Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў сустрэчу са спікерам Парламента Алжыра

«Мы абсалютна адкрыты для вашай краіны»


Парламенцкая дэлегацыя на чале са Старшынёй Нацыянальнага народнага сходу Парламента Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ібрагімам Бугалі ўпершыню наведвае Беларусь з афіцыйным візітам. Штуршком для пашырэння і ўмацавання двухбаковага ўзаемадзеяння стаў афіцыйны візіт кіраўніка дзяржавы ў гэту афрыканскую краіну ў снежні мінулага года. Тады былі падпісаны Дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва на 2026 — 2027 гады, прынята сумесная заява Аляксандра Лукашэнкі і Абдэльмаджыда Тэбуна аб умацаванні сяброўства і партнёрства. Рэалізаваць гэтыя дамоўленасці — у тым ліку задача парламентарыяў. 

У Палацы Незалежнасці абмеркавалі не толькі міжпарламенцкія кантакты, а і развіццё двухбаковых адносін у цэлым, новыя кірункі супрацоўніцтва. 


«Каб гэтыя мерапрыемствы сталі фундаментам нашых адносін»

Вітаючы старшыню Нацыянальнага народнага сходу Парламента Алжыра на беларускай зямлі, Прэзідэнт пажадаў, каб візіт парламенцкай дэлегацыі ў нашу краіну найперш быў плённым з пункту гледжання прафесіяналізму. Але самае галоўнае, па словах кіраўніка дзяржавы, каб госці з Алжыра душой і сэрцам адчулі, што ў Беларусі жывуць не чужыя для іх людзі.

«Мы абсалютна адкрыты для вашай краіны і вельмі хацелі б мець з вамі прасунутыя, самыя сур’ёзныя адносіны, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Можа быць, самыя лепшыя з усіх краін Афрыкі. Вы ведаеце, што ў Паўночнай, Цэнтральнай, Паўднёвай Афрыцы ў нас ёсць краіны, на якія мы спрабуем абаперціся, супрацоўнічаючы з вашым рэгіёнам — афрыканскім. Было б вельмі нядрэнна, калі б адной з такіх краін быў Алжыр».

Беларускі лідар адзначыў, што будучы ў Алжыры і ведучы перамовы з прэзідэнтам гэтай краіны, ён пераканаўся, што эканомікі дзвюх краін абсалютна спалучаемыя. «Мы можам вам прапанаваць тое, чаго ў вас няма, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вы ж, у сваю чаргу, можаце нам дапамагчы ў развіцці тых кірункаў, у якіх мы вельмі маем патрэбу».


Па словах кіраўніка дзяржавы, фарміруючы план адносін паміж краінамі — так званую дарожную карту — прадугледжаны шэраг канкрэтных мерапрыемстваў. «Хацелася б вельмі, каб гэтыя мерапрыемствы, па-першае, былі рэалізаваны, па-другое, сталі фундаментам нашых адносін», — удакладніў Прэзідэнт. 

Беларускі лідар адзначыў, што, выбудоўваючы адносіны з канкрэтнай краінай, заўсёды ідзе размова аб пэўных якарных, значымых праектах. Аляксандр Лукашэнка вельмі разлічвае на тое, што парламентарыі Алжыра сур’ёзна падключацца да рэалізацыі гэтых праектаў.

«Дзверы адчынены ўсюды»

Як уплывовага чалавека ў Алжыры, Прэзідэнт папрасіў Ібрагіма Бугалі паглядзець на асобныя беларускія вытворчасці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. «Дзверы адчынены ўсюды, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І зрабіце для сябе пэўныя высновы ў плане нашага далейшага супрацоўніцтва па стварэнні кааперацыйных прадпрыемстваў».

Беларускі лідар падзяліўся з высокім госцем самым вялікім уражаннем, якое ў яго склалася ад наведвання ў снежні мінулага года Алжыра. «Гэта сустрэча з вашым прэзідэнтам, — канкрэтызаваў ён. — Мне ён вельмі спадабаўся. Бачу, што гэта вопытны і вельмі разумны чалавек. Мы многае можам зрабіць, калі ён будзе прытрымлівацца той палітыкі, якую ён цяпер прапаведуе. Таму перадайце яму самыя добрыя і цёплыя пажаданні ад мяне». 


У сваю чаргу, старшыня Нацыянальнага народнага сходу Парламента Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ібрагім Бугалі перадаў прывітанне Аляксандру Лукашэнку ад яго алжырскага калегі. Па словах спікера алжырскага Парламента, Абдэльмаджыд Тэбун выказаў глыбокую павагу да беларускага лідара, гатоўнасць да сумесных дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва. 

«Ваш візіт у снежні мінулага года меў вялікі грамадскі рэзананс і пасланне для алжырскага народа ў зацікаўленасці па ўмацаванні і развіцці супрацоўніцтва ў шматлікіх сферах: эканоміка, гандаль, сельская гаспадарка, навука і культура, — адзначыў Ібрагім Бугалі. — Мы адчуваем, што існуюць вялікія магчымасці па павелічэнні тавараабароту, развіцці эканамічнага супрацоўніцтва, стварэнні сумесных вытворчасцяў, што будзе служыць на карысць народаў нашых краін».

Па словах спікера парламента Алжыра, на цяперашнім этапе гэта афрыканская краіна вядзе палітыку дыверсіфікацыі эканомікі і зніжэння залежнасці ад вуглевадародаў. «Імкнемся развіваць такія кірункі, як сельская гаспадарка, прамысловасць, фармацэўтыка і маем патрэбу ў беларускім вопыце па ўмацаванні гэтых сфер, павелічэнні работы ў гэтых кірунках, — дадаў ён. — Упэўнены, што тут будуць перспектывы для сумеснай работы». 

Даслоўна

«Магчымасці нашых краін дазваляюць імкнуцца да павелічэння тавараабароту»

У размове з журналістамі Старшыня Нацыянальнага народнага сходу Парламента Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ібрагім БУГАЛІ назваў сустрэчу з беларускім лідарам вельмі цёплай і пазітыўнай. Ён адзначыў, што ў кабінеце Аляксандра Лукашэнкі былі абмеркаваны шэраг кірункаў супрацоўніцтва. 

«У нас ужо моцныя і цудоўныя адносіны, пачатак якім быў пакладзены падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Алжыр у 2025 годзе, — удакладніў ён. — Назіраем добрую дынаміку гэтых адносін. У бліжэйшы час плануем правесці ў Мінску пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі, падчас якой абмяркуем канкрэтныя кірункі супрацоўніцтва ў сферах эканомікі, навукі, культуры, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, іншых перспектыўных галінах».

Па словах спікера, Алжыр актыўна развівае прамысловасць, сельскую гаспадарку, фармацэўтыку, а таму беларускі вопыт для іх вельмі карысны. «Мы зацікаўлены ў рэалізацыі праектаў па вытворчасці трактароў, аўтобуснай тэхнікі, угнаенняў, у чым мае патрэбу алжырская эканоміка, сельская гаспадарка, — дадаў ён. — Упэўнены, што рэалізацыя гэтых праектаў будзе на карысць народаў дзвюх краін. Упэўнены, што магчымасці нашых краін дазваляюць імкнуцца да павелічэння тавараабароту, пошуку новых шляхоў для супрацоўніцтва ў шматлікіх сферах».

Высокі госць праінфармаваў, што ўнёс на разгляд Аляксандра Лукашэнкі прапанову падумаць над магчымасцю адкрыцця дыпламатычных місій у абедзвюх краінах на ўзаемнай аснове. Акрамя таго, прагучала прапанова разгледзець магчымасць адкрыцця прамых авіязносін паміж Беларуссю і Алжырам. Па словах спікера, гэта дазволіць умацаваць міжкультурныя сувязі і ўзаемадзеянне дзелавых колаў. 

Ібрагім Бугалі адзначыў, што развіццю беларуска-алжырскіх адносін у тым ліку садзейнічаюць падобныя погляды на шматлікія рэгіянальныя і сусветныя праблемы, на пытанні эканомікі і палітыкі. «Гэта і з’яўляецца той асновай, якая і далей будзе садзейнічаць умацаванню нашага супрацоўніцтва на карысць народаў, — рэзюмаваў ён. — Спадзяемся, што нашы адносіны паспяхова будуць развівацца і далей».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю