Top.Mail.Ru

Прэзідэнт уручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, спецпрэміі «Беларускі спартыўны Алімп»

Яшчэ адна традыцыя суверэннай Беларусі на пачатку новага года сабрала ў Палацы Рэспублікі прадстаўнікоў духавенства і мастацтва, рэстаўрацыйнай сферы, сродкаў масавай інфармацыі, органаў унутраных спраў. Таксама сярод лаўрэатаў — бібліятэкары, педагагічныя работнікі, рамеснікі, музыканты і, вядома, спартсмены. Такога высокага прызнання ўсе гэтыя людзі, цэлыя калектывы ўдастоены за добрасумленную працу на карысць Радзімы, захаванне яе духоўнай і культурнай спадчыны, праслаўленне краіны на міжнароднай арэне. 


За актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, якая садзейнічае ўмацаванню духоўных каштоўнасцяў і маральных традыцый беларускага народа, патрыятычнаму выхаванню моладзі, па выніках 2025 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». За выдатныя дасягненні ў галіне музычнага, тэатральнага, кінематаграфічнага, дэкаратыўна-прыкладнога і харэаграфічнага мастацтва, бібліятэчнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны дзесяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Сярод уганараваных спецыяльнай прэміяй «Беларускі спартыўны Алімп» за значны ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту, актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, развіцці фізкультурна-спартыўных традыцый, якія садзейнічаюць фарміраванню гарманічнай асобы, — Прэзідэнцкі спартыўны клуб, алімпійскі чэмпіён, праслаўлены трэнер. 


«Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і абараняць»  

«Сёння мы ўручаем унікальную прэмію, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Цырымонія ўручэння прэміі „За духоўнае адраджэнне“ ўжо даўно стала часткай нацыянальнай спадчыны. Як я ўжо казаў моладзі, традыцыі — аснова нашай дзяржаўнасці. У іх наша сіла і наша будучыня, якая немагчыма без вопыту і сувязі пакаленняў. На гэтым будуецца дзяржаўнасць». 

І суверэнная Беларусь, па гістарычных мерках вельмі маладая дзяржава, па словах Прэзідэнта, будавалася на аснове шматвекавой культурнай памяці, якая насычана высокай духоўнасцю і інтэлектам нашых продкаў.  

«Дзякуючы такой багатай, па-свойму ўнікальнай спадчыне беларусы ўвайшлі ў сусветную гісторыю самадастатковай нацыяй», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і ў пацвярджэнне гэтаму прывёў некалькі фактаў.  

Беларускі лідар нагадаў, што больш за тысячу гадоў таму, амаль адразу пасля Хрышчэння Русі, на нашай зямлі былі заснаваны адны з першых усходнеславянскіх цэнтраў дзяржаўнасцi, культуры, асветы — Полацкая і Тураўская епархіі. Тут дзякуючы нашым дойлідам зарадзіліся эксклюзіўныя архітэктурныя традыцыі і формы мастацтва. 

«У 2026 годзе мы будзем адзначаць сакральную для нас дату: роўна 865 гадоў таму майстар Лазар Богша стварыў унікальную святыню — Крыж Ефрасінні Полацкай, — канстатаваў Прэзідэнт. — Толькі ўдумайцеся, 865 гадоў!» 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што больш за пяць стагоддзяў таму ўраджэнец Полацкай зямлі Францыск Скарына выдаў «Псалтыр» — першую друкаваную кнігу на ўсходнеславянскай мове. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што друкаваная кірыліца, распрацаваная беларусам Ільёй Капіевічам, пакладзена ў аснову грамадзянскага шрыфта, уведзенага ў 1706 годзе ў Расіі.  

«Тэрмін „беларускае барока“ вядомы ва ўсім свеце, — канстатаваў Прэзідэнт. — Гэта ўнікальная з’ява ў сусветным мастацтве канца ХVIІ стагоддзя, якая распаўсюдзілася на ўсходнеславянскіх землях дзякуючы таленту нашых майстроў». 

І гэта, як акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, толькі некалькі фактаў. 

«Таму нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і абараняць, — падкрэсліў ён. — Таму і будуем новы Нацыянальны гістарычны музей. Ён стане месцам нацыянальнага гонару, калыскай нашай гістарычнай памяці, крыніцай натхнення для мірнага, працавітага, вельмі таленавітага і творчага народа». 

«Калі мы захоўваем матэрыяльную, творчую, духоўную спадчыну продкаў, у нас абавязкова будзе гісторыя» 

Прэзідэнт павіншаваў лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» з заслужанай і абсалютна ўнікальнай узнагародай. 

«І запыт на яе, і задума ўрачыстага мерапрыемства, якое мы праводзім тут, у Палацы Рэспублікі, у гэтыя светлыя святочныя дні, ішлі ад жыцця, ад нашай з вамі гісторыі, — звярнуў увагу беларускі лідар. — У пачатку 1990-х, у першыя гады незалежнасці, вельмі актыўна гучала тэма пошуку беларускай праваслаўнай рэліквіі — Крыжа Ефрасінні Полацкай. І я памятаю, як, будучы кандыдатам у Прэзідэнты, у адным з інтэрв’ю сказаў журналістам: трэба аднаўляць эканоміку, тады і рарытэты знойдуцца». 

Але ў пэўным сэнсе, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, беларусы знайшлі святыню. «Вельмі хутка. У сэрцы народа, — удакладніў Прэзідэнт. — Знайшлі гэты сімвал духоўнасці ў людзях, якія ў найкароткія тэрміны аднаўлялі нармальны тэмп развіцця народнай гаспадаркі, якія, нягледзячы на безграшоўе, развівалі традыцыі народнай творчасці і іншыя віды мастацтва — зусім не камерцыйныя і на той момант, магчыма, і непапулярныя. Знайшлі ў людзях добрай волі — міласэрных і бескарыслівых, якія захавалі ў такія суровыя часы ўнутраную чысціню». 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як праз два гады пасля першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з заробленых усёй краінай грошай была заснавана прэмія «За духоўнае адраджэнне». «З году ў год мы прысуджаем яе за тое, што зроблена па поклічы сэрца, не напаказ, — заўважыў беларускі лідар. — У імя мастацтва, не на продаж. У імя краіны, а не дзеля славы». 

Сёння, па словах Прэзідэнта, асабліва важна разумець, што словы «духоўнасць» і «культура» цесна ўзаемазвязаны і адно без другога немагчыма, не існуе. «А культура — гэта пульс жыцця. Жыцця нашага народа, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы захоўваем матэрыяльную, творчую, духоўную спадчыну продкаў, у нас абавязкова будзе гісторыя. Калі ёсць што захоўваць — значыць, ёсць народ, значыць, ёсць і дзяржава. Простыя ісціны. Дзякуй усім, хто ўвасабляе іх у жыццё — беражэ гістарычную памяць, культуру, духоўныя каштоўнасці». 

Ідэя свята ўручэння прэмій, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, вельмі важная. «Мы стварылі традыцыю, якая стала культурным дасягненнем ужо нашага з вамі пакалення, — падкрэсліў ён. — Яе абавязкова захаваюць нашы дзеці. Я ў гэтым абсалютна перакананы. Перакананы, бо ёсць вы, лаўрэаты. Незвычайна таленавітыя, творчыя і вельмі светлыя людзі. Ёсць ваш прыклад, які натхняе. Вялікі вам за гэта дзякуй!». 

Прэзідэнт павіншаваў лаўрэатаў прэмій, усіх беларусаў з Раством Хрыстовым. «Няхай кожнаму з вас спадарожнічае поспех у справах, спраўджваюцца ўсе мары, а сэрцы будуць напоўнены добрым настроем, цяплом і абавязкова радасцю, — пажадаў Аляксандр Лукашэнка. — Я жадаю вам самага галоўнага — міру, дабра і дабрабыту». 

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін павіншаваў лаўрэатаў і ўдзельнікаў урачыстасці са святам Раства Хрыстова. «Гэта свята — увасабленне Божай любові, свята, якое паведаміла радасць усяму чалавецтву, — адзначыў Уладыка. — Па словах святых, радасці не можа быць без любові. Дзе любоў — там і радасць. Паважаныя лаўрэаты, у аснове вашых прац, несумненна, ляжыць любоў да Айчыны, любоў да сваёй справы, любоў да бліжняга. І цяпер ваша праца ўганаравана высокай узнагародай, якая натхняе на новы плён».  


Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства Прэзідэнт агучыў сваё бачанне па актуальных пытаннях, звязаных з міжнародным парадкам дня, і ў чарговы раз скіраваў беларусаў на эфектыўную працу — кожнага на сваім месцы. 

«Будзем разам, будзем давяраць адно аднаму — усё будзе нармальна»  

«Улічваючы, што ў такім складзе мы адзін раз у год сустракаемся, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — І наша эліта грамадства, сапраўдная эліта, павінна ведаць, што адбываецца ў свеце. Яшчэ раз хачу вам сказаць: сітуацыя абсалютна заблытаная і незразумелая. Неяк раней я вам гаварыў аб тым, што ніхто не ведае, што будзе заўтра. Мы свае планы вызначылі. Як у народзе кажуць, мы павінны іх рэалізаваць, калі хочам жыць у суверэннай і незалежнай дзяржаве. Але не ўсё ад нас залежыць. Усё, што адбывацца вакол (вы бачыце), гэта можна назваць толькі адным словам — шаленства». 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што беларусы гэтае «шаленства» ў свой час перажылі ў перыяд пандэміі, але наш народ годна прайшоў гэты этап. «З праблемамі пэўнымі, але розуму ў нас хапіла, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Адзінаму народу ў свеце. Такіх больш не было. Мы выстаялі. Тады было складана, але ўсё залежала ад нас. Будзем разам, будзем давяраць адно аднаму, будзем выконваць кожны на сваім месцы тое, што павінны зрабіць, — значыць, будзе ўсё нармальна». 

Па словах Прэзідэнта, цяперашняя сітуацыя ў свеце значна складанейшая. «Абсалютна ўсё, што адбываецца вакол нас, не залежыць ад нас, — удакладніў ён. — Шаленства і яшчэ раз шаленства».  

«Кожны будзе думаць аб тым, каб абараніць сваю краіну»  

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не хацеў закранаць тэму падзей, звязаных з Венесуэлай, але закрануў, бо гэта сяброўскі для Беларусі народ, які ў свой час падставіў нам плячо. «Калі хтосьці забыўся, я — не, — падкрэсліў беларускі лідар. — І ў пэўнай ступені калі не выратаваў нашу краіну, дык моцна падтрымаў у часы Чавеса, калі яны працавалі разам з Нікаласам Мадурам. Я часта бываў там, ведаў аднаго і другога. Як я сказаў, гэтага (Нікаласа Мадуру. — „Зв“.) з дзяцінства». 

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна ў інтэрв’ю амерыканскай тэлекампаніі ён сказаў, што калі амерыканцы хочуць у Венесуэле другі В’етнам — яны яго атрымаюць. «Як бы там ні складвалася сітуацыя, мне здаецца, яны гэта пачулі, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — І тое, што яны пагражаюць цяпер Венесуэле нейкай наземнай аперацыяй, я цудоўна разумею, што гэта аперацыя скончыцца не на карысць ім. І будуць забітыя сотні звычайных людзей, ваеннаслужачых, кубінцаў, якія ахоўвалі Прэзідэнта (Венесуэлы. — „Зв“.). Не толькі сотні. Тысячы загіне ўжо і амерыканцаў. Думаю, ні Дональд, ні іншыя гэтага не хочуць». 

Па словах беларускага лідара, важна дакладна разумець, што Амерыка — вельмі складаная краіна. «Вельмі складаная, — падкрэсліў ён. — Гэта не так, як у нас, у Расіі і ў іншых краінах. Я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, саступка Дональда Трампа ваенным. Памятаеце, як беглі з Афганістана, чапляючыся за шасі самалётаў, падалі на ўзлётна-пасадачнай паласе? Ганьба! Але ж трэба было паказаць, што на нешта здольныя. Але зноў улезлі ў вельмі непрыемную сітуацыю».  

Прэзідэнт не раз папярэджваў, і са сцэны Палаца Рэспублікі яшчэ раз паўтарыў: «Перш чым зрабіць нейкі крок, перш чым нешта зрабіць, трэба падумаць і адказаць на адно пытанне: „А што потым?“ Ну, што рабіць цяпер? Так, кепска, агідна. Рэакцыя ўсяго свету (ёсць там некаторыя, якія вякалі, паказвалі сваё незадавальненне)... Але рэакцыя на гэта здарэнне ва ўсіх адмоўная. Усе зробяць з гэтага высновы. Усе разумеюць, што адбываецца ў гэтым плане ў свеце. І кожны будзе думаць аб тым, каб абараніць сваю краіну». 

«Там была і змова, і здрада» 

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што жонцы вывезенага ў ЗША Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры Сіліі Флорэс прапаноўвалі застацца на радзіме. «Флорэс, я ведаю, вельмі мужная жанчына, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. „Я са сваім каханым“ (словы жонкі Прэзідэнта Венесуэлы. — „Зв“.). Даставілі ў Амерыку, і ёй наркабізнес „прышылі“. Вось вам і ўсё правасуддзе, якому яны нас усё жыццё вучылі. Наеліся? Ніякай праўды, ніякага правасуддзя ў іх не было, няма і не будзе». 

Па словах беларускага лідара, ён толькі ўдзячны Дональду Трампу за тое, што ён адкрыта гаворыць: «Нафта, нам патрэбна нафта!». «Я гэта з болем гавару аб тым, што быў у нейкай ступені ўцягнуты ў гэту сітуацыю ў самым пачатку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І амерыканцаў інфармаваў: венесуэльцы гатовы з вамі супрацоўнічаць. Не трэба здзяйсняць гэтыя глупствы, з якіх будзе вельмі складана выйсці. Вельмі складана выйсці! Паглядзім яшчэ на правасуддзе. Там суддзі яму (Нікаласу Мадуру. — "Зв.") трапіліся годныя, скажам прама. І адвакаты».  

Беларускі лідар адзначыў, што перадаў амерыканцам усе меседжы ад Нікаласа Мадуры. «Вы бачылі маю сустрэчу з паслом Венесуэлы ў Расійскай Федэрацыі, — канкрэтызаваў ён. — Гэта яго прыхільнік, паплечнік, заўсёды былі яны разам. Я яго таксама добра ведаю. Чалавек ваенны, яшчэ пры Чавесе (працаваў пры былым Прэзідэнце Венесуэлы Уга Чавесе. — „Зв“.). Усё, што хочуць амерыканцы, можна было зрабіць без захопу. Але трэба было паказаць свой „гераізм“. На кім вы вырашылі паказаць? На безабаронным чалавеку? Перабілі ўсіх людзей, якія яго ахоўвалі, паранілі жонку, чалавека захапілі і вывезлі ў Амерыку. Вось „вялікі гераізм“. Імперыя, якая траціць больш за трыльён на ўзбраенне. Больш за трыльён долараў!».

У падзеях у Венесуэле, па словах кіраўніка дзяржавы, было ўсё: і дамоўленасць, і грошы, якія былі заплачаны, у тым ліку людзям у Венесуэле: і ваенным, і цывільным. «Там была змова, і там была здрада, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Усё там было. Таму нам трэба быць як мага больш асцярожнымі». 

Чарговы спектакль ад Захаду  

Прэзідэнт расказаў, што, ведучы з амерыканцамі перагаворы, ён папярэджваў не толькі беларусаў, але і расіян аб тым, што ЗША могуць разыгрываць своеасаблівы спектакль. «Я ім заўсёды гаварыў, і свайго старэйшага брата папярэджваў, і прама напярэдадні гэтага агіднага мерапрыемства (падзей у Венесуэле. — „Зв“.): не было б толькі спектакля з боку амерыканцаў і ўсяго Захаду, не разыгралі б яны нас у чарговы раз, — агучыў дэталі Аляксандр Лукашэнка. — І сёння я абсалютна перакананы, што гэта так. Ну навошта было захопліваць зусім нядаўна пусты расійскі танкер пад сцягам Расіі? Навошта гэта трэба было рабіць, калі вы хочаце міру ва Украіне? Шмат-шмат думак нараджаецца пасля гэтых падзей. Але нас пераканалі яшчэ раз у тым, што мы павінны быць моцнымі. Ну, а моцныя — гэта ж не размовы. Мы ўсё больш і больш павінны траціць грошай на ўзбраенне, на падрыхтоўку нашых ваенных».  

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы ўзгадаў людзей у пагонах, якія ў гэтыя святочныя дні, калі большасць беларусаў адпачывае і святкуе, нясуць службу — а гэта значыць, абараняюць нашу Радзіму. Галоўнакамандуючы прапанаваў выказаць удзячнасць ім за гэту мірную працу. Зала ўспрыняла гэту прапанову апладысментамі, стоячы. 

«Варыянт Венесуэлы ў Беларусі нерэальны»  

Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра леташняе пасяджэнне Савета Бяспекі Беларусі, дзе былі размеркаваны ролі на выпадак «А што, калі не будзе Прэзідэнта». «Слухайце, як у ваду глядзелі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму варыянт Венесуэлы ў Беларусі нерэальны. Нават калі гэта адбудзецца, у нас усё на гэты выпадак прадугледжана. Але каб гэтага не здарылася, мы — эліта грамадства перш за ўсё, — ідучы наперадзе, павінны бачыць і ведаць сваё месца. Кожны на сваім месцы павінен зрабіць максімум. Кожны. Якія б у нас ні былі дыктатура і аўтарытарызм, гэта кожнага не прымусіш зрабіць... Нам з вамі наканавана быць наперадзе ў гэтым вар’яцкім, бушуючым свеце. Калі будзем гэта ўсведамляць, у нас з вамі ўсё атрымаецца». 

Працуюць для людзей, захоўваюць і адраджаюць прыгажосць

Пазнаёміліся з некаторымі лаўрэатамі, якія атрымалі ўзнагароду з рук Прэзідэнта 

Лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» адзначаны калектыў Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Беларускай Праваслаўнай Царквы.  

Старшыня аддзела святар Раман Арцёмаў расказаў, што Сінадальны аддзел існуе ўжо больш за 10 гадоў. І супрацоўнікі аддзела на працягу ўсяго гэтага часу пастаянна дапамагаюць іншым людзям. «Мы займаемся і гуманітарнай дапамогай, і суправаджэннем устаноў, і індывідуальнай дапамогай, валанцёрствам і сястрыцтвам», — паведаміў ён. Раман Арцёмаў адзначыў і важнасць дапамогі бліжняму. «За столькі гадоў існавання чалавецтва людзі навучыліся дапамагаць адно аднаму. А з гэтым ужо складаней, таму што дапамагчы адзін раз — гэта добра, а дапамагаць на працягу пэўных гадоў і кожны тыдзень — гэта складана. Менавіта таму арганізацыя, каардынацыя і стварэнне нейкіх новых напрамкаў — гэта якраз тое, чым мы займаемся».  

Асаблівая каштоўнасць ад бескарыслівай дабрачыннай дапамогі, паводле слоў Рамана Арцёмава, заключаецца менавіта ў тым, што гэта ўсё з’яўляецца рухам да сэрца чалавека. «Чалавек хоча дапамагчы іншаму чалавеку, прычым не задаецца пытаннем: „А што мне за гэта будзе, колькі мне за гэта заплацяць і чаму я павінен гэта рабіць?“. А проста бярэ і робіць. І царква ў гэтым плане якраз поўная такіх людзей, якія дзейнічаюць на карысць, — заўважыў святар. — У цэлым, я перакананы, што беларусы ўмеюць дапамагаць. Мы дастаткова спагадная нацыя, і гэта сапраўды наш скарб, якім трэба ганарыцца».  

Лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» быў адзначаны старшы ўчастковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў Гомельскага райвыканкама маёр міліцыі Віктар Шыпкоў. Народным майстрам адроджана і папулярызуецца тэхніка пляцення на кругавой аснове («спрэнг»), па мясцовых традыцыях адноўленыя і праводзяцца абрадавыя дзеянні на Вялікдзень і Каляды. У 2024-2025 гадах Віктарам Шыпковым праведзены этнаграфічныя даследаванні і адноўлены традыцыйныя касцюмы паўднёва-ўсходняй часткі Гомельскага раёна, а таксама традыцыя вырабу святочных і вясельных васковых вянкоў.
«Хоць я чалавек у пагонах, можна сказаць, што служба — для сэрца, а традыцыйная культура — для душы, — падзяліўся суразмоўца. — Гэта дачыненне да вытокаў малой Радзімы, гэта тое, чым жылі нашы продкі. І каб спасцігнуць традыцыйную культуру, трэба бачыць вачыма нашых продкаў тую прыгажосць, якую яны бачылі душой і спрабавалі перанесці на простыя прадметы побыту. Я ў яе акунуўся, можна сказаць, з галавой і па гэты дзень яна мяне не адпускае».  

Акрамя этнаграфічнай дзейнасці, Віктар Шыпкоў яшчэ з’яўляецца шматдзетным бацькам. «У мяне шасцёра выдатных дзяцей — адзін сыночак і пяць дачок, — з гонарам гаворыць ён. — Яны бачаць тое, чым я займаюся, падтрымліваюць мяне, удзельнічаюць у правядзенні традыцыйных абрадаў нашай мясцовасці. І, як гаворыцца, тут і адбываецца тая традыцыйная перадача каштоўнасцяў ад бацькі да дзяцей, гэта значыць, ад старэйшага пакалення да малодшага. Пакуль дакранаемся мы да гэтых вытокаў, пакуль мы вучым нашых дзяцей зноў жа прыходзіць да гэтых вытокаў, у простым бачыць прыгожае, беларуская культура будзе квітнець».  

Лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» быў адзначаны і калектыў ААТ «Белрэстаўрацыя». Калектывам праводзіліся работы на такіх значных аб’ектах краіны, як Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, храм Аляксандра Неўскага ў Мінску, мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», Жыровіцкі манастыр. 

Як адзначыў выканаўца работ ААТ «Белрэстаўрацыя» Ігар Церашкоў, за рэстаўрацыяй стаіць велізарная работа цэлага калектыву прафесіяналаў, вялікая колькасць стадый, пачынаючы ад пошукавых работ, працягваючы навуковымі працамі аж да пошуку аналагаў і заканчваючы ўжо непасрэдна самімі працамі, якія ўключаюць мноства этапаў. На тэматычнай выстаўцы, якая была зладжана да цырымоніі ўзнагароджання, калектыў прэзентаваў апошнія знакавыя работы. Гэта і Стары замак у Гродне, фрагменты дубовых дзвярэй з каванымі элементамі, лямпа льва з вялікіх металічных варот на ўездзе ў арцы... «Адзін з нашых знакавых аб’ектаў, якія звязаны з выстаўкай духоўнага адраджэння, — храм Аляксандра Неўскага ў Мінску і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку. Яшчэ мы можам назіраць дзве выявы нашых бягучых аб’ектаў — іканастас Жыровіцкага манастыра, а таксама рэстаўрацыю касцёла Божага Цела, — расказвае рэстаўратар. — У 2022 годзе мы скончылі рэстаўрацыю фасадаў касцёла. А ў 2024-м — рэстаўрацыю на тэрыторыі касцёла астатніх збудаванняў у выглядзе званіцы XVI стагоддзя і капліцы Булгарына XVIII стагоддзя. На дадзены момант займаемся рэстаўрацыяй інтэр’ераў у касцёле Божага Цела». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.

Вераніка КАНЮТА. 

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю