Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Мы гатовыя зрабіць усё для Кітайскай Народнай Рэспублікі»

Сяброўства без межаў, падмацаванае эканамічнай базай.


У гэтыя дні нашу краіну з візітам наведвае парламенцкая дэлегацыя Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале з намеснікам старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Цынвэем. Графік у дэлегацыі насычаны, і ключавая падзея ў ім — сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Вітаючы гасцей, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пятніца ў яго ваенны дзень, запланаваныя мерапрыемствы на палігонах. Але ён спецыяльна перанёс актыўнасці, якія меліся адбыцца раніцай, на вечар, каб сустрэцца з кітайскімі сябрамі. Асабліва важная гэтая сустрэча пасля ўдалага візіту беларускай дэлегацыі ў Кітай і перагавораў Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. «Вы добра ведаеце, што нашы з вамі дыпламатычныя, палітычныя адносіны, добрае сяброўства паміж нашымі народамі падмацаваныя сур’ёзнай эканамічнай базай», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу, што Беларусь і Кітай рэалізуюць шмат сумесных праектаў на тэрыторыі нашай краіны. «Мы гатовыя і далей у гэтых адносінах развіваць наша супрацоўніцтва», — запэўніў ён.

Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што ў сучасным свеце вялікае значэнне мае народная дыпламатыя, асновай якой з’яўляецца супрацоўніцтва паміж парламентамі і паміж дэпутатамі. «Такую ролю нашы парламентарыі адыгрываюць яшчэ і таму што яны знаходзяцца на пярэднім краі. Яны непасрэдна сутыкаюцца з праблемамі народаў. А мы з вамі народныя дзяржавы будуем. Таму нам вельмі важна ведаць настрой людзей і дзейнічаць у інтарэсах гэтых людзей», — адзначыў ён.

«Мы заўсёды адказвалі і адказваем на вашу падтрымку»

«Мы вельмі ўдзячныя ўладам Кітайскай Народнай Рэспублікі і кіраўніцтву Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, кіраўнікам парламента за тую каласальную падтрымку, якую вы нам аказваеце на міжнароднай арэне. І вы ж цудоўна ведаеце, што мы заўсёды адказвалі і адказваем на вашу падтрымку па ўсіх пытаннях Кітайскай Народнай Рэспублікі ў міжнародных арганізацыях, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — На сустрэчы са Старшынёй Сі Цзіньпінам мы дамовіліся, што зробім усё для таго, каб ніякія штормы і завірухі не маглі разбурыць наша адзінства, каб мы і далей, як гэтыя 30 гадоў, мы развівалі нашы адносіны і паглыблялі. Вы павінны ведаць, што беларусы гатовыя зрабіць усё для Кітайскай Народнай Рэспублікі, што ў яе інтарэсах на нашай тэрыторыі ў цэнтры Еўропы». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з нашага боку мы зробім усё для ўмацавання дружбы паміж беларускім і кітайскім народамі.

«Мы ганарымся, што ў нас ёсць такі сябар»

Чжан Цынвэй перадаў беларускаму лідару прывітанне ад Старшыні КНР. Ён адзначыў, што ў Кітаі добра ведаюць Аляксандра Лукашэнку. «І мы ганарымся, што ў кітайскага народа ёсць такі добры і даўні сябар, — сказаў ён. — У апошнія гады менавіта дзякуючы стратэгічнаму кіраўніцтву лідараў дзвюх дзяржаў на высокім узроўні развіваюцца кітайска-беларускія адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Наш кітайскі бок выказвае гатоўнасць сумесна з беларускім бокам разглядаць дамоўленасці на вышэйшым узроўні як асноўнае кіраўніцтва для прымнажэння традыцыйнай дружбы і паглыблення ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, а таксама для ўшчыльнення ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне ў мэтах мадэрнізацыі нашых краін і адраджэння нашых нацый»

Чжан Цынвэй расказаў, што раніца дэлегацыі ў Мінску пачалася з ускладання вянкоў да манумента Перамогі. У сувязі з гэтым

ён павіншаваў беларускага лідара з 80-й гадавінай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «Беларускі народ прыняў удар, праявіў гераізм і патрыятызм. Гэта не можа не выклікаць у нас захаплення. Мы высока цэнім уклад беларускага народа ў перамогу ў сусветнай антыфашысцкай вайне. Няўхільна забяспечваючы мір ва ўсім свеце, кітайскі бок гатовы сумесна з беларускім бокам цвёрда стаяць на варце вынікаў перамогі ў Другой сусветнай вайне і міжнароднай справядлівасці, фарміраваць супольнасць адзінага лёсу чалавецтва», — запэўніў Чжан Цынвэй.

Валерыя СЦЯЦКО.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю