Top.Mail.Ru

Прэзідэнт: Мы ўсяляк будзем садзейнічаць развіццю Херсоншчыны

Прэзідэнт — аб перспектывах супрацоўніцтва з новым расійскім рэгіёнам.

Вітаючы губернатара Херсонскай вобласці Уладзіміра Сальда ў Беларусі, які ў нашай краіне не ўпершыню, але ў якасці губернатара першы раз, Аляксандр Лукашэнка агучыў канкрэтныя кірункі ўзаемадзеяння з гэтым расійскім рэгіёнам. Сярод іх — абмен вопытам у сельскай гаспадарцы і прамысловасці.

1111_result.jpg

Ад плодаагародніннай да машынабудаўнічай прадукцыі 

«Ведаю, вы хочаце пазнаёміцца з нашымі прадпрыемствамі і паглядзець на ўсё тое, што, магчыма, вам спатрэбіцца ў вобласці, — пачаў размову кіраўнік дзяржавы. — Я вельмі ўважліва назіраю, як развіваюцца падзеі на новых тэрыторыях Расіі. Вы гэта добра ведаеце. Асабліва Херсонская вобласць. Гляджу за вашымі паездкамі. Мяне крыху здзіўляе тое, што ў гэтай сітуацыі, калі не проста пастрэльваюць, а ідзе вайна на вашай зямлі, вы і хлеб убіраеце, і займаецеся іншымі пытаннямі». 

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь усяляк гатова садзейнічаць Херсонскай вобласці ў будаўніцтве, развіцці сельскай гаспадаркі, пастаўцы неабходнай тэхнікі. «Я вельмі добра ведаю, якую ўвагу ўдзяляе Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін развіццю гэтых рэгіёнаў, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ідзе прыстойнае фінансаванне».

0894-3_result.jpg

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што па суадносінах цаны і якасці такой прадукцыі, як з Беларусі, для Херсонскай вобласці не будзе. «Тым больш, мы гатовы ствараць сервісныя цэнтры для таго, каб абслугоўваць нашу перш за ўсё прадукцыю машынабудаўнічага кірунку, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Калі вам нешта спатрэбіцца ў галіне сельскай гаспадаркі, вы скажыце, мы абавязкова будзем падтрымліваць з вамі адносіны ў гэтым плане».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што і беларусы гатовы купляць у Херсонскай вобласці тое, што не вырабляецца ў нашай краіне. «Асабліва плодаагароднінную прадукцыю, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Калі такая магчымасць ёсць, я гатовы накіраваць у Херсонскую вобласць спецыялістаў для таго, каб паглядзелі і абмеркавалі з вамі тое, што мы можам набыць».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наперадзе ў Беларусі і Херсонскай вобласці — вялікі аб’ём работы. «Вы павінны ведаць, што мы ўсяляк будзем садзейнічаць развіццю вашай вобласці. Настолькі, наколькі мы гэта зможам», — рэзюмаваў ён. 

«Гэта рабочая паездка накіравана на перспектыву развіцця»

Найперш губернатар Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда перадаў беларускаму лідару словы падзякі ад херсонцаў, усіх жыхароў рэгіёнаў, якія вярнуліся на гістарычную радзіму. 

«Мы ўсе бачым, колькі вы робіце для таго, каб было дасягнута ўзаемапаразуменне, для таго, каб на нашай зямлі працягвалася мірнае развіццё, — падкрэсліў губернатар. — Так, у нас цяпер няпроста, ідзе спецыяльная ваенная аперацыя. Але тым не менш, людзі жывуць, людзі працуюць (вы бачыце, ведаеце пра гэта), убіраюць хлеб, нягледзячы на тое, што праціўнік перашкаджае гэтаму, спрабуе перашкаджаць мірнаму працэсу. Тым не менш, парасткі мірнага жыцця прабіваюцца». 

Уладзімір Сальда адзначыў, у Беларусі ён не адчувае сябе госцем. «Я прыехаў да сваіх сяброў», — удакладніў ён. 

«Дык вы і не госць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы з вамі — савецкія людзі, шмат працавалі ў адзінай дзяржаве. Гэта ваша зямля. Так, як Украіна і Херсонская вобласць — таксама мая зямля».

«У нас адзін народ, і будзем лічыць, што гісторыя так распарадзілася, што менавіта цяпер гэтыя палітычныя працэсы пачалі зрухі і нам пашанцавала жыць у гэты час, — дадаў губернатар Херсонскай вобласці. — Кожнаму дадзена жыць у свой час». 

«Лепш мы, чым нашы дзеці і ўнукі», — заўважыў беларускі лідар. 

Губернатар Херсонскай вобласці выказаў упэўненасць, што ў хуткім часе сітуацыя выйдзе ў мірнае рэчышча. «Гэта рабочая паездка накіравана на перспектыву развіцця, аднаўлення ўсяго таго, што, на жаль, разбурана», — канстатаваў ён.

MGUK0946_result.jpg

Даслоўна

Ад машынабудавання і сельскай гаспадаркі — да турызму 

У размове з журналістамі губернатар Херсонскай вобласці Уладзімір САЛЬДА звярнуў увагу на тое, што Херсонская вобласць — гэта аграрны рэгіён, які на цяперашнім этапе патрабуе істотнага абнаўлення парку сельскагаспадарчай тэхнікі. Ён праінфармаваў, што большая частка іх тэхнікі — заходняй вытворчасці. З-за адсутнасці доступу да запчастак тэхніка практычна не працуе. У гэтай сувязі Херсонская вобласць разлічвае аднавіць кааперацыю з беларускімі прадпрыемствамі.

«Аляксандр Рыгоравіч дакладна сказаў: вы пазнаёмцеся з усімі нашымі распрацоўкамі, прадпрыемствамі, якія вырабляюць сусветна вядомую прадукцыю, — агучыў дэталі перагавораў з беларускім лідарам губернатар. — Няма, напэўна, такога населенага пункта або вёскі ў Херсонскай вобласці, як і ва ўсёй нашай неабсяжнай Радзіме, дзе не ведалі б, што такое трактар „Беларус“. Беларуская машынабудаўнічая галіна паказвае, што яна ўмее вырабляць самыя сучасныя ўзоры тэхнікі». 

Уладзімір Сальда адзначыў, што нягледзячы на баявыя дзеянні на тэрыторыі Херсонскай вобласці, жыхары рэгіёна займаюцца сельскай гаспадаркай. «Разглядаецца і ўжо праектуецца стварэнне тэхнапарку ў Херсонскай вобласці, — праінфармаваў ён. — Менавіта на тэрыторыі гэтага тэхнапарку мы ўжо агаворваем магчымасць паставіць тэхнічныя цэнтры абслугоўвання беларускай тэхнікі, якая знойдзе сваё месца сярод прадстаўнікоў аграрнага бізнесу».

Патрэбны херсонскім аграрыям калійныя і іншыя ўгнаенні беларускай вытворчасці. «Гэта тое, чым Беларусь можа забяспечыць Херсонскую вобласць і нашых аграрыяў», — удакладніў кіраўнік рэгіёна.

Кажучы аб узаемным інтарэсе, Уладзімір Сальда нагадаў, што Херсонская вобласць славіцца прадукцыяй сельскай гаспадаркі. «Гэта вырашчаная на паўднёвых землях гародніна, садавіна, таксама вядомыя на ўсёй вялікай прасторы былога Савецкага Саюза, — канкрэтызаваў ён. — Гэта памідоры, кавуны, дыні, персікі, інжыр і ўсё, што расце ў нашых паўднёвых краях». 

Вялікія перспектывы супрацоўніцтва і ў турыстычнай сферы. «У Херсонскай вобласці ёсць узбярэжжы двух мораў — Азоўскага і Чорнага, — канстатаваў губернатар. — Гэта цудоўныя месцы для адпачынку: запаведнікі, тэрмальныя крыніцы».

Аднаўленне ўсёй гэтай сістэмы адпачынку, санаторна-курортнага лячэння таксама абмяркоўвалася падчас сустрэчы губернатара гэтага рэгіёна з Аляксандрам Лукашэнкам. Херсонская вобласць гатова выдзеліць беларусам месцы для адпачынку. Размова ідзе і пра перадачу часткі ўзбярэжжа беларусам, каб мы пабудавалі там свае базы, санаторыі, якія будуць карысныя жыхарам Беларусі.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю