Беларусь вядзе дыялог з амерыканцамі не супраць Расіі і не супраць Кітая. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу RT, перадае БелТА.
Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў беларуска-амерыканскія перагаворы, некалькі раўндаў якіх адбылося ў Мінску. Беларускі лідар звярнуў увагу, што ў тым ліку ў Расіі яго часам папракаюць у тым, што ён вядзе дыялог з Вашынгтонам. Аднак гэты дыялог не вядзецца супраць бліжэйшых саюзнікаў Мінска — Масквы і Пекіна, аб чым Аляксандр Лукашэнка выказваўся ўжо не раз. Акрамя таго, менавіта Расія і Кітай выручылі Беларусь, калі Захад уводзіў санкцыі ў адносінах да рэспублікі.
«Калі ў Расіі мяне нехта папракае, што я вяду перагаворы з амерыканцамі, я магу задаць ім пытанне: а вы што, не ведзяце з амерыканцамі дыялог? Ведзяце. Але я вяду дыялог з амерыканцамі не супраць Расіі і не супраць Кітая, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — На першай сустрэчы я ім сказаў: Расія і Кітай — гэта нашы даўнія не проста партнёры, а сябры. І калі вы, амерыканцы і еўрапейцы, уводзілі супраць нас санкцыі, Кітай і Расія адкрылі нам дзверы. Мы за кошт гэтага фактычна былі выратаваны. Чаму я павінен сёння супраць іх весці нейкі дыялог і нейкую палітыку?»
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь і Расія падпісалі самы цесны дагавор — Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які вызначае адносіны паміж дзвюма краінамі. «Спрабуем выбудаваць нейкую саюзную дзяржаву, ідзём як па тонкім лёдзе, нешта спрабуем зрабіць. Што, амерыканцы і Захад гэтага не ведалі? Ведалі! І я свята выконваю гэты дагавор» — дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама запэўніў, што яму добра вядома, як да яго ставяцца на Захадзе: «Якія б са мной перагаворы Захад ні вёў, я цудоўна разумею, што я не іх сукін сын. Яны з задавальненнем мяне перажуюць і выплюнуць. Я гэта цудоўна разумею. Але і ў такой сітуацыі (таму што я Прэзідэнт гэтай краіны, беларускага народа) я вымушаны і павінен зыходзіць з інтарэсаў народа, а не ўласных інтарэсаў».
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што Беларусь вымушана праводзіць шматвектарную палітыку, якая прадыктавана эканомікай. «Мы больш за палову матэрыяльных сродкаў і паслуг, якія вырабляем, прадаём на знешніх рынках. У нас адкрытая эканоміка, таму мы вымушаны свае інтарэсы бачыць на Захадзе, у Расіі, Кітаі і ў Афрыцы. Туды, куды ўсе ідуць — і Расія, і амерыканцы. Гэта наш інтарэс для таго, каб, як я нядаўна сказаў, жыць. Не выжываць, а жыць. Гэта наш інтарэс, ён ідзе ад жыцця. За што нас папракаць? Няма за што», — заявіў ён.