Славяне холаду не баяцца
Вітаючы гасцей у Беларусі, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на марознае надвор’е, якое ўстанавілася ў нашай краіне. «Мы холаду не баімся, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае, каб цеплатрасы ў нас вытрымлівалі. Вось я „хварэю“ зараз гэтым пытаннем. Кажуць, недзе там пад Мінскам нешта пад раніцу ўцечку стала даваць. Цеплатраса — павысілі ціск... Як звычайна. І я падумаў тры дні таму: думаю, трэба папярэдзіць начальнікаў... Але, мусіць жа, ведаюць: ну дайце вы крышку халаднейшы цепланосьбіт — ваду ці яшчэ нешта, але каб яна была пастаянна. Горш будзе, калі ціск павысіць, але цяпла не будзе ўвогуле (у выпадку прарыву цеплатрасы пры занадта высокіх тэмпературы і ціску. — "Зв.")», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што цяпер знайшлі рэзервовыя крыніцы для вырашэння праблемы лакальна. Але ў цэлым ён раіць у такіх сітуацыях не перашчыраваць з тэмпературай, каб захаваць ацяпляльную сістэму. «Ну калі б не 90 градусаў вада ў трубах, а 80 і ціск меншы, — крыху халадней было б у пакоі. Не 25, а 20 градусаў. Дастаткова ў доме», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Праблемы ў нас па дробязях. Мы ж славянскія людзі, умеем гэта рабіць: праблемы сабе стварыць, а потым іх гераічна пераадольваць. Замест таго, каб загадзя падумаць. Мы ўжо даўно забыліся пра такую зіму, калі і снег ёсць, і мароз. Мы рады, з аднаго боку, што снегу было шмат. Людзі паказалі, што ўмеюць снег чысціць, і дзеткам паказалі, што такое сапраўдная зіма. З іншага боку, і праблем дабавілася», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
«Нарэшце, Еўропа зразумела, дзе іх шчасце»
У гэтай сувязі Прэзідэнт заўважыў, што нашы праблемы несупастаўныя з тым, з чым сутыкаюцца ў іншых краінах. «Мы, вядома, не радуемся, што ў Еўропе праблем больш, чым у нас, — канкрэтызаваў ён. — І яны нікуды не дзенуцца, каб купляць з Усходу газ, а не толькі з заходняга паўшар’я ў пяць разоў даражэй, чым Расія заўсёды прапаноўвала. Мы не радуемся. Але, я шчыра кажучы, задаволены тым, што, нарэшце, Еўропа зразумела, дзе іх шчасце».
Задоўга да ўсялякіх праблем, якія склаліся ў краінах Еўрапейскага саюза, беларускі лідар публічна гаварыў аб тым, што месца Еўропы разам з Беларуссю і Расіяй. «Гэта наш дом, тут трэба шукаць шчасце, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Не зразумелі. А калі і зразумелі, духу не хапіла, каб гэта рэалізаваць».
Прэзідэнт звярнуў увагу на словы федэральнага канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца, які заявіў аб правядзенні Еўрапейскім саюзам уласнай палітыкі. «І калі амерыканцы ўвядуць пошліны, то яны гатовы адказаць ім вялікімі пошлінамі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Можа быць, Еўропа, нарэшце, зразумела, што ёй трэба быць суб’ектам міжнародных адносін. Дай бог. Я не хачу, каб была канфрантацыя з амерыканцамі, але Еўрапейскі саюз — гэта магутнае аб’яднанне, высокатэхналагічнае. Ну, будзьце вы вартымі таго, каб звацца Еўрапейскім саюзам. Там жа разумныя людзі жывуць: мінімум 700 мільёнаў чалавек. Вялізная колькасць людзей. Давайце супрацоўнічаць. Што мы скоса глядзім адзін на аднаго?»
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь і Расія хочуць быць мостам паміж Усходам і Захадам, як заўсёды гэта было. «Толькі нас дзяліць не трэба, — папярэдзіў ён. — Нас ужо цяжка падзяліць. У абаронным плане мы з Расіяй як адзінае цэлае, і глядзець асобна на Беларусь і асобна на Расію няма ніякага сэнсу. Камусьці хочацца, можа быць, але так не будзе. Мы гатовы абараняць свае інтарэсы. А Гасподзь нам заўсёды дапаможа. Вось як у цяперашні час».
«Трэба арыентавацца на сваё»
Гаворачы аб узаемадзеянні Беларусі з Кіраўскай вобласцю, Прэзідэнт адзначыў, што паміж гэтым расійскім рэгіёнам і нашай краінай склаліся добрыя адносіны. «Мы і ментальна блізкія адно аднаму, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка — У нас нават плошча Ванеева ў Мінску, ураджэнца вашага. Гэта наш чалавек». Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі не знеслі ніводнага помніка, з павагай адносяцца да спадчыны мінулых пакаленняў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі няма нават самага маленькага помніка, які б не даглядалі школьнікі, дарослыя. Гэта датычыцца як гарадоў, так і невялікіх сельскіх населеных пунктаў.
Што датычыцца эканамічнага ўзаемадзеяння з Кіраўскай вобласцю, беларускі лідар адзначыў, што аб’ём тавараабароту невялікі, на што ёсць суб’ектыўныя прычыны. Але ў той жа час наладжаны добры тэмп узаемнага гандлю. Як акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, калі такімі тэмпамі будзе развівацца супрацоўніцтва, то тавараабарот у бліжэйшы час можа быць падвоены.
«Мы ў адной лодцы, — канстатаваў беларускі лідар. — Як мы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным вызначыліся, арыентавацца трэба на сваё. Санкцыі, не санкцыі — трэба арыентавацца на сваё».
У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў вядомую прадукцыю сусветнага ўзроўню, вырабленую на беларускіх прадпрыемствах. Гэта і рагачоўская згушчонка, і цукеркі «Любімая Алёнка», якія не маюць патрэбы ў рэкламе. Гэта датычыцца і беларускіх камбайнаў, высокім попытам карыстаюцца і аўтамабілі «Белджы», якія ў Расіі займаюць трэцяе месца па продажах.
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што гэты народны аўтамабіль стваралі найперш для беларусаў і расіян з сярэднім даходам. «Стварылі добры аўтамабіль, калі хочаце — паглядзіце, — прапанаваў губернатару Прэзідэнт. — Значыць, ёсць што прадаваць. Мы можам прадаваць. Трэба арыентавацца на сваё. Бо, як я гавару, з агню ў полымя мы можам ускочыць хутка, вось як адтуль потым выбірацца... Будзе як з Захадам. Таму трэба вырабляць сваё».
У якасці паспяховага супрацоўніцтва з Расіяй у сферы імпартазамяшчэння Прэзідэнт прывёў мікраэлектронную прамысловасць, якая запатрабавана як у ваеннай, так і ў грамадзянскай тэхніцы. Наладжана сумесная вытворчасць маламерных суднаў для рэк і азёр. У перспектыве плануецца наладзіць выпуск і буйных суднаў.
«Мы самалёт вырабім разам з расіянамі „Асвей“, ён нам патрэбны, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Я не гавару пра „абаронку“: шмат што робім. Па іншых кірунках. Таму трэба арыентавацца на сваё. Дзесьці і пацярпець. У нас людзі такія — калі яны будуць бачыць перспектыву, яны пацерпяць. Але трапляць у залежнасць нам ні ў якім разе нельга. Сяброў вакол вельмі мала. А калі і ёсць, то ёсць пэўныя праблемы. Венесуэльцы не былі нам ворагамі. Думаем, як дапамагчы, не кінуць гэту краіну, бо сяброў страчваць нельга. Але тут (з Расіяй. — „Зв“.) побач. Трэба нам сваю прастору больш надзейна абараняць. Трэба больш актыўнымі тут быць».
У гэтай сувязі Прэзідэнт звярнуў увагу на прамалінейнасць амерыканскага лідара, які адкрыта гаворыць, што ЗША патрэбна Венесуэла, бо там ёсць нафта, што ім для абароны неабходная Грэнландыя, дзе, акрамя ўсяго, ёсць рэдказямельныя металы, нафта і газ. «Ён (Дональд Трамп. — „Зв“.) адкрыта пра гэта гаворыць, што дыпламаты не прымаюць, ды і я, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ты памаўчы ўжо, што там нафта, кажы, што там наркабароны, змагайся супраць іх. А ён у адкрытую гаворыць: яму трэба нафта».
Адкрыта Дональд Трамп, як звярнуў увагу беларускі лідар, гаворыць і пра тое, што чакае еўрапейцаў, калі яны не будуць набываць у амерыканцаў нафтапрадукты. «А мы чагосьці баімся, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Чаго баяцца? Працаваць трэба, з кіраўчанамі ў тым ліку, каб яны куплялі тваю прадукцыю. Па якасці, па цане каб яна была прымальная для кіраўчан. Трэба арыентавацца на сваё. Так, кітайскае — добра. Але нам сваё трэба ствараць».
«Мы павінны гандляваць»
Прэзідэнт адзначыў, што магчымасці беларускай тэхнікі расіянам добра вядомыя. «Калі ў вас ёсць жаданне, вы паглядзіце гэтыя ўзоры і на Мінскім аўтазаводзе, і на Белкамунмашы, — дадаў ён. — І пасажырская тэхніка ў нас нядрэнная. Прытым на розных відах паліва. І электрамабілі (мы цяпер актыўна гэтым займаемся), і электробусы — розная пасажырская тэхніка. Паглядзіце, калі яна вам падыходзіць, мы гатовы з вамі супрацоўнічаць».
Многія краіны маюць патрэбу ў ліфтах беларускай вытворчасці. «Без Беларусі нікуды, бо ў савецкія (дамы. — „Зв.“), а іх больш за палову і ў вас, і ў нас, не ўпіхнеш гэтыя сучасныя ліфты, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — А мы ўмеем рабіць і робім. Праўда, цяпер такая чарга салідная за ліфтамі. І Казахстан, і іншыя постсавецкія рэспублікі — час прыйшоў іх (ліфты. — „Зв“.) замяніць, але Расія ў нас у першую чаргу забяспечваецца гэтымі таварамі».
Перспектыўным кірункам супрацоўніцтва, па словах кіраўніка дзяржавы, бачыцца і перапрацоўка торфу. «У нас і ў вас запасы вялізныя, і не толькі для таго, каб спальваць (гэта мы навучыліся), — удакладніў ён. — У бліжэйшы час мы пабудуем некалькі аграгарадкоў, з лесу пабудуем шматпавярховыя дамы ў вёсцы. Яны вельмі зручныя, кампактныя, але забяспечаны будуць палівам з драўніны. У нас жа шмат і ў вас прападае гэтага дабра ў лесе. А гэта ўсё трэба перапрацоўваць. Мы навучыліся гэта рабіць і будзем рабіць з дабаўленнем торфу. Гэта добры экспартны складнік. У нас торфу шмат купляюць, асабліва кітайцы».
Па словах беларускага лідара, вельмі важна супрацоўнічаць разам для таго, каб набываць новыя тэхналогіі ў торфаздабычы, у распрацоўцы і спажыванні.
Перспектыўным, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, з’яўляецца і ўзаемадзеянне ў галіне сельскай гаспадаркі. «Мы ўдзяляем асаблівую ўвагу развіццю сельскай гаспадаркі, бо гэта харчовая бяспека, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Чалавеку трэба паесці, апрануцца — гэта найперш, таму мы ўдзяляем гэтаму вельмі сур’ёзную ўвагу».
Беларусь гатова падзяліцца вопытам будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што за гэту пяцігодку наша краіна поўнасцю сыдзе ад старых фермаў. «Карова павінна стаяць у палацы, бо ад каровы і малако, і мяса — усё ад яе, — лічыць Прэзідэнт. — Таму ў бліжэйшы год-два мы ўсіх кароў паставім у комплексы, а за пяцігодку пяройдзем на комплекснае ўтрыманне жывёлы».
Паспяховым для пераймання з’яўляецца і вопыт Беларусі па вырошчванні і перапрацоўцы мяса індычкі. «Прывучаем людзей да індычкі, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Гавораць, што карыснае мяса. Вось „Знак якасці“ ў нас прадукцыя з індычкі атрымала».
Падобным досведам беларускі бок можа падзяліцца з кіраўчанамі па кожным кірунку: ад раслінаводства да рэалізацыі прадукцыі. «У нас адна Айчына, мы павінны гандляваць, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Ёсць яшчэ шэраг праблем, якія трэба вырашаць. Але мы іх з Прэзідэнтам Пуціным вырашым. Галоўнае, каб нас разумелі і губернатары, і кіраўнікі прадпрыемстваў, што трэба сваё. Тэхналогіі. Слухайце, столькі тэхналогій у нас. І з савецкага часу, якія мы проста выкінулі, забыліся, кінуўшыся на заходняе. А зараз зразумелі, што ў нас жа былі нармальныя тэхналогіі, і яны сёння жывыя і здаровыя, іх трэба выкарыстоўваць. Трэба рабіць сваё. Мы можам забяспечыць сваю незалежнасць практычна па ўсіх кірунках».
«Трэба ісці да таго, каб на гэтай зямлі быў мір»
Аляксандр Лукашэнка асобна закрануў пытанне канфлікту ва Украіне. «З вайной мы разбяромся, — адзначыў ён. — Я думаю, як ніколі ёсць такая магчымасць. Як бы там украінцы сёння ні артачыліся, усё роўна трэба ісці да таго, каб на гэтай зямлі быў мір».
Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што ўкраінцам трэба разумець: важна не тое, што «кавалачак туды, кавалачак сюды» гэтай тэрыторыі. «Усё гэта зразумела, — удакладніў ён. — Гэта балюча для любой краіны. Але людзі разбяруцца, дзе ім жыць. Не тэрыторыя вырашае, не зямля ўсё вырашае. Людзі разбяруцца, вызначацца. Калі з Расіяй ім будзе зручна, як Крыму і іншым, яны будуць жыць у Расіі і разумець, што нехта ім больш можа дапамагчы, як цяпер нават у складаныя часы Расія там працуе. Калі ва Украіне (захочуць жыць. — "Зв."), — ніхто іх не ўтрымае. Пройдзе час і ўсё расставіць на свае месцы».
Найперш з гэтага, па словах кіраўніка дзяржавы, трэба зыходзіць ва Украіне, а не гробіць кожны дзень тысячы людзей. Важна, на яго погляд, думаць і пра тое, што мільёны збеглых з Украіны людзей могуць ужо і не вярнуцца туды нават у спакойны час.
«І потым, я ўкраінцам заўсёды намякаю, наколькі гэта магчыма: ніхто, акрамя нас, ім не дапаможа ў пасляваенны час, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што тыя ж ЗША ў выпадку змены прыярытэтаў проста могуць забыцца пра Украіну. — Дзесьці там адвернуцца ў бок Ірана, Емена або Тайваня і забудуцца пра гэту Украіну. Нікому гэта Украіна не патрэбная будзе. Таму неабходна глядзець наперад. Вядома, гэта няпросты працэс, але крокі насустрач трэба рабіць».
«Галоўнае — гэта эканоміка»
Вяртаючыся да ўзаемадзеяння з Кіраўскай вобласцю, беларускі лідар адзначыў, што галоўнае ў двухбаковым партнёрстве — гэта эканоміка. «Будзе эканоміка, і ваяваць зможам, і абараняцца зможам, і людзей накарміць і адзець, — удакладніў ён. — А калі эканомікі няма, то і работы ў людзей няма. Але галоўнае, настрою ў людзей няма. Вось гэта самае складанае. А ўсё астатняе — і марозы, і снягі, і заносы — мы перажывём. У нас усяго хапае».
У сваю чаргу губернатар Кіраўскай вобласці Аляксандр Сакалоў адзначыў, што, па ўсім бачна, што і беларусы, і кіраўчане аднолькавыя. «Мы ўсе аднаго лёсу гістарычнага, адной сучаснасці і адной будучыні», — канстатаваў ён.
Губернатар падзяліўся станоўчымі ўражаннямі ад наведвання Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. «Без памяці мы не можам рухацца наперад, рухацца разам», — лічыць Аляксандр Сакалоў.
Ён праінфармаваў, што ў Беларусь прыехала вялікая дэлегацыя Кіраўскай вобласці. «Мы сюды прыехалі ўжо не пазнаёміцца, — удакладніў ён. — Мы цудоўна разумеем, навошта прыехалі. У нас ёсць канкрэтныя прапановы, канкрэтныя праекты. Думаю, дзякуючы вашай падтрымцы, мы можам прасунуцца наперад не тое што ў два разы, а больш».
Вераніка КАНЮТА.
Фота БелТА.
Даслоўна
У размове з журналістамі губернатар Кіраўскай вобласці Аляксандр САКАЛОЎ адзначыў, што дэлегацыя гэтага расійскага рэгіёна прыехала ў Беларусь з партфелем канкрэтных прапаноў. «І па ўваходжанні беларускага бізнесу на тэрыторыю Кіраўскай вобласці, і па прадстаўленні нашай прадукцыі, якая можа быць выкарыстана ў рабоце беларускіх прадпрыемстваў», — канкрэтызаваў ён.
Губернатар праінфармаваў, што прапрацоўваюцца перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва ў машынабудаўнічай і металургічнай галінах. «Прэзідэнт падтрымаў гэту ідэю, думаю, толькі з-за гэтай часткі партнёрства тавараабарот павысіцца ў некалькі разоў», — лічыць Аляксандр Сакалоў.
Іншым важным кірункам узаемадзеяння, па яго словах, з’яўляецца сельская гаспадарка. «Нягледзячы на тое, што мы паўночны рэгіён, мы пятыя ў Расіі па вытворчасці малака, — сказаў кіраўнік вобласці. — Але нам не хапае перапрацоўкі. Мы нацэлены на супрацоўніцтва з канкрэтным беларускім прадпрыемствам па стварэнні малочных прадуктаў, якія маюць вельмі высокі аўтарытэт на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Мы прапаноўваем пабудаваць беларускі завод на тэрыторыі Кіраўскай вобласці. Для гэтага гатовы выдзеліць прамысловую пляцоўку з усёй неабходнай інфраструктурай. Думаю, што гэты праект, які таксама падтрымаў Прэзідэнт, будзе рэалізоўвацца і прынясе карысць Беларусі і Расіі, Кіраўскай вобласці».
Па словах губернатара, шмат варыянтаў супрацоўніцтва з нашай краінай у галіне энергетыкі, ёсць перспектыва стварэння кааперацыйных праектаў.
Гаворачы аб узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы, Аляксандр Сакалоў указаў, што Беларусь з’яўляецца ўзорам захавання гістарычнай памяці. «Вельмі добрая ў вас сістэма патрыятычнага выхавання моладзі, — дадаў ён. — У нас яна таксама добрая. Было б цікава аб’яднаць нашу моладзь, паколькі як мы выхоўваем нашу моладзь, такой і будзе будучыня».