Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на ўзроўні кіраўніцтва дзвюх краін склаліся добрыя адносіны. «Гэта абнадзейвае, што мы нямала яшчэ зробім. Хоць мы і так працуем нядрэнна. Але той узровень палітычнага ўзаемадзеяння, які ў нас існуе, і парламенцкага ўзаемадзеяння яўна не адпавядаюць таму эканамічнаму ўзроўню, які паміж Беларуссю і Пакістанам», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў час сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістана дасягнута дамоўленасць, што ў бліжэйшай будучыні, асабліва ў гэтым і наступным годзе, адносіны ў сферы эканомікі будуць значна інтэнсіфікаваны. «Хацелася б, каб мы ўсё рабілі своечасова», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«У мяне да вас вельмі сур’ёзная просьба, маючы на ўвазе вашу вагу ў Пакістане, — каб мы ў рамках міжурадавай камісіі правялі сур’ёзную рэвізію нашых адносін, праектаў, якія існуюць, і выйшлі на тыя напрамкі супрацоўніцтва, якія сёння патрэбны Пакістану і Беларусі. Каб не было затрымак у рэалізацыі гэтых праектаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
