Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Ключавая задача — павелічэнне несыравіннага экспарту

Умацаванне адносін з рэгіёнамі Расіі працягваецца. У панядзелак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Самарскай вобласці Вячаславам Федарышчавым, які не аднойчы наведваў нашу краіну. 


Вітаючы госця, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў дэлегацыі Самарскай вобласці, ёсць канкрэтныя прапановы па рабоце з Беларуссю. «Вы павінны ведаць, што мы вельмі трапятліва да гэтага ставімся і будзем заўсёды садзейнічаць рэалізацыі нашых дамоўленасцяў», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь скарачае свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў тых краінах, якія не настроены на супрацоўніцтва, пераважна на захадзе. «Калі яны не хочуць з намі супрацоўнічаць, чаго нам біцца ў зачыненыя дзверы. — адзначыў ён. — Мы пашыраем сваю прысутнасць там, дзе нас хочуць бачыць. І перш за ўсё ў нашай Расійскай Федэрацыі». Аляксандр Лукашэнка адзначыў гатоўнасць перанакіраваць створаны рэзерв дыпламатаў з захаду на ўсход. «Яшчэ раз падкрэсліваю: не хочуць працаваць з Беларуссю — сёння ў свеце дастаткова дзяржаў, якія з задавальненнем з намі супрацоўнічаюць», — заявіў Прэзідэнт. 

Гаворачы аб задачах супрацоўніцтва з Самарскай вобласцю, ключавой задачай кіраўнік дзяржавы назваў павелічэнне несыравіннага экспарту, нарошчванне прамкааперацыі, выпуску саюзнага прадукту. «Мы гатовыя ствараць сумесныя прадпрыемствы, і перш за ўсё, у Самарскай вобласці. Таму што вельмі магутныя ў прамысловых адносінах, перспектыўныя прадпрыемствы Самаршчыны — мы хацелі б з імі супрацоўнічаць. Вядома, у выніку гэтага супрацоўніцтва мы атрымалі б новыя кампетэнцыі, а вы атрымалі б добрых мазгавітых людзей у Беларусі, якія маглі б супрацоўнічаць і ствараць сумесны прадукт. Думаю, нам на гэта перш за ўсё трэба сёння звяртаць увагу», — адзначыў беларускі лідар, пры гэтым не забываючы пра традыцыйныя кірункі супрацоўніцтва. 

Пастаўка беларускай тэхнікі 

Гэта пасажырская, грузавая, камунальная, сельскагаспадарчая, дарожна-будаўнічая, пажарная тэхніка і многія іншыя віды. «Для жыцця мы вырабляем усё, і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы. Думаю, у Самарскай вобласці гэта заўсёды будзе запатрабавана, хоць яна і сама гэта ўмее рабіць», — адзначыў Прэзідэнт. 

Станкабудаванне

«Я калі быў на авіябудаўнічых заводах (натуральна гэта вельмі высокаёмістыя, навукаёмістыя, інавацыйныя прадпрыемствы), яны маю ўвагу звярнулі на тое, што з сыходам заходніх краін нам трэба развіваць сваё станкабудаванне. Без яго нічога быць не павінна і не можа. Вы ведаеце, што з савецкіх часоў станкабудаванне — гэта наш брэнд быў паралельна з іншымі галінамі як будаўніцтва, машынабудаванне, сельская гаспадарка. Станкабудаванне — гэта вельмі магутны напрамак развіццё нашай прамысловасці» — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі захавалі ўсе кампетэнцыі, прадпрыемствы. Ён звярнуў увагу, што для Самарскай вобласці гэта так жа актуальна і сумесная праца можа даць станоўчы эфект. 

Ліфтабудаванне 

«Куды дзенешся, выходзяць са строю ўжо тыя ліфты, якія тэрмін свой адпрацавалі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што беларускія прадпрыемствы пастаўляюць ліфты па ўсёй постсавецкай прасторы, ёсць новыя напрамкі. 

Камплектуючыя для легкавых аўтамабіляў 

«У вас цэлы кластар, у нас ёсць прадпрыемствы, якія вырабляюць камплектуючыя. Можам разам супрацоўнічаць. Урэшце падзяліць гэты рынак велізарны беларуска-расійскі, ды і за мяжу пастаўляць. Не трэба нам канкурыраваць там, дзе не трэба канкурыраваць», — прапанаваў Прэзідэнт. 

Сумесныя прадпрыемствы 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Самарская вобласць высока развіта ў прамысловым плане. «І мы таксама імкнёмся атрымліваць пабольш інавацыйнага прадукту. Таму ў гэтым плане ёсць над чым падумаць. І калі мы пра нешта дамовімся, мы будзем абавязкова ў традыцыйных галінах ствараць сумесныя прадпрыемствы, так і адкрываць новыя і на падставе распрацовак і нашых навукоўцаў, і самарцаў», — сказаў ён.

256464-07.jpg

Космас і ракетабудаванне 

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэтыя сферы вельмі цікавыя беларусам у Самары. «Авіябудаванне, ракетабудаванне ў вас на найвышэйшым узроўні», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што беларускія спецыялісты працуюць сумесна з расійскімі калегамі ў касмічнай галіне. Сумесна працуюць над стварэннем штучных спадарожнікаў, чыпаў. Беларускі лідар нагадаў, як пасля сыходу замежных кампаній былі некаторыя асцярогі наконт вытворчасці чыпаў. Аднак, адзначыў ён, у Беларусі захаваны прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на выпуску падобных вырабаў і сёння праблем гэтым няма. «Да вашых паслуг тут усё, што вас зацікавіць, што вы запытаеце. Для Вас мы ўсё зробім», — запэўніў ён.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусі вельмі цікавы Самарскі вопыт у ракетабудаванні і самалётабудаванні. «Дзякуючы Прэзідэнту Расіі мы тут сур’ёзна прасунуліся па самалётабудаванні. Самалёт „Асвей“ мы створым абавязкова — мы выканаем свае абавязацельствы, — сказаў Прэзідэнт. — Вы ведаеце, што ў нас магутная рамонтная база па самалётабудаванні, верталётабудаванні, па бронетэхніцы. Вельмі сур’ёзная база, мы яе развіваем да ўзроўню вытворчасці, каб мы маглі не толькі рамантаваць, але і вырабляць». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым плане ёсць вельмі вялікая цікавасць да самарскіх прадпрыемстваў і выказаў упэўненасць, што пункты судакранання будуць знойдзеныя.

Сельская гаспадарка 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь гатова дзяліцца сваім вопытам, і так як прадукты харчавання будуць патрэбныя заўсёды, прапанаваў сумесна працаваць над іх вытворчасцю і прадаваць на сумесных рынках. 

«Гатовыя зрабіць для вас ўсё»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што супрацоўнічаць проста так сёння немэтазгодна і трэба вырашаць канкрэтныя задачы. «Калі нешта ўбачыце цікавага ў Беларусі — мы да вашых паслуг, гатовыя заўсёды з вамі працаваць і супрацоўнічаць, — запэўніў ён. — Вы для нас самая-самая Расія, якую я люблю, паважаю. Вельмі працавітыя рускія людзі, цэнтр Расіі, так бы мовіць. Гатовыя зрабіць для вас усё, што мы можам і нават не можам, але зможам у перспектыве рабіць». 

Вячаслаў Федарышчаў перадаў беларускаму лідару вялікае прывітанне ад усіх самарцаў. «Вас у Самары любяць, вас у Самары ведаюць і заўсёды запрашаюць у госці», — адзначыў ён. 

«Вы перадайце самарцам, што я ніяк не магу іх падвесці. Я з найвялікшай павагай стаўлюся. Гэта самая Расія, гэта душа. І наша душа там і сэрца таксама. Я з найвялікшай павагай стаўлюся да людзей — гэта мае людзі, гэта таксама нашы людзі. Ім сорамна за мяне не будзе», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка.

Вячаслаў Федарышчаў раней працаваў у Тульскай вобласці. Паводле яго, і тады пытанні эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю былі на першым месцы. «Гэта той стратэгічны вектар, які вызначае наш прэзідэнт разам з вамі. Мы вельмі ўважліва сочым за павесткай Саюзнай дзяржавы. Для нас вельмі важна, каб Самара, якая з’яўляецца адным з самых індустрыяльных рэгіёнаў у Расійскай Федэрацыі, была ў гэтым павестцы, бачыла сябе там і адпавядала ёй. Тыя прапановы, з якімі мы сёння прыехалі, зыходзяць з парадку Саюзнай дзяржавы на сто працэнтаў», — сказаў Вячаслаў Федарышчаў. Ён таксама расказаў, што ў рэгіёне ўжо паспелі пратэсціраваць тэхніку беларускай вытворчасці, шмат машын працуе ў сельскай гаспадарцы. «Перада мной стаіць капітальная задача абнаўлення і мадэрнізацыі. Толькі ліфтаў нам у Самарскай вобласці трэба замяніць каля шасці тысяч. І сёння, наведваючы беларускія прадпрыемствы, будзем максімальна імкнуцца да прамога супрацоўніцтва, таму што ўсе бачаць беларускі вопыт і мы яму давяраем», — заявіў губернатар Самарскай вобласці. 

256464-04.jpg

Вячаслаў Федарышчаў паведаміў, што сёлета Самарская вобласць прымае міжнародны форум «Расія — спартыўная дзяржава» і адзначыў, што быў бы рады запрасіць беларускія каманды. «І баскетбол, і футбол, і вядома ж, хакей у вас на вельмі высокім узроўні. І мы хацелі б бачыць наша супрацоўніцтва» — адзначыў ён. 

Даслоўна

Журналістам Вячаслаў Федарышчаў расказаў, што з беларускім лідарам яны дамовіліся аб маштабным супрацоўніцтве ў галіне новых тэхналогій. «Самарская вобласць з’яўляецца індустрыяльным рэгіёнам, і ў нас вельмі вялікія зачыны па тэхналагічным лідарстве ў розных галінах: і ў хіміі, і ў беспілотным складніку. Прычым гэта беспілотны складнік не толькі ў небе — гэта беспілотныя тэхналогіі, якія разлічаны на ўсе тыпы і віды прылад. Тут у нас таксама з пункту гледжання навуковых прыкладных распрацовак, якія ўжо становяцца прадукцыяй, ёсць канкрэтныя прапановы ад Самарскага бізнесу па стварэнні сумесных прадпрыемстваў з Беларуссю. Мы таксама абмеркавалі гэта з Аляксандрам Рыгоравічам», — сказаў ён. Таксама прапрацоўваецца пытанне супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

Валерыя СЦЯЦКО

У тэму

Ва ўрадзе з губернатарам Самарскай вобласці Вячаславам Федарышчавым сустракаўся намеснік Прэм’ер-міністра Віктар КАРАНКЕВІЧ. Падчас сустрэчы віцэ-прэм’ер расказаў аб перспектыўных сумесных праектах з гэтым расійскім рэгіёнам.

• Прадпрыемствы Самарскай вобласці добра знаёмы з грузавой і камунальнай тэхнікай МАЗ. «У 2024 годзе ў Самарскую вобласць пастаўлена 95 грузавікоў, у гэтым годзе — ужо 30. Гатовы прапанаваць пастаўкі смеццявозаў, мультыліфтаў-кантэйнеравозаў, а таксама забяспечыць Самарскую вобласць не толькі грузавой і камунальнай тэхнікай, але і дарожна-будаўнічай, лесанарыхтоўчай і іншымі машынамі», — адзначыў Віктар Каранкевіч.

• Акрамя гэтага, у Самарскай вобласці эксплуатуецца больш за 80 адзінак тэхнікі БелАЗ. Напрыклад, летась у расійскі рэгіён адгружаны тры кар’ерныя самазвалы. У сувязі з ростам попыту на кар’ерную тэхніку ў Расіі Віктар Каранкевіч лічыць мэтазгодным актывізаваць работу па прагнозе паставак паміж вытворцамі і спажыўцамі.

• Ён звярнуў увагу і на тое, што беларускі завод пажарнай тэхнікі ТАА «Пажснаб» працуе па шэрагу перспектыўных праектаў у суб’ектах Расійскай Федэрацыі. «Па выніках аўкцыёну заключаны кантракт на пастаўку трох аўтацыстэрнаў у Самарскую вобласць, што дасць магчымасць заказчыку пераканацца ў якасці прадукцыі завода», — заўважыў віцэ-прэм’ер, дадаўшы, што гэта стане дадатковым крокам да развіцця гандлёва-эканамічных адносін з Самарскай вобласцю.

• Таксама «Магілёўліфтмаш» удзельнічае ў большасці тэндэраў на пастаўку ліфтавага абсталявання ў рамках рэалізацыі праектаў па капітальным рамонце жылых будынкаў і будаўніцтве новага жылля ў Самарскай вобласці. «За апошнія пяць гадоў самарскім бокам набыта больш як 2,4 тысячы беларускіх ліфтаў, а ў 2024 годзе пастаўлена больш як 600. Прапануем разгледзець пытанне аб стварэнні сумеснай вытворчасці ліфтаў у Самарскай вобласці пры наяўнасці пастаяннага попыту на прадукцыю», — заявіў намеснік Прэм’ер-міністра

• У гандлёва-эканамічных адносінах бакоў можна вылучыць далёка не адзін прыклад прамысловай кааперацыі, сказаў Віктар Каранкевіч, тым не менш ёсць шмат напрамкаў, якія можна вывучаць.

• Віцэ-прэм’ер таксама запрасіў гасцей узяць удзел у прамысловай выстаўцы «ІНАПРАМ. Беларусь», якая пройдзе ў Мінску з 29 верасня па 1 кастрычніка 2025 года. Ён выказаў упэўненасць, што кожны знойдзе на гэтай выстаўцы надзейнага партнёра.

• Беларускі бок нацэлены таксама пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Самарскай вобласцю ў сферы сельскай гаспадаркі, а таксама па пастаўках будматэрыялаў. «Беларускія арганізацыі таксама маюць значны вопыт праектавання прамысловых, інфраструктурных, сацыяльных аб’ектаў, у тым ліку на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Беларусь адкрыта да любых прапаноў для пашырэння і якаснага нарошчвання сувязей. Мы максімальна аператыўна разгледзім любыя прапановы нашых партнёраў», — сказаў на заканчэнне намеснік Прэм’ер-міністра.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю