Top.Mail.Ru

Перспектывы ўзаемадзеяння з Яраслаўскай вобласцю абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці

Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся сустрэчай з дэлегацыяй Яраслаўскай вобласці на чале з губернатарам Міхаілам Яўраевым. На парадку дня — прамысловая кааперацыя, пастаўка тэхнікі, новыя сумесныя праекты, у цэлым пашырэнне і паглыбленне супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі. 



«Задача — дабіцца незалежнасці, тэхналагічнага суверэнітэту ў нашых краінах» 

«Яраслаўская вобласць, як ніякая іншая, блізкая нам і родная вобласць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы даўно з вамі супрацоўнічаем, яшчэ з глыбокіх савецкіх часоў. Шмат чаго для свайго аўтамабілебудавання набываем у вас: і камплектуючыя, і тое, што называецца сэрцам любога аўтамабіля. Гатовы і далей супрацоўнічаць з вамі. Гатовы не толькі пашыраць, але і паглыбляць наша супрацоўніцтва па асноўных кірунках». 

Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць беларускага боку сумесна распрацоўваць новыя ўзоры камплектуючых, запчастак для аўтамабіляў. «Гэта вельмі важна, асабліва цяпер, калі мы паставілі перад сабой задачу — дабіцца незалежнасці, тэхналагічнага суверэнітэту ў нашых краінах, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы павінны забяспечыць сябе ўсім самым неабходным — так, як гэта было калісьці ў нашай агульнай вялікай краіне». 

Па словах беларускага лідара, сумесная работа з Яраслаўскай вобласцю над вытворчасцю камплектуючых важна яшчэ і з улікам таго, што з рынкаў Беларусі і Расіі сышлі заходнія вытворцы. «У гэтым плане вельмі сур’ёзна з яраслаўцамі рушылі наперад, — канстатаваў ён. — Вельмі спадзяюся, што хутка мы замесцім наогул самыя вялікія магутныя рухавікі, атрымаем з Яраслаўля. У цэлым, калі ўзяць цану/якасць нашых тавараў, наогул усіх тавараў, то мы значна пераўзыходзім імпартныя». 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што нямала размоў у плане канкурэнцыі пра якасць прадукцыі, у прыватнасці, машынабудавання: маўляў, недзе нешта загарэлася і гэтак далей. «Я спрабаваў разабрацца, што ж там гарыць, з Піцера пачынаючы, — удакладніў ён. — Аказваецца, не ўсё тое гарыць, што гарыць у сродках масавай інфармацыі. Але над якасцю вельмі сур’ёзна працуем». 

«Гандлёвая фішка Беларусі — абавязковасць» 

Прэзідэнт лічыць, што паўмільярда долараў — рэальны тавараабарот, якога неабходна дасягнуць Беларусі з гэтым расійскім рэгіёнам. «І мы можам гэта мець, калі не апусцім рукі, а будзем імкнуцца да гэтага, — канстатаваў беларускі лідар. — Дзесьці крыху больш як на 300 мільёнаў (долараў. — „Зв“.) мы на сённяшні дзень гандлюем. Гэта не тое для нас. Патэнцыял у нас значна вышэйшы». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, прамысловая кааперацыя выходзіць на першае месца. «Вы ведаеце нашы магчымасці, — удакладніў ён. — Ды вы і паглядзіце, мы ж не закрываемся. Усё, што вам падыходзіць, мы гатовы абмяркоўваць з вамі і прымаць рашэнні. Ведайце: калі мы прымем рашэнне і паабяцаем, мы абавязкова ўсё выканаем. Гэта такая гандлёвая фішка Беларусі — абавязковасць». 

Па словах Прэзідэнта, перспектыва супрацоўніцтва бачыцца і ў пастаўках электрамабіляў, будаўніцтве дамоў з электраацяпленнем. «Дзякуй богу, электрычнасці як у нас, так і ў вас хапае — нават у лішку, — падкрэсліў ён. — Вар’яты гэтыя адмовіліся ад электраэнергіі па лініі БРЭЛЛ (размова аб выхадзе краін Балтыі з адзінага з Беларуссю і Расіяй энергетычнага кальца БРЭЛЛ. — „Зв“.), сёння пакутуюць там. Але гэта іх праблемы. Няхай працуюць, яны выбралі гэты шлях. У нас ёсць лішак электрычнасці, таму будзем выкарыстоўваць электрамабілі і дамы, якія абаграваюцца электрычнасцю».  

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што ў Беларусі ўжо пабудавалі каля 2 мільёнаў «квадратаў» такіх дамоў. «Людзі вельмі задаволены, — заўважыў Прэзідэнт. — Людзі заўсёды задаволены, калі добра. Але самае галоўнае, што тыя тарыфы, адносна невысокія ў Беларусі, пакрываюць сабекошт электрычнай энергіі, якая найперш вырабляецца на атамнай станцыі. Таму ў гэтым кірунку гатовы рухацца». 

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы прапанаваў яраслаўскай дэлегацыі падчас наведвання беларускіх прадпрыемстваў звярнуць увагу не толькі на нашу тэхніку на газаматорным паліве, якую мы вырабляем у дастатковай колькасці, але і на электрычнай цязе. Па яго словах, гэта таксама вельмі добры кірунак супрацоўніцтва.  

«Ёсць чаму павучыцца» 

Што датычыцца ўзаемадзеяння ў галіне сельскай гаспадаркі, Прэзідэнт канстатаваў, што ў Яраслаўскай вобласці гэта сфера даволі развітая. «Але калі нешта вам спадабаецца ў Беларусі (а ўмовы ў нас кліматычныя прыкладна аднолькавыя), мы гатовы і па свінаводстве, і ў племянной справе, селекцыйныя пытанні таксама з вамі развіваць і прасоўваць», — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Ніякіх праблем у Беларусі і Яраслаўскай вобласці, па словах Прэзідэнта, няма і ў гуманітарнай сферы. «Для нас вельмі важна, што паважаны ў нас, у Беларусі, Максім Багдановіч вучыўся ў вас, — нагадаў ён. — Валянціна Церашкова мае беларускія карані. Гэта таксама звязвае ваш рэгіён з нашай краінай». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на поспехі яраслаўскіх спартсменаў. У прыватнасці, вялася размова аб хакейнай камандзе «Лакаматыў», якая летась выйграла чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі, а сёлета заваявала Кубак Гагарына.  

«Лічу, што гэта вельмі моцны чэмпіянат, калі ў сусветным маштабе браць, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Нічым НХЛ ён практычна не саступае, сёлета яшчэ больш моцным стаў. Я задаволены пакуль, як гуляюць і мінскія „дынамаўцы“, але ёсць да чаго імкнуцца, гледзячы на ваш „Лакаматыў“. Вы вялікія малайцы. Усё-такі „Дынама-Мінск“ — гэта краінавая, рэспубліканская каманда. А вы ў барацьбе з рэгіёнамі Расіі змаглі аснасціць сваю каманду, хакейную ў дадзеным выпадку, і паказаць, што такое Яраслаўль. Прыгажуны, вельмі мне падабаецца ваша каманда. Многае мы ў вас пераймаем. Ёсць чаму павучыцца».  

Па словах беларускага лідара, у цэлым зімнія віды спорту ў Яраслаўлі вельмі любяць. «Гэта я ведаю яшчэ са сваёй прэзідэнцкай маладосці, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Яраслаўль яшчэ не толькі ў хакеі сябе пакажа. Хутка яны і ў футболе паб’юць нас так, што сорамна будзе потым казаць. Таму ёсць чаму вучыцца».  

Працягваючы тэму супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ніякіх пытанняў з гэтым рэгіёнам Расіі ў нас няма і ў галіне адукацыі, па лініі культурных кантактаў. 

«Словам, вы для нас родныя людзі, — рэзюмаваў ён. — Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць па ўсіх кірунках. Ведайце, што вы не за мяжу прыехалі. Мы таксама Яраслаўскую вобласць і ўсю Расію не разглядаем як чужую. Яраслаўская вобласць не з’яўляецца для нас ніякім замежжам. Мы вельмі задаволены супрацоўніцтвам». 

У цэлым, як канстатаваў Прэзідэнт, мінчане сталі часцей ездзіць у Маскву і наадварот. У сувязі з гэтым паўстае пытанне аб дадатковых авіярэйсах і чыгуначных саставах. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным пабудаваць высокамагутную магістраль, якая злучыць дзве сталіцы. «Каб нашым людзям жылося лепш і каб яны разумелі, што лепшага за нашу зямлю нідзе нічога няма», — падагульніў беларускі лідар. 

«Гэта вельмі добрыя лічбы, якія сведчаць аб тым, што мы ўзаемна развіваемся»  

У сваю чаргу, губернатар Яраслаўскай вобласці Міхаіл Яўраеў падзякаваў кіраўніку дзяржавы за сустрэчу і падкрэсліў, што дэлегацыя Яраслаўскай вобласці адчувае сябе ў Беларусі, як дома. «Мы сапраўды адчуваем, што знаходзімся дома. І мы прыехалі вялікай дэлегацыяй. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі больш як 10 прадпрыемстваў. І да гэтага візіту мы ставімся вельмі сур’ёзна», — адзначыў ён. 

Міхаіл Яўраеў падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Яраслаўскай вобласцю ёсць добрыя перспектывы для далейшага супрацоўніцтва, кірункаў для ўзаемадзеяння сапраўды шмат. Па яго словах, узаемадзеянне паміж нашай краінай і расійскім рэгіёнам наладжана.  

«Узаемны тавараабарот паміж Беларуссю і Яраслаўскай вобласцю сёння складае каля 300 мільёнаў долараў, і пры гэтым ён расце, — дадаў ён. — За папярэдні каляндарны год ён вырас больш чым на 18 %. Гэта вельмі добрыя лічбы, якія сведчаць аб тым, што мы ўзаемна развіваемся».  

Для Яраслаўскай вобласці, паводле слоў кіраўніка рэгіёна, вельмі важна супрацоўніцтва і ў прамысловасці, і ў аграпрамысловай сферы, і ў сферы турызму. «І ў дадзеным выпадку магу сказаць, што культура і спорт — гэта сферы, дзе нашы калектывы ўзаемна ўзбагачаюцца», — сказаў губернатар. Ён звярнуў увагу на высокі ўзровень беларускіх фрыстайлістаў на спаборніцтвах, што праводзіліся сёлета ў Яраслаўскай вобласці.  

Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ. 

Фота БелТА. 

Даслоўна 

«Важна, каб супрацоўніцтва было выгадным, выбудаваным на эканоміцы, на рэаліях» 

У Беларусі і Яраслаўскай вобласці вельмі добрыя перспектывы для далейшага развіцця. Аб гэтым у размове з журналістамі па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы заявіў губернатар Яраслаўскай вобласці Міхаіл Яўраеў. 

«Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што ў нас ёсць далейшыя магчымасці для развіцця. І гэта сапраўды так. Мы бачым, што ў нас наладжваецца добрае супрацоўніцтва ў прамысловым і аграпрамысловым сектары», — сказаў Міхаіл Яўраеў. 

Губернатар Яраслаўскай вобласці паведаміў, што сёння каля 140 беларускіх аўтобусаў курсіруюць па расійскім рэгіёне. «У снежні плануецца пастаўка яшчэ 100 беларускіх аўтобусаў. І важна, што гэтыя аўтобусы на нашых яраслаўскіх рухавіках. Тут у нас атрымліваецца добрае ўзаемнае тэхнічнае супрацоўніцтва. І па лакафарбавай прадукцыі, і па запчастках... Мы зацікаўлены і ў электратранспарце. Гэта значыць, кірункаў сапраўды шмат», — канкрэтызаваў Міхаіл Яўраеў. Ён дадаў, што беларускія аўтобусы з яраслаўскімі рухавікамі пастаўляюць і ў іншыя рэгіёны Расіі.  

Кажучы аб супрацоўніцтве паміж ВНУ, губернатар праінфармаваў, што ў 13 ВНУ Яраслаўскай вобласці наладжана цеснае ўзаемадзеянне з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі. Па яго словах, ёсць перспектывы і ў сферы турызму. «Мы б хацелі, каб на яраслаўскім тэлебачанні расказвалі пра Рэспубліку Беларусь, каб нашы жыхары прыязджалі сюды адпачываць. І каб тут, на беларускім тэлебачанні, расказвалі пра Яраслаўскую вобласць. Каб была магчымасць узаемнага турыстычнага абмену», — зазначыў губернатар. 

Цяперашні візіт у Беларусь губернатар Яраслаўскай вобласці назваў яшчэ адным сур’ёзным крокам у напрамку ўзаемнага супрацоўніцтва паміж нашымі брацкімі народамі. «Важна, каб супрацоўніцтва было выгадным, выбудаваным на эканоміцы, на рэаліях. Вельмі многае цяпер залежыць ад нашай тэхналагічнай незалежнасці. Мне здаецца, ужо ва ўсім свеце зразумелі, што тэхналагічная незалежнасць мае вялікае значэнне. Таму мы развіваем тэхналогіі, узаемна ўзбагачаем адзін аднаго, рухаемся наперад. Усё гэта вядзе да павышэння ўзроўню жыцця нашых грамадзян. Гэта галоўная мэта», — падагульніў кіраўнік дэлегацыі. 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю