Гэта ўжо пяты прыезд Iгара Бабушкiна ў Беларусь, што сведчыць аб эфектыўнасцi i паглыбленнi двухбаковага супрацоўнiцтва. Звяртаючыся да кiраўнiка паўднёвага расiйскага рэгiёна, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Iгар Бабушкiн — даўнi, жаданы госць Беларусi, якi добра ведае нашу краiну. «I калi губернатар Расii чарговы раз прыязджае да нас, я гэта вельмi цаню: значыць, у яго ёсць тут пытаннi i, значыць, мы па пэўных кiрунках можам больш глыбока супрацоўнiчаць, — звярнуў увагу кiраўнiк дзяржавы. — Таму я вельмi рады, што вы са сваiмi калегамi прыехалi ў Беларусь. Мы зробiм усё для таго, каб тыя пажаданнi, якiя вы выкажаце, былi рэалiзаваны».
«Па якасцi i цане канкурэнтаў у Астраханскай вобласцi нам няма»
Аляксандр Лукашэнка агучыў асноўныя кiрункi супрацоўнiцтва з Астраханскай вобласцю, у тым лiку разлiчаныя на перспектыву. Найперш гэта пастаўка сельскагаспадарчай тэхнiкi. 70 % трактарнай тэхнiкi ў гэтым расiйскiм рэгiёне — вытворчасцi Мiнскага трактарнага завода.
«Натуральна, трактарам не ўзарэш i не пасееш: патрэбны прычапныя прылады, — заўважыў Прэзiдэнт. — Павiнен вам сказаць, што па якасцi i цане канкурэнтаў у Астраханскай вобласцi нам няма. Таму, калi патрэбна будзе ў гэтым плане супрацоўнiцтва (хаця лiшняга нiчога няма: усе з задавальненнем купляюць, асаблiва афрыканскiя дзяржавы), мы заўсёды для Расii вырабiм хоць у трэцюю, хоць у пятую змену. Для вас заўсёды вырабiм неабходнае прычапное абсталяванне для трактара, для сельгастэхнiкi».
Такi ж прынцып, па словах кiраўнiка дзяржавы, працуе i ў дачыненнi да паставак прадуктаў харчавання з Беларусi. «Вашы спецыялiсты выказвалiся наконт дзiцячага харчавання, iншых прадуктаў харчавання, — гэта не абмяркоўваецца, — адзначыў Прэзiдэнт. — Што вам патрэбна, тое мы будзем iмкнуцца для вас зрабiць».
Астраханская вобласць выказала зацiкаўленасць i ў супрацоўнiцтве з адным з найбуйнейшых вытворцаў малочнай прадукцыi ў Беларусi — прадпрыемствам «Бабушкiна крынка». Размова iдзе аб будаўнiцтве малакаперапрацоўчага завода ў гэтым расiйскiм рэгiёне.
«Калi ў вас ёсць цiкавасць па-ранейшаму да гэтага, скажыце, якi iнвестар з вашага боку будзе, мы гатовы працаваць, — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. — I „Бабушкiна крынка“ пацвярджае гэта iмкненне».
Беларускi лiдар звярнуў увагу на адмоўнае сальда з Астраханскай вобласцю. «Будзем iмкнуцца да таго, каб выраўняць гэта сальда», — адзначыў Прэзiдэнт.
Але ён заўважыў, што па амерыканскiм шляху нi Беларусь, нi Расiя не пойдуць, маючы на ўвазе нядаўнiя рашэннi Прэзiдэнта ЗША па iстотным павелiчэннi пошлiн для шэрагу краiн.
«Дзякуй Богу, што Дональд зразумеў: у эканомiцы справы так не робяцца, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гэта цудоўна разумеем, таму гатовы супрацоўнiчаць, каб павялiчыць паток нашых тавараў у вашу вобласць, каб збалансаваць гандлёвае сальда».
«Будзем разам працаваць, каб вырашыць тую цi iншую праблему»
Кажучы аб пастаўцы ў Астраханскую вобласць пасажырскай тэхнiкi, кiраўнiк дзяржавы канстатаваў, што i ў Расii, i ў Беларусi ад гэтага вiду транспарту не адмовяцца. «Нават краiны далёкага замежжа стаўку робяць не на нейкi асабiсты транспарт, а на аўтобусы, пасажырскi транспарт, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Аўтобусы, тралейбусы, трамваi i iншае — мы гэта ўсё вырабляем. Вельмi высокай якасцi i знешне прыстойнае. Калi ў вас будзе жаданне, вашых спецыялiстаў, вы паглядзiце гатовыя вырабы».
Кiраўнiк дзяржавы дадаў, што шэраг асноўных узораў пасажырскай тэхнiкi экспануецца на пляцоўцы Мiнскага мiжнароднага выставачнага цэнтра, якi днямi рыхтуецца да адкрыцця. «Калi вас нешта зацiкавiць, пальцам пакажыце — будзем разам працаваць, каб вырашыць тую цi iншую праблему», — сказаў беларускi лiдар.
Кажучы аб пастаўках лiфтавага абсталявання, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пастаўкi беларускiх лiфтаў у Астраханскую вобласць павялiчылiся. «Цяпер iдзе перааснашчэнне лiфтавым абсталяваннем ва ўсiх постсавецкiх дзяржавах, — удакладнiў Прэзiдэнт. — Яно тады было ў асноўным з Расii i Беларусi. I мы захавалi гэты завод. Можам для вас зрабiць ад лiфтаў да эскалатараў — усё, што вам спадабаецца. Можаце быць упэўнены, што ў гэтым плане будзем па-ранейшаму вам цiкавымi, зробiм усё для таго, каб гэта абсталяванне вам паступала».
Падчас перагавораў абмяркоўвалася i супрацоўнiцтва ў сферы мелiярацыi. «У вас вельмi вялiкi вопыт у гэтым плане, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы таксама краiна, можна сказаць, мелiяратараў. Вельмi сур’ёзна цяпер працуем. Калi неабходнасць будзе, вы скажыце — дамовiмся. I будзем iмкнуцца i ў вас працаваць, i ваш вопыт прыцягваць у Беларусь».
Асобна Прэзiдэнт закрануў тэму транспарцiроўкi беларускiх грузаў праз астраханскi порт. «У нас ёсць iнтарэс, мы працуем з вамi ў гэтым плане, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ёсць вялiкi iнтарэс. Калi вы нам акажаце падтрымку, будзе ваша згода, мы з задавальненнем будзем працаваць праз астраханскiя парты».
Рэзюмуючы, кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў: «Усё, што мы можам зрабiць для вашай вобласцi, а значыць, для Расii, мы зробiм. Я абяцаў гэта Прэзiдэнту Пуцiну, у тым лiку на перагаворах у Валгаградскай вобласцi. Па многiх прычынах мы абавязаны i павiнны супрацоўнiчаць i рухацца разам, каб забяспечыць свой тэхналагiчны суверэнiтэт, каб людзi разумелi, што мы можам самi, мы можам сваё. Мы аб гэтым дамовiлiся з Прэзiдэнтам. У гэтым плане мы гатовы перш за ўсё працаваць разам з Расiйскай Федэрацыяй».
«Мы гатовы аб’ём перавалкi грузаў значна нарасцiць»
У сваю чаргу губернатар Астраханскай вобласцi Iгар Бабушкiн нагадаў, што iх папярэдняя сустрэча з беларускiм лiдарам, якая адбылася ў снежнi 2021 года, надала дадатковы стымул развiцця памiж Астраханскай вобласцю i нашай краiнай. «Мы падпiсалi пагадненне, сфармiравалi дарожную карту па шматлiкiх кiрунках, — канкрэтызаваў ён. — Вы iх цяпер практычна ўсе агучылi».
Iгар Бабушкiн падкрэслiў, што ў аснове двухбаковых узаемаадносiн ляжыць узаемны тавараабарот. «Мы пастаўляем у Беларусь пладова-агароднiнную прадукцыю, вялiкi аб’ём рыбнай прадукцыi, — канкрэтызаваў губернатар. — З Беларусi да нас iдзе гатовая прадукцыя харчавання, лёгкай прамысловасцi, мэбля».
Кiраўнiк рэгiёна пацвердзiў наладжанасць працэсу транзiту беларускiх грузаў праз парты Астраханскай вобласцi.
«Сёння нашы парты валодаюць патэнцыяльнай магчымасцю перавалкi грузаў у аб’ёме 16 мiльёнаў тон, — звярнуў увагу ён. — Нашы партавiкi мадэрнiзавалi свае магутнасцi пад умовы транзiту грузаў з Рэспублiкi Беларусь у краiны Паўднёва-Усходняй Азii i Персiдскага залiва. Грузы iдуць. Гэта лес, папера, тэхнiка, угнаеннi. Мы гатовы аб’ём перавалкi грузаў значна нарасцiць. Умовы для гэтага вельмi зразумелыя, i мы iх абмяркоўваем у рамках работы нашай сумеснай рабочай групы».
«У гэтым плане мы вызначыліся»
У пачатку сустрэчы з губернатарам Астраханскай вобласцi, падчас якой прысутнiчаў i пасол Расii Барыс Грызлоў, Аляксандр Лукашэнка канчаткова расставiў кропкi над «i» ў пытаннi нашэння i выкарыстання ў Беларусi сiмволiкi георгiеўскай стужкi. Да гэтай тэмы Прэзiдэнт звяртаўся i на перагаворах з Уладзiмiрам Пуцiным у Валгаградзе. Такая ўвага звязана са спробамi ў пэўных колах штучна раскруцiць гэта пытанне, зрабiць прадметам разладу ў беларуска-расiйскiх адносiнах. Разумеючы тэндэнцыю, Аляксандр Лукашэнка прама i адкрыта адрэагаваў, каб спынiць магчымыя iнсiнуацыi.
Прэзiдэнт нагадаў, што сказаў свайму расiйскаму калегу: «Хочаце са стужкамi — калi ласка, хочаце з нашымi стужкамi (беларускiмi. — „Зв.“) — калi ласка. Хто як хоча. Мы ж свае людзi. Мы ж не носiм свастыку, як ва Украiне. Вы прапанавалi нам. У гэтым плане мы вызначылiся. Думаю, свая павiнна быць нейкая адметнасць».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусi праводзяць акцыю «Беларусь памятае», якая падобна на расiйскi «Бяссмяротны полк». «Тое ж самае фактычна, — звярнуў увагу кiраўнiк дзяржавы. — I партрэты нясуць. Хто нясе, хто не нясе — справа кожнага. Мы тады моладзi прапанову ўзялi (гэта было маё рашэнне) — моладзь прапанавала, камсамольцы нашы. Вось яны прапанавалi гэты варыянт. Тым больш, моладзь — будучыня. Добры варыянт. Не ўкраiнскi. Я кажу: «Добра, няма пытанняў. Хтосьцi хоча прайсцi з георгiеўскiмi... Але не трэба супрацьпастаўляць адзiн аднаму. Разам давайце».
«Разам i ходзiм», — адрэагаваў пасол Расii ў Беларусi Барыс Грызлоў.
«Так, гэта i будзе правiльна, — лiчыць Аляксандр Лукашэнка. — А людзi няхай вызначаюцца».
Веранiка КАНЮТА
Фота БелТА
У тэму
У размове з журналiстамi губернатар Астраханскай вобласцi Iгар Бабушкiн дадаў, што з Прэзiдэнтам Беларусi былi яшчэ раз звераны пазiцыi па арганiзацыi ўзаемнага супрацоўнiцтва. «Мы арганiзавалi работу па лiнii аграпрамысловага комплексу: 70 % тэхнiкi нашымi сельгасвытворцамi закупляецца ў Мiнскага трактарнага завода, — канкрэтызаваў ён. — Тры гады таму на тэрыторыi Астраханi быў адкрыты фiлiял гандлёва-сэрвiснага цэнтра Мiнскага трактарнага завода, што дазваляе нам у вялiкiм аб’ёме набываць i тэхнiку, i спадарожную прадукцыю».
Кiраўнiк рэгiёна ўказаў на эфектыўнае ўзаемадзеянне па лiнii жыллёва-камунальнай гаспадаркi з ААТ «Магiлёўлiфтмаш». «Рамантуючы нашы шматкватэрныя дамы, выкарыстоўваем тэхнiку гэтага завода, — удакладнiў ён. — I плануем для наступнага перыяду пастаўкi лiфтаў менавiта Магiлёўскага завода».
Асобнай увагi, па словах Iгара Бабушкiна, заслугоўвае пытанне мiжрэгiянальных сувязяў. «У нас выбудаваны добрыя брацкiя адносiны з Вiцебскай, Магiлёўскай, Брэсцкай абласцямi, — адзначыў ён. — Мы, знаходзячыся на поўднi Расii i практычна з’яўляючыся варотамi на Каспiй, праводзiм форумы, шматлiкiя мерапрыемствы з арганiзацыяй яшчэ большага прасоўвання тавараў з гэтых абласцей на прасторы прыкаспiйскага рэгiёна».
Кажучы аб узаемадзеяннi ў гуманiтарнай сферы, губернатар Астраханскай вобласцi распавёў, што ў рэгiёне з вялiкiм задавальненнем прымаюць беларускiх артыстаў. Астраханскiя артысты, па яго словах, таксама рады выступаць для гледача Беларусi. Гэта ж адносiцца i да спартсменаў.
«Патрыятычнае выхаванне нашай моладзi, заснаванае на прынцыпах памяцi аб Вялiкай Айчыннай вайне, напярэдаднi 80-годдзя Вялiкай Перамогi заслугоўвае асаблiвай увагi, — лiчыць Iгар Бабушкiн. — З 2022 года нашы юныя армейцы 22 чэрвеня наведваюць Брэсцкую крэпасць. Для iх гэта асаблiвая, важная, памятная падзея, якую, упэўнены, будзем працягваць рэалiзоўваць».