Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў старшыню Афрыканскага саюза, Прэзідэнта Анголы Жаау Лоўрэнсу і ў яго асобе ўсіх кіраўнікоў краін і ўрадаў дзяржаў — членаў Афрыканскага саюза З Днём Афрыкі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Гэтае свята сімвалізуе перамогу імкнення да незалежнасці і суверэнітэту, ідэалаў гуманізму і павагі да чалавечай годнасці над расізмам, каланіяльным ціскам і эксплуатацыяй, — гаворыцца ў віншаванні. — Краіны Афрыкі няўхільна ідуць па шляху забеспячэння ўстойлівага развіцця, харчовай бяспекі, ўмацоўваюць міжнародны аўтарытэт, заяўляюць пра сябе як аб значнай палітычнай, эканамічнай і маральнай сіле, прыхільнай шматпалярнасці, асноўным мэтам і прынцыпам Статута ААН».
Беларусь па праве ганарыцца сваім укладам у справу здабыцця афрыканскімі дзяржавамі суверэнітэту і незалежнасці, падкрэсліў Прэзідэнт. «У часы СССР нашы ваенныя і грамадзянскія спецыялісты дапамагалі народам Алжыра, Анголы, Мазамбіка і іншых краін. Сёння Беларусь ні на крок не адыходзіць ад прынцыпаў дзейснай падтрымкі сваіх афрыканскіх сяброў», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Сапраўдным узорам добрасумленнага, адкрытага і рэзультатыўнага ўзаемадзеяння кіраўнік беларускай дзяржавы назваў сумесную з Зімбабвэ праграму механізацыі сельскай гаспадаркі, якая задала новы высокі стандарт партнёрства паміж Беларуссю і Афрыкай.
«Перакананы ў тым, што беларускія тэхналогіі і кампетэнцыі могуць быць эфектыўна выкарыстаны для дасягнення мэт, сфармуляваных Афрыканскім саюзам у праграме-2063, а таксама пры рэалізацыі флагманскіх праектаў у рамках пазначанай стратэгіі развіцця, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Упэўнены, акрамя традыцыйных сфер харчовай бяспекі, паставак тэхнікі і прамысловай кааперацыі, адукацыі, медыцыны і аховы здароўя, беларускі бок можа выступаць надзейным партнёрам па шырокім спектры напрамкаў — ад укаранення новых тэхналогій перапрацоўкі адходаў да цыфравізацыі, мірнага выкарыстання атамнай энергіі і супрацоўніцтва ў засваенні касмічнай прасторы».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь, з’яўляючыся краінай, якая старшынюе ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў 2025 годзе, гатова садзейнічаць пашырэнню ўзаемнага гандлю таварамі і паслугамі паміж ЕАЭС і Афрыканскім саюзам, а таксама паступоваму зняццю гандлёвых бар’ераў. На яго думку, названыя пытанні могуць стаць асновай для актывізацыі афіцыйнага дыялогу паміж Беларуссю і Афрыканскім саюзам у любым зручным фармаце.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў у Мінск дэлегацыю высокага ўзроўню, якая прадстаўляе камісію Афрыканскага саюза, і прапанаваў выкарыстоўваць візіт для паглыбленай адпрацоўкі перспектыўных форм узаемадзеяння. «Разлічваю на вашу падтрымку гэтай ініцыятывы», — дадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што будзе рады асабістай сустрэчы з Жаау Лоўрэнсу для абмеркавання пытанняў актуальнага парадку дня, у тым ліку двухбаковых адносін з Анголай.
Беларускі лідар перадаў кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў Афрыканскага саюза пажаданні міру, працвітання, дабрабыту і ўстойлівага развіцця, а Прэзідэнту Анголы як старшыні гэтага аб’яднання — поспехаў на адказнай пасадзе.