«Абараніць наша насельніцтва, забяспечыць бяспеку мы абавязаны»
У пятніцу Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Баранавіцкі раён. На агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі кіраўнік дзяржавы правёў нараду па асобных пытаннях з ваеннымі. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў нарады было развіццё сістэмы сувязі Узброеных Сіл. Беларускаму лідару таксама прадэманстравалі сродкі і комплексы сувязі. Напрыканцы Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў.

«Нам трэба рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць»
Адразу па прылёце на палігон міністр абароны Віктар Хрэнін далажыў кіраўніку дзяржавы, што за апошні час сістэма кіравання войскамі цалкам зменена. Прычым гаворка ідзе не проста аб кіраванні арміяй, але і ўсёй ваеннай арганізацыяй дзяржавы, сілавымі структурамі. Надзейнай сувяззю будзе ахоплены і грамадзянскі сектар.
«Калі вайна?» — задаў прамое пытанне Прэзідэнт.
«Мы гатовыя разгарнуцца», — запэўніў міністр абароны.
«Мы калісьці дамаўляліся, што ў арміі будуць новыя не проста сістэма, але ў нас будуць сродкі сувязі новыя. То-бок, калі вайна, мы спакойна можам кіраваць войскамі, пачынаючы з цэнтра і да падраздзялення?» — задаў яшчэ адно важнае пытанне кіраўнік дзяржавы.
Віктар Хрэнін запэўніў, што такія сродкі ёсць: «Устойлівасць, утоенасць, надзейнасць сістэма сувязі забяспечыць. Тое, што ў нас ёсць, — пяць гадоў таму мы не маглі марыць пра гэта».
Пасля даклада міністра абароны кіраўнік дзяржавы правёў нараду па асобных пытаннях з ваеннымі. Звяртаючыся да яе ўдзельнікаў, Галоўнакамандуючы падкрэсліў, што развіццё сістэмы сувязі Узброеных Сіл — актуальнае пытанне базавага забеспячэння ваеннай бяспекі краіны.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некалькі гадоў таму перад ваенна-прамысловым комплексам з улікам вопыту сучасных канфліктаў была пастаўлена задача забяспечыць армію найноўшымі сродкамі сувязі.
«Паглядзім, як выканана гэтая задача. Папярэджваю: усё павінна быць сумленна, аб’ектыўна, — адзначыў Галоўнакамандуючы. — Я не бачу (прычын. — „Зв.“), навошта неаб’ектыўна (дакладваць. — „Зв.“) з боку Узброеных Сіл, перш за ўсё, арміі. Вам ваяваць і выкарыстоўваць тыя сродкі сувязі, якія вам паставяць на ўзбраенне. Таму я давяраю вам, але тым не менш папярэджваю, каб мы аб’ектыўна разгледзелі гэтае пытанне».
Па словах Прэзідэнта, не можа быць ніякай вайны, абароны, наступлення без сувязі. «Няма сувязі, няма кіравання войскамі — загінулі, — папярэдзіў беларускі лідар. — Знешнепалітычны парадак дня ведаеце. Агрэсіўную рыторыку на адрас Беларусі вы бачыце, назіраеце. Разведка ў дачыненні да Беларусі вядзецца дастаткова адкрыта, амаль нахабна: перыядычна фіксуем рознага роду правакацыі, парушэнні паветранай прасторы. Але не гэта галоўнае. Нашы суседзі сёння выдаткоўваюць мільярды долараў на ўзбраенне сваёй арміі. Нахабна. Не толькі на вучэнні каля граніцы, але і стварэнне новых часцей, армій, якія разгортваюцца на граніцы Беларусі. Што гэта такое? Для нас, ваенных людзей, усё вельмі нават зразумела. Таму нам трэба, як я гаварыў калісьці адкрыта, шчыра, рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць. Мы павінны быць гатовыя заўсёды да адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца».
«Калі мы не можам кіраваць войскамі, такія войскі нам не патрэбныя»
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб вопыце сучасных узброеных канфліктаў, які паказвае, што найважнейшая роля адводзіцца кіраванню войскамі. «Калі мы не можам кіраваць войскамі, такія войскі нам не патрэбныя. Там, дзе сістэма вытрымлівае ўдары, дзе камандзіры, кіраўнікі ўсіх узроўняў улады і арміі, Узброеных Сіл кіруюць боем і сістэмай у цэлым, — ад гэтага залежыць вынік любога канфлікту», — заявіў Галоўнакамандуючы.
Прэзідэнт прывёў нядаўні прыклад на Блізкім Усходзе, у Іране. «Вытрымалі ўдар тысяч ракет і бомбаў. Мільярды (100 мільярдаў долараў называецца лічба, думаю, значна большая) Злучаныя Штаты Амерыкі выдаткавалі на тое, каб вырашыць пытанне на сваю карысць. Але выніку не дабіліся, — канстатаваў беларускі лідар. — Сістэма кіравання прадэманстравала ўстойлівасць, наколькі гэта магчыма, не перастала працаваць. І кіраванне было забяспечана».
Сёння аператыўны абмен данымі, абароненасць каналаў і хуткасць прыняцця рашэнняў напрамую вызначаюць стратэгічную перавагу на полі бою, гарантуюць дакладнасць выканання баявых задач і бяспеку ўсяго асабовага складу, працягнуў Галоўнакамандуючы. «Ва ўмовах, калі ўвесь свет імкліва развівае інфармацыйныя тэхналогіі, сродкі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы і падаўлення, адставанне ў дадзеным пытанні падобна да смерці. Менавіта таму вялікую ўвагу ў развіцці нашых Узброеных Сіл і ў цэлым ваеннай арганізацыі дзяржавы мы ўдзяляем і будзем удзяляць мадэрнізацыі сістэмы сувязі», — заявіў беларускі лідар.

Па словах Прэзідэнта, адным з дзейсных элементаў з’яўляецца выкананне мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, у рамках якіх праводзяцца аператыўна-спецыяльныя вучэнні войскаў сувязі Узброеных Сіл.
«Генеральнаму штабу сёння трэба будзе далажыць аб выніках праведзенай работы па ўдасканаленні сістэмы кіравання і ходзе правядзення вучэння. Але яшчэ раз падкрэсліваю: вучэнні мы правядзём як патрабуецца, — звярнуў увагу Галоўнакамандуючы. — Я бачу, што гэта ўжо не паказуха, як калісьці было (было ў нас усё). Гэта фундаментальны падыход да правядзення тых ці іншых вучэнняў. Мы і гэтыя вучэнні правядзём. У нас сёння пад аператыўным кантролем знаходзіцца і Міністэрства ўнутраных спраў, і часці ва Узброеных Сілах разгортваюцца, прытым некаторыя па нормах ваеннага часу. Мы будзем працягваць гэты працэс, я ўжо пра гэта гаварыў».
«Яшчэ раз паўтараю: мы не збіраемся ні на каго нападаць»
Пры гэтым, у чарговы раз акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы, Беларусь не збіраецца ні на каго нападаць. «Тут некаторыя спрабуюць нас папракнуць, што нібыта заўтра мы на кагосьці збіраемся нападаць. Яшчэ раз паўтараю: мы не збіраемся ні на каго нападаць. Мы прагматыкі. Разумеем, што калі мы на кагосьці (дапусцім, з нашых суседзяў) здзейснім напад, гэта да смерці падобна. Выйграць канфлікт з нашымі „монстрамі“, размешчанымі па перыметры дзяржавамі, мы не можам. Навошта тады пачынаць вайну, калі ўжо абсалютна шчыра? Але абараніць сантыметр, міліметр сваёй зямлі, абараніць наша насельніцтва, забяспечыць бяспеку мы абавязаны, — заявіў Прэзідэнт. — І гэта наша задача, чаго б нам ні каштавала. Нават калі гэта будзе каштаваць нашага жыцця, мы павінны да гэтага рыхтавацца. Мы рыхтуемся».
І няхай ні палякі, ні літоўцы, ні латышы, ні тым больш украінцы не думаюць, што мы заўтра на іх будзем нападаць і таму праводзім вучэнні, працягнуў беларускі лідар. «Не, мы рыхтуемся да любой вайны, каб яе пазбегнуць, — простая і зразумелая формула, — канстатаваў Прэзідэнт. — Страляем нядрэнна, перамяшчаемся ўжо нядрэнна. Але для таго, каб страляць і перамяшчацца, патрэбныя пэўныя каманды, якія ў выпадку канфлікту будуць перадавацца праз пэўныя сродкі сувязі. Проста і зразумела. Таму мы хочам паглядзець, акрамя кулямётаў, аўтаматаў, пісталетаў, танкаў і іншых браніраваных машын і ракет, як кіраваць будзем усім гэтым комплексам. Для гэтага патрэбна сістэма сувязі, каб у цэлым дзяржава кіравалася ў выпадку канфлікту, і сродкі гэтай сувязі. Ну вось, каб было зразумела для тых, хто нас пачуе, для чаго мы гэта ўсё сёння задумалі».

«Кіраванне ў любым канфлікце і нават у мірны час павінна быць забяспечана»
Як далажыў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка, у перыяд з 7 па 11 верасня праводзіцца аператыўна-спецыяльнае вучэнне войскаў сувязі Узброеных Сіл. Мэта вучэння — адпрацоўка варыянтаў забеспячэння ўстойлівага кіравання ваеннай арганізацыяй дзяржавы з выкарыстаннем новых прыёмаў і спосабаў арганізацыі сувязі, зыходзячы з вопыту сучасных канфліктаў.
«Малайцы, што гэта спланавалі, — даў станоўчую ацэнку Прэзідэнт. — Праверку не толькі непасрэдна баявых падраздзяленняў, а менавіта сістэм сувязі. Таму што гэта — галоўнае. Кіраванне ў любым канфлікце і нават у мірны час павінна быць забяспечана».
Пасля нарады кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сучаснымі сродкамі і комплексамі сувязі, якія стаяць на ўзбраенні войскаў, а таксама перспектыўнымі сродкамі сувязі, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Дзяржкамваенпрама.
Галоўнакамандуючаму было даложана, што Узброеныя Сілы маюць комплекс неабходных сродкаў сувязі, якія дазваляюць кіраваць войскамі ў сучасных умовах. Гэта ў тым ліку розныя станцыі спадарожнікавай, трапасфернай сувязі, радыёрэлейныя станцыі, мабільныя тэлекамунікацыйныя комплексы, камандна-штабныя машыны. Гаворка ішла аб далейшых планах па аснашчэнні войскаў сродкамі сувязі з улікам вопыту сучасных канфліктаў — за кошт як пастаўкі новых узораў, так і мадэрнізацыі ўжо наяўных.
Прэзідэнту таксама прадставілі сістэму прымянення мабільнага батальённага комплексу сродкаў сувязі. Затым Аляксандр Лукашэнка наведаў камандна-назіральны пункт, дзе яму прадэманстравалі кіраванне элементамі баявога парадку батальёна са складу сіл неадкладнага рэагавання па сродках сувязі і аўтаматызацыі.
Фінальным акордам рабочай паездкі Прэзідэнта ў Брэсцкую вобласць стала размова з журналістамі. Кіраўнік дзяржавы, як заўсёды, сумленна і адкрыта адказаў на шырокі спектр пытанняў, якія задавалі прадстаўнікі СМІ. «Я гатовы размаўляць па ўсіх пытаннях... Галоўнае, каб па тэме», — заявіў беларускі лідар у пачатку размовы.
«Нам трэба напружвацца, каб у гэтым і ў будучым годзе забяспечыць ваенных самымі сучаснымі відамі сувязі»
Першае пытанне датычылася ўражанняў ад агляду сродкаў сувязі.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што такія сродкі сувязі, якія ў нас сёння ёсць, дазваляюць выкарыстоўваць меншую колькасць людзей.
«Але справа нават не ў колькасці. Справа ў навыках і сродках гэтай сувязі. Тое, што мы ўбачылі сёння, — гэта самае перадавое, тое, што трэба. Я ўжо гаварыў на нарадзе, некалькі гадоў таму мною была пастаўлена задача: мы павінны мець усё сваё — ад станцыі да касмічнай сувязі. Сёння мы маем гэта, але яшчэ ў недастатковай колькасці. Нам трэба больш. І па выніках сённяшняй размовы і практычных заняткаў мы прымем рашэнне, у якія тэрміны мы аснасцім у цэлым Узброеныя Сілы, не толькі армію, сучаснымі сродкамі сувязі», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Будзем лічыць (я з асцярогай гэта гавару), што задача, пастаўленая мною, пра тое, каб мы выраблялі сваё, самае сучаснае і патрэбнае, — будзем лічыць, што мы гэта маем. Але трэба ў большай колькасці. Гэта, вядома, немалыя выдаткі, але калі няма сувязі, ніякія даныя перадавацца не будуць. Нам трэба напружвацца, каб у гэтым і ў будучым годзе забяспечыць ваенных самымі сучаснымі відамі сувязі. Мы іх навучыліся рабіць. Гэта галоўны вынік», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Усё павінна быць як у баі. Так трэба рыхтаваць нашы войскі»
Яшчэ адно пытанне, якое цікавіла прадстаўнікоў СМІ, — маштабная праверка баявой гатоўнасці Узброеных Сіл, якая праводзілася сёлета, а таксама праверка баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей унутраных войскаў МУС. Ці стаіць задача праверыць увесь сілавы блок краіны і якія высновы, магчыма, ужо зробленыя?
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што праверка праходзіць пастаянна, у планавым рэжыме, без паказухі. І правяраюць не толькі ваеннаслужачых. «Ці вы мяне так правяраеце другі раз, ці проста не пачулі, я ўжо гаварыў па-народнаму: армію трэба страсянуць. Прыйшоў час усю армію (праверыць. — „Зв.“). Таму адказ на пытанне. Усіх, аж да мабілізацыі», — адказаў Прэзідэнт.
Галоўнакамандуючы растлумачыў, што цяпер, напрыклад, па яго даручэнні правяраюць артылерыйскую брыгаду. «Пяць дывізіёнаў у брыгадзе. Два-тры дывізіёны яны павінны разгарнуць, як у вайну. Прызываюць людзей з запасу па сваіх спецыяльнасцях, яны выконваюць задачы па прызначэнні. Раней правяралі танкавыя, мотастралковыя падраздзяленні і іншыя. Робім усё, як будзе ў вайне», — заявіў беларускі лідар.
Па словах Прэзідэнта, для гэтага спецыялісты дэталёва вывучаюць вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, вайну на Блізкім Усходзе супраць Ірана. «Мы па крупінках гэта ўсё збіраем. Генеральны штаб усё абагульняе і глядзіць: гэта нам трэба, а гэта не трэба. І вось з улікам спецыяльнай ваеннай аперацыі і нашага меркавання наперад, як будзе, рыхтуемся да вайны, каб яе не было, — агучыў асноватворны тэзіс Галоўнакамандуючы. — Таму ўсе Узброеныя Сілы будуць правераныя. Праверылі, як вы правільна сказалі, унутраныя войскі МУС па прызначэнні».
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў, што штурмаваць на полі бою — гэта не задача міліцыі. «Хоць, калі трэба, і яны пойдуць. Але іх задача ў іншым: канваіраваць, абараняць, арганізоўваць і гэтак далей па прызначэнні. Мы іх і правяраем па прызначэнні», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівасць гэтых праверак — у адсутнасці усялякай паказухі. «Паказухі быць не павінна. Я гэта не цярплю. Калі паказуха — гэта хлусня. Гэта значыць, мы загубім людзей у вайну, у баявой абстаноўцы. Гэта значыць, усё павінна быць як у баі. Так трэба рыхтаваць нашы войскі. Гэта ўрокі спецыяльнай ваеннай аперацыі».
«Страляюць сабе ўжо не ў нагу, а ў вуха»
Так, калі коратка, апісаў палітыку кіраўніцтва краін Балтыі ў дачыненні да Беларусі Прэзідэнт.
Размова зайшла аб планах латвійскага ўрада ўвесці 300-працэнтную пошліну на збожжа з Беларусі і Расіі. Акрамя таго, Латвія плануе спыніць аўтобусныя зносіны з Беларуссю, аналагічная прапанова гучыць і ў Літве. У сувязі з гэтым Прэзідэнта спыталі, якім можа быць адказ Беларусі на такія крокі.
«Мы што, збожжа Латвіі прадаём?» — парыраваў беларускі лідар. Больш за тое, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, прадаваць збожжа ў чыстым выглядзе няма сэнсу, бо яго больш выгадна перапрацаваць унутры краіны. «Той, хто прадае збожжа, наогул безгаловы. Калі не лічыць харчовае, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вось Расія прадае харчовую пшаніцу. Злачынства, калі яе скарміць жывёле — харчовую пшаніцу трэба прадаваць, цяпер цэны прыстойныя».

Мы гэтай харчовай пшаніцы вырабляем усяго нічога для сябе, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. «Усё астатняе мы „пераварваем“ у малако і мяса, і гэта мае на рынку вялікі попыт, — канстатаваў Прэзідэнт. — Ну, увядуць яны (пошліны. — „Зв.“) 300 % ці 1000 %... Нам пляваць на гэта, таму што мы наогул і не прадавалі ніколі Латвіі гэтае збожжа. Але калі б нам трэба было пшаніцу прадаць, мы б прадалі яе праз Усць-Лугу, Мурманск, яшчэ б куды-небудзь адвезлі. Не абавязкова ў Чорнае мора. Але мы не прадаём гэтую пшаніцу».
«Гэтыя безгаловыя ляпаюць там у сродках масавай інфармацыі, да смешнага даходзіць. Увялі пошліну на тое, чаго ў нас няма. Мы гэта ў малако, мяса перапрацоўваем, гэта мае на рынку вялікі попыт. Нават масла, якога было ў нас каля 35 тысяч тон, засталося каля 10 тысяч. Попыт велізарны пайшоў, цэны прыстойныя. Таму мы гэта ўсё перапрацуем у іншы тавар, атрымаем дабаўленую вартасць прыстойную і прададзім. Так што, калі ў цябе там сувязі якія ёсць з безгаловымі, перадай, каб не ляпалі языком, потым сорамна будзе», — папрасіў журналіста Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы асобна пракаменціраваў намер Латвіі спыніць аўтобусныя зносіны з Беларуссю: «Хай не пускаюць аўтобусы. Хто туды ездзіць? Яны ўжо амаль усё насельніцтва Беларусі паставілі пад санкцыі. І так і так мы туды не ездзім. Але калі хтосьці едзе туды... Гасподзь з імі, хай уводзяць супраць іх санкцыі. Яны спрабуюць нас па вялікім рахунку адарваць ад Расіі. Яны ўжо пра гэта ўсюды гавораць. А насамрэч прымушаюць нас ехаць ва ўсходнім напрамку. Куды? У Маскву».
Тыя неабгрунтаваныя дзеянні, якія робяцца з боку прыбалтыйскіх улад, гавораць пра тое, што яны не ведаюць, што з намі ўжо зрабіць. «Як папугаі, следам за Трампам пошліны пачалі ўводзіць. Але калі Амерыка можа кагосьці на калені паставіць пошлінамі, нават буйную краіну, я не ведаю, каго латышы могуць паставіць. Мы свой хлеб самі з’ядзім, дай бог. Збожжавыя, каласавыя, рапс убралі, грэчку. Заканчваем убіраць рапс яравы, які яшчэ даспявае, мы яго скончым на працягу тыдня. Застанецца кукуруза на зерне. Вось і ўсё», — заявіў Прэзідэнт.
«Людзі ў нас моцныя»
Эканоміка жыве, працуе, працягнуў Аляксандр Лукашэнка.
«Ёсць невялікія праблемы, Прэм’ер займаецца і ўрад гэтымі пытаннямі ў прамысловасці. Але прамысловасць у цэлым паказвае добры рост. Астатнія прадпрыемствы мы ў пачуццё прывядзём, будуць працаваць як мае быць. Мы бачым усё з вашай дапамогай у тым ліку. Малайцы, што вы людзям даносіце ўсё, што мы робім, як ніколі», — даў станоўчую ацэнку работнікам СМІ Прэзідэнт.
Размова таксама зайшла аб рэспубліканскім сацыялагічным даследаванні па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Грамадскасці прэзентавалі першую частку вынікаў, аднак Прэзідэнт ужо атрымаў усе даныя сацдаследавання. «Людзі нас падтрымліваюць, ні па адным пытанні настрою дрэннага няма, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Я здзівіўся: Віцебская вобласць — самая шчаслівая! Хто б мог падумаць... Значыць, усё ж такі людзі ў нас моцныя. Мы ўсё будзем рабіць дзеля таго, каб віцябчане не былі расчараваныя і далей».
«Хай трацяць грошы, калі ім няма куды іх падзець»
Вяртаючыся да тэмы беларуска-балтыйскіх адносін, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мы і раней не вельмі хваляваліся наконт прыбалтыйскіх дзяржаў. «Будзем і далей жыць. Галоўнае, каб яны (кіраўніцтва краін Балтыі. — „Зв.“) не шалелі. Шалець не трэба, як яны гэта робяць», — канстатаваў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на тое, што Літва сумесна з Латвіяй і Эстоніяй будуе «Усходнюю сцяну» на граніцах з Беларуссю і Расіяй, якая запатрабуе велізарных грашовых сродкаў. «Зразумела, хочуць выбіць больш грошай. Але трэба выбіваць грошы для насельніцтва, каб для народа нешта зрабіць, а не выбудаваць „Усходнюю сцяну“. Ну выбудавалі — дзякуй ім. Ім жа прыйдзецца гэтую сцяну пераадольваць, калі раптам да нас сунуцца. Мы ж туды не збіраемся, нам не трэба яе пераадольваць. Яны ніяк не могуць гэтага зразумець. Нейкае глупства робяць! Хай трацяць грошы, калі ім няма куды іх падзець», — сказаў беларускі лідар.

Гаворачы аб магчымых наступствах падобнай палітыкі для заходніх краін, Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад Германіі, дзе партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) упэўнена перамагла на выбарах у Ландтаг (парламент) зямлі Саксонія-Анхальт, набраўшы 43,8 % галасоў. Гэты паказчык стаў найлепшым вынікам у гісторыі АдГ на нямецкіх рэгіянальных выбарах — партыі ўдалося падвоіць сваю падтрымку ў параўнанні з папярэднімі выбарамі пяцігадовай даўнасці.
«У Германіі пачаўся працэс зносу ўрада. Хацелі дэмакратычна — вось яно дэмакратычна і атрымліваецца. Таму даскачуцца да таго, што народ павыкідвае іх з крэслаў і адновіць нармальнае жыццё ў Еўропе, — упэўнены Прэзідэнт. — Германія — высокатэхналагічная краіна. Што для яе трэба? Сыравіна! Дзе сыравіна?.. У той бок трэба больш глядзець, на Усход. Але не так, як фашысты ў свой час глядзелі, а супрацоўнічаць, як гэта было заўсёды. І як прапануе АдГ. Менавіта ў гэтым кірунку трэба дзейнічаць».
«Трымаць у рэзерве долары небяспечна»
Адно з пытанняў ад журналістаў датычылася прыватнай уласнасці і інвестыцыйных перспектыў, а таксама падрабязнасцяў сустрэчы кіраўніка дзяржавы з расійскім бізнесменам Уладзімірам Патаніным, якая раней адбылася ў Палацы Незалежнасці.
«Найбагацейшы чалавек у Расіі. Ён гатовы інвесціраваць. Адзінае, пра што мы тэарэтычна разважалі, — сёння беларусы бачаць і іншыя: каму долар сёння патрэбны? Ужо нікому не патрэбны», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён прывёў прыклад Расіі — ядзернай дзяржавы, у якой на Захадзе заблакіравалі некалькі сотняў мільярдаў долараў ЗВР. «Можна ўявіць, што будзе з... Хай даруюць мяне Эміраты, сябры нашы, у якіх трыльён прыкладна. Што яны будуць з гэтымі доларамі рабіць? — заўважыў беларускі лідар. — Усе бачаць палітыку, якую праводзяць ЗША ў фінансавых адносінах. Трымаць у рэзерве долары небяспечна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Я, гаворыць (Уладзімір Патанін. — „Зв.“), гэта разумею, гатовы інвесціраваць», — падзяліўся падрабязнасцямі кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што кампаніям Уладзіміра Патаніна патрэбна кар’ерная, шахтавая тэхніка, у тым ліку беспілотныя апараты. І па гэтых кірунках Беларусь гатовая супрацоўнічаць, роўна як і ў гуманітарнай сферы: «Ёсць стыпендыі Патаніна. Ды калі ласка — інвесціраваць, дапамагаць у адукацыі, культуры. Фонд Патаніна ёсць. Ён гатовы фінансаваць».
Па словах беларускага лідара, у гэтым жа ключы ішла размова і падчас праведзенай раней сустрэчы яшчэ з адным буйным расійскім прадпрымальнікам Дзмітрыем Мазепіным. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ў абодвух бізнесменаў беларускія карані, а маці Дзмітрыя Мазепіна і цяпер жыве ў Беларусі.
«Гэта значыць такія сяброўскія, добрыя адносіны і жаданне інвесціраваць у нейкія праекты. Дзесьці — завод пабудаваць, дзесьці — яшчэ нешта. Мы з ім яшчэ падумаем, па якіх канкрэтных кірунках супрацоўнічаць. Але пытанне датычылася інвестыцый», — расказаў Аляксандр Лукашэнка аб сустрэчы з Уладзімірам Патаніным.
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што ў Беларусі не будзе шокавай тэрапіі або абвальнай прыватызацыі. «Я не супраць прыватнай уласнасці. Толькі я акуратны з прыватызацыяй», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прывёў прыклад з нядаўнім абмеркаваннем умоў перадачы ў кіраванне і выкупу прыватнай кампаніяй «Сервалюкс» гаспадарак у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. «Гатовыя ўзяць калгасы. Але толькі за базавую велічыню. Ну, хлопцы, як за базавую? Хоць нешта заплаціце», — акрэсліў сваю пазіцыю Прэзідэнт.
Беларускі лідар растлумачыў, што нават у дрэнных гаспадарках ёсць жывёлы (адпаведна, малако і мяса), памяшканні для ўтрымання гэтай жывёлы, сродкі вытворчасці — трактары, камбайны і іншая тэхніка. «Як за базавую велічыню? Давайце нешта заплаціце з улікам тых даўгоў, якія ў дрэнных гаспадарках ёсць», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыватным інвестарам перш за ўсё прапануюць тыя гаспадаркі, якія дрэнна працуюць. У цэлым па краіне іх няшмат, але яны ёсць у Віцебскай вобласці. «Там, аказваецца, тэхнікі мала. Дык гэта наша тэма. Тэхнікай дапамаглі. Таму своечасова рапс пасеялі — такога ніколі не было. Каля мільёна тон збожжа атрымалі. Але гэта толькі першыя крокі», — заявіў Прэзідэнт, гаворачы аб мерах па развіцці рэгіёна.
Што датычыцца перадачы тых ці іншых дзяржаўных актываў і ў цэлым даволі актыўнага прыходу прыватных інвестараў, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Справа тут не ў тым, прыватная ці не прыватная. Палітыка гэтая будзе працягвацца. Мы не будзем весці шокавую тэрапію нейкую, абвальную прыватызацыю. Яе не было і не будзе. І народ да гэтага ўжо прывык».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рашэнне аб прыватызацыі тых ці іншых актываў у Беларусі магчымае толькі з яго згоды: «У нас прыватызацыя амаль забароненая. Таму што яна прымаецца на ўзроўні Прэзідэнта. Больш за тое, гэта заўсёды няпростае пытанне: «А як палічыць, па якім кошце прадаць?» Я прывёў прыклад па калгасе. А ёсць і больш складаныя прадпрыемствы».
«Служыць у арміі, як мае быць, як усе»
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся пра чуткі наконт яго асабістых камерцыйных інтарэсаў або членаў яго сям’і.
«Некаторыя ўжо папісваюць, што мае інтарэсы (у тых ці іншых сферах. — „Зв.“), у рэкламе мая сям’я. Вы нават не думайце пра гэта. Ні ў каго я нічога не забраў», — заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў яго сям’і ўсе займаюцца канкрэтнай справай. Напрыклад, малодшы сын Мікалай цяпер служыць у арміі ў званні лейтэнанта ў адным з самых складаных падраздзяленняў. Але паралельна ў вольны час працягвае асвойваць біятэхналогіі, што вывучаў у ВНУ.
«Малодшы сын ужо служыць у арміі. Ніхто і не ведаў нават. Віктар (міністр абароны Віктар Хрэнін. — „Зв.“) прызваў. Служыць у арміі, як мае быць, як усе. Лейтэнант. Не буду гаварыць дзе, але ў самым складаным падраздзяленні», — паведаміў кіраўнік дзяржавы.
«Усе займаюцца канкрэтнай справай. Ніхто нічога не ўкраў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу, што ў тых ці іншых дзелавых пытаннях члены яго сям’і перш за ўсё пераследуюць дзяржаўныя інтарэсы. «Я гавару: «Ну, вы дзеці Прэзідэнта, нікуды не дзенешся. Калі я не буду Прэзідэнтам, тады ўжо будзеце больш свабодна працаваць, як камерсанты. Цяпер — не», — расказаў беларускі лідар аб сваёй жорсткай пазіцыі ў гэтых адносінах.
«Таму не хвалюйцеся за гэта. Вы за мяне не хвалюйцеся. Трыццаць гадоў не краў, а на 31-м ці 32-м годзе (на пасадзе Прэзідэнта. — „Зв.“) дакладна не збіраюся гэта рабіць», — падкрэсліў беларускі лідар.
Сітуацыя з мігрантамі з Узбекістана: «Трымаю сам на кантролі»
Гаворачы аб рэгіянальным развіцці і, у прыватнасці, Віцебскай вобласці, Прэзідэнт таксама згадаў аб дэмаграфічнай праблеме і працоўнай міграцыі, якая вынікае з гэтага. Калі працоўных рэсурсаў няма ўнутры краіны, то лагічна, што іх запрашаюць з-за мяжы. У дадзеным выпадку з Узбекістана. І гэта, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, кантраляваны працэс. «Трымаю сам на кантролі. Як працуюць? Добра», — расказаў ён пра чуткі аб працы ў Беларусі грамадзян Узбекістана.
Больш за тое, ужо ва ўзбекскага боку ёсць цікавасць да аналагічнай працы ў Гомельскай вобласці. Узаемадзеянне выбудоўваецца на ўзаемавыгаднай аснове. «Мы дамовіліся, што яны тут вырабляюць (прадукцыю. — „Зв.“) і мы прадаём ва Узбекістан разам з імі. Каб і яны грошы мелі, і дзяржава», — адзначыў беларускі лідар.
«Мы і да малой, і да вялікай здзелкі гатовыя»
Яшчэ адно пытанне датычылася кантактаў нашай краіны з ЗША. Ці актуальная дагэтуль «вялікая здзелка» і ці плануецца сустрэча беларускага лідара з Дональдам Трампам?
«Мы адкрытыя. Яны паздымалі санкцыі з шэрагу нашых прадпрыемстваў, гатовыя і далей здымаць. Там куча пытанняў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што першапачаткова ў кантактах з ЗША ўсё зацыклілася на, як іх называюць, палітвязнях. І ў гэтым пытанні Беларусь таксама пайшла насустрач. «Дык Гасподзь з вамі, бярыце. Вось усе перажывалі: „Ах, Ціханоўскага адпусцілі!“ І дзе Сярожа? Знайсці не могуць. Ён нікому не патрэбны. І зноў жа гляджу, крычала: аддайце мужа! Аддалі — з мужам не жыве... Але, зноў жа, гэта іх справа. Я не хачу ў гэтыя сямейныя ўлазіць адносіны. Я ніколі ў гэта не ўлазіў, але я проста як прыклад прыводжу», — адзначыў Прэзідэнт.
Вяртаючыся да тэмы беларуска-амерыканскіх кантактаў, кіраўнік дзяржавы прапануе абмяркоўваць, як, напрыклад, будзем аднаўляць паўнавартасную работу пасольстваў. «Ядзерныя матэрыялы і іншае — там цэлая праграма ў нас — калі ласка. Хочаце ў нас калійныя ўгнаенні (калі хочаце) закупляць — калі ласка», — раскрыў спектр магчымых тэм для абмеркаванняў з ЗША кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб пастаўцы беларускіх калійных угнаенняў для гэтай краіны. «Цяпер грузім калій — прадаём Злучаным Штатам Амерыкі, — паведаміў Прэзідэнт. — Мы адразу не можам (паставіць вялікія аб’ёмы. — „Зв.“). Вось у нас вызвалілася. Мы ж закантрактавалі іх на гэты год, на наступны год разгледзім. Цяпер з’явілася магчымасць судна загрузіць (заўтра дакладна скончым загрузку) — забірайце».
«Але даўжок вярніце, — звярнуўся да кіраўніцтва ЗША Прэзідэнт. — 43-44 мільёны долараў нашых у Сіцібанку затрымаліся — кампанія, якая з намі супрацоўнічала, заплаціла грошы. У багатай Амерыкі затрымаліся. Вы нам, калі ласка, вярніце гэтыя грошы. Урад мне далажыў пісьмова (пра сітуацыю з гэтай сумай. — „Зв.“). Грошы вярніце! Гэта ж ганьба для ЗША. Потым мы з вамі будзем дамаўляцца пра больш сур’ёзныя рэчы. Усё выключна ад жыцця, ад зямлі і ў нашых інтарэсах. Я ж не хачу, каб вы ад захвальвання Прэзідэнта перайшлі да жорсткай крытыкі. Я ж таксама на вас звяртаю ўвагу, каб вы ведалі».
Пры гэтым, працягнуў беларускі лідар, Беларусь гатовая да супрацоўніцтва з ЗША, ёсць шырокі спектр пытанняў, які можна абмяркоўваць. «Я гаварыў адкрыта, што я трампіст, я падтрымліваў Трампа. Я бачу яго памылкі. Пра гэта гавару прама яго найлепшаму сябру, які павінен прыехаць да нас 15 чысла», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама згадаў пра Савет міру, пацвердзіўшы гатоўнасць працаваць і ў гэтым фармаце: «Добра, давайце разам. Толькі не падыгрываць там у выглядзе дэкарацыі. Гэта для мяне не падыходзіць. Я прама ім гавару, што для гэтага я не гатовы сустракацца з Дональдам Трампам, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Але каб з ім сустрэцца (гэта добра, вельмі для Беларусі было б карысна), трэба разумець: сустрэліся, і што? Павіталіся і раз’ехаліся?»
Што датычыцца магчымасці «вялікай здзелкі» паміж Беларуссю і ЗША, пра якую гаварылася раней, Прэзідэнт пацвердзіў, што гэта актуальна і сёння. «Мы і да малой, і да вялікай здзелкі гатовыя», — заявіў ён.
Вяртаючыся да тэмы прыватнай уласнасці, Прэзідэнт заявіў, што зыходзіць выключна з інтарэсаў беларусаў. «Іншых інтарэсаў быць не можа. Калі гэта нам выгадна, мы робім. Калі не, мы рабіць не будзем. І не таму, што мы такія героі. Мы ведаем сваё месца ў гэтым складаным свеце. Мы не будзем гэта рабіць, бо гэта прыніжэнне для людзей, і таму што гэта не трэба. Ну, санкцыі, санкцыі, я перажываў, вас арыентаваў на тое, што санкцыі — час магчымасцяў. Так і здарылася», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пры размове з Патаніным яны прыйшлі да высновы, што санкцыі — гэта час магчымасцяў, калі трэба напружвацца самім і займацца справай. «Што, мы менш малака, мяса пачалі вырабляць? Не. Сельгастэхнікі? Не. Будаваць менш пачалі? Не. У нас ёсць невялікі (пад 3 %) прырост валавога ўнутранага прадукту. І вы паглядзіце, сельская гаспадарка амаль 7-8 % рост да ўзроўню мінулага года», — сказаў Прэзідэнт.
«Аснова ўсяго і ўся — дысцыпліна»
Прэзідэнта спыталі, чым была выкліканая неабходнасць абнавіць Дырэктыву № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і ці звязана гэта з нарастаннем тых ці іншых пагроз.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пагрозы заўсёды былі, ёсць і будуць. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі аб знешніх пагрозах бяспецы, але і аб унутраных фактарах.
«Аснова ўсяго і ўся — дысцыпліна. Акцэнт зроблены і на гэтым. Ёсць дысцыпліна, значыць, і да высокага ўзроўню мінулага года мы вырабім хлябоў больш. Тэхналагічна мы ўжо ўсё ўмеем рабіць. Ваенныя ўмеюць ваяваць, сяляне — апрацоўваць хлеб. А чаму часам не атрымліваецца ці зусім дрэнна? Таму што дысцыпліны няма. Ёсць дысцыпліна — будзе толк», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на армію, дзе гэтым пытанням надаецца вялікая ўвага. «Вось цяпер Дзяржсакратарыят правярае ў баі армію як мае быць (праверка боегатоўнасці ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальнага боесутыкнення. — „Зв.“). Няма ніякага абурэння з боку міністра Хрэніна або ваенных. Яны працуюць. Як сяляне здабываюць хлеб, яны працуюць тут. Але ведаюць, што спытаем», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Як паведамлялася раней, у новай рэдакцыі Дырэктывы з улікам сучасных рызык і выклікаў удасканалены падыходы да ўмацавання грамадскай бяспекі, прапанаваны новыя механізмы яе падтрымання, у тым ліку ў віртуальным асяроддзі.
Адпаведным указам рэгламентаваны прыярытэтныя кірункі дзейнасці дзяржаўных органаў у інтарэсах стварэння дадатковых умоў для павышэння культуры бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва, фарміравання неабходных навыкаў сацыяльна адказных паводзін грамадзян і спрыяльнага сацыяльнага асяроддзя, а таксама для гарманічнага развіцця асобы.
Даслоўна
«Усё, што трэба ў баі, было паказана падчас трэніроўкі»
У размове з журналістамі камандзір механізаванага падраздзялення Уладзіслаў Бас больш падрабязна расказаў пра трэніроўку, якая была прадэманстравана Прэзідэнту. Па словах ваеннаслужачага, складанасцяў падраздзяленні не адчувалі, паколькі Узброеныя Сілы краіны зрабілі даволі вялікі крок наперад у плане развіцця сродкаў сувязі: «Адпаведна, мы паказалі, якія ў нас ёсць сродкі сувязі. Увесь арсенал гэтых сродкаў быў прадстаўлены кіраўніку дзяржавы падчас трэніроўкі».
Галоўная мэта дадзенай трэніроўкі заключалася ў тым, каб прадэманстраваць Прэзідэнту прынцып кіравання падраздзяленнямі пры дапамозе найноўшых сродкаў сувязі. «Яны вельмі добра сябе зарэкамендавалі. Таксама падчас трэніроўкі былі адпрацаваныя тактычныя дзеянні падраздзяленняў: абарона, агнявая засада, барацьба з дронамі, работа артылерыі, стральба з танка. Усё, што трэба ў баі, было паказана падчас трэніроўкі», — канстатаваў афіцэр.
Уладзіслаў Бас заявіў, што новыя сродкі сувязі дазволяць падраздзяленням больш эфектыўна выконваць пастаўленыя задачы.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Баранавіцкі р-н