Беларусь уваходзіць у тройку краін Еўропы з самай нізкай цаной на электрычнасць. Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб выніках працы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцяў, паведаміла БелТА
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за кошт выкарыстання электрычнасці для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, будаўніцтва электрадамоў павышаецца камфортнасць пражывання сотняў тысяч людзей. У 2021—2025 гадах узведзена больш за 2 млн кв. м такога жылля. На электраацяпленне пераходзяць і жыхары прыватных дамоў — за мінулы год пададзена больш за 160 тыс. заявак.«У нас 100 працэнтаў насельніцтва мае доступ да электраэнэргіі. Пры гэтым у рэйтынгу краін Еўропы Беларусь займае 3-е месца, дзе самая нізкая цана на электрычнасць. Паводле звестак рэйтынгу, апублікаванага ў чэрвені 2025 года, самы нізкі кошт электраэнэргіі ў Казахстане, Расіі і Беларусі», — сказаў Прэзідэнт.
У краіне таксама развіваецца электратранспарт, прычым не толькі ў буйных гарадах. «Пілотныя праекты па пераводзе грамадскага транспарту на электрычны ўкаранёны ў Шклове, Жодзіне і Наваполацку. А ў цэлым на сённяшні дзень у краіне эксплуатуецца больш за 44 тысячы электрамабіляў і налічваецца звыш 1870 зарадных станцый», — прывёў даныя кіраўнік дзяржавы.