Top.Mail.Ru

У Палацы Незалежнасці абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Прыморскім краем

«Мы павінны пераўзысці рубеж тавараабароту ў 100 мільёнаў долараў»


Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і губернатар гэтага расійскага рэгіёну Алег Кажамяка засяродзілі ўвагу на перспектывых узаемадзеяння Мінска і Уладзівастока. Кіраўнік Прымор’я — часты госць Беларусі, якую наведвае ўжо 15 раз. Толькі ў якасці кіраўніка Прымор’я гэта дзясяты візіт Алега Кажамякі ў нашу краіну. 

«Дынаміка нядрэнная»

«Прыемна сустрэцца з сябрамі і абмеркаваць тыя праблемы, якія ў нас магчымыя, — адзначыў на пачатку сустрэчы беларускі лідар. — Я цяпер яшчэ раз перагледзеў аб’ёмы нашага гандлю, дынаміку. Нягледзячы на тое, што на самым краі вы нашай Айчыны (ад Брэста да Уладзівастока) знаходзіцеся, тым не менш, дынаміка нядрэнная, і сёлета мы павінны з вамі дакладна пераўзысці рубеж тавараабароту ў 100 мільёнаў долараў. Такая задача стаіць». 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што кіраўнік гэтага расійскага рэгіёну добра ведае магчымасці нашай краіны. «Яшчэ раз пабудзеце ў Беларусі, пераканаецеся, на што мы здольныя», — канстатаваў ён. 

Алег Кажамяка прыме ўдзел у цырымоніі афіцыйнага адкрыцця выстаўкі «БЕЛАГРА-2026». «Паглядзіце, штосьці, можа быць, цікавае для вас», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта будзе яшчэ адзін рычаг, адзін з кірункаў развіцця нашага Прымор’я»

Беларускі лідар нагадаў аб сваім афіцыйным візіце ў Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку, які адбыўся ў сакавіку гэтага года. 

«На мяне кіраўнік (Кім Чэн Ын. — „Зв“.) зрабіў вельмі сур’ёзнае ўражанне, — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. — Разумнік! Малады чалавек, перспектыўны, накіраваны на супрацоўніцтва. Ніякі ён там не дыктатар і іншае. Ён па сутнасці не можа быць дыктатарам». 

Па словах беларускага лідара, у яго і Кім Чэн Ына завязаліся добрыя адносіны. «І мы, Алег Мікалаевіч, вельмі на вас разлічваем, — заўважыў Прэзідэнт. — Гэта яшчэ адна для вас нагрузка і не дабрачыннасць павінна быць. Мы разлічваем, што вы акажаце нам пасрэдніцкія паслугі, як калісьці мы з вамі абмяркоўвалі, у гандлі з КНДР».


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што губернатар Прыморскага краю і лідар КНДР знаёмыя, маюць добрыя адносіны. «Ён (Кім Чэн Ын. — „Зв“.) мне шмат пра вас расказваў, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я кажу: „Дык гэта (Алег Кажамяка. — „Зв“.) наш чалавек, наш сябар“. Ён быў задаволены і падтрымаў гэту ідэю супрацоўніцтва: Беларусь — Прымор’е — КНДР». 

Губернатар Прыморскага краю ўдакладніў, што ў бліжэйшы час будзе здадзены аўтамабільны мост праз раку Туманная (Туманган), які звяжа Расію з КНДР. Дагэтуль краіны былі злучаны адзіным чыгуначным мастом Дружбы. «Аўтадарожны мост, паром запускаецца, чыгуначны пераезд, — заўважыў кіраўнік Прымор’я. — Таму ўсе пытанні, звязаныя з пастаўкай тавараў і ўзаемаадносінамі, звязанымі з узаемаразлікамі, мы ўжо крыху пачалі адпрацоўваць».

«Дзесьці мы зможам падставіць сваё плячо, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але ў асноўным вы акажаце нам падтрымку, і гэта будзе выгадна для Прымор’я ў тым ліку. Гэта будзе яшчэ адзін рычаг, адзін з кірункаў развіцця нашага Прымор’я». 

Алег Кажамяка канстатаваў, што патрэба ў таварах з Беларусі ў КНДР ёсць. «І па тэхніцы, і па прадукцыі, — канкрэтызаваў ён. — Таму, я думаю, што тут для іх гэта будзе зручны маршрут. У цэлым адпрацаваны ўжо ўзаемаадносіны. Таму мы, вядома, з вялікім задавальненнем уключымся ў гэту работу. Плюс нашы адносіны дазваляюць гэта рабіць цалкам адкрыта і без дадатковых складанасцяў». 

Звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, які прысутнічаў падчас сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта пытанне трэба мець на ўвазе. «Яны здорава нам могуць дапамагчы, — заўважыў беларускі лідар. — Мы не будзем там вынаходзіць веласіпед. Яны ўжо даўно яго вынайшлі». 

«Зробім усё, каб тут не было ніякіх правалок і лішняй бюракратыі»

Беларускі лідар расказаў, што на нядаўняй сустрэчы ў Астане са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным абмяркоўвалі пытанне ўвядзення Расіяй сістэмы пацвярджэння чакання тавараў (СПЧТ). 

«Заўсёды ёсць праблемы сённяшняга дня, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Я баюся, каб не было горш. Але тым не менш з Прэзідэнтам Пуціным у Астане мы дамовіліся, што зробім усё, каб тут не было ніякіх правалок і лішняй бюракратыі. І самае галоўнае, каб зніклі ўсялякія чэргі і іх не было на граніцы. Мы зараз прынцыпова назіраем за тым, што адбываецца на граніцы. У кантакце з Прэзідэнтам Пуціным, каб своечасова прыняць меры. Пабачым. Час пакажа. Мы тут у тэме абсалютна. Гэта можа ўскладніць наш гандаль. Але не спыніць».

Прэзідэнт указаў на абсалютны давер паміж Беларуссю і Расіяй. «Вы ведаеце, што дастаткова без усялякіх QR-кодаў, без усялякіх дакументаў: ваша слова з Прымор’я — мы заўсёды зможам прыняць прадукцыю, стварыць для вас умовы для рэалізацыі гэтай прадукцыі, — канкрэтызаваў ён. — Мы непакоімся, каб наша прадукцыя свабодна паступала туды, ва Уладзівасток».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што беларускі бок адкрыў у Прыморскім краі мультыбрэндавы цэнтр, дзе прадстаўлены магазіны айчынных прадпрыемстваў. «І прадукцыя беларуская карыстаецца ў вас попытам», — заўважыў ён.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


Даслоўна

«Беларусь — надзейны партнёр»

У размове з журналістамі губернатар Прыморскага краю Алег КАЖАМЯКА ўказаў на добрыя, пазітыўныя вынікі двухбаковага ўзаемадзеяння ў першым квартале гэтага года. «У нас тавараабарот дасягнуў больш як 7 мільярдаў рублёў, што істотна перавышае паказчык мінулага года, — канкрэтызаваў ён. — Прычым вырас як экспарт, так і імпарт — гэта ўзаемавыгадны гандаль. Мы бачым рост па пастаўках тэхнікі, прадуктаў, павялічваюцца пастаўкі рыбнай прадукцыі, таму зразумела, што гэта цікава абодвум бакам».

Па словах губернатара расійскага рэгіёну, візіт Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР адкрывае новыя старонкі ўзаемавыгаднага гандлю. «Мы бліжэйшыя суседзі (з КНДР. — „Зв“.), у нас устаноўлены вельмі добрыя, цёплыя адносіны, арганізаваны ўсе лагістычныя шляхі: наладжаны авіязносіны, чыгуначныя зносіны, цяпер адкрываецца аўтамабільны пераход, — канстатаваў ён. — Думаю, што такія віды прадукцыі, звязаныя з сельгастэхнікай, высакаякаснай прадукцыяй беларускіх харчавікоў, вельмі цікавыя для нашых карэйскіх таварышаў. З улікам нашага вопыту ўзаемавыгаднага гандлю, вядома, будзем садзейнічаць таму, каб беларускія тавары даходзілі туды, дапамагаць у пытаннях узаемаразлікаў. Мы да гэтага гатовы і будзем весці работу».

Па словах Алега Кажамякі, Прыморскі край пераходзіць з Беларуссю на доўгатэрміновыя кантракты. «Гэта дазволіць пашырыць гарызонт планаў на некалькі гадоў, што вельмі выгадна для прадпрыемстваў», — адзначыў губернатар.

Ён расказаў, што падчас гэтага візіту дэлегацыя наведае «МАЗ», дзе з улікам рэльефу Прымор’я для рэгіёну распрацоўваюцца аўтамабілі хуткай дапамогі. «Гэта будзе пяцігадовы кантракт, — удакладніў Алег Кажамяка. — Мы пераходзім на такія кантракты ў тым ліку па аўтобусах, іншай прадукцыі. Стаіць задача, каб ліфты, вырабленыя ў Магілёве, таксама маглі атрымаць пяцігадовую кантрактацыю. Яна ўзаемавыгадная і нам, і вытворцу, бо дае магчымасць непасрэдна мець зборачныя вытворчасці, абслугоўваючыя, эксплутацыйныя, рамонтныя брыгады. Гэта для нас вельмі выгадна, бо мы шмат будуем, нам шмат чаго трэба рамантаваць. Каля двух тысяч ліфтаў нам патрэбна толькі на гэтым этапе. Кожны год — па 600-700 ліфтаў мы маглі б атрымліваць».

Па словах губернатара, праект па стварэнні беларускага порта ў Прыморскім краі знаходзіцца ў рэзерве да паляпшэння эканамічнай сітуацыі. «Беларусь — надзейны партнёр, — падкрэсліў Алег Кажамяка. — Цяпер гэты час санкцыйнага ціску трэба крыху перачакаць. У любым выпадку пастаўкі з Паўднёва-Усходняй Азіі сюды, у еўрапейскую частку Расіі, у Беларусь вельмі важныя і заўсёды будуць запатрабаваны. Мы трымаем ў рэзерве гэты праект і пакуль без партнёраў з Беларусі не рэалізуем».

Губернатар адзначыў перспектывы супрацоўніцтва і ў гуманітарнай сферы. Ужо з 1 верасня прыморская моладзь будзе атрымліваць у Беларусі не толькі вышэйшую адукацыю, але і сярэдне-спецыяльную. «Студэнты вельмі добра сябе адчуваюць у Беларусі, — падзяліўся кіраўнік Прымор’я. — Яны прыедуць кваліфікаванымі спецыялістамі, якіх добра працаўладкуюць».

Падчас візіту ў нашу краіну Алег Кажамяка прыме ўдзел у адкрыцці выстаўкі прыморскіх мастакоў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Па яго словах, кожны год гэты аспект супрацоўніцтва мяняе кірункі. Летась беларусы маглі ацаніць балет, прадстаўлены прыморскімі артыстамі, сёлета — жывапіс. «Паглядзім, што мы зможам прадставіць на наступны год, каб гэта было цікава жыхарам Беларусі і жыхарам Прымор’я», — сказаў Алег Кажамяка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю