Top.Mail.Ru

Прэзідэнт азнаёміўся з вытворчым патэнцыялам холдынга «Белкамунмаш»

У пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш». Тут кіраўніку дзяржавы далажылі аб рабоце холдынга і выпуску тэхнікі. Таксама беларускаму лідару прэзентавалі зборачную вытворчасць. Акрамя таго, тут жа адбылася нарада па пытанні развіцця айчыннага пасажырскага транспарту.


«Пра дысцыпліну тут нават гаворкі быць не можа»

Адразу па прыездзе Прэзідэнту Беларусі прадэманстравалі найноўшыя ўзоры пасажырскай тэхнікі. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, на прадпрыемстве варта папрацаваць над дысцыплінай. «Над дысцыплінай працуем», — запэўніў беларускага лідара генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш» Міхаіл Сымановіч.

«Што значыць працуем? Яна або ёсць, або не. Калі хтосьці цябе не разумее як дырэктара, ты ведаеш, што рабіць. Там (у Міністэрстве абароны. — „Зв.“) чакаюць на перавыхаванне, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Пра дысцыпліну тут нават гаворкі быць не можа. Сёння не час пра дысцыпліну гаварыць». 

Прэзідэнт пацікавіўся, ці не зрываецца графік паставак пасажырскай тэхнікі, на што атрымаў адмоўны адказ: «Гэта значыць, зрыву графіка няма, як мяне тут інфармуюць, што нашы машынабудаўнікі прыбурэлі, знахабіліся да такой ступені, што ў пяць разоў павольней ажыццяўляюць пастаўкі, чым кітайцы ці расіяне?».

«Для таго, каб графік выконваўся, усе пастановы прынятыя і ўся работа праведзеная», — запэўнілі Прэзідэнта на прадпрыемстве.

Аднак старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў заўважыў, што зрывы паставак па тэрмінах усё ж прысутнічаюць: «Трэба проста загадзя закупляць усе камплектуючыя, якія патрэбныя. Насамрэч у іх справа ў абаротцы». 

«Ну дык гэта якраз тое, што мы можам прафінансаваць. Гэта ж грошы зваротныя. Прадалі — вярнулі грошы. Не вярнулі — галава з плеч. Гэта і ёсць дысцыпліна», — папярэдзіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў вытворцаў займацца імпартазамяшчэннем. «Мы ж ганарымся тым і выхваляемся ўсюды, што ў нас машынабудаўнічая краіна. Ну дык трэба ставіць задачы, няхай робяць сваё. Кітайцы змаглі зрабіць, а мы не можам. Чаму мы не можам?» — задаў заканамернае пытанне Прэзідэнт.

«Пяцігодка якасці — не фармальнасць»

Аляксандр Лукашэнка агледзеў мадэльны рад тэхнікі, якая выпускаецца, — электробусы, тралейбусы, трамваі — і перш за ўсё звярнуў увагу кіраўніцтва холдынга на павышэнне яе якасці.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб праблеме цэнаўтварэння. «Калі ўвесь час працуем з нейкім старым пастаўшчыком, маем праблему з цэнаўтварэннем. Для таго, каб зніжаць выдаткі, вымушаныя шукаць альтэрнатывы, каб сутыкаць іх паміж сабой і каб змагацца за зніжэнне кошту» — заўважыў кіраўнік холдынга.


«Якое гэта мае дачыненне да таго, што я хачу кожны дзень па раскладзе ехаць на аўтобусе, а вы не можаце мне паставіць у гэты час аўтобус, таму што ён дзесьці зламаўся і на лініі стаіць няякасны. Ну якое гэта мае дачыненне, што вы дзесьці бегаеце, нешта робіце, а канкурэнты вашы працуюць. Значыць, прычына ў іншым», — адрэагаваў беларускі лідар.

Яшчэ адна праблема, над якой актыўна працуюць на прадпрыемстве, — прастой тэхнікі. «Задача стаіць, каб з новага года адысці ад гэтых прастояў. Мы ведаем праблему, ведаем, над чым працаваць, прымаем усе меры. Дынаміка станоўчая, — запэўнілі кіраўніка дзяржавы на прадпрыемстве. — Задача, каб усе электробусы, якія будуць выпускацца, былі на лініі». 

Аднак старшыня Камітэта дзяржкантролю заявіў, што сітуацыя з прастоямі тэхнікі значна больш сур’ёзная. 

«Тэхніка прыгожая, дызайн нядрэнны. Калі яна рухаецца, прыемна глядзець. Але калі не будзе якасці, мужыкі, у нас гаворкі быць не можа. У нас пяцігодка якасці, і гэта не проста фармальнасць. Якаснай тэхнікай павінна быць. Чалавеку патрэбен якасны прадукт. Не заўтра, а сёння, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што тэхніка павінна быць яшчэ і надзейнай. — Патрэбны якасны прадукт. Калі бачыце, што не можаце зрабіць, лепш не рабіце».

Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасць строгага выканання дысцыпліны ўсімі ўдзельнікамі вытворчага працэсу. Ад гэтага наўпрост залежыць і пытанне якасці.

«Калі вы цяпер не можаце, як у нас у народзе кажуць, навесці дысцыпліну, я не ведаю, як вы будзеце заўтра працаваць. Якая тады можа быць якасць? — катэгарычна заўважыў ён. — Пра дысцыпліну наогул гаворкі быць не павінна. Гэта твая адказнасць і міністра. І за гэта запатрабуем вельмі жорстка».

Некаторыя лініі працуюць у тры змены

Пасля агляду пасажырскай тэхнікі Прэзідэнту далажылі аб рабоце холдынга. Як адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш» Міхаіл Сымановіч, прадпрыемству ўжо 53 гады. «Наша асноўная вытворчая пляцоўка сканцэнтравана на 10,5 гектара зямлі, 38 тысячах квадратных метраў...»

«У нас у холдынг уваходзяць два прадпрыемствы: сэрвіснае і наш канструктарскі цэнтр. У структуры выпуску мы паказваем сваю станоўчую дынаміку. За апошнія пяць гадоў відаць, як расце аб’ём вытворчасці ў вартасным вылічэнні, і відаць, як па-рознаму складваюцца па гадах аб’ёмы тэхнікі, — расказаў кіраўнік холдынга. — З прычыны верыфікацыі па гэтых трох асноўных кірунках прадпрыемства ў нейкія гады выжывае за кошт пастаўкі і вытворчасці тралейбусаў, у нейкія гады — атрымліваецца больш трамваяў і электробусаў. І гэты станоўчы фактар дае магчымасць працаваць прыбыткова». 

«Ну а тэндэнцыя якая? Усё ж такі трамваяў менш вырабляецца? Попыт меншы?» — задаў пытанне Прэзідэнт.

«Попыт на трамваі ў апошнія гады ўзрастае, — падкрэсліў Міхаіл Сымановіч. — Машынакамплекты трамваяў пастаўляем на нашы сумесныя прадпрыемствы ў Расіі. У нас два сумесныя прадпрыемствы, куды мы пастаўляем розныя машынакамплекты трамвайных вагонаў, дзе яны дазбіраюцца. Пачынаючы з 2022 па 2026 год 170 трамвайных вагонаў было пастаўлена ў рамках работы з сумеснымі прадпрыемствамі. І тэхніка пастаянна ўскладняецца. Адзін сучленены трамвай, які мы пастаўляем для Чалябінска, каштуе як пяць тралейбусаў. Таму ёсць пэўная заўвага, што мы не расцём у колькасці, але мы расцём якасна. Тэхніка становіцца больш складанай, адпаведна — даражэйшай». 

Паводле слоў гендырэктара, у натуральным выяўленні дынаміка аб’ёмаў выпуску прадукцыі выглядае наступным чынам. «Мы арыентаваны на экспарт, і ў 2022-2023 гадах 98 % прадукцыі пастаўлялася на экспарт, унутранага рынку практычна не было. Ужо з 2024-2025 гадоў пачалі пастаўляць на ўнутраны рынак, дзякуючы Вашай падтрымцы развіцця пасажырскага транспарту, — канкрэтызаваў Міхаіл Сымановіч. — Мы ўжо таксама задзейнічалі нашы рэсурсы і рэзервы і пачалі пастаўляць больш тэхнікі на ўнутраны рынак. Па 2026 годзе чакаецца станоўчая дынаміка па экспарце — 60 мільёнаў долараў мы чакаем атрымаць па экспарце, што складзе 120 %».


Ён падкрэсліў, што на прадпрыемстве фіксуецца ўстойлівае фінансавае становішча. «Дармаплаты няма? Гэта грошы заробленыя?» — пацікавіўся беларускі лідар.

«Заробленыя грошы, вядома. Мы працуем і па суботах часам, пэўныя ўчасткі працуюць у тры змены, — адказаў гендырэктар. — Сярод нашай інавацыйнай прадукцыі, над якой мы цяпер працуем, гэта шасцівосевыя трохсекцыйныя трамвайныя вагоны, прыгарадныя электробусы з батарэямі як уласнай вытворчасці, так і з купленымі батарэямі. І працуем яшчэ над стварэннем пілотнага праекта па ўкараненні беспілотнага трамвая». 

«А чаму вы закупляеце, калі вы самі можаце батарэю рабіць?» — задаў заканамернае пытанне Прэзідэнт.

Кіраўнік холдынга растлумачыў, што батарэі эксплуатуюць пад розныя патрабаванні: «Наша батарэя, якую мы цяпер робім, пры яе вазе дае ёмістасць не вельмі вялікую. Каб нам забяспечыць 250 кіламетраў ужо аўтаномнага ходу, нам патрэбна батарэя больш складаная».

«Гэта значыць, вы робіце батарэю ўчарашняга дня, якая ўжо заўтра нікому не патрэбная будзе?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

«Гэта батарэя надзейная. Яна мае сваю перавагу ў тым плане, што яна больш доўга жыве, але больш цяжкая», — падкрэсліў генеральны дырэктар, дадаўшы, што на прадпрыемстве працуюць і над лакалізацыяй.

Пасля дакладу аб рабоце холдынга кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі вытворчыя ўчасткі прадпрыемства.



«МАЗ і „Белкамунмаш“ могуць ажыццяўляць сумесныя праграмы і без аб’яднання»

Падчас наведвання аднаго з цэхаў вытворчасці холдынга «Белкамунмаш» кіраўніку дзяржавы далажылі, што айчынныя вытворцы грамадскага транспарту супрацоўнічаюць паміж сабой. Напрыклад, цяпер «Белкамунмаш» і Мінскі аўтазавод рэалізуюць сумесны праект, калі на кузаў МАЗа ўстанаўліваецца электрычнае абсталяванне вытворчасці «Белкамунмаш».

Прэзідэнт пацікавіўся, чыя гэта будзе тэхніка — «Белкамунмаша» альбо «мазаўская» і папрасіў удакладніць сутнасць.

Гендырэктар «Белкамунмаша» растлумачыў, што кузаў вытворчасці «МАЗ», а электраабсталяванне — іх завода. А менавіта: «сілавая электроніка — тое, за кошт чаго тралейбус называецца тралейбусам (прывад, пераўтваральная тэхніка, засцерагальнікі і выключальнікі, электраабсталяванне), усё, што неабходна, каб тралейбус працаваў».

Гендырэктар «МАЗа» расказаў, што, пасля таго, як, дзякуючы Прэзідэнту, у холдынгу пабудавалі аўтобусны завод: павялічылася магутнасць кузавоў, каркасаў, якія, уласна і пастаўляюцца на «Белкамунмаш».

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў: «Значыць, каробка і колы вашы (МАЗа. — „Зв.“), а электрычны рухавік — яго (вытворчасці „Белкамунмаша“. — „Зв.“)».

Закранулі і даўнюю рыторыку аб’яднання двух гэтых заводаў, бо па сутнасці яны робяць аднатыпную прадукцыю. Аднак Прэзідэнт заявіў, што айчынныя прадпрыемствы МАЗ і «Белкамунмаш» пры цяперашняй сістэме кіравання могуць ажыццяўляць сумесныя праграмы і без аб’яднання. 

Аляксандру Лукашэнку далажылі, што якраз у гэтым кірунку прадпрыемствы цяпер і дзейнічаюць.

«Але падладжвацца пад дырэктараў, калі гэта горш тэхналагічна, не трэба. Таму трэба глядзець наперад», — арыентаваў Аляксандр Лукашэнка на неабходнасць узважанага падыходу пры вырашэнні падобных пытанняў. 

«Усё, што можам вырабляць, трэба вырабляць» 

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з лініяй зборкі і кампанентнай базай, якая выкарыстоўваецца на «Белкамунмашы». Падрабязна абмеркавалі пытанне па вытворчасці акумулятарнай сістэмы для электратранспарту (што лепш, айчынныя або імпартныя ўзоры, і якія ў гэтым плане перспектывы), шэрагу іншых прылад і абсталявання. 

Прэзідэнта зацікавілі акумулятары айчыннай вытворчасці, якія па вазе цяжэйшыя за імпартныя, але служаць у два разы даўжэй.

«Гэта батарэя прымяняецца для аўтаномнага ходу нашых тралейбусаў. Мы два такія модулі ставім на наш тралейбус, які можа праехаць да 40 кіламетраў ад бескантактнай сеткі, — растлумачыў гендырэктар «Белкамунмаша» і дадаў, што яна падзараджаецца падчас руху пры падключэнні кантактнай сеткі. 

«Вы можаце зрабіць батарэю, на якой транспарт можа перасоўвацца ў два разы даўжэй?» — задаў канкрэтнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. 

«Мы над гэтым працуем», — адказаў Міхаіл Сымановіч.

У цэху электронікі гендырэктар прадэманстраваў беларускаму лідару оптыку, электралічыльнікі, пераўтваральную тэхніку, якія вырабляюць самі. 

«Тут усё ваша, альбо вы купляеце?» — спытаў Прэзідэнт.

«Ёсць невялікая доля імпарту — мы купляем сілавыя модулі, трансфарматары, рэзістары, але ўсё гэта збіраецца нашымі людзьмі ў цэху электронікі, і калі мы возьмем у коштавым вылічэнні, то доля імпарту ўсіх гэтых частак — каля 5 % у сабекошце вырабу, не больш», — запэўніў Міхаіл Сымановіч.

У сувязі з тым, што на прадпрыемстве часткова выкарыстоўваюцца імпартныя кампаненты, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб імпартазамяшчэнні па тых пазіцыях, дзе гэта магчыма. «Усё, што можам вырабляць, трэба вырабляць. І вам, і сумежнікам», — паставіў задачу Прэзідэнт.

Маштабаваць задачы для прамыслоўцаў

Прыкметныя поспехі ў плане імпартазамяшчэння ўжо ёсць. «Распрацавалі каляску (хадавая частка вагона. — „Зв.“) уласнай канструкцыі, яе вырабляем і ставім на трамваі. Сілавую электроніку мы таксама самі вырабляем і ўстанаўліваем», — расказаў гендырэктар холдынга.

Аналагічна асвоена вытворчасць і айчынных рухавікоў для тралейбусаў і трамваяў. Гэты вопыт важны ў цэлым для развіцця кампетэнцый па вытворчасці рухавікоў у краіне, уключаючы сегмент легкавых аўтамабіляў. Такая работа ўжо вядзецца сумесна з «БелДжы». Таксама на Мотавелазаводзе ўжо выпрабоўваюць айчынныя рухавікі для электраматацыклаў і электрасамакатаў.

Аляксандр Лукашэнка маштабаваў задачы для прамыслоўцаў, прапанаваўшы зрабіць далейшыя крокі ў вытворчасці рухавікоў. «На легкавую машыну вы можаце зрабіць сусветнага ўзроўню, як у заходнікаў або кітайцаў, рухавік?» — спытаў ён.

«Можам», — адказаў міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў. Ён пацвердзіў, што ўжо ёсць канкрэтныя планы ў гэтых адносінах і неабходны тэхналагічны зачын якраз створаны пры асваенні айчыннай вытворчасці рухавікоў для буйнога транспарту. 

«Гэта вельмі важна», — падкрэсліў Прэзідэнт. Па значнасці ён параўнаў гэту мэту з пастаўленай раней задачай па стварэнні ў Беларусі ўласнай вытворчасці якаснай гідраўлікі.

«Калі мы ў метро будзем гэта пастаўляць, гэта вялікая справа»

Прэзідэнту прадэманстравалі новую лінейку трамваяў і расказалі, што 20 адзінак такіх сучасных трамваяў ужо эксплуатуюць на сталічных дарогах. Прэзідэнт выказаў жаданне праехацца на такім трамваі ў Мінску: «Я хачу праехаць па новай лініі па новых рэйках на гэтым трамваі». 

Аляксандр Лукашэнка даручыў пралічыць праект па стварэнні трамвайных зносін паміж Наваполацкам і Полацкам. З прапановай рэалізаваць гэты праект выступіла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. «Трэба падоўжыць пуці да Полацка (у Наваполацку ўжо ёсць трамвайны рух. — „Зв.“) і злучыць Полацк і Наваполацк, — сказала яна. — Мы будзем з Наваполацка з „Нафтана“ вазіць людзей у Полацк».

Кіраўніку дзяржавы далажылі, што для рэалізацыі гэтага праекта трэба дадаткова пракласці каля 10 км трамвайных пуцей.

«Добра, давайце злучаць. Гэта няшмат, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі гэта трэба, трэба рабіць. І рабіць хутка».

Прэзідэнт у цэлым выказаўся за больш шырокае выкарыстанне трамваяў у сістэме грамадскага транспарту ў краіне. Сёння трамвайны рух ёсць толькі ў чатырох гарадах Беларусі: Мінску, Віцебску, Мазыры і Наваполацку. «Калі гэта перспектыва, будзем пакрысе развіваць гэту справу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама згадаў пра арганізацыю хуткіх і зручных транспартных зносін з гарадамі-спадарожнікамі, шэраг з якіх пакуль не маюць чыгуначнай сувязі з Мінскам. Тут таксама могуць быць задзейнічаны трамваі: «Мы гаворым пра тое, што нам трэба гэтыя гарады-спадарожнікі злучыць чыгункай. Гэта і ёсць «па чыгунцы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт агледзеў гатовыя ўзоры трамвайнай тэхнікі. У іх ліку трохсекцыйны нізкападлогавы трамвайны вагон, які робіцца для Чалябінска, дзе развіваюць гібрыдную падземна-наземную сістэму метратрам. Яна аб’ядноўвае звычайныя трамвайныя пуці і падземныя тунэлі.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прыгледзецца да гэтага досведу і ў Мінску, усё грунтоўна вывучыць і прапрацаваць, ці можна пры пэўных дапрацоўках прыстасаваць гэту тэхніку для айчынных патрэб у рабоце метро. Зноў жа, тут ёсць патэнцыял для імпартазамяшчэння.

«Калі вы ўбачыце, што гэта нармальна, — выходзіце з прапановай, што вам там перашкаджае, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Трэба спрабаваць. Калі мы ў метро будзем гэта пастаўляць, гэта вялікая справа. Мы імпартазамяшчэнне забяспечым. Трэба дзейнічаць і спрабаваць».

Прэзідэнту далажылі, што пры неабходнасці трохсекцыйны трамвай можна нарасціць па прынцыпе Lego, дадаўшы дадатковыя секцыі. «Нам вельмі важна. Вось у аэрапорт, гарады-спадарожнікі. Нам патрэбныя будуць. Што ж мы будзем купляць гэта (за мяжой. — «Зв.»)? У нас яшчэ ёсць «Штадлер», які трэба да розуму даводзіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы захапіліся гэтымі «Алесямі «(тунэлепраходчы комплекс „Алеся“, які выкарыстоўваецца пры будаўніцтве мінскага метро. — „Зв.“) і іншымі. Капаем пад зямлёй. А гэта ў 10 разоў даражэй. Таму дзесьці будзем выходзіць і на паверхню, дзе можна. Грошы трэба лічыць», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

«У любой краіне грамадства будзе выкарыстоўваць пасажырскі транспарт»

Пасля азнаямлення з вытворчымі магутнасцямі холдынга беларускі лідар правёў нараду па развіцці вытворчасці айчыннага пасажырскага транспарту.

Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што галоўным канкурэнтам вытворцаў пасажырскага транспарту выступаюць легкавыя аўтамабілі. «Не так? Хтосьці на веласіпедзе, хтосьці на самакаце (здаровы лад жыцця становіцца ўсё больш прывабным для нашых людзей) і легкавыя аўтамабілі. Практычна ў кожнай сям’і — легкавы аўтамабіль, а то і два. Гэта сур’ёзная канкурэнцыя нашаму пасажырскаму транспарту», — канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што памятае тыя часы, калі кіраўнікі прадпрыемстваў, якія выпускаюць пасажырскую тэхніку, сумняваліся ў неабходнасці яе далейшай вытворчасці. «Чаго там напружвацца па пасажырскім транспарце? Заўтра ці хутка ён наогул нікому не патрэбны будзе, таму што ўсе пераселі на аўтамабілі і будзе так, як у Злучаных Штатах Амерыкі альбо на Захадзе, дзе пасажырскі транспарт усё менш і менш выкарыстоўваўся», — прыгадаў выказванні вытворцаў пасажырскага транспарту Прэзідэнт. 

Сёння, па словах кіраўніка дзяржавы, сітуацыя рэзка змянілася. «Канкурэнт гэты застаўся, але ёсць цвёрдае разуменне, што ад пасажырскага транспарту сусветная супольнасць нікуды не дзенецца. У любой краіне грамадства будзе выкарыстоўваць пасажырскі транспарт. Гэта праблема вырашылася, значыць, пасажырскаму транспарту быць», — канстатаваў беларускі лідар, задаўшы тон нарады. — Геаграфія выкарыстання пасажырскага транспарту пашыраецца. І не толькі ў гарадах, але і міжгароднія перавозкі... Гэта вялікая справа, трэба пашырацца тут і рабіць гэта больш актыўна».

«Як бы ні было цяжка — напружвацца, пакінуць і развівацца»

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўспамінамі аб першым прыездзе ў 1995 годзе на «Белкамунмаш», які ў той час «на ладан дыхаў». І не толькі гэта прадпрыемства, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Я ўжо пра МАЗ не гавару. Стаяла пытанне: «Ён нам не патрэбны, давайце аддадзім немцам, і хай яны тут разбіраюцца». Але разумныя спецыялісты, вопытныя, сказалі маладому Прэзідэнту: „Не спяшайцеся, можам „МАНу“ аддаць, але будзем рабіць балты і гайкі, кампетэнцыі знікнуць“, — нагадаў беларускі лідар. — І тады мною было прынята рашэнне не толькі па МАЗе, але і па ўсіх прадпрыемствах: як бы ні было цяжка — напружвацца, пакінуць і развівацца. Пакінуць гэтыя прадпрыемствы ў беларускай уласнасці і развівацца на той базе. Што мы і зрабілі. Вынік мы сёння ўбачылі». 

Кіраўнік дзяржавы памятае той час, калі спецыялісты наогул не ведалі, што рабіць. «Больш за ўсё баяліся, што іх выкінуць на вуліцу. Але мы выстаялі. Гэта галоўны вынік на сёння, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы пачалі вырабляць свае аўтобус, тралейбус, трамвай і чыгуначныя саставы, якія вытрымліваюць канкурэнцыю на міжнародных рынках. Не заўсёды, але гэта з-за нашай расхлябанасці часам і некампетэнтнасці. Таму я і пачаў размову з дысцыпліны».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з 2009 года ў краіне выпускаюцца нізкападлогавыя трамваі, пачалі вырабляць электробусы. «Чаму трэба гэтым займацца? Таму што попыт пайшоў сур’ёзны на нашу вытворчасць. Наогул на пасажырскую вытворчасць. Попыт у свеце велізарны. Таму патрэбна якасць», — арыентуе вытворцаў Прэзідэнт. 

«Экалагічна чысты пасажырскі і грузавы транспарт павінен працаваць ва ўсіх нацыянальных парках і запаведніках»

Кіраўнік дзяржавы заклікае глядзець на дадзеную задачу шырэй. «Экалагічна чысты пасажырскі і грузавы транспарт павінен працаваць ва ўсіх нацыянальных парках і запаведніках. Вось тут урад і Адміністрацыя (Прэзідэнта. — „Зв.“) правільна ўлавілі гэты момант. Так, як я гаварыў у Верхнядзвінскім раёне... Грузавы транспарт павінен працаваць перш за ўсё ў запаведніках, дамах адпачынку, санаторыях, іншых аб’ектах нашай турыстычнай інфраструктуры. Таму ўраду, аблвыканкамам над гэтым трэба папрацаваць», — звярнуў увагу Прэзідэнт, пры гэтым заўважыўшы, што на нарадзе хоча пачуць «не пра вялікія дасягненні, а пра тыя праблемы, якія сёння стаяць або ўзнікнуць заўтра».


Першую праблему сённяшняга дня Аляксандр Лукашэнка назваў вечнай — якасць тэхнікі, што выпускаецца, і тэрміны паставак: «Калі не будзе якасці і выканальніцкай дысцыпліны, калі дамовіліся паставіць у нейкія тэрміны тэхніку, а яе не паставілі, — усё пойдзе дарэмна. І пойдзе вельмі хутка. Ваша месца зоймуць іншыя. Вы губляеце крэдыт даверу, які пакуль яшчэ ў нас ёсць. Назапашваўся ён дзесяцігоддзямі».

«Надышоў час для хуткай рэалізацыі інвестпраектаў»

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на рабоце Мінскага аўтамабільнага завода. «Ёсць зрывы дагаворных тэрмінаў па пастаўках тэхнікі як на экспарт, так і на ўнутраны рынак. Там чакаюць у тэрмін вашай тэхнікі. Усё астатняе ваша пытанне, — акрэсліў Прэзідэнт. — Як ніколі патрэбна сумесная работа (мы таксама пра гэта гаварылі) „Белкамунмаша“ і „МАЗа“ па загрузцы наяўных магутнасцяў пад агульным кіраўніцтвам Мінпрама. Усе вы дзеці аднаго бацькі — Мінпрама. Напэўна, настаў час для хуткай рэалізацыі інвестпраектаў, каб расшыць вузкія месцы. Там, дзе можна разам нешта рабіць, — рабіце. Не трэба рабіць гэта паасобку». 

Кіраўнік дзяржавы выдзеліў яшчэ адну праблему — нездавальняючы фінансава-эканамічны стан МАЗа. Прэзідэнт таксама адзначыў высокую пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасць і значныя складскія запасы. 

Аляксандр Лукашэнка падчас нарады ўзняў яшчэ адно складанае пытанне. Гаворка — пра работу акцыянернага таварыства «Штадлер Мінск», якая не прыносіць станоўчых вынікаў. «Не буду падрабязна спыняцца на гісторыі гэтай кампаніі ў нашай краіне і абяцаннях уласнікаў, якія пакуль не выкананыя. Карціна такая, што на сённяшні дзень работа акцыянернага таварыства „Штадлер Мінск“ не прыносіць належных вынікаў, — канстатаваў беларускі лідар. — Стварэнне беларускага цягніка да стадыі вытворчасці так пакуль і не дайшло. Другі год стаяць на рамонце два электрацягнікі, увод у эксплуатацыю якіх быў запланаваны яшчэ на восень мінулага года». 


Кіраўнік дзяржавы даручыў старшыні КДК Васілю Герасімаву разабрацца як след. «І менш павінна быць размоў, што „санкцыі, нешта цяжка купіць“! Каму трэба, той купляе. У дакладзе Камітэта (дзяржкантролю. — „Зв.“) адзначаецца некаторы рост асноўных паказчыкаў дзейнасці „Штадлер Мінск“. Але тым не менш факт застаецца фактам. Кантралёры ўказваюць, што маецца істотны разрыў. Магутнасці цяпер загружаныя на 24 %. Ну што гэта такое? — абурыўся беларускі лідар. — Але самае галоўнае — ва ўрада і Мінскага аблвыканкама сёння няма бачання перспектыў развіцця прадпрыемства». 

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў па выніках бягучага года разгледзець на асобнай нарадзе вынікі работы Беларускай чыгункі. 

«Пасажырскаму транспарту быць»

Таксама Прэзідэнт заклікаў працаваць над імпартазамяшчэннем: «Аказваецца, можна і шматсекцыйныя трамваі, якія яны („Белкамунмаш“. — „Зв.“) вырабляюць, пастаўляць у метрапалітэн і не закупляць дзесьці гэтыя цягнікі». Аляксандр Лукашэнка адвёў на вывучэнне пытання першую палову будучага года. Разабрацца ў гэтым даручана профільным міністру і віцэ-прэм’еру разам з дырэктарамі прадпрыемстваў, а таксама Старшыні Савета Рэспублікі, упаўнаважанаму прадстаўніку кіраўніка дзяржавы ў Мінску Наталлі Качанавай. «Далажыце мне, якія трэба прыняць меры (калі ўсё нармальна будзе, а я ўпэўнены, што будзе нармальна) рэгулятарнага характару. Я гатовы гэта зрабіць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што парадак дня нарады вызначаны. «Папрашу без філасофіі і завывання, як вы ўмееце гэта рабіць, гаварыць аб праблемах. Хлусіць катэгарычна забаронена! Мы павінны прымаць рашэнні, хоць яны прыняты па пасажырскім транспарце. На ўзроўні Прэзідэнта яны прынятыя — пасажырскаму транспарту быць, мы будзем яго развіваць на ўсю катушку, таму што народу гэты транспарт патрэбны! — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — І, вядома, паслухаем даклад аб перспектывах МАЗа: першае, другое, трэцяе, што будзем рабіць з МАЗам і з тымі праблемамі, якія там існуюць. Пытанняў дастаткова».

«Мы бачым, што гэты рынак абсалютна запатрабаваны» 

Падчас нарады міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў расказаў, што цяпер у краіне налічваецца 7,9 тысячы адзінак рухомага саставу, у тым ліку 6 тысяч 101 аўтобус, 198 электробусаў, 1354 тралейбусы, 247 трамваяў, гэта значыць, у цэлым наземны грамадскі транспарт шырока выкарыстоўваецца ў Беларусі. 

Андрэй Кузняцоў праінфармаваў, што прагназаваная запатрабаванасць унутранага рынку ў такім транспарце да канца 2029 года складае 1737 аўтобусаў, 188 электробусаў, 678 тралейбусаў, 96 трамваяў — агулам 2 тысячы 699 адзінак, што дазволіць цяперашні аўтапарк грамадскага транспарту павялічыць амаль на 30 %.  

Значную долю вырабленага ў краіне пасажырскага транспарту плануецца пастаўляць на экспарт, у тым ліку на асноўны расійскі рынак, патрэбы якога, паводле ацэнкі Мінпрама, будуць істотна нарастаць: у Расіі пачалі актыўна замяняць зношаныя машыны.  

Міністр адзначыў, што нашы два прадпрыемствы гатовыя да выклікаў, якія дыктуе рынак электрычнага транспарту, «і на гэтым рынку прысутнічаюць». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Надзея ЗУЕВА

Фота БелТА

Даслоўна 

У размове з журналістамі міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў расказаў, што на нарадзе ў беларускага лідара ў першую чаргу там абмяркоўвалі пытанні якасці.  

Андрэй Кузняцоў падкрэсліў, што вытворцы будуць прыкладаць намаганні, каб выпускаць у эксплуатацыю больш надзейную якасную тэхніку і ў цэлым павялічваць эфектыўнасць сваёй працы. «Мы разумеем, што нам трэба рабіць, дзе ўзмацніцца. Самае галоўнае — на нарадзе Прэзідэнт паставіў кропку ў тэме: грамадскаму электрычнаму транспарту быць, і гэты кірунак будзе развівацца», — падкрэсліў міністр.

Гаварыць пра асобны трэнд на трамваі, тралейбусы або электробусы будзе няправільна, працягнуў Андрэй Кузняцоў: «Кожная мадэль мае права на жыццё. Гэта ўжо рынак будзе дыктаваць, што і ў якой колькасці неабходна для той ці іншай краіны».  

Кіраўнік ведамства таксама расказаў аб рабоце над лакалізацыяй і імпартазамяшчэннем. «Мы паставілі задачу, што ў наступным годзе паспрабуем лакалізаваць новы тып батарэй, больш лёгкіх, больш жыццяздольных. Таму разумеем, што нам рабіць і як развівацца. Самае галоўнае, яшчэ раз паўтаруся, кропка пастаўленая — пасажырскаму электратранспарту быць». 

*** 

У размове з журналістамі генеральны дырэктар ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БелаўтаМАЗ» Валерый Іванковіч па выніках нарады адзначыў: «Кіраўнік дзяржавы падтрымаў канцэпцыю сумеснай работы з «Белкамунмашам», якая цяпер заключаецца ў выглядзе не канкурэнтных, а сумесна ствараемых прадуктаў. Разам, узважыўшы і ацаніўшы моцныя і слабыя бакі кожнага, выбудаваўшы агульную канцэпцыю, мы зможам дакладна разумець, у чым можам дапаўняць адзін аднаго». 

Валерый Іванковіч лічыць заканамерным, што на «Белкамунмашы» лепшае электрычнае абсталяванне, бо ў іх салідныя кампетэнцыі ў гэтым кірунку. За кошт гэтага шмат у чым атрымліваецца зніжаць сабекошт тэхнікі. «Правільна, калі кожны бярэ тое, у чым найбольш моцны і кампетэнтны, і з меншымі выдаткамі, большай эфектыўнасцю робіць. А сінергія атрымліваецца сумесная, пад крылом Міністэрства прамысловасці, — перакананы Валерый Іванковіч. — Трэба ўсё гэта дакладна вызначыць, і тады будзе выразна зразумелая стратэгія, што робім і што атрымліваем». 

*** 

Генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш» Міхаіл Сымановіч у размове з журналістамі адзначыў, што сумесныя намаганні двух прадпрыемстваў дазволяць ім больш эфектыўна працаваць на знешніх рынках. Цяпер тэхніка «Белкамунмаша» пастаўляецца пераважна ў Расію і Казахстан, бо менавіта ў гэтых краінах выкарыстоўваецца электрычны пасажырскі транспарт, падтрымліваецца і развіваецца інфраструктура для яго. 

А вось электробусы можна пастаўляць у больш шырокую геаграфію краін. Але тады востра паўстае пытанне канкурэнтнай цаны. «Трэба працаваць з сабекоштам, патрэбныя сур’ёзныя аб’ёмы, каб скласці канкурэнцыю вытворцам, якія ўжо ёсць на іншых рынках. У кааперацыі з МАЗам будзем спрабаваць вырашаць гэту задачу. Каб за кошт маштабнасці зрабіць канкурэнтную цану і паспрабаваць канкурыраваць», — сказаў ён. 

Гендырэктар «Белкамунмаша» пацвердзіў, што пры стварэнні новых кампанентаў, узораў, мадэляў тэхнікі вытворцы сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі, праблемамі. «Але без інавацыйнасці, без новага прадукту не атрымаецца прысутнічаць на рынку. Інавацыі патрэбныя», — упэўнены ён. Важны фактар, які ўплывае на якасць тэхнікі, — умовы яе эксплуатацыі. «Сучасная новая тэхніка патрабуе сур’ёзнай увагі да сябе, асабліва гэта датычыцца трамвайных вагонаў — шмат у чым залежаць ад якасці трамвайных пуцей», — растлумачыў спецыяліст.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю