Беларусь мае намер у далейшым удзельнічаць у дзейнасці Савета міру і яго мерапрыемствах на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым, паведаміла БелТА.
«Я вельмі спадзяюся, што тыя мерапрыемствы, якія будуць адбывацца ў далейшым... мы абавязкова на ўзроўні Прэзідэнта будзем удзельнічаць у гэтым Савеце, абавязкова будзем удзельнічаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Можа, не ў Вашынгтоне. Дзесьці ў Еўропе ці на Блізкім Усходзе, можа, у Ізраілі, бліжэй тут, у Турцыі адбудуцца далейшыя пасяджэнні гэтага савета. Мы будзем удзельнічаць у ім», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь традыцыйна трансліруе мірны парадак дня, заўсёды выступае за мірнае ўрэгуляванне канфліктаў, і ў дадзеным кантэксце яна гатова ўдзельнічаць у дзейнасці Савета міру. «У нас сцяг адзін — мір. Мы хочам міру і перш за ўсё там, дзе наш лёс — Украіна, — заявіў Прэзідэнт. — Мы ўсе хочам там міру. І не толькі ва Украіне, але ў іншых пунктах. Думаю, што нам будзе там да месца (знаходзіцца ў Савеце міру. — Заўв. БелТА)».