«Дзень Канстытуцыі ў нас будзе цяпер у адзін дзень — 15 сакавіка»
У пачатку сустрэчы кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што не мог не сустрэцца з дыпламатам пасля важнай палітычнай падзеі, якая днямі адбылася ў Казахстане — правядзення рэферэндуму. «Тым больш, што Дзень Канстытуцыі ў нас будзе цяпер у адзін дзень — 15 сакавіка. Я хачу вас павіншаваць з вельмі паспяховым правядзеннем рэферэндуму па Канстытуцыі і вынікамі», — сказащ Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ўважліва назіраў за развіццём сітуацыі ў Казахстане ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму. Прэзідэнт асабліва адзначыў адназначную народную падтрымку новай Канстытуцыі і Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева. «Усё ж такі, як ні кажы, — гэта падтрымка Прэзідэнта. Ён рызыкнуў у гэты няпросты час, унёс на рэферэндум вельмі важныя для народа Казахстана пытанні. Ну і народ (падтрымаў. — „Зв.“) і па яўцы, і асабліва па галасаванні (87 з лішнім %) прагаласаваў. Уражваючы вынік», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Беларускі лідар яшчэ раз павіншаваў з паспяховым правядзеннем рэферэндуму і папрасіў перадаць Прэзідэнту Казахстана самыя цёплыя пажаданні і віншаванні. «Ён малайчына. І павіншаваць казахскі народ, казахстанцаў з гэтым поспехам, — акцэнтаваў беларускі лідар. — Вельмі спадзяюся і вельмі хацеў бы, каб у сувязі з новай Канстытуцыяй і галасаваннем Казахстан развіваўся стабільна і атрымаў ад гэтага большы эфект».
«Мы лёгка можам падвойваць тавараабарот»
Закранаючы тэму двухбаковага супрацоўніцтва, Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што Казахстан — гэта ключавая для нас краіна ў Цэнтральнай Азіі. «Ключавая краіна. Велізарная краіна, велізарнае насельніцтва. Вельмі добрыя сувязі, вельмі добрыя планы нашага супрацоўніцтва. І на будучыню, хоць і цяпер паўтара мільярда тавараабарот у нас — гэта вельмі добры тавараабарот, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Мы лёгка можам падвойваць тавараабарот. У нас ёсць імкненне да гэтага. З казахстанцамі ў нас добрыя адносіны заўсёды былі. Упэўнены, яны захаваюцца».
Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што ў лістападзе мінулага года Казахстан наведала беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з Прэм’ер-міністрам Беларусі. «Мне дакладваў Прэм’ер, што вельмі добрыя правялі мерапрыемствы. Дамоўленасці вельмі салідныя. Таму мы вельмі спадзяёмся на плённае супрацоўніцтва з Казахстанам», — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што беларускі бок вельмі паважае працавітых людзей Казахстана і падтрымлівае той курс, які праводзіцца кіраўніцтвам гэтай краіны. «Вельмі сур’ёзны курс. Вы кожны год займаецеся рэформамі, нічога не заяўляючы пра гэта. Спакойна ў гэтых адносінах робіце многае. Таму і ў ЕАЭС, і ў ААН, на міжнародных пляцоўках і ў нашых адносінах мы будзем вельмі надзейнымі партнёрамі для вас».
У сваю чаргу Цімур Жаксылыкаў павіншаваў Прэзідэнта і ўсю Беларусь з Днём Канстытуцыі. «Вы цалкам правільна адзначылі, што цяпер гэты дзень будзе яшчэ больш аб’ядноўваць нашы народы, — звярнуўся да беларускага лідара дыпламат. — Прэзідэнт Такаеў абвясціў, што гэты дзень у Казахстане будзе святкавацца як Дзень Канстытуцыі». Пасол таксама адзначыў высокую грамадзянскую актыўнасць выбаршчыкаў, у тым ліку на ўчастках, якія працавалі ў Беларусі. Ён падзякаваў беларускі бок за накіраванне назіральнікаў і ў складзе місіі СНД, і ад ЦВК.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Даслоўна
«Гэта яшчэ больш аб’ядноўвае нашы краіны»
У размове з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Цімур Жаксылыкаў падкрэсліў, што размова з Прэзідэнтам Беларусі прайшла вельмі прадуктыўна. «Кіраўнік дзяржавы павіншаваў Казахстан, Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан з паспяховым правядзеннем агульнанацыянальнага рэферэндуму, які, як вы ведаеце, прайшоў 15 сакавіка, — звярнуў увагу ён. — Наш народ падтрымаў ініцыятыву Прэзідэнта Такаева аб новай Канстытуцыі. Цяпер нашы краіны будуць у адзін дзень адзначаць свае дні Канстытуцыі — 15 сакавіка. Цяпер гэта дата святочная як для Беларусі, так і для Казахстана. Гэта яшчэ больш аб’ядноўвае нашы краіны».

Дыпламат таксама распавёў, што была створана вялікая колькасць выбарчых участкаў за мяжой (у 54 краінах), у тым ліку ў Беларусі. На рэферэндуме таксама працавалі міжнародныя назіральнікі амаль з 40 краін і 11 міжнародных і рэгіянальных арганізацый. «Мы ўдзячныя Беларусі за тое, што паслала сваіх прадстаўнікоў як ад ЦВК, так і ў складзе місіі СНД і іншых міжнародных арганізацый. Назіральнікі далі высокую ацэнку таму, як было падрыхтавана правядзенне рэферэндуму, і адзначылі, што гэта далейшы крок у развіцці дэмакратычных працэсаў у Казахстане», — заявіў Цімур Жаксылыкаў.
Акрамя таго, падчас сустрэчы з беларускім лідарам бакі абмеркавалі эканамічнае ўзаемадзеянне. «У нас вельмі актыўнае гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Па выніках мінулага года рост тавараабароту склаў каля 30 %, — канкрэтызаваў пасол. — Вельмі добрыя паказчыкі, прычым ва ўсіх напрамках ідзе рост, па ўсіх складніках: імпарту, экспарту, гандлю паслугамі».
Паводле слоў Цімура Жаксылыкава, больш за 1100 беларускіх прадпрыемстваў дзейнічаюць у Казахстане, добрае супрацоўніцтва выбудавана ў прамысловай кааперацыі. «Урады актыўна працуюць над тым, каб пачаць новыя інвестыцыйныя праекты. Мы рады бачыць беларускіх прадпрымальнікаў у розных сферах эканомікі, у тым ліку ў перапрацоўцы і вытворчасці сельгассыравіны, у транспартна-лагістычнай сферы, у сферы лічбавай эканомікі», — рэзюмаваў ён.
У тэму
Новая Канстытуцыя была прынятая ў Казахстане па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 15 сакавіка. У падтрымку Асноўнага Закона прагаласавалі больш за 87 % удзельнікаў. Па паведамленнях казахстанскіх СМІ, у абноўленым варыянце закладзена новая архітэктура ўлады ў краіне. Дакумент арыентаваны на правы чалавека і грамадзяніна, а таксама стварэнне інстытутаў, якія павінны ўмацаваць устойлівасць дзяржавы і павысіць якасць жыцця грамадства.
Адна з ключавых навацый — фарміраванне аднапалатнага парламента, Курултая, які складаецца з 145 дэпутатаў, і ўвядзенне пасады віцэ-прэзідэнта, які будзе дзейнічаць па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Акрамя таго, прадугледжана стварэнне вышэйшага кансультатыўнага органа, які прадстаўляе інтарэсы народа, — народнага савета Казахстана. Ён надзелены правам распрацоўваць рэкамендацыі па ўнутранай палітыцы і ўмацаванні грамадскай згоды, уносіць законапраекты ў Курултай, ініцыяваць правядзенне рэферэндуму.
Упершыню ў гэтай краіне на канстытуцыйным узроўні замацавана права на абарону персанальных дадзеных у лічбавым асяроддзі. Канстытуцыя ўпершыню прама вызначае шлюб як добраахвотны і раўнапраўны саюз мужчыны і жанчыны, зарэгістраваны дзяржавай.