Беларусь і Узбекістан вядуць актыўную работу, каб звязаць узаемныя інтарэсы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах у вузкім складзе з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, перадае БелТА.
«Я ўжо вас учора ў дамашняй абстаноўцы вітаў. Яшчэ раз хачу паўтарыць, ужо афіцыйна: я рады вашаму прыезду, мы з вамі на ўсіх міжнародных сустрэчах абменьваліся думкамі з нагоды гэтага візіту. Я вам тады сказаў, што мы вас вельмі чакаем. Як сябра беларускага народа. І гатовы зрабіць усё для таго, каб візіт паспяхова праходзіў, — падкрэсліў беларускі лідар. — Што датычыцца нашых поглядаў, хачу сказаць, што мы прытрымліваемся па асноўных кірунках той жа палітыкі, што і Узбекістан. Мы за шматпалярнасць. Мы не хочам перашкаджаць нікому. Мы глядзім на наш народ, Узбекістан — на свой народ. Але ў той жа час вядзём вельмі актыўную работу, каб звязаць нашы інтарэсы».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Узбекістан уваходзіць у дзясятку асноўных замежных партнёраў Беларусі, а сярод дзяржаў СНД займае трэцяе месца. «Вядома, не параўнаць з гіганцкай Расіяй, але ўсё ж такі вельмі высокі ўзровень. І мы з вамі значна прасунуліся. Калісьці ў часы вашага першага Прэзідэнта я марыў пра такі ўзровень адносін, але не ўсё тады атрымлівалася. І мы здзейснілі з вамі гэты рывок», — сказаў Прэзідэнт.
Ён канстатаваў, што калісьці бакі гаварылі аб неабходнасці дасягнення ўзроўню тавараабароту ў $1 млрд, а цяпер ужо свабодна ставіцца мэта ў $2 млрд, ставяцца адпаведныя задачы перад ведамствамі дзвюх краін.
«Вельмі важна, каб акрамя сумесных праектаў (тут мы абавязацельствы жорстка будзем выконваць) мы з вашай дапамогай маглі выйсці і на трэція краіны, якія асабліва блізкія Узбекістану там. У іх вялікая цікавасць, і мы разам будзем працаваць. Тым больш што гэта работа пачалася», — адзначыў беларускі лідар.
