Top.Mail.Ru

На Брэсцкім электралямпавым заводзе Прэзідэнт гаварыў не толькі пра вытворчасць

«Усё можам, калі ёсць дысцыпліна» 


Стартам рабочай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Брэсцкую вобласць стала наведванне Брэсцкага электралямпавага завода. У фокусе ўвагі кіраўніка дзяржавы — перспектывы развіцця найбуйнейшага ў краіне вытворцы святлотэхнічнай прадукцыі рознага прызначэння. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай прадпрыемства, праінспектаваў працэс вырабу прадукцыі непасрэдна ў цэхах, а таксама правёў рабочую нараду. 

Завод у Брэсце лічыцца найбуйнейшым айчынным вытворцам святлотэхнічнай прадукцыі і крыніц святла ў Беларусі, мае поўны завершаны тэхналагічны цыкл вытворчасці: ад навуковых распрацовак да выпуску кампанентаў і гатовай высакаякаснай прадукцыі. Тут вырабляецца ўвесь спектр адпаведнай прадукцыі — лямпы напальвання, модульныя, філаментныя, лінейныя, аўто, спецыяльныя. Па выніках мінулага года тэмп росту вытворчасці лямпаў склаў 113 %, тэмпы росту экспарту — 257 %.

Завод арыентуюць выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю. Гэта значыць, вырабляць сучасныя, у тым ліку LED-лямпы. Пры гэтым выпуск лямпаў агульнага напальвання і аўтамабільных павінен застацца таксама сярод прыярытэтных задач. Зараз запланаваны мерапрыемствы па стабілізацыі завода — купля новага абсталявання, пашырэнне наменклатуры вытворчасці. Стратэгія развіцця ўключае таксама выпуск бытавой тэхнікі. Працуюць на прадпрыемстве і над пошукам новых партнёраў. Так, наша прадукцыя цікавая ў Туркменістане і Грузіі.


«Калі вы сёлета 12 мільёнаў тон дасце — гэта будзе вялікае дасягненне»

Але найперш адразу па прылёце ў Брэст Прэзідэнт выказаўся аб сітуацыі ў сельскай гаспадарцы вобласці. Падлятаючы да Брэста, ён вывучыў з борта верталёта стан палёў рэгіёна. «Я чакаў большага, шчыра кажучы. Увогуле нядрэнна. Але захаплення ніякага няма. Я падумаў, не дай бог, у нас на зямлі і ў Гродзенскай вобласці так, як у Брэсцкай, — гэта будзе нядобра. Усё ж такі Гродзенская вобласць была ў нас лідарам у гэтых адносінах, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Я не кажу, што дрэнна, але захаплення не выклікае».

Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб неабходнасці годна правесці ўборачную кампанію, нягледзячы на пераменлівае надвор’е і вялікую колькасць ападкаў. «Тое, што ты збярэш, я не сумняваюся, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка. — Мяне цікавіць іншае: ураджайнасць збожжавых. Цяпер трэба ўбраць хлеб. У цэлым па краіне (ураджай. — „Зв.“) павінен быць не ніжэйшы за ўзровень мінулага года. Калі вы сёлета 12 мільён тон дасце — гэта будзе вялікае дасягненне. Але нават 11,5 мільёна тон — гэта добра».

Кіраўнік дзяржавы даручыў адначасова з уборкай ураджаю займацца ўзворваннем зямель пад сяўбу азімых: «Трэба рыхтаваць азімы клін. Трэба араць. Рапс трэба да 20 жніўня пасеяць».


Прэзідэнт звярнуў увагу старшыні Брэсцкага аблвыканкама і на неабходнасць забяспечыць належныя ўмовы для захоўвання сена: «Сена ў рулоны згарнулі — і кінулі. Сена павінна ляжаць пад дахам. Або „шапку“ нейкую для гэтых рулонаў прыдумай, каб не намокла, — арыентаваў беларускі лідар. — Сена спрасаванае, трапіць туды вада — усё згніе. Я гэта ведаю з вопыту».

«Наша самая галоўная праблема — адсутнасць тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны»

Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб неабходнасці захавання дысцыпліны. Прэзідэнт упэўнены: беларусы могуць шмат чаго дасягнуць, калі на ўсіх узроўнях будзе наладжана працоўная і тэхналагічная дысцыпліна.

«Наша самая галоўная праблема — адсутнасць тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны. Усё можам, калі ёсць дысцыпліна. Дзе Прэзідэнт праехаў, там добра. Але я ж не ўсюды бываю», — заўважыў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў аб сваім нядаўнім даручэнні накіроўваць у армію на паўднёвую граніцу нядбайных работнікаў. «Гэта не для таго, каб кагосьці папужаць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Калі ты не хочаш на гэтай рабоце працаваць, мы цябе праверым на іншай — у арміі. Гэта не нейкі здзек з людзей. Мы проста даём магчымасць праявіць сябе на іншай, складанай мужчынскай працы. Трэба людзей, хоць гэта і непапулярна гучыць з маіх вуснаў, прывучаць да дысцыпліны. Будзе дысцыпліна — мы ўсё зможам».

Яшчэ адно даручэнне губернатару Брэстчыны — навесці парадак у рэгіёне і выкараніць безгаспадарчасць. «Я хачу сказаць, што бардачок у цябе ёсць на асобных месцах. На дахах нейкіх старых закінутых аб’ектаў выраслі дрэвы, іх трэба прыбраць, — пералічыў ён. — Трэба наводзіць парадак у Брэсцкай вобласці».

Кіраўнік дзяржавы даручыў інвеставаць у тыя вытворчасці і кірункі, дзе ў нас ёсць школы і кампетэнцыі. У прыватнасці, закранаючы дзейнасць Брэсцкага электралямпавага завода, Прэзідэнт звярнуў увагу, што лямпы напальвання сёння ўжо не патрэбныя: «Нам патрэбны святлодыёд. Попыт велізарны. Так трэба тут укладвацца. На святлодыёд трэба мяняць усё. Чаму не ўкладвацца сюды, дзе ёсць школа і кампетэнцыі. Трэба ва ўрадзе ўзяць ухіл на гэта. На развіццё таго, што мы ўмеем».


«Ніякіх палацаў быць не павінна»

Прыбыўшы на прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы заслухаў шэраг дакладаў. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама дэталёва далажыў Прэзідэнту аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, стане сельскай гаспадаркі, прамысловасці, знешнеэканамічнай, інвестыцыйнай дзейнасці, турызму.

Асобна Прэзідэнт выказаўся аб развіцці сацыяльнай інфраструктуры. Перш за ўсё кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба прытрымлівацца разумнага падыходу і будаваць такія аб’екты без празмернасцяў. У першую чаргу яны павінны быць функцыянальнымі і зручнымі для людзей. Адзін з прыкладаў — Рэспубліканскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, які будуецца ў Брэсцкай вобласці. У цяперашні час завершана два этапы будаўніцтва, а трэці будзе скончаны ў наступным годзе.

«Ніякіх палацаў быць не павінна», — заявіў ён. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў будаўніцтве гэтага аб’екта варта аказаць дапамогу кіраўніцтву мясцовых органаў улады. «Ідэя добрая. Тое, што мы абяцалі, мы абавязкова дапаможам», — запэўніў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пазначыў яшчэ адно патрабаванне: пры будаўніцтве ні ў якім разе не варта закранаць сельскагаспадарчыя і лясныя землі. «На землі сельгаспрызначэння і лясныя ўгоддзі — ні кроку. Хапае зямель — там будуйце жыллё, — падкрэсліў беларускі лідар. — І старайцеся будаваць сваімі трэстамі. У нас, асабліва ў Брэсцкай вобласці, магутныя будаўнічыя трэсты. Хай бяруць зямлю і будуюць жыллё. І прыватныя кампаніі, якія працуюць як трэсты».

Беларускі лідар таксама запатрабаваў навесці парадак у Белавежскай пушчы. «У Белавежскай пушчы трэба наводзіць парадак. Не толькі па дарозе, дзе я пралятаў, а ў Белавежскай пушчы ў цэлым. Там вельмі-вельмі шмат паваленых дрэў. Я незадаволены тым, што адбываецца ў Белавежскай пушчы, трэба парадак наводзіць. Я не магу там усе паваленыя дрэвы высечы, пасекчы на дровы і гэтак далей», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык заўважыў, што навукоўцы не рэкамендуюць прыбіраць паваленыя дрэвы. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы пазначыў наступны падыход: «У нас жа ёсць запаведная тэрыторыя, дзе нельга секчы, касіць або збіраць грыбы. А ў пушчы трэба наводзіць парадак».


«Людзі будуць занятыя, заробак будзе»

Кіраўнік дзяржавы таксама заслухаў даклад аб стане і перспектывах развіцця электралямпавага завода, які ўваходзіць у склад холдынга «Гарызонт». Прэзідэнт падрабязна распытаў пра гэта кіраўніцтва названых структур, а таксама адказных службовых асоб, у тым ліку кіраўнікоў Брэсцкага аблвыканкама, Камітэта дзяржкантролю. Як паведамляюць спецыялісты, становішча на прадпрыемстве складанае. Да мадэрнізацыі прыступілі толькі цяпер.

Прэзідэнт адзначыў, што ствараць новыя вытворчасці ў раёнах не заўсёды ёсць неабходнасць, калі там ужо дзейнічаюць прадпрыемствы, якія забяспечваюць людзей працай і зарплатай. Часам там дастаткова правесці мадэрнізацыю, каб павялічыць вытворчасць прадукцыі, тым самым павялічыўшы колькасць працоўных месцаў.

Адзін з нядаўніх прыкладаў такога падыходу — рэканструкцыя Нарачанскага вытворчага ўчастка Мінскага малочнага завода № 1 па праграме «Адзін раён — адзін праект». «У Мінскай вобласці па новых тэхналогіях павялічылі вытворчасць сыроў. Гэта таксама добры праект у развіццё старога, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Людзі будуць занятыя, заробак будзе. Але галоўнае, што мы гэта ўмеем рабіць. У нас узяты курс на прыдумлянне нейкіх аб’ёмных праектаў па тэме, якая ў нас ніколі не культывавалася ў краіне. У развіццё праектаў некаторых вытворчасцяў нам патрэбныя інвестыцыі».

Гаворачы аб вытворчасцях, у якіх у беларусаў ёсць кампетэнцыі, ён звярнуў увагу на Брэсцкі электралямпавы завод. Асноўнай прадукцыяй прадпрыемства былі лямпы напальвання, хоць цяпер ва ўсім свеце расце попыт на святлодыёдныя лямпы. Кампетэнцыі па іх вытворчасці ёсць і ў айчынных вытворцаў, у тым ліку ў завода ў Брэсце.


«Нам трэба захаваць вёску»

Пасля азнаямлення з работай прадпрыемства Прэзідэнт правёў нараду аб перспектывах і развіцці арганізацыі. Аднак пачаў з гарачай тэмы — уборачнай кампаніі. «Што датычыцца сённяшняга наведвання Брэсцкага рэгіёна, я павінен сказаць, што адкрыта мяне перш за ўсё хвалюе сітуацыя з уборкай ураджаю гэтага года. Таму я гляджу, як на ўсходзе, на поўдні, вось цяпер на захадзе. Я пабываю і ў Гродзенскай вобласці, Віцебскай вобласці (віцябчане пазней будуць убіраць). Я параўноўваю, гледзячы па краіне на тыя ці іншыя рэгіёны. Тэма ўборачнай кампаніі для мяне вельмі важная цяпер», — падкрэсліў беларускі лідар.

Таму першае пытанне — уборка збожжа. «Я ўжо выказаў сваё меркаванне. Малайцы брастаўчане, як заўсёды нядрэнна працуюць, але не цудоўна. Ёсць куды рухацца. Я чакаў большага. Уборка толькі пачалася, я думаю, да канца вы падцягніцеся. Хлебныя месцы і раёны яшчэ ў вас, але толькі пятую частку сабралі хлябоў. Таму ёсць над чым працаваць. І, на што я вельмі разлічваю, — парадак, парадак, парадак і дысцыпліна». 

Калі гаварыць не толькі аб бягучай сітуацыі, а больш глабальна, то асаблівая ўвага да сельскагаспадарчай галіны звязана з задачай захаваць вёску. «Мяне хвалюе вёска. Нам трэба захаваць вёску, бо без вёскі няма краіны. Згодны хтосьці са мной ці не, але я так лічу. І каб захаваць вёску, павінна быць у людзей праца. А гэта перш за ўсё сельская гаспадарка, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Хоць у сельгасраёнах мы нямала зрабілі ў галіне прамысловасці. І праграма „Адзін раён — адзін праект“ да 2030 года будзе завершана, і ў кожным раёне, дзе толькі магчыма, мы створым новыя працоўныя месцы. Новыя перспектыўныя вытворчасці ў нас будуць».

«Будзе жыць прамысловасць — будзе жыць краіна»

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы расставіў акцэнты ў пытанні прыярытэтнасці для яго сфер сельскай гаспадаркі і прамысловасці. «Я заўважаю, што некаторыя „разумныя спецыялісты“ пачалі гаварыць, што Прэзідэнт больш любіць сельскую гаспадарку. Я сапраўды сельскую гаспадарку люблю, але прамысловасць — не менш. Асабліва гэты кірунак, дзе я прысутнічаю, таму што маё жыццё, як і ў кожнага з вас, пачынаецца з тэлевізара. Будзе жыць прамысловасць — будзе жыць краіна, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Ад прамысловасці мы маем нашы асноўныя вынікі».

Прэзідэнт раскрыў мэту свайго прыезду на Брэсцкі электралямпавы завод. «Я наведваю гэта прадпрыемства, бо яно дрэнна працаваць не можа. Без лямпачкі, без асвятлення — нікуды. Ні ў доме, ні на вуліцы, ні ў аўтамабілі, ні ў касмічным апараце — нідзе. Гэта прадпрыемства, хто б тут ні быў Прэзідэнтам, губернатарам, павінна развівацца. Таму што гэты прадукт, як хлеб, — вельмі неабходны», — канстатаваў беларускі лідар. 

Паводле яго слоў, аб перспектыўнасці святлодыёднай лямпачкі сёння гаворыць увесь свет. «Лямпы напальвання, ці, як мы іх называлі, „лямпачкі Ільіча“, яшчэ прысутнічаюць, але больш затратныя ў эксплуатацыі і ўжо сыходзяць. Таму першае, што трэба зрабіць, — вызначыцца: што мы самі будзем рабіць у гэтай лямпачцы, а што мы не будзем рабіць, не павінны і не зробім», — заўважыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы арыентаваў вытворцаў лямпачак адыходзіць ад імпартнай лакалізацыі і імкнуцца ствараць іх з айчынных камплектуючых. 

Прэзідэнт адзначыў, што становішча на прадпрыемстве складанае. «Але я не ў жарт сказаў — гэта курорт. Гэта не малочнатаварны комплекс і нават не рыбная гаспадарка, якая мне вельмі спадабалася на паўднёвым усходзе. Гэта курорт. Усё акуратненька, усё зроблена. Таму з дырэктара трэба спытаць, не важна, тры месяцы ён тут працуе, трэці ён чалавек ці які. Вынік павінен быць. З кім вы гэта будзеце рабіць — ваша справа».


«У нас ёсць людзі, кампетэнцыі»

У ліку праблемных аспектаў прадпрыемства, пра якія ішла размова, — значныя аб’ёмы складскіх запасаў, недастатковы ўзровень лакалізацыі. За апошнія пяць гадоў не праводзілася нейкіх маштабных работ, і да мадэрнізацыі прыступілі толькі нядаўна. «Трэба зараз паскарацца, калі страцілі час. Але акно магчымасцяў ёсць. З улікам сусветных тэндэнцый развіцця зялёнай эканомікі ўсе краіны паступова адмаўляюцца ад лямпаў напальвання», — сказаў Прэзідэнт. Ён дадаў, што справа не толькі ў «зялёнай павестцы»: святлодыёдныя лямпы паказалі сябе больш эфектыўнымі і таннымі. 

У Беларусі і Расіі ўжо амаль 15 гадоў забаронены выпуск лямпаў напальвання звыш 100 Вт. «А гэта ж была асноўная прадукцыя завода. І росту попыту там ужо не будзе», — заўважыў Прэзідэнт. Ён лічыць правільным, што БЭЛЗ не адмаўляецца цалкам ад выпуску лямпаў напальвання, пакуль на іх ёсць некаторы попыт, але паступова замяшчае іх больш сучаснай і запатрабаванай прадукцыяй. І для гэтага праводзіцца мадэрнізацыя, устанаўліваюцца новае абсталяванне, вытворчыя лініі. «Калі патрэбна нейкая невялікая капейка для гэтага, прымальныя крэдыты, мы вас пракрэдытуем. Гэта датычыцца ўсіх праектаў. Але пад умову: сёння вы грошы ўзялі — заўтра вы іх вярнулі», 

Сёння-заўтра будуць запатрабаваныя святлодыёды, падкрэсліў беларускі лідар. «Рынак велізарны, канкурэнцыя высокая, але мы ж не на голым месцы, як у Афрыцы, ствараем гэта ўсё, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Мы ж гэта ўмеем рабіць, у нас ёсць людзі, кампетэнцыі. Самае галоўнае — ведаць, што рабіць. І ведаць, калі ў нас няма абсталявання, дзе яго купіць. Ці можам мы канкурыраваць? Можам! Кадры і кампетэнцыі ёсць». Напрыклад, у Брэсцкім рэгіёне святлодыёднай прадукцыяй займаюцца 4 прадпрыемствы (БЭЛЗ, «Рыёна Лайтынг», «Арлайт і К» і «ЭВіЯР»)». 

У дзяржаўным сектары за развіццё гэтага сегменту адказвае холдынг «Гарызонт» і Мінпрам. «Губернатар (Пётр Пархомчык. — «Зв.») не проста ўчарашні віцэ-прэм’ер (былых не бывае). Ён прамысловец. Ён накіраваны сюды з такой мэтай, каб прамысловасць нашага гераічнага горада Брэста была на ўзроўні. Таму пад яго асабісты кантроль былі даручэнні. Але асабліва мы тут, Пётр Аляксандравіч, не рванулі, мяркуючы па гэтым прадпрыемстве», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да кіраўніка Брэстчыны.

Вяртаючыся да тэмы лакалізацыі, Прэзідэнт падкрэсліў: «Людзі і кампетэнцыі ёсць. Таму трэба рабіць тое, што мы можам. І імкнуцца хоць на капейчыну дзесьці вырабляць тое, што мы можам вырабляць, не закупляючы па імпарце. Таму лакалізацыя павінна быць нармальнай. Трэба імкнуцца да высокага працэнта лакалізацыі нашай прадукцыі». 


«Шукаць эканоміку ў кожнай дэталі лямпачкі»

Больш за тое, працягнуў беларускі лідар, цяпер склалася выгадная эканамічная сітуацыя. «Пры належным падыходзе мы можам спакойна канкурыраваць з усімі», — заўважыў ён. Але, па словах Прэзідэнта, трэба выканаць пэўныя ўмовы. 

Па-першае — скончыць мадэрнізацыю. «Добра, што ведаеце, як заканчваць і куды рухацца: аўтаматызацыя, рабатызацыя, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Другое — стварыць узаемавыгадную прамысловую кааперацыю ў рэгіёне і краіне. Кааперыравацца трэба, шукаць эканоміку ў кожнай дэталі лямпачкі. Трэцяе — паступова павялічваць лакалізацыю. Для гэтага тавару кошт транспарціроўкі камплектуючых часам вышэйшы за кошт самой дэталі. І гэта нас штурхае да таго, каб мы займаліся лакалізацыяй». 

Чацвёртае — не дапускаць на наш рынак няякасны тавар. «Як мне дакладваюць, маюцца факты, калі пад выглядам 9-ватнай лямпачкі спажыўцу прадаюць 6-7-ватную. Яшчэ раз паўтараю публічна: калі гэта выявілі — інфармацыю адпаведным органам і назаўтра павінна быць рашэнне. Гэта павінна быць пад сур’ёзным кантролем, — катэгарычна сказаў Прэзідэнт. — Рашэнні павінны быць імгненныя, адэкватныя ў адносінах да любога пастаўшчыка — няважна адкуль. У нас ёсць парадак: прыходзьце, працуйце на нашым рынку, але не стварайце нам несумленную канкурэнцыю, парушаючы нашы законы. У гэтым плане Дзяржстандарт павінен папрацаваць прынцыпова. Вось асноўныя контуры стратэгіі развіцця БЭЛЗ».

«Трэба дзейнічаць. Патрэбны вынік»

Таксама былі вызначаны перспектывы развіцця холдынга «Гарызонт», у якім, дарэчы, сітуацыя таксама не аптымальная. Адно з праблемных пытанняў — нізкі ўзровень лакалізацыі. «Таму да канца года патрабуецца абноўленая стратэгія развіцця ўсіх прадпрыемстваў холдынга з канкрэтнымі задачамі па экспарце і лакалізацыі, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Калі трэба — падцягвайце айчынных сумежнікаў з прамысловай галіны. Нельга нам загубіць добрую вытворчасць сваёй няспрытнасцю». 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі захавалі спадчыну, якая дасталася ад Савецкага Саюза, уключаючы прадпрыемствы, кампетэнцыі і вопыт кіравання. «Мы ўсё гэта захавалі. Дык давайце рухацца наперад, — прапанаваў Прэзідэнт. — Мы ведаем, што рабіць. Тэхналогія дыктуе нашу дысцыпліну. Нельга зрабіць інакш, чым належыць па тэхналогіі». Адсюль вынікае патрабаванне няўхільнага выканання працоўнай дысцыпліны.

«Таму дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна. І не слухайце тых, хто з-за мяжы вякае: „Вось, ён зноў пра гэтую дысцыпліну“. Калі гэта найважнейшае пытанне — і тысячу разоў буду пра гэта гаварыць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба дзейнічаць. Патрэбны вынік».

***

Па выніках візіту кіраўніку дзяржавы падарылі першыя лямпачкі, якія былі выпушчаны на прадпрыемстве ў 1966 годзе. Яны папоўняць калекцыю падарункаў у Палацы Незалежнасці.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

г. Брэст

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю