Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з паслом Індыі ў Беларусі Ашокам Кумарам. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, пытанне супрацоўніцтва нашых краін вельмі актуальнае і знаходзіцца на асаблівым кантролі.
«Яшчэ больш шчыра магу сказаць, што мы далёка не ўсё рэалізавалі і нават блізка да таго не падышлі, каб рэалізаваць магчымасці, якімі мы сёння валодаем. Хоць мы ў два разы павысілі наш тавараабарот, дасягнуўшы паўмільярда долараў, але ў нашых адносінах гэта амаль нішто. І тая планка, да якой мы імкнёмся, — два-тры мільярды долараў у год тавараабароту — гэта цалкам рэальна і дасягальна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Таму галоўным пытаннем ён назваў актывізацыю супрацоўніцтва. Беларускі лідар заклікаў індыйскі бок грунтоўна падключыцца да працэсу актывізацыі гандлёвага абароту.
«Я ведаю, што вы гэта зрабіць можаце. У нас вялікі вопыт назапашаны, вялікая перадгісторыя нашых адносін яшчэ з савецкіх часоў. Таму мы хацелі б актывізаваць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны», — адзначыў ён.
Па выніках 2024 года ўзаемны тавараабарот паміж Беларуссю і Індыяй быў на ўзроўні амаль 500 мільёнаў долараў, павялічыўшыся на 14 % у параўнанні з 2023-м. За 9 месяцаў гэтага года гандаль таварамі перавысіў узровень у 605 мільёнаў долараў, што амаль на 74 % больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га.
Што датычыцца палітычных і дыпламатычных адносін Беларусі і Індыі, то яны, па словах Прэзідэнта, знаходзяцца на даволі высокім узроўні. «Але гандлёва-эканамічныя адносіны маглі б даць гэтаму сур’ёзнае паскарэнне і штуршок», — звярнуў увагу ён.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў яго вельмі добрыя і цёплыя адносіны з Прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі. «Мы пастаянна з ім кантактуем на міжнародных пляцоўках, як гэта было апошнім часам у Кітаі на пасяджэнні ШАС», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў Беларусі былі б рады вітаць Прэм’ер-міністра Індыі. «Я ўпэўнены, што беларусы хацелі б тут убачыць Прэм’ер-міністра, вельмі дасведчанага і адукаванага чалавека, тут, у Мінску, у Беларусі», — сказаў ён.
Беларускі лідар адзначыў эфектыўную работу Беларусі і Індыі на міжнародных пляцоўках. Ён запэўніў, што беларускі бок гатовы працаваць пад старшынствам Індыі ў БРІКС і гатовы зрабіць усё неабходнае для таго, каб старшынства было паспяховым. «Мы ўдзячныя вам за тую дапамогу і падтрымку, якія вы аказалі нам пры ўступленні ў ШАС, а таксама за партнёрства ў арганізацыі БРІКС. Мы з задавальненнем абапіраемся на вашу дапамогу і падтрымку, і вы ніколі нам у гэтай дапамозе і падтрымцы не адмаўлялі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў імкненне наладжваць гуманітарнае супрацоўніцтва Беларусі і Індыі. «Пачалі з кінематографа. Гэта натуральна, таму што ў вас дадзеная сфера вельмі развітая. На „Лістападзе“ ў нас вашы фільмы прадстаўлены. Мы дзякуем вам за тое, што вы прымаеце ўдзел», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама падзякаваў індыйскім партнёрам за ўдзел у Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы.
«Ёсць шмат цікавага, адштурхваючыся ад чаго, мы можам актывізаваць наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. А эканоміка з’яўляецца базай для нарошчвання па іншых кірунках нашага ўзаемадзеяння», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Ашок Кумар нагадаў, што роўна тыдзень таму намеснік міністра замежных спраў Індыі наведваў Мінскую канферэнцыю па еўразійскай бяспецы, на палях якой правёў шэраг сустрэч і кансультацый, у тым ліку і з міністрам замежных спраў Беларусі. «Падчас гэтых сустрэч бакам удалося абмеркаваць дасягнутыя вынікі і адпаведныя крокі па далейшым развіцці. Наш намеснік міністра замежных спраў на канферэнцыі падзяліўся сваім бачаннем, якім павінен быць свет, і гэты свет павінен уяўляць сабой перш за ўсё сям’ю — такой была старажытная мудрасць, і мы павінны яе развіваць і жыць разам», — адзначыў пасол.
Даслоўна
Індыя ўяўляе для Беларусі вялікі рынак
У размове з журналістамі Ашок Кумар расказаў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі абмеркавалі ўсе сферы ўзаемадзеяння ў галінах узаемнага інтарэсу. Першачарговая ўвага была ўдзелена актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
«Мы ўсведамляем, што ў гэтай сферы ёсць яшчэ вялікі патэнцыял, і яго мы будзем абмяркоўваць на наступным пасяджэнні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Індыяй», — расказаў пасол. У прыватнасці, абмяркоўваліся пастаўкі беларускіх БелАЗаў у Індыю, узаемадзеянне ў сферы фармацэўтыкі і вытворчасці медыкаментаў. «Мы лічым, што ў Беларусі ёсць добры патэнцыял. Індыя ўяўляе для Беларусі вялікі рынак. І ў гэтай сувязі мы хацелі б запрасіць беларускія кампаніі больш актыўна заходзіць на наш рынак і ў тым ліку актыўна інвеставаць у новыя праекты. Напрыклад, мы зацікаўлены ў вытворчасці малочнай прадукцыі», — адзначыў Ашок Кумар. Таксама вельмі цікавым ён назваў праект паставак беларускай драўніны ў Індыю. Ашок Кумар расказаў, што абмяркоўваў дадзенае пытанне з губернатарам Віцебскай вобласці падчас свайго візіту ў гэты рэгіён. «У Беларусі вельмі шмат лясоў, Індыя, на жаль, гэтым пахваліцца не можа, — дадаў ён. — Нам цікава ўзаемадзеянне ў сферы сельскай гаспадаркі. Беларускае абсталяванне, трактары таксама вельмі цікавыя для нас. Я хацеў бы запрасіць беларускія кампаніі больш актыўна заходзіць на наш рынак і актыўна працаваць з індыйскімі партнёрамі».