«Беларусь гатова зрабіць для Кубы ўсё, на што здольная і што дазваляе абстаноўка»
Размова адбылася на палях саміту ЕАЭС у Астане, перад пасяджэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Па рашэнні ВЕАЭС са студзеня 2021 года Куба мае статус дзяржавы — назіральніцы пры Еўразійскім эканамічным саюзе. Напярэдадні сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі віцэ-прэзідэнт Кубы ў ліку кіраўнікоў замежных дэлегацый прыняў удзел у V Еўразійскім эканамічным форуме.
«Дарагі сябар, мы добра дасведчаныя аб тым, што адбываецца вакол нашай дружалюбнай краіны, — звярнуўся беларускі лідар да віцэ-прэзідэнта Кубы Сальвадора Вальдэса Месы. — Але вы павінны ведаць, што сяброў у вас у свеце шмат, у тым ліку Беларусь. Мы сёння гатовы для Кубы зрабіць усё, на што мы здольныя і што дазваляе абстаноўка. Па меншай меры, тое, аб чым мы з вамі дамовіліся (ужо падпісаны не мемарандумы аб намерах, а канкрэтныя кантракты), мы свята будзем выконваць».
Па словах кіраўніка дзяржавы, калі ў кубінскага боку будуць пэўныя дадатковыя прапановы, беларускі бок гатовы іх неадкладна разгледзець і даць адказ у адпаведнасці з той сітуацыяй, якая сёння складваецца. «І з тымі магчымасцямі, якія мы можам рэалізаваць, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — У час нашай сустрэчы мы абмяркуем усе гэтыя пытанні».
У сваю чаргу, Сальвадор Вальдэс Меса перадаў Прэзідэнту Беларусі прывітанне ад генерала арміі Рауля Кастра і Прэзідэнта Кубы Мігеля Дыяса-Канеля Бермудэса.
«Не забудзьцеся ім перадаць самыя добрыя пажаданні і — мужнасці», — адзначыў беларускі лідар.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта