Дзень нашай Перамогі. Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі на ваенным парадзе, прысвечаным 80-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

09.05.2025 | 20:56

Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!

Паважаныя суайчыннікі і госці Беларусі!

Гэта Перамога, сённяшняя Перамога, якую святкуюць Рэспубліка Беларусь, брацкая Расія, нашы сябры і саюзнікі, усе людзі добрай волі, вялікая і заслужаная. Гэта дзень Вялікай Перамогі.

Гэта перамога доблесных воінаў — байцоў Чырвонай Арміі, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу. Гэта перамога савецкага народа — народа — вызваліцеля ад нацызму.

9 мая 1945 года неба асвятлілі першыя святочныя салюты. Пачалося мірнае жыццё, у якім мы нястомна вядзём падлік гадам і дням падзей Вялікай Айчыннай вайны. Вось ужо 80 гадоў святкуем перамогу, успамінаючы герояў і схіляючы галовы перад загінуўшымі.

Мы праводзім парад у славу тых, хто не завагаўся і мужна ваяваў, запавольваючы ход машыны смерці, якая раўняла з зямлёй гарады, сёлы, лёсы і жыцці.

Мы ўшаноўваем памяць герояў, якія зламалі ваенную моц гітлераўскай Германіі, што паставіла пад свае сцягі мільёны еўрапейскіх нацыстаў.

Наш народ паказаў небывалую волю да перамогі. Ніхто ў Еўропе не змог супрацьстаяць вермахту так, як зрабіў гэта наш народ, наша дзяржава — Савецкі Саюз.

На савецкай граніцы тэхнічна падрыхтаванае і ўжо тактычна абкатанае войска фашыстаў спатыкнулася. На подступах да Масквы ўгразла на доўгія гады.

У першыя дні толькі ў Беларусі гітлераўцы страцілі больш салдат і афіцэраў, чым за два гады маршу па ўсёй Еўропе.

У шэрагах Чырвонай Арміі ваявала 1,3 мільёна ўраджэнцаў Беларусі. Амаль паўтысячы сталі Героямі Савецкага Саюза.

У тыле ворага змагалася каля мільёна партызан. На тэрыторыі нашай Беларусі дзейнічала больш за 800 тысяч народных мсціўцаў.

16 партызанскіх брыгад на працягу месяца паспяхова супрацьстаялі знятым з фронту войскам вермахта і СС, якія пераўзыходзілі па сіле, якім дапамагалі здраднікі — латышскія легіянеры, украінскія паліцаі, расійскія «ўласаўцы» і батальёны беларускіх калабарацыяністаў.

За гады акупацыі на нашай зямлі разгарнуўся шырока народнае супраціўленне. Такога масавага, шматнацыянальнага руху партызан і падпольшчыкаў не ведала ні адна краіна ў свеце.

У адзіным страі з намі змагаліся браты — прадстаўнікі больш як сямідзесяці нацый і народнасцей.

Гэта быў сапраўдны другі фронт, барацьба на якім шмат у чым абумовіла і вызначыла лёс найбуйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны.

Нашы героі вытрымалі. Выстаялі і перамаглі. Яны далі Еўропе ўрок, які, як нам здавалася, будзе засвоены. Але насамрэч заходнія эліты ненавучаемыя.

Еўрасаюз, які ствараўся як палітычнае і эканамічнае аб’яднанне, фактычна трансфармаваўся ў таталітарны ваенна-палітычны блок адкрыта рэваншысцкіх настрояў.

Брусель планамерна ператварае тэрыторыі Польшчы і Прыбалтыйскіх краін у зыходныя раёны для атакі на ўсходніх рубяжах Паўночнаатлантычнага блока.

У год 80-годдзя Вялікай Перамогі Еўрасаюз мае намер узняць аб’ёмы ваенных асігнаванняў да ўзроўню больш як трох працэнтаў валавога ўнутранага прадукту дзяржаў Еўрасаюза.

Варшава і Вільнюс маюць намер паставіць на граніцы з Беларуссю і Расіяй мінна-выбуховыя загароды.

Таму сёння, перад тварам жудаснай пагрозы еўрапейскага фашызму, які адраджаецца, мы заклікаем узгадаць урокі Вялікай Айчыннай вайны.

Вось для чаго нам патрэбна сёння гэта Перамога і ўшанаванне тых герояў.

Мы заклікаем усіх (Апладысменты): і палітыкаў, і лідараў, і народы заходніх краін.

Не варта памылкова разумець мірную рыторыку Беларусі. Так, мы заклікаем да міру. Так, мы ўсім сэрцам жадаем спыніць усе войны і канфлікты на планеце.

Але мы рабілі і будзем рабіць усё неабходнае і нават больш для ўмацавання абароннага патэнцыялу краіны, падтрымання баяздольнасці Узброеных Сіл на ўзроўні, які надзейна забяспечвае абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай дзяржавы.

Мы больш пад бізуном і ў лапцях хадзіць не хочам і не будзем!

(Апладысменты)

Беларуская армія — галоўная апора, наш надзейны шчыт. Сёння мы пакажам і мадэрнізаваныя ўзоры ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, створаныя беларускім абаронна-прамысловым комплексам, а таксама пры цесным супрацоўніцтве з Расіяй.

Парадам пройдуць доблесныя ваеннаслужачыя — салдаты, афіцэры і генералы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ваеннаслужачыя Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана і Узбекістана.

Мы былі разам тады. Мы разам сёння. І павінны зрабіць усё, каб не дапусціць новай сусветнай бойні, якая можа быць канцом гісторыі.

Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!

Гэты парад — на славу нашага і вашага подзвігу. Подзвігу воінаў — вызваліцеляў Беларусі, якія сёння жывуць у розных кутках планеты.

Вашы заваёвы і Вялікая Перамога — каштоўнасці, якія мы завяшчаем берагчы сваім дзецям і ўнукам, як гэта робіце вы.

Нізкі паклон вам!

Вечная памяць героям, якія пайшлі ад нас!

Дарагія сябры, паважаныя госці!

Ад імя беларускага народа ад усёй душы віншую ўсіх з 80-годдзем Вялікай Перамогі.

Жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабра і працвітання.

Няхай неба над нашай міралюбівай, любімай, прыгожай, роднай Беларуссю заўсёды будзе мірным!

Са святам!

З Днём Перамогі!

Ура!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю