Top.Mail.Ru

Аб чым Прэзідэнт гаварыў з міністрам абароны Расіі

У чацвер у прэзідэнцкім графіку была і сустрэча з міністрам абароны Расіі Андрэем Белавусавым, які прымаў удзел у пасяджэнні сумеснай калегіі абаронных ведамстваў Беларусі і Расіі, што прайшло ў Мінску. 


Папярэдзіць ваенную агрэсію звонку

«Пытанняў, якія мы павінны абмеркаваць, нямала. Дзякуй за тое, што сумесную групоўку, якую мы з вамі сфарміравалі ў рамках АДКБ на заходнім напрамку, вы трымаеце пры ўсіх складанасцях і цяжкасцях. Беларуская армія выконвае сваю ролю. Усе нашы абавязацельствы з расійскага боку для Беларусі, з боку Беларусі да Расіі мы выконваем. Нашы праціўнікі (ворагаў пакуль, напэўна, у нас тут асабліва няма) пра гэта ведаюць, яны ж бачаць, — заявіў беларускі лідар. — Па іншых ведамствах і напрамках у нас ідзе добрае супрацоўніцтва. Таму вы можаце не перажываць наконт нашых абавязацельстваў па ахове нашых рубяжоў Саюзнай дзяржавы». 


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падрыхтоўка Узброеных Сіл у Беларусі зарыентавана на тое, каб папярэдзіць ваенную агрэсію звонку. «Вы бачыце нашы дзеянні, асабліва Узброеных Сіл. Мы рыхтуемся да вайны, але спрабуем яе ўсяляк пазбегнуць. Ні нам, ні вам яна не патрэбна. Але каб яна не здарылася, трэба быць гатовымі. Таму наша сумесная групоўка на заходнім напрамку заўсёды будзе патрэбна. І яна сёння ў парадку», — адзначыў Прэзідэнт.

«Мы кантралюем усю тэрыторыю ўздоўж граніцы»

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама падзякаваў расійскаму боку за дапамогу ў арганізацыі кантролю рознымі тэхнічнымі сродкамі па перыметры Саюзнай дзяржавы — уздоўж граніц з Украінай і краінамі Захаду. «А ў вас яны (такія сродкі. — „Зв.“) з улікам канфлікту ва Украіне вельмі прасунутыя. РЛС (Радыёлакацыйныя станцыі. — „Зв.“) і таму падобнае. Там і расійскі вопыт улічаны, і шмат расійскіх сродкаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы з Прэзідэнтам Пуціным, нядаўна сустракаючыся, абмяркоўвалі гэту тэму. Ён, малайчына, паабяцаў, кажа: „Мы вось гэта, гэта дапаможам“. Гэта нам трэба будзе. І мы бачым, што гэта нам патрэбна. Мы кантралюем усю тэрыторыю ўздоўж граніцы. А гэта каля трох тысяч кіламетраў, калі Захад і Украіну браць. Вядома, яна (граніца. — „Зв.“) павінна быць прыкрыта сродкамі кантролю і назірання. Тут мы нядрэнна працуем».

Прэзідэнт адзначыў, што з улікам вопыту супрацоўніцтва ў міністра абароны Расіі калі і могуць быць прэтэнзіі да беларускага боку, то няшмат. «Прэтэнзій дакладна няма», — адказаў Андрэй Белавусаў. 

Ён падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы, нягледзячы на шчыльны графік, і перадаў цёплыя словы і пажаданні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. «Я яшчэ планую перасячыся з ім, можа быць, да саміту СНД, які ў снежні ў Піцеры мы намецілі, у нас ёсць пра што пагаварыць, асабліва ў сувязі з апошнімі падзеямі», — заўважыў на гэта Прэзідэнт. 

Андрэй Белавусаў пацвердзіў, што ў супрацоўніцтве абаронных ведамстваў дзвюх краін сапраўды вялікі парадак дня як у правядзенні сумеснай калегіі, так і ў частцы пытанняў, якія абмяркоўваліся на сустрэчы паміж міністрамі. «Я спецыяльна прыляцеў учора, а не сёння на калегію. Мы дзве гадзіны з ім (міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным. — „Зв.“) прагаварылі», — расказаў ён. 

Міністр абароны Расіі таксама падзяліўся, што на пасяджэнне сумеснай калегіі прыбылі і яго намеснікі. Важны момант — гэта таксама магчымасць для больш цеснага асабістага знаёмства з улікам кадравых змяненняў, якія адбыліся ў абаронных ведамствах абедзвюх краін. 

Андрэй Белавусаў таксама заўважыў, што міжнародная абстаноўка застаецца вельмі складанай і становіцца ўсё больш непрадказальнай. «Мы бачым, што адбываецца ў Еўропе, на Блізкім Усходзе. І гэта патрабуе папераджальных дзеянняў», — сказаў кіраўнік Мінабароны Расіі. 


Паводле яго слоў, менавіта гэта было асноўным прадметам размоў і на сустрэчы з міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным: «Якія яшчэ дзеянні, якія яшчэ задачы мы павінны паставіць перад сабой і вырашыць у найкарацейшыя тэрміны на нашым узроўні. Ёсць шэраг палітычных пытанняў, якія, безумоўна, патрабуюць рашэння вярхоўных галоўнакамандуючых». 

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю