Перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Мурманскай вобласцю абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці
Калі на мінулым тыдні пашырэнне ўзаемадзеяння з нашым ключавым партнёрам, Расійскай Федэрацыяй, закраналася на самым высокім узроўні і прадугледжвала вырашэнне шырокага спектра пытанняў для далейшага паспяховага развіцця Саюзнай дзяржавы, то на пачатку тыдня асаблівае гучанне набывае ўзмацненне партнёрства з канкрэтным расійскім рэгіёнам. Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам, падчас якой кірункі супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам былі вызначаны больш прадметна. Размова ў Палацы Незалежнасці вялася як аб прамысловай кааперацыі і ўзаемадзеянні ў сельскай гаспадарцы, так і аб сумесных намаганнях па захаванні гістарычнай памяці.

«Беларусь для Расіі не чужая»
Вітаючы кіраўніка расійскага рэгіёна, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Мурманскай вобласцю пасля папярэдняй сустрэчы Прэзідэнта з губернатарам вырас у два разы, што не можа не сведчыць аб эфектыўнасці такой формы работы.
«Мы з Мурманскай вобласцю гатовы працаваць так, як гатова на гэта Мурманская вобласць, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы вас не лічым далёкім арктычным рэгіёнам. Хаця ён арктычны, але недалёкі для нас. Мы гатовы з вамі будаваць адносіны не толькі на аснове паставак сваёй прадукцыі ў ваш край (хаця гэта таксама важна), але і ствараць сумесныя прадпрыемствы для таго, каб атрымліваць выгаду ўсім нам».
Гаворачы аб далейшым супрацоўніцтве з рэгіёнам, Прэзідэнт канстатаваў, што ў Мурманскай вобласці цудоўна ведаюць магчымасці нашай краіны. Сярод прыярытэтных кірункаў узаемадзеяння беларускі лідар назваў пасажырскую і спецыяльную тэхніку, харчаванне, сельскую гаспадарку, ліфты.
«Мы гатовы па ўсіх гэтых кірунках з вамі супрацоўнічаць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш, мы вельмі інтэнсіўна працуем над тым, каб сысці ад усяго імпартнага, заходняга — з тых краін, якія ўвялі супраць нас санкцыі. Мы паспяхова гэта практычна зрабілі. Гэта датычыцца найперш прамысловасці па некаторых камплектуючых і вузлах. Таму ў гэтай частцы вы можаце разлічваць на Беларусь».
Па словах кіраўніка дзяржавы, ён заўсёды аддае перавагу айчынным, а не імпартным таварам. «Імпартнае можа быць дзесьці ўзроўнем вышэй, але гэта чужое, — патлумачыў Прэзідэнт. — Калі раптам нешта, гэта трэба за трыдзявяць зямель шукаць, і не ўсё так проста. А тут, у сябе... Беларусь для Расіі не чужая. Гэта сваё. У любы момант мы можам паставіць любую дэталь, якая выйшла са строю ў нашай тэхніцы, можам паставіць вам патрэбную колькасць прадуктаў харчавання, адзенне, калі гэта патрэбна будзе для вас. Хаця вы паспяхова, я ведаю, вырашаеце любыя праблемы. Наогул, вы ведаеце, чым багатая Беларусь, чым яна можа дапамагчы рэгіёнам Расіі і наперш блізкім нам рэгіёнам — такім, як Ленінградская вобласць, Піцер, і, натуральна, Мурманск».

«Сваё трэба абараняць»
Па словах кіраўніка дзяржавы, дзверы Беларусі заўсёды адчынены для расійскіх рэгіёнаў. Мурманская вобласць — не выключэнне. Па любых кірунках наш бок гатовы падключыцца і працаваць.
«Мы зусім нядаўна з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі гэту тэму, — удакладніў беларускі лідар. — Тут у нас увогуле няма ніякіх праблем. Давайце рухацца наперад, але, самае галоўнае, бачыць свой інтарэс. Вы бачыце, як развіваюцца падзеі ў свеце. Трэба абараняць сваю зямлю, сваіх людзей і бачыць перш за ўсё свой інтарэс».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэту пазіцыю ён выказвае на любой сустрэчы з кіраўніцтвам Расіі. Беларускі лідар арыентуе на тое, што нам трэба пазбавіцца ад пэўнай залежнасці іншых краін, асабліва крытычнай залежнасці.
«Сваё трэба абараняць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — З’явіўся „тавар Саюзнай дзяржавы“. У гэтым кірунку трэба рухацца і не ствараць дадатковых бар’ераў».
Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь і Расія ідуць да адзінай мэты, ведаюць, чаго хочуць. «Мы абавязкова даб’ёмся сваіх мэт, паколькі гэта мэты і інтарэсы нашых народаў — расіян і беларусаў, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Я вельмі прасіў бы, каб вы, Андрэй Уладзіміравіч, зыходзілі з гэтага. Вы чалавек хоць малады, але вопытны. Я ўпэўнены, што мы дасягнём з вамі пэўных вынікаў, калі будзем арыентаваны на інтэнсіўнае супрацоўніцтва паміж вашым рэгіёнам і Беларуссю».

«Гэта наша агульная Перамога, і мы павінны яе бачыць, шанаваць»
Асаблівая ўвага падчас сустрэчы была ўдзелена агульнаму гістарычнаму мінуламу Беларусі і Мурманскай вобласці. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў факт, што на тэрыторыі Мурманскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў класік беларускай літаратуры Іван Шамякін. «Гэта сведчыць аб тым, што ў нас ёсць і былі людзі, якія звязваюць нас. І вельмі моцна», — адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў асаблівую ролю Мурманска ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Вароты па абароне нашай агульнай Айчыны, нашага Савецкага Саюза і вароты па пастаўках патрэбнага, вельмі патрэбнага для нас абсталявання і ваеннай тэхнікі, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — У тым ліку і дзякуючы гэтаму Мурманск пакрыў сябе неўміручай славай. Загінула там нямала людзей. Таксама, як і Беларусь, вы ад гэтай вайны напакутаваліся, пацярпелі. Гэта наша агульная Перамога, і мы павінны яе бачыць, шанаваць. Ні ў якім разе не выкідваць яе кудысьці за борт».
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка прывёў некаторыя выпады балтыйскіх дзяржаў, а таксама Украіны, звязаныя з разбурэннем усяго, што мае дачыненне да падзей Вялікай Айчыннай вайны. «Па-зямному думаю: ну, навошта вы вялікую гордасць свайго народа выкідваеце на сметніцу, — адзначыў Прэзідэнт. — Вы навошта гэта робіце? Гэтым трэба ганарыцца».
На агульнае мінулае нашай краіны з гэтым расійскім рэгіёнам, па словах кіраўніка дзяржавы, указваюць і іншыя факты. «Калісьці мы ўвогуле не дзялілі Мурманскую вобласць з Беларуссю, асабліва што датычыцца ваенна-марскога флоту, — канстатаваў ён. — Як на Балтыцы, так і ў вас служылі нашы хлопцы з Беларусі. І яны ганарацца гэтым».
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што калі беларускія грамадзяне будуць мець жаданне служыць у ваенна-марскім флоце, ніхто ў Расіі перашкаджаць гэтаму не будзе.
У сваю чаргу, губернатар Мурманскай вобласці Андрэй Чыбіс выказаў удзячнасць беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы. «Тым больш, сустрэча праходзіць праз некалькі дзён пасля вялікай падзеі (Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. — „Зв.“), прысвечанай акурат развіццю Саюзнай дзяржавы, — заўважыў ён. — Вялікія словы ўдзячнасці за тыя словы, якія вы сказалі пра горад-герой Мурманск. Сёння з улікам таго, што адбываецца ў свеце, вядома, горад Мурманск — глыбакаводны, незамярзаючы порт, апорны порт Паўночнага марскога шляху — набывае яшчэ большае значэнне і для нашай краіны, і для нашых партнёраў, нашых сяброў».
Даслоўна
«Ёсць вялікае поле для партнёрства з нашымі беларускімі калегамі»
Як адзначыў у размове з журналістамі губернатар Мурманскай вобласці Андрэй ЧЫБІС, падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі падрабязна абмяркоўваліся пытанні магчымасці выкарыстання патэнцыялу Паўночнага марскога шляху, трансарктычнага транспартнага калідора, у цэлым развіццё Арктыкі.
«Для нашай краіны гэта з’яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў, — звярнуў увагу кіраўнік рэгіёна. — Самае галоўнае, што тут ёсць вялікае поле для партнёрства з нашымі беларускімі калегамі. Дэталёва, падрабязна мы абмеркавалі розныя варыянты развіцця лагістыкі грузаў і ў Беларусь, і з Беларусі праз порт Мурманска, праз Паўночны марскі шлях».
Па словах Андрэя Чыбіса, праект па будаўніцтве там беларускага тэрмінала з’яўляецца няпростым. У прыватнасці, адна са складанасцяў звязана з прапускной здольнасцю чыгункі для дастаўкі грузаў у порт. «Мы гэта вельмі дэталёва прагаварылі ў закрытай частцы сустрэчы, — праінфармаваў губернатар Мурманскай вобласці. — Дамовіліся аб тым, што з калегамі на ўзроўні ўрада яшчэ раз вельмі ўважліва палічым усе магчымыя мадэлі. Аляксандра Рыгоравіча вельмі сур’ёзна зацікавіла не толькі магчымасць экспарту беларускіх грузаў праз порт Мурманска, а і ў тым ліку атрыманне грузаў з Кітая праз транзіт. Магчымасць адпраўкі грузаў у адзін бок і атрымання грузаў з Азіі дакладна дае магчымасць праекту зажыць. Хоць час няпросты з пункту гледжання інвестыцый, гэта наш стратэгічны праект».
Мурманская вобласць зацікаўлена ў задзейнічанні беларускіх вучоных у даследаваннях рэдказямельных металаў на Кольскім паўвостраве ў Арктыцы. «Кольскі паўвостраў — гэта амаль 80 % табліцы Мендзялеева, — удакладніў ён. — Гэта тое, што вядома. Даследаванні працягваюцца. У гэтым сэнсе рэдказямельныя металы, мінеральныя рэсурсы, якія ёсць у Арктыцы, перш за ўсё на Кольскім паўвостраве, — таксама магчымая тэма для сумесных праектаў».
Супрацоўніцтва ў гэтай сферы пазней было абмеркавана падчас сустрэчы мурманскай дэлегацыі з кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук. «Гэта адна з магчымых тэм і перспектыў для супрацоўніцтва, — перакананы Андрэй Чыбіс. — Для таго, каб з’яўляліся новыя тэхналогіі, каб больш эфектыўна здабываць мінеральныя рэсурсы, без якіх і сапраўдная эканоміка, і эканоміка будучых пакаленняў немагчымыя».
Рэзюмуючы, кіраўнік расійскага рэгіёна адзначыў, што дынаміка ўзаемадзеяння Беларусі і Мурманскай вобласці вельмі станоўчая, патэнцыял для супрацоўніцтва высокі.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА