«Трэба не губляць час, а рухацца наперад»
У чацвер у Палацы Незалежнасці было асабліва шматлюдна. У рабочым графіку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — шэраг мерапрыемстваў міжнароднага парадку дня. Першым з іх стала сустрэча з парламенцкай дэлегацыяй Рэспублікі Саюз М’янма. У ходзе сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй Асамблеі Саюза, старшынёй Палаты нацыянальнасцяў Асамблеі Саюза Рэспублікі Саюз М’янма Аун Лін Две бакі абмеркавалі канкрэтныя шляхі развіцця далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.
«Мы можам у гандлёва-эканамічных пытаннях значна больш»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў кіраўніка м’янманскай дэлегацыі: «Добра, што вы прыехалі менавіта ў гэты час, калі ідзе актыўная прапрацоўка будучых кірункаў супрацоўніцтва з вашай краінай. І нават не проста кірункаў супрацоўніцтва, а будучых кантрактаў, канкрэтных спраў паміж вашай краінай і Беларуссю».
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў Аун Лін Две з паспяховым завяршэннем вострага палітычнага перыяду ў М’янме. «Абсалютна перакананы, што цяпер перад вамі адкрыты ўсе шляхі развіцця эканомікі ўнутры краіны, падтрымкі людзей. У вас вельмі шмат сяброў у свеце, вы ў гэтым можаце не сумнявацца», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Мы можам у гандлёва-эканамічных пытаннях значна больш, чым маем гэты ўзровень цяпер. Прынамсі, нашы палітычныя адносіны пайшлі далёка наперад ад эканомікі, — канстатаваў беларускі лідар. — Трэба эканоміцы падцягвацца да ўзроўню палітычных стасункаў».
«Парламентарыі павінны быць сапраўднай апорай кіраўніцтва нашых краін у прасоўванні інтарэсаў»
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што беларуска-м’янманскі камітэт па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве павінен зрабіць больш прапаноў у кірунку інтэнсіфікацыі нашага супрацоўніцтва. «Я абсалютна перакананы, што парламентарыі ў гэтым плане павінны калі не наперадзе прэзідэнтаў быць, то быць сапраўднай апорай кіраўніцтва нашых краін у прасоўванні інтарэсаў Беларусі ў М’янме, М’янмы — у Беларусі», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў: візіт кіраўніка парламенцкай дэлегацыі ў Беларусь сведчыць аб тым, што парламентарыі М’янмы ў гэтым кірунку гатовыя дзейнічаць і дзейнічаюць. Кіраўнік дзяржавы запэўніў м’янманскага госця, што і нашы парламентарыі ў даўгу не застануцца. «Мы нацэлены на сур’ёзныя адносіны паміж дзвюма краінамі, таму што ёсць сур’ёзныя, у тым ліку эканамічныя, асновы нашага паспяховага супрацоўніцтва ў будучыні, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Проста трэба не губляць час, а рухацца наперад. Да гэтага нас падштурхоўвае бурнае развіццё міжнародных адносін. Гэта не ад нас залежыць. Так патрабуе абстаноўка».
«Вашы сумленныя адносіны з Прэзідэнтам нашай краіны і ўзаемныя візіты ствараюць новыя магчымасці для супрацоўніцтва»
У сваю чаргу старшыня Асамблеі Саюза, старшыня Палаты нацыянальнасцяў Асамблеі Саюза Рэспублікі Саюз М’янма Аун Лін Две падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы. «Прэзідэнт нашай краіны Мін Аун Хлайн прасіў перадаць вам цёплае прывітанне і тое, што ён з цеплынёй успамінае пра вас», — сказаў ён.
Аун Лін Две прадставіў членаў сваёй дэлегацыі беларускаму лідару. Кіраўнік парламенцкай дэлегацыі заўважыў, што гэта яго першая замежная паездка пасля ўступлення на пасаду старшыні Асамблеі Саюза. «Таму яна назаўжды застанецца ў маёй памяці і ўжо надала мне новыя сілы. Лічу, што Вашы шчырыя адносіны з Прэзідэнтам нашай краіны і ўзаемныя візіты ствараюць новыя магчымасці для супрацоўніцтва. І тое, што вы нас прынялі сёння, для нас вялікі гонар. Рады бачыць, што нам удаецца захоўваць цёплыя і добрыя адносіны паміж нашымі краінамі, і што супрацоўніцтва ў розных сферах пашыраецца з году ў год».
Візіт парламенцкай дэлегацыі на чале са старшынёй Асамблеі Саюза, старшынёй Палаты нацыянальнасцяў (верхняя палата парламента) Асамблеі Саюза Рэспублікі Саюз М’янма Аун Лін Две ажыццяўляецца ў Рэспубліку Беларусь па запрашэнні Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.
21 жніўня 2026 года ў рамках афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Беларусь адбылася сустрэча Прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна са Старшынямі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, на якой Наталля Качанава заручылася падтрымкай лідара М’янмы ў правядзенні ў Рэспубліку Беларусь афіцыйнага візіту старшыні верхняй палаты Парламента М’янмы.
Рашэнне аб запрашэнні прынята ў мэтах актывізацыі супрацоўніцтва з Палатай нацыянальнасцяў Асамблеі Саюза для прасоўвання парламенцкімі сродкамі інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, уключаючы гандлёва-эканамічныя, а таксама рэалізацыі адпаведных палажэнняў Дарожнай карты па развіцці супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Саюз М’янма на 2026-2028 гады.
У рамках візіту парламенцкай дэлегацыі М’янмы абмяркоўваецца развіццё двухбаковых адносін, уключаючы міжпарламенцкае ўзаемадзеянне, супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай, міжрэгіянальнай і іншых сферах. Па ініцыятыве беларускага боку ў сераду адбылося падпісанне новага Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Палатай нацыянальнасцяў Асамблеі Саюза М’янмы. Мемарандум стане асноватворным дакументам для развіцця беларуска-м’янманскага міжпарламенцкага дыялогу.
У праграме візіту дэлегацыі з М’янмы — наведванне Мінскага трактарнага завода, Мінскага аўтамабільнага завода, індустрыяльнага парка «Вялікі камень», Парка высокіх тэхналогій.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА