкцый супраць авіякампаніі «Белавія». Падставай для гэтага стала затрыманне апазіцыянера Рамана Пратасевіча. «Доўга распавядаць не буду. Пратасевіч — гэта супрацоўнік нашай разведкі. Нам трэба было яго затрымліваць? А вось пытанне, чаму яны (рэйс Ryanair) у Вільнюс ляцелі, там не селі, а развярнуліся і ў Мінск прыляцелі, селі пасля званка, што ў іх на борце там нейкая ўзрыўчатка... Ну, садзіцеся, вы ў Вільнюс ляцелі, над Вільнюсам былі — садзіцеся (у Вільнюсе. — Зв.). Развярнуліся, прыляцелі ў Мінск. Селі ў Мінску. Я кажу: «Ну што, праводзьце аперацыю, ён жа пад прыкрыццём працаваў у гэтых збеглых. Праводзьце аперацыю як належыць, — раскрыў дэталі Прэзідэнт. — Давялося нам аперацыю праводзіць па яго затрыманні. Хоць нам не трэба было яго затрымліваць. Ён прыехаў у Грэцыю, яго туды выклікалі, ён далажыў разведчыкам усё, што нас цікавіла, атрымаў заданне і ляцеў назад. Туды, дзе працаваў, праз Вільнюс. Нас абвінавацілі ў затрыманні апазіцыянера. А ён не наш апазіцыянер. Мы не затрымлівалі апазіцыянера... Вось, увялі санкцыі»

«Маніпуляваць намі нельга»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі такая ж сітуацыя і тут. «Мы павінны перад літоўцамі папрасіць прабачэння — за што? Маніпуляваць намі нельга. І таму бачу, што сітуацыя абвастраецца. Нас хочуць з расіянамі даціснуць. Вось нас хочуць даціснуць: Пуцін, Лукашэнка — гэта наогул агрэсары. Гэтага рабіць нельга. З намі яны не справяцца. Няўжо хочуць, каб сярэдзіна мінулага стагоддзя паўтарылася? Не справяцца яны з намі. Мы сваю зямлю будзем з расіянамі абараняць да апошняга чалавека. Але мы туды не лезем», — канстатаваў беларускі лідар. Ён нагадаў пра пагрозы перакрыць Сувалкскі калідор, праз які ідуць сухапутныя зносіны паміж Беларуссю і Расіяй з аднаго боку і Калінінградскай вобласцю РФ — з другога. «Расіяне з зямлі сваёй вязуць туды тавары. Не ядзерную зброю, не зброю наогул, а тавары. Яны ж правяраюцца пагранічнамі літоўскімі там. Праз Літву гэты калідор. Вы што? Гэта імперыя, ядзерная краіна. Вы нарываецеся на што? Вы навошта перашкаджаеце расіянам нармальна мець зносіны са сваёй тэрыторыяй — Калінінградскай вобласцю? Нарываюцца», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Тая ж гісторыя і з пагрозамі перакрыць Балтыку. Беларускі лідар нагадаў, што пасля закрыцця доступу да балтыйскіх портаў наша краіна знайшла альтэрнатыўны маршрут праз парты Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбурга. «Мы сядзім з Пуціным (я ўжо распавядаў дзесьці), абмяркоўваем гэтае пытанне. Я кажу: „Бачыш, да чаго дайшлі. Зусім нахабнымі зрабіліся“ . А якое выйсце? Ну, мы будзем суправаджаць ваеннымі караблямі свае гандлёвыя судны. Вы хочаце гэтага? — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Разумееце, вось нарываюцца. Хто іх да гэтага штурхае? Мы можам толькі здагадвацца. Каб сутыкнуць тут, у Еўропе, зноў распаліць нейкі агонь. Таму я так акуратна, акуратна адступаю. Але адступаю да пэўнага перыяду»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перш чым патрабаваць ад беларускага боку разабрацца, хто ж там запускаў гэтыя шарыкі, польскім і літоўскім уладам варта падумаць — навошта яны паставілі людзей у такія ўмовы. Людзі працавалі, гандлявалі — усім было добра. «Навошта вы іх штурхнулі на шлях злачынства?», — адзначыў ён. Беларускі лідар таксама звярнуў увагу, што суседзі ўзбройваюцца на мільярды долараў, выдаткоўваюць на гэта каля 6% ВУП. «Ну, калі вы купляеце стрэльбу, вы яе не купляеце, каб проста на сценку павесіць. Хоць адзін раз у год яна, і на сценцы вісячая, страляе. Напэўна ж, яны для чагосьці скупляюць па ўсім свеце зброю. І крычаць: чаму Лукашэнка ядзерную зброю завёз, чаму Лукашэнка „Арэшнік“ плануе паставіць, — звярнуў увагу беларускі лідар. — А што мне застаецца рабіць? Мне што, сядзець і чакаць, калі сюды прыйдуць, як у 1941-м годзе згвалцяць нашых жанчын і заб’юць нашых дзяцей? Я гэтага не хачу».

Прэзідэнт нагадаў: ядзерная зброя — гэта страшная рэч. «Мы нашу ядзерную зброю, каб вы ведалі, яшчэ раз абмянялі. Мы яе вывезлі ў Расію і навейшую завезлі. Яе прывялі ў парадак. Гэта дарагая рэч — абслугоўваць яе. Расіяне дапамагаюць. Мы яе назад завезлі. Мы трэніруемся, як яе ўжываць. І з самалётаў, і ракетную зброю. Мы гэта таксама не ўтойваем», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў інфармацыю аб тым, што ў снежні на баявое дзяжурства ў Беларусі стане «Арэшнік». «Для чаго? Я хачу, каб яны (апаненты за мяжой. — Зв.) разумелі, што мы можам бахнуць, калі будзе дрэнна. Вось мы сядзем з Пуціным, прымем рашэнне — і бахнем. Таму не нарывайцеся. Бо вайна пачыналася ва Украіне з гэтага. На Данбасе гнабілі рускамоўных, забівалі, цкавалі. Гэта было на маіх вачах», — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што на мінскай пляцоўцы ў свой час былі дасягнуты мірныя дамоўленасці, але апаненты вырашылі дзейнічаць шляхам падману, што і прывяло да цяперашняй сітуацыі: «Ну, даскакаліся. Ужо два мільёны загінула чалавек і скалечана украінцаў. Ну чаго вы нарываецеся? Нармальна ж жылі. І палякі, і літоўцы і гэтак далей».

«Калі робіш чалавечыя крокі — яны гэтага не разумеюць»

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што былі наладжаныя кантакты з палякамі. Яны прасілі аддаць сваіх грамадзян, асуджаных у нашай краіне, таго ж Анджэя Пачобута. Беларускі бок супраць гэтага нічога не меў. «Ну добра, там 2-3 чалавекі нашы ёсць. Вернем. Здзейснім абмен». Таксама ж сем’і і гэтак далей... Разведка была, ёсць і будзе. Я гэта прызнаю, паважаю. Добра, абмяняем. Пачобута хочаце — мы гатовыя пайсці і на гэта. «Ой, дзякуй вам і іншае, мы гатовыя з вамі размаўляць, мы адкрываем пункты пропуску, яшчэ штосьці», — распавёў кіраўнік дзяржавы падрабязнасці. Але пазіцыя польскага боку змянілася: «Учора к ночы мне дакладвае КДБ: не, яны адступілі ад гэтай пазіцыі ў знак салідарнасці з Літвой за гэтыя вось шарыкі. Я кажу: перадайце ім прывітанне. Адступілі- ну і мы адступім. Мы на паўзу ставім. Калі паспееце — прыходзьце, будзем з вамі размаўляць»

Прэзідэнт заявіў — мы адкрытыя да гэтага дыялогу і размовы без нагнятання сітуацыі. «Не таму, каб лоб у лоб. Гэта не трэба. Я не прыхільнік гэтага. Заўсёды трэба шукаць кампрамісы. Але адступаць можна да сценкі, пакуль ты не упрэшся ў нешта. Ну, я адступаю. Але гэтая сценка — усё, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І потым, калі ты ім робіш нейкія крокі, чалавечыя крокі, яны гэта не разумеюць. Яны гэта разумеюць як слабасць. І амерыканцы, і ўсе іншыя. Ды не ў слабасці справа. Але я не магу далей адступаць. Не магу».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заўжды кажа амерыканцам аб тым, што беларусы ацэньваюць яго па канкрэтных кроках. «Яны бачаць: а, Лукашэнка там гэта адступіць, гэтага, гэтага вызваліў... а навошта, а не трэба, няхай бы сядзеў. А яны ж не валодаюць той інфармацыяй, а я вочы ў вочы не магу ім усё гэта расказаць», — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка раскрыў, аб чым размаўляе з амерыканцамі на перагаворах: «Я амерыканцам кажу: Вы мяне зразумейце... Трамп, кажу, гэтаксама дзейнічае. „Трамп гатовы з вамі сустрэцца, заключыць вялікую здзелку“... Ды Гасподзь з вамі. Сутнасць у чым „вялікай здзелкі“? Мы робім, што яны хочуць, а яны робяць, што мы хочам — вялікая здзелка. Я кажу: мы гатовыя, але ў нас ёсць свае інтарэсы»

«Так, мы не Злучаныя Штаты Амерыкі, але я Прэзідэнт. Для мяне беларускі народ — гэта самы горды, самы вялікі, самы велічны. Я — Прэзідэнт гэтага народа. Я з гэтага зыходжу. Таму я магу зрабіць толькі тое, што магу. А калі я разумею, што людзі гэта не ўспрымуць, што яны мяне асудзяць за гэта (асабліва простыя людзі)... гэта ж мае людзі — вучоныя, настаўнікі, урачы, слесар, сталяр і іншыя. Гэта мае людзі. Калі я адчуваю, што яны мяне не адобраць, я буду дабівацца, каб яны мяне зразумелі. І калі яны мяне зразумеюць, я гэта зраблю. Не зразумеюць — я рабіць не буду, — падкрэсліў беларускі лідар. — Вось і ўсё. Таму я 30 гадоў працую Прэзідэнтам». 

Валерыя СЦЯЦКО

Домжарыцы


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю