Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Лепш пад мірным небам жыць, чым ваяваць»

Моцныя словы Прэзідэнта, сказаныя ў моцным месцы


Да Дня Незалежнасці вельмі важны падарунак атрымаў Магілёў — на знакамітым Буйніцкім полі створаны музей Славы Магілёўшчыны. Удзел у адкрыцці музея прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён першым агледзеў экспазіцыі і разам з жыхарамі горада ўзгадаў яго гераічнае мінулае. 

Месца для новага музея абрана невыпадкова, і гісторыя яго стварэння адметная. Буйніцкае поле — месца сакральнае. Менавіта тут намаганнямі і цаной жыцця чырвонармейцаў і апалчэнцаў з жыхароў горада ўпершыню быў сарваны нямецкі план бліцкрыга. Напярэдадні 80-й гадавіны абароны Дняпроўскага рубяжу грамадскія арганізацыі, ветэраны, прадстаўнікі Узброеных сіл і грамадскасць Магілёва выступілі з прапановай аб рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» і стварэнні на яго тэрыторыі музея. Будаўніцтва музея пачалося ў 2023 годзе і стала сапраўды ўсенароднай будоўляй — неабыякавыя людзі, якія памятаюць гісторыю свайго краю, ахвяравалі больш за 600 тысяч беларускіх рублёў. Будаўніцтва часткова фінансавалася за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы. Акрамя ўдзельнікаў з беларускага боку на мерапрыемства былі запрошаны дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў, губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін і губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз.

Галоўнае — сутнасць

GOR_8138_result.jpg

Старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка адзначыў, што музей Славы Магілёўшчыны — гэта больш чым музей, плануецца, што ён стане грамадска-культурным цэнтрам. «Трэба разумець, што народ як быў ініцыятарам будаўніцтва — так ён павінен пастаянна гэтыя экспазіцыі пашыраць», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. 

Экспазіцыі музея пераносяць наведвальнікаў у мінулае: пачынаючы з даваеннага Магілёва, і заканчваючы сучаснай Магілёўшчынай. Асноўныя экспазіцыі прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Сучасныя інтэрактыўныя тэхналогіі дазваляюць адчуць страх і жах таго часу і адначасова прасякнуцца гонарам за гераічных продкаў. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на беларускай зямлі немцы практычна адразу прыступілі да свайго плана — знішчыць насельніцтва, пакінуўшы толькі 25 працэнтаў. «Вось такое варварскае стаўленне было да цывільнага насельніцтва. Тры гады з лішнім яны тапталіся па зямлі. Яны трэцюю частку знішчылі людзей. Менавіта ў гэтым быў сэнс», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што гэта страшная асаблівасць вайны менавіта на беларускай тэрыторыі. 

У фондах музея захавалася нямала рэліквій. Самая значная-запіска, якую напісала абаронцы Магілёва. Яе схавалі ў корпус мінамётнай міны, і яе шанец дайсці да нашчадкаў быў адзін на мільён. Але ў 1965 годзе корпус міны і запіску знайшоў хлопчык. Захавана памяць і пра перыяд акупацыі, пад якой Магілёў быў больш за тры гады. У 1980-м годзе Магілёў быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны першай ступені, будынак музея спраектаваны ў выглядзе гэтага ордэна.

Першы запіс у кнізе ганаровых гасцей новага музея пакінуў Аляксандр Лукашэнка. Агледзеўшы экспазіцыю, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што музей не абавязкова павінен быць вельмі маштабным, галоўнае — яго змест. «Для людзей гэта трэба рабіць. Буйніцкае поле пачалі рабіць да месца. Малайцы», — падкрэсліў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу, што будаўніцтва музея стала магчыма і дзякуючы таму, што плячо падставілі расійскія сябры. 

Такога супраціўлення немцы нідзе не сустракалі

Пасля знаёмства з экспазіцыяй музея Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з жыхарамі Магілёва. Ён нагадаў, што роўна трыццаць гадоў таму прайшло з таго часу, як на Буйніцкім полі адкрывалі мемарыяльны комплекс, створаны ў памяць аб гераічным подзвігу абаронцаў Магілёва. 

«Менавіта на гэтым месцы пісалася адна з самых гераічных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут, на Дняпроўскім рубяжы, пачаўся зваротны адлік да краху трэцяга рэйха. Значнасць тых падзей, якія шмат у чым паўплывалі на зыход бітвы пад Масквой і далейшы ход вайны, ставіць гэтае беларускае поле ў адзін шэраг з Куліковым, Барадзінскім і Прохараўскім», — здзейсніў невялікі гістарычны экскурс кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што адным з самых яркіх эпізодаў жорсткай Магілёўскай бітвы стала абарона гэтага невялікага кавалачка нашай зямлі воінамі 388-га стралковага палка пад камандаваннем палкоўніка Куцепава. 

MGUK0062_result.jpg

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што гэты кавалак зямлі адыграў найважнейшую ролю ў абароне Магілёва. «Мы гаворым, што каля месяца ішлі тут баі. Мы тут не саступалі, а да Масквы заставалася два крокі — Магілёў і Смаленск. І наша камандаванне разумела, і кіраўніцтва краіны, што трэба не перамагчы нават, а як мага даўжэй затрымаць тут праціўніка, каб там арганізавацца. Вось каштоўнасць гэтых бітваў пад Магілёвам і Смаленскам. Гэта кавалак зямлі быў эпізодам, але найважнейшым эпізодам у абароне не толькі Магілёва, але і Масквы, сталіцы», — распавёў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што мы ведаем пра гэта, дзякуючы пісьменніку і ваенкору Канстанціну Сіманаву. Убачыўшы на Буйніцкім полі сапраўдныя могілкі спаленых у першым жа баі нямецкіх танкаў і іншай бранятэхнікі, ён назваў яго «трыумфам салдацкай мужнасці». «Такога супраціўлення немцы нідзе не сустракалі, тым больш, як мы кажам, на гэтым кавалку зямлі, на адным полі», — удакладніў беларускі лідар. 

Прэзідэнт працытаваў Канстанціна Сіманава, які ў сваім дзённіку пісаў: «байцы Чырвонай Арміі «станавіліся пераможцамі там, дзе гэта здавалася было немагчыма па ўсіх законах логікі». Пасля вайны ён пісаў, што менавіта тут, пад Магілёвам, убачыў «людзей, якія спыняць ворага». Убачыў світанак Вялікай Перамогі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Буйніцкае поле, поле доблесці і стойкасці савецкіх воінаў, пакінула ў душы пісьменніка-франтавіка найглыбейшы след, ён завяшчаў пасля смерці развеяць свой прах тут, на Буйніцкім полі. Воля Канстанціна Міхайлавіча Сіманава была выканана. 

У залах ажывае і гаворыць галасамі герояў гісторыя краю

«А сёння мы выконваем волю нашых ветэранаў і жыхароў вобласці — адкрываем музей Славы Магілёўшчыны. — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я шчыра, па-чалавечы вам скажу, калі мне прапанавалі разгледзець пытанне дапамогі ў будаўніцтве гэтага мемарыяла з бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, нашага Саюза, я доўга вагаўся. Мяне, па-чалавечы кажу, насцярожвала, што ў нас столькі помнікаў у краіне, думаю: ну нам бы ўтрымліваць іх у парадку. Аднак, па словах Прэзідэнта, даведаўшыся, што народ выступае з ініцыятывай пабудаваць гэты музей, ён яе падтрымаў. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што магіляўчане будуць утрымліваць музей і ўвесь комплекс у парадку.

«У яго залах ажывае і гаворыць галасамі герояў сама тысячагадовая гісторыя краю. Прыадкрываецца таямніца жыцця летапісных радзімічаў, ад роду і племені якіх пачалася гісторыя рэгіёна. І не толькі рэгіёна — часткі гэтай зямлі (гісторыкі могуць расказаць)-у тым ліку і цяпер расійскіх зямель заходніх. Магілёў заўсёды быў мостам паміж Захадам і Усходам у мірны час і станавіўся крэпасцю ў гады ліхалецця. На гэтых землях не аднойчы сыходзіліся ў бітвах войскі вялікіх князёў літоўскіх, каралёў польскіх, самадзержцаў расійскіх. — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сапраўды, у мінулым рэгіёна, як у люстэрку, адлюстроўваецца гісторыя ўсёй нашай краіны, а экспазіцыя музея паказвае цярністы шлях беларусаў праз стагоддзі да незалежнасці, уласнай дзяржаўнасці, звязвае разам гераічнае мінулае і мірную сучаснасць».

Гэта гонар для любога народа

Па словах Прэзідэнта, правільна, што вялікая ўвага ў музеі прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. «Асабліва цяпер, калі супраць праўды пра тую вайну азвярэла ваююць у „адукаванай“ Еўропе: маршыруюць нацысты, зносяцца мемарыялы і помнікі, крывадушна пачалі перапісваць нашу гісторыю. Менавіта таму мы свята шануем памяць пра подзвіг ветэранаў, пра людзей, якія аднаўлялі гарады і вёскі Магілёўшчыны пасля вызвалення і кавалі працоўную перамогу і славу ўсе гэтыя гады», — адзначыў ён. 

  • Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў нашым грамадстве ёсць частка людзей, іх засталася зусім жменька, якія кажуць, што змагацца за гістарычную праўду не варта. «Яны на гэта і разлічваюць, што мы паціху пра гэта забудзем. А цяпер ідзе барацьба за галовы, за мазгі нашых людзей. Прайграем гэтую барацьбу — наш час хутка скончыцца. Вось таму мы ўчапіліся ў гэтую гістарычную памяць. Ды і наогул подзвіг нашага савецкага народа, у тым ліку і на беларускай зямлі — гэта гонар для любога народа. Ніводзін народ бы ад гэтага не адмовіўся. Але мы добрыя. Вы ведаеце, мы ў сваёй гісторыі шмат ад чаго адмаўляліся, а потым пажыналі вынік гэтых адмоваў. Таму лепш пад мірным, светлым небам змагацца за наша мінулае. Для чаго? У імя будучыні. Лепш пад мірным небам жыць, чым ваяваць», — заявіў беларускі лідар. 

«Мы сабе гэты помнік узвялі»

«Я перакананы, паважаныя магілёўцы, беларусы, расіяне, украінцы, якія сюды прыедуць, нашы іншыя суседзі, што музей Славы стане сапраўды народным, будзе беражліва захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне праўду аб Вялікай Перамозе нашага народа, выхоўваць сапраўдных патрыётаў», — адзначыў Прэзідэнт. Ён папрасіў супрацоўнікаў музея захоўваць праўду і справядлівасць. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не трэба нічога хаваць: «не трэба хаваць, як мы прайшляпілі пачатак Вялікай Айчыннай вайны, як Беларусь проста на працягу пары месяцаў апынулася пад акупацыяй. Гэта не толькі таму, што мы дрэнныя былі воіны, не ўмелі ваяваць, немцы былі лепшыя. Мы аказаліся ў нейкай ступені не гатовыя да гэтай вайны. Мы ўлагоджвалі фашыстаў: вось не нападуць, вось дагавор аб ненападзенні і іншае.» Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мы ні на каго не нападаем, будзем улагоджваць каго заўгодна, будзем перасцерагаць ад вайны. «Але кожны дзень мы павінны рыхтавацца да гэтай вайны, каб яна не здарылася зноў на нашай зямлі. Каб нечакана ноччу ці ў чатыры раніцы на нас не напалі, і мы аказаліся негатовымі да гэтай абароны. — заявіў Прэзідэнт. — Я гэта кажу да таго, што і гэтую праўду мы гаварылі, яна была. Але як і ўсе славяне, рускія людзі, мы, беларусы, украінцы сапраўдныя патрыёты, мы доўга „запрагаем“. На жаль, за гэты доўгі час мы страцілі нямала людзей. Але калі ўжо „запражом“, як гэта было пад Масквой і Сталінградам, і на Курскай дузе, тады ўжо нас спыніць складана. Але ж страцілі мільёны — 30 мільёнаў прыкладна чалавек мы страцілі ў гэтай вайне». Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што для, каб гэтага не здарылася зноў, будуюцца новыя музеі і мемарыяльныя комплексы. А не таму, што будаваць больш няма чаго. 

GOR_8043_result.jpg

«Мы хочам, каб вы прыходзілі сюды. Яшчэ ёсць пакаленне савецкіх людзей, якія ўшаноўваюць гэтую памяць аб Вялікай Айчыннай. І гэтыя людзі могуць моладзі перадаць гэты вопыт, каб яны разумелі, навошта мы гэта робім», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што некаторыя метады і формы работы беларусы перанялі з савецкіх часоў. Па сутнасці, усё правільна, гэта трэба захаваць. А па форме трэба падумаць, як разнастаіць. «Але нельга губляць. Усё нельга губляць. Мы, страціўшы свае традыцыі, прынцыпы, норавы развалілі вялікую краіну. І сёння кожны паасобку куляемся туды-сюды, акрамя Беларусі і Расіі, якія ўсё ж такі ступілі да адзінства гэтага. Але не думайце, што па нашым шляху гараць жаданнем бегчы нават былыя савецкія рэспублікі. Занадта вялікая адлегласць пасля распаду Саюза паміж нам і імі. Але мы змагаемся, мы паказваем прыкладам, эканамічна спрабуем прыцягнуць, наблізіць гэтыя народы да нас. Таму што гэта нашы народы, савецкія народы — яны гэтак жа ўдзельнічалі ў гэтай вайне і разам з намі перамагалі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Беларускі лідар папрасіў магіляўчан захаваць Буйніцкае поле і гэты мемарыял. «Мы сабе гэты помнік узвялі», — адзначыў ён. Прэзідэнт удакладніў, што сюды будуць прыходзіць дзеці і ўнукі тых, хто ўдзельнічаў у стварэнні мемарыяла і памятаць пра гэта. «Мы пакідаем не толькі памяць, але і ўзоры гэтай памяці той страшнай вайны, якой нам трэба пазбегнуць. Гэта галоўная наша задача», — сказаў на заключэнне Прэзідэнт. 

У знак павагі кіраўніку дзяржавы падарылі бестэрміновы сертыфікат на наведванне музея.

Валерыя СЦЯЦКО

Магілёў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю