Top.Mail.Ru

«Падрыхтоўка адукаваных, кампетэнтных, адказных спецыялістаў — стратэгічны кірунак для эканомікі»

Прэзідэнт сустрэўся з будучыняй беларускай навукі.


Пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў разам з юнымі вынаходнікамі. Кіраўнік дзяржавы наведаў Мінскі гарадскі цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. 

vnnnn.jpg

Цэнтр створаны на месцы былога аўтавакзала «Усходні», будынак быў рэканструяваны і забяспечаны неабходным абсталяваннем. Тут адкрыты 18 навучальных лабараторый па розных кірунках інавацыйнай тэхнічнай творчасці, сярод якіх — авія- і ракетамадэліраванне, аўта-мотатэхніка, суднамадэліраванне, робататэхніка, канструяванне і эксплуатацыя беспілотнікаў, архітэктура і прамысловы дызайн, праграмаванне, мехатроніка, энергетыка. 

Наведванне цэнтра кіраўніком дзяржавы не рабочае, а святочнае. Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтра. У сваім выступленні Прэзідэнт пагаварыў і з дзецьмі, і з дарослымі. «З-за юнага ўзросту вам цяжка ўсвядоміць, наколькі імкліва сёння навука і тэхніка мяняюць жыццё чалавека. Вельмі імкліва, паверце, вельмі імкліва, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да юных вынаходнікаў. — Калі яшчэ нейкіх дваццаць гадоў таму камп’ютар і інтэрнэт былі не ў кожнай беларускай сям’і, то ў нашы дні яны разам з мабільнымі тэлефонамі сталі штодзённасцю. У вытворчасць і побыт пастаянна прыходзяць тэхналогіі, якія нядаўна здаваліся абсалютнай фантастыкай».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што «разумныя гарады», робаты, беспілотнікі, штучны інтэлект — ужо не проста спрэчкі вучоных аб блізкай будучыні, а рэальнасць. «І квітнець будуць менавіта тыя дзяржавы, якія могуць стварыць новыя тэхналогіі, эфектыўна выкарыстоўваць іх у вытворчасці і іншых сферах жыцця. Беларусь — адна з нямногіх краін, якія не проста валодаюць інавацыйнымі тэхналогіямі. Нашы вучоныя ствараюць гэтыя інавацыйныя тэхналогіі самі», — заявіў ён. Напрыклад, сёння беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць штучны інтэлект, у разы скарачаючы час, неабходны для ўвасаблення навуковай ідэі ў канкрэтны доследны ўзор. У вытворчыя працэсы актыўна ўкараняюцца робаты і іншыя разумныя прылады. 

Навука, вынаходкі — у вытворчасць

GOR_4013RR_result-1.jpg

«Мы бачым, што лічбавізацыя хутка мяняе цэлыя галіны. Робіць непатрэбнымі адны прафесіі і вельмі запатрабаванымі іншыя, але яны звязаны з высокім інтэлектам чалавека, людзей (таму што ўсё гэта стварае чалавек) і высокай адукацыяй, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Таму цяпер мы такую пільную ўвагу ўдзяляем навучанню інжынераў, канструктараў, праграмістаў. Падрыхтоўка адукаваных, кампетэнтных, адказных спецыялістаў — стратэгічны кірунак для эканомікі, аснова прагрэсу і бяспекі нашай дзяржавы. Мы ўкладваем і будзем укладваць велізарныя сродкі ў развіццё перспектыўных тэхнічных кірункаў — робататэхнікі, нанаэлектронікі, складаных саманавучальных сістэм і іншых галін навукі. Пастаянна ўдасканальваем падрыхтоўку кадраў, узмацняем узаемадзеянне адукацыі з высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі».

Прэзідэнт заўважыў, што на гэтым шляху ўжо нямала зроблена, з’яўляюцца новыя вынаходкі, працуе навука. Але, зрабіў акцэнт ён, вытворчасць гэта не выкарыстоўвае. «Тады мы шукаем шчасця за мяжой. І тады замежжа пачынае намі кіраваць і спрабуе пераканаць нас у тым, што Беларусь ні на што не здольная. Таму навука, вынаходкі — у вытворчасць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, сувязям вытворчасці з навукай і творчасцю нашых людзей будуць спрыяць стварэнне падобных цэнтраў. Новы гарадскі цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, падкрэсліў беларускі лідар, павінен стаць адной з прыступак такой падрыхтоўкі, дзе кожны, каго прыцягваюць навуковыя таямніцы і адкрыцці, мог бы знайсці свой шлях у вялікую навуку або рэальную вытворчасць. 

«Шчыра скажу, чаго нам не хапае, — інжынераў. Нам патрэбныя інжынеры. Іх шмат, у дзяцінстве мы іх заўважаем і „цягнем“ наверх вось праз такія цэнтры. Разлічваю, што такія тэхнаінкубатары будуць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне. Якія яны павінны быць — мы прыкладна паказваем. Плошчаў у нас хапае, нават будаваць не трэба — таксама прыклад. Неабходна толькі рацыянальна і з розумам выкарыстоўваць тое, што ўжо ёсць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, сёння трэба шукаць таленты з самага юнага ўзросту, ствараць умовы для іх вучобы і прафесійнага росту. Шкадаваць на гэта грошы не трэба, бо гэта будучыня. «Дзяцей неабходна забраць з вуліцы, адцягнуць ад пустога марнавання часу за экранамі гаджэтаў, навучыць думаць і прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Гэта не толькі важна для краіны, але і для іх саміх — добры зачын на будучыню», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што лабараторыі цэнтра, забяспечаныя самым сучасным абсталяваннем, трэніровачныя пляцоўкі, прасторныя навучальныя класы паспрыяюць дасягненню гэтай мэты, стануць сапраўдным падарункам для сталічнай моладзі. Не адмовяць тут і тым, хто прыедзе з рэгіёнаў. 

«Вы будзеце прымаць рашэнні, якія вызначаць лёс Беларусі»

«Цяпер слова за вамі, мае юныя сябры. Як бы пафасна гэта ні гучала, менавіта вам — новаму пакаленню навукоўцаў, канструктараў, інжынераў і спецыялістаў — трэба будзе праз некалькі гадоў ствараць заўтрашні дзень нашай краіны. Часта чую „гэтага не хапае“, „гэта хацелася б“ — ну што ж, рэалізоўвайце свае „хацелкі“. Рабіце так, каб гэта выгадна было для вас, для вашых бацькоў, для сям’і і каб гэта выгадна было для краіны, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да юных вынаходнікаў. — Працуючы ў лабараторыях, канструктарскіх бюро або вытворчых цэхах, вы будзеце прымаць і ўвасабляць у жыццё рашэнні, якія вызначаць лёс Беларусі на гады і нават дзесяцігоддзі». 

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што вучоба ў цэнтры дае ўнікальны шанц праявіць сябе ў інавацыйнай тэхнічнай творчасці ў галіне радыёэлектронікі, робататэхнікі і праграмавання. 

«Верце ў сябе, але я ведаю: вы ўжо паверылі. Мы вам будзем у гэтым усяляк дапамагаць, таму што без навукі нікуды», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы маладым людзям. Ён адзначыў, што гэта размова з юнымі навукоўцамі — гэта ў будучыні вялікая размова з навукоўцамі і акадэмікамі, якую даручана падрыхтаваць Нацыянальнай акадэміі навук. Як анансаваў кіраўнік дзяржавы, на гэтай размове будзе абмеркавана далейшае развіццё навукі ў нашай краіне.

«Вы рухаецеся ў правільным напрамку»

GOR_8286-001_result.jpg

Прэзідэнт пажадаў усім моцнага здароўя, новых адкрыццяў і вялікіх дасягненняў, натуральна, на карысць сваёй краіны. «Не імкніцеся кудысьці збегчы. Некаторыя збеглі — сёння не ведаюць, як вярнуцца. Таму, робячы свае рашучыя крокі, вы крыху райцеся са старэйшымі — патрыётамі нашай Беларусі», — звярнуўся ён да моладзі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што літаральна праз дзесяць гадоў маладым людзям давядзецца не проста будаваць новую Беларусь, а літаральна адказваць за яе. 

«Мы сёння бачым на вашых мадэлях, на вашых пачатковых вынаходствах, што вы рухаецеся ў правільным напрамку», — дадаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што жыццё становіцца больш складаным, і гэта звязана з вельмі высокай канкурэнцыяй. У гэтых умовах галоўнай задачай дзяржавы беларускі лідар назваў даць магчымасць для развіцця маладым пакаленням. Прэзідэнт падкрэсліў, што спачатку маладыя людзі займаюцца ў розных творчых цэнтрах з цікавасцю, якая потым можа змяніцца напружаннем. Ён параіў гэта пераадольваць: «Не ўсё будзе ў жыцці цікава. Але вы, сціснуўшы зубы, ідзяце да сваёй мэты і проста рухаецеся па гэтым жыцці. Такія людзі ніколі не просяць: „Дай!“. Заробак там, яшчэ штосьці... Яны самі робяць сваё жыццё. Таму здароўя вам, поспехаў, развівайце свае навыкі. І наперад, толькі наперад. Толькі вы можаце зрабіць сваё жыццё і парадаваць сваіх бацькоў і дзяржаву». 

Цэнтр, які ўяўляе сабой свет тэхналогій і інавацый, адкрылі тэхналагічна. У цырымоніі была задзейнічана спецыяльная прылада — мехатронная сістэма. Пасля націску на рычаг усе шасцярэнькі прыйшлі ў рух. З механізму з’явілася «рука робата» з яшчэ адной шасцярэнькай. Яе ў знак памяці аб сімвалічным моманце ўручылі кіраўніку дзяржавы.

«Попыт каласальны на нашу моладзь. Трэба ўтрымліваць яе»

Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі — важная частка сістэмы дадатковай адукацыі. Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў далажыў, што сёння дадатковай адукацыяй ахоплена 70 тысяч навучэнцаў сталіцы. «Мы прааналізавалі, чым займаюцца нашы дзеці, і ўбачылі, што ў асноўным гуманітарнымі, мастацкімі кірункамі і вельмі мала тэхнічнымі — усяго 13 %. А ў краіне сёння ёсць рэальны дэфіцыт кадраў інжынернай думкі. Мы зразумелі, што тэхнічнага цэнтра для дзяцей і моладзі нам не хапае», — растлумачыў ён. Па сутнасці, гэта ўстанова з’яўляецца звяном паміж тэхнічнымі ВНУ, каледжамі і школамі. Цэнтр ужо з шасці гадоў пачне даваць школьнікам неабходныя веды і дапаможа дзецям знайсці сябе. 

Міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што сёння ў краіне дзейнічае 180 інжынерна-тэхнічных цэнтраў для школьнікаў. Такі цэнтр ёсць у кожным раёне. На ўзроўні абласцей і Мінска створаны буйныя цэнтры. І як вярхушка гэтай піраміды — Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Мэта такой работы — стварэнне платформы для развіцця інжынернага мыслення, падрыхтоўка кадраў для тэхналагічных галін і фарміраванне інавацыйнага патэнцыялу краіны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самых здольных дзяцей трэба пакідаць у краіне. Міністр адукацыі расказаў, што ўжо ў гэту ўступную кампанію 90 % школьнікаў — пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд паступілі ў беларускія ВНУ. У айчынныя ВНУ паступіла амаль 100 % медалістаў — а гэта чатыры тысячы маладых людзей. «Тая падтрымка, якую мы сёння аказваем адораным навучэнцам, накіраваная не толькі на тое, каб яны з ранняга ўзросту займаліся, але і паступалі ў нашы ўстановы адукацыі», — рэзюмаваў Андрэй Іванец. 

«Я намякаю на тое, каб мы не страцілі сваіх талковых людзей. Попыт каласальны на нашу моладзь, на нашых студэнтаў. Адукацыю вышэйшую мы ім дадзім — і яны паехалі. А паехалі чаму? Таму што сістэма адукацыі салідная. Трэба любым спосабам моладзь „прывязваць“, утрымліваць тут у Беларусі. Сілай не ўтрымаеш цяпер, трэба ствараць адпаведны інтарэс», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. 

«Каб перамагаць, трэба рабіць нешта незвычайнае»

Прэзідэнту прадставілі работы навучэнцаў цэнтраў, сярод якіх 3D-мадэлі рознай складанасці, робататэхніка, інжынернае абсталяванне, распрацаваныя дзецьмі, мадэлі «разумнай цяпліцы», «разумнага дома» і іншыя навацыі. 

Азнаёміўся кіраўнік дзяржавы і з лабараторыямі, у якіх смелыя ідэі юных вынаходнікаў увасабляюцца ў рэальнасць. Аляксандр Лукашэнка наведаў лабараторыю робататэхнікі, дзе яму паказалі робат-усюдыход. Плануецца, што гэты робат можа перавозіць цяжкія грузы, замяраць патэнцыяльна небяспечныя асяроддзі для чалавека. Вынаходнікі мараць увесці гэты робат у масавую вытворчасць і там яго ўжо дапрацоўваць. «Ты ж у масавую вытворчасць можаш запусціць, толькі калі зацікавіш вытворцу, — слушна заўважыў Прэзідэнт. — Ідэя, ты ж разумееш, не новая. Такія робаты ёсць і іншыя. Але вы павінны стварыць найлепшы робат. Канкурэнцыя жорсткая, таму я табе жадаю ў гэтай канкурэнцыі перамагаць». 

Паказалі кіраўніку дзяржавы і трасу для робататэхнічных комплексаў, на якой дзеці вучацца праграмаваць робатаў для пераадолення розных перашкод — у перспектыве гэта дапаможа навучыць робатаў пранікаць у тыя месцы, дзе чалавеку можа быць небяспечна. Прэзідэнт падзякаваў выкладчыкам цэнтра, якія накіроўваюць дзяцей па гэтых складаных інжынерных прафесіях. «Гэта вельмі неабходна і запатрабавана, і будзе толькі ўзрастаць. А мы зробім так, каб яны не беглі за мяжу, у Амерыку, Германію, а тут маглі вучыцца, штосьці вынаходзіць, прывыкаць і працаваць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лабараторыя праектнай дзейнасці абсталявана найноўшымі камп’ютарамі, 3D-прынтарамі, разнастайнай сучаснай тэхнікай. Тут дзяцей рыхтуюць да інжынернай работы. Юны вынаходнік Уладзіслаў Будэнка прадставіў Прэзідэнту свае праекты. Першы — прататып айчыннага робата-пыласоса. Ад канкурэнтаў і аналагаў ён адрозніваецца нізкай цаной і высокай эфектыўнасцю. Уладзіслаў прапісаў уласны код для навігацыі прылады. Кіраўнік дзяржавы на гэта заўважыў: «Дома ў мяне няма такой прылады. Думаю, калі мы вырабім нешта сваё, ты мне першы экзэмпляр падорыш». Ён адзначыў, што, калі маладыя інжынеры гатовыя да запуску вытворчасці, то такую ідэю можна падтрымаць. Свае робаты-пыласосы будуць добрым прыкладам імпартазамяшчэння. 

Другі праект Уладзіслава — аўтаномная крыніца энергіі, ад якой можна зараджаць розныя прылады ў месцах, дзе няма разетак. Працуе на сонечнай батарэі. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, ці можна ў нас у краіне вырабляць сонечныя батарэі, па яго словах, гэта перспектыўны кірунак. Уладзіслаў Будэнка прызнаўся, ён у такой прапанове зацікаўлены. 

Размаўляючы з юнымі спецыялістамі па мадэліраванні, Прэзідэнт даў ім параду — «каб перамагаць, трэба рабіць нешта незвычайнае». Знайшлася парада і для падапечных лабараторыі аўтамотатэхнікі. Тут дзеці вывучаюць унутраную будову аўтамабіляў, матацыклаў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта вельмі карысны навык у жыцці. «Жадаю атрымаць пасведчанне кіроўцы. Але не ліхач. Не спяшайся ў жыцці», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да юнага аўтаспартсмена. 

Некаторыя выпускнікі цэнтра пасля заканчэння ўніверсітэта перадаюць свае веды цяперашнім выхаванцам. «Вось гэта наша багацце — вучыўся, скончыў, прыйшоў вучыць. Але і сам, галоўнае, каб не спыніўся на гэтым, каб развіваўся. Нам патрэбныя такія, як я дрэнным словам называю, „яйкагаловыя“ людзі — разумнікі. Разумнікі патрэбныя», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Пагутарыў Прэзідэнт і з галоўным крытыкам мотавелазавода — Соф’яй, якая займаецца мотаспортам, сама разбірае матацыклы і добра ў іх разбіраецца. «Вельмі правільна. Ты вельмі мне дапамагаеш, я быў прыхільнікам захаваць вытворчасць матацыклаў і веласіпедаў у краіне», — адзначыў ён. І прызнаўся, што таксама любіць матацыклы. 

«Вось гэта малайцы. Мяне заўсёды ў дзяцінстве таксама цягнула разабраць, сабраць. Не заўжды атрымлівалася, умоў такіх не было», — падзяліўся кіраўнік дзяржавы. 

«Вам усё роўна прыйдзецца вырашаць задачы»

На тэрыторыі цэнтра створаны ўсе ўмовы для праверкі тэхнікі, запуску беспілотнікаў, праверкі аўтамадэляў — усе навуковыя ідэі можна адразу ж правяраць на практыцы. Прэзідэнт прызнаўся, што яму хацелася б стварыць такую машыну, якая змагла б абнуліць беспілотнікі. І намякнуў юным вынаходнікам падумаць пра гэта. 

«Добры дзень, Кулібіны! А хто з вас ведае, хто такі Кулібін, чым ён займаўся? Гэта вам хатняе заданне. Далажыце мэру Мінска. Ён мне скажа», — вітаў навучэнцаў цэнтра Прэзідэнт. Ён параіў выхаванцам установы далей развіваць свае здольнасці і запэўніў, што дзяржава будзе ствараць для гэтага неабходныя ўмовы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што дзецям, якія актыўна займаюцца ў навуковых гуртках, важна займацца і спортам, каб быць не толькі разумнымі, але і здаровымі. 

На памяць кіраўніку дзяржавы падарылі новага робата Антошу, які цалкам створаны ў цэнтры тэхнічнай творчасці. Падарунак будзе выстаўлены ў Палацы Незалежнасці. 

«Рабяты, дзякуй вялікі. Зрабіце што-небудзь карыснае, такое моцнае для краіны. Поспехаў вам. Калі будуць праблемы, гаварыце. Але толькі майце на ўвазе, што ўсё роўна вам прыйдзецца іх вырашаць — задачы, праблемы. Мы будзем ствараць умовы, каб вы маглі вырашыць, як тут. Дом нармальны для таго, каб на першым этапе паспрабаваць», — сказаў Прэзідэнт.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю