Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Маскве 25 верасня прыме ўдзел у Глабальным атамным форуме, які пройдзе пад дэвізам «Ад новага тэхналагічнага ўкладу — да новага светапогляду», паведамляе БелТА.
Можна сказаць, што Беларусь з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам элітнага «атамнага клуба» — у свеце крыху больш за тры дзясяткі дзяржаў, якія эксплуатуюць ядзерныя рэактары для вытворчасці электраэнергіі. Нягледзячы на нядаўняе паветрые, асабліва сярод заходнееўрапейскіх краін, дзе яшчэ некалькі гадоў таму заяўлялі аб спыненні сваіх АЭС і адмове ад атамнай энергетыкі, цяпер сітуацыя складваецца з дакладнасцю да наадварот. Эксперты кажуць пра рэнесанс мірнага атама. У гэтым плане Беларусь не ва ўгоду палітычнай модзе, а выключна кіруючыся нацыянальнымі эканамічнымі інтарэсамі, апынулася ў трэндзе. У цяперашняй пяцігодцы ўведзена ў строй БелАЭС у Астраўцы, а гэта два самыя сучасныя і бяспечныя рэактары расійскай вытворчасці. Плюс да ўсяго сур’ёзна разглядаецца магчымасць будаўніцтва яшчэ адной АЭС або дадатковых блокаў на ўжо дзеючай станцыі. Але галоўнае — Беларусь назапасіла вопыт і кампетэнцыі ў адной з самых высокатэхналагічных галін.

Зараз у свеце эксплуатуецца 416 ядзерных рэактараў, яшчэ 63 знаходзяцца на этапе будаўніцтва. Паводле прагнозаў МАГАТЭ, магутнасць АЭС да 2050 года ў свеце павялічыцца як мінімум на чвэрць.
Міжнародны форум «Сусветны атамны тыдзень» праводзіцца ўпершыню і прымеркаваны да 80-годдзя атамнай прамысловасці Расіі. Адлік вядзецца з 20 жніўня 1945 года, калі быў створаны спецыяльны камітэт для кіраўніцтва Савецкім атамным праектам, што стала адпраўной кропкай для стварэння айчыннай атамнай прамысловасці. Менавіта айчыннай, бо галіна стваралася сіламі навукоўцаў усяго Савецкага Саюза, часткай якога была і Беларусь.

У якасці пляцоўкі для правядзення форуму абрана знакавае месца-музей «АТАМ» на ВДНГ. Тут размешчана найбуйнейшая і самая сучасная ў Расіі экспазіцыя, прысвечаная ядзернай энергіі. Плошча павільёна — як тры з паловай футбольныя палі, тры падземныя і чатыры надземныя паверхі. Экспазіцыя распавядае пра гісторыю асваення атамнай энергіі ад пачатку Савецкага атамнага праекта і да нашых дзён.
Дарэчы, адразу па суседстве на ВДНГ размешчаны павільён «Беларусь», дзе працуюць гандлёвыя і выставачныя пляцоўкі. Гэта таксама сімвалічна падкрэслівае блізкасць нашай краіны да атамнай тэматыкі.
Хто ў ліку ўдзельнікаў Форуму?
Мерапрыемствы форуму наведаюць прадстаўнікі больш ста дзяржаў, уключаючы краіны СНД, Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Выстава і дзелавая праграма форуму збярэ вядомых атамшчыкаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў дзяржорганаў, міжнародных арганізацый, буйных кампаній.
Натуральна, на форуме чакаюць Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі ў ліку высокіх гасцей — лідар М’янмы Мін Аун Хлайн, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, прэм’ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед, кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі. Акрамя таго, у мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі Ірана, Узбекістана, Егіпта, Рэспублікі Нігер і шэрагу спецыялізаваных арганізацый, інфармуе прэс-служба Крамля.
Чакаецца выступленне Прэзідэнта Беларусі. А прадстаўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў краіны прымуць удзел у дзелавой праграме форуму: круглых сталах, панэльных сесіях, адкрытых дыялогах, дзе будуць абмеркаваны перспектывы далейшага развіцця галіны і яе роля ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця нацыянальных эканомік.
Што Беларусь прадставіць на сваім стэндзе?
Удзел у «Сусветным атамным тыдні» бяруць таксама беларускія прадпрыемствы і арганізацыі. На калектыўным стэндзе Беларусі на выставе форуму прэзентаваны інавацыйныя праекты ў сферы атамнай энергетыкі, прамысловасці, навукі, адукацыі, ядзернай медыцыны.
Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае праект па ўзвядзенню і ўводу ў эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі. Наведвальнікі могуць даведацца аб найбольш значных выніках выканання нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы, падрыхтоўцы кадраў для атамнай галіны, мерах па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, сумесных праектах з МАГАТЭ, развіцці супрацоўніцтва Беларусі з краінамі-партнёрамі ў атамнай энергетыцы.
Чым унікальная БелАЭС і якім вопытам гатовыя дзяліцца беларускія атамшчыкі?
На БелАЭС працуюць рэактары ВВЭР-1200 пакалення 3+. Гэта сучасны і тэхналагічны рэактар расійскай вытворчасці, які адпавядае самым высокім патрабаванням па бяспецы. Менавіта Беларусь стала першай замежнай пляцоўкай для «Расатама», дзе быў рэалізаваны гэты праект. Гэта значыць пляцоўка ў Астраўцы ў пэўным сэнсе стала вітрынай перадавых напрацовак сучаснай расійскай атамнай галіны.
А яшчэ праект БелАЭС стаў самым высокатэхналагічным і маштабным у гісторыі беларуска-расійскіх адносін. У будаўніцтве АЭС прыняло ўдзел каля 40 беларускіх і расійскіх арганізацый. У пік узвядзення станцыі на пляцоўцы было задзейнічана больш за 9 тыс. будаўнікоў. Праект аб’яднаў навуковыя і інжынерныя школы, дзясяткі прадпрыемстваў і тысячы спецыялістаў дзвюх краін.
Унікальны вопыт атрымалі беларускія спецыялісты, якія былі задзейнічаны спачатку пры будаўніцтве гэтага аб’екта, а цяпер — у працэсе эксплуатацыі і абслугоўвання БелАЭС. І размова не толькі аб самой станцыі, але і аб іншай спадарожнай інфраструктуры.
«У тым ліку рэалізацыя мерапрыемстваў па інтэграцыі Беларускай атамнай электрастанцыі ў энергасістэму краіны. Цяпер гэты вопыт запатрабаваны і паспяхова рэалізуецца на праектах „Расатама“ ў іншых краінах, — заявіў журналістам у Маскве віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч. — Мы не стаім на месцы. Мы кажам, што з кожным разам можна і трэба далей рухацца ў рамках развіцця атамнай энергетыкі. І мы можам падказаць, як і якім чынам у нас рэалізоўваўся гэты праект, якія вопыт і кампетэнцыі мы атрымалі».

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, у гэтым плане Беларусь узаемадзейнічае з партнёрамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, краін СНД. Ёсць узаемадзеянне і з шэрагам іншых краін, як, напрыклад, з Венгрыяй, дзе таксама рэалізуецца аналагічны праект па будаўніцтве АЭС пры ўдзеле «Расатама». «Створана рабочая група на ўзроўні экспертаў. Яны на рэгулярнай аснове ўзаемадзейнічаюць і абменьваюцца вопытам у рамках развіцця ядзернай энергетыкі», — расказаў Віктар Каранкевіч.
Што краіна атрымала ад атамнага праекта?«Многія краіны хочуць атрымаць наш вопыт і навучыцца, атрымаць адказы на асобныя пытанні па развіцці атамнай энергетыкі», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
Пытанне аб развіцці ў Беларусі ядзернай энергетыкі не з’явілася з ніадкуль. Яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя недалёка ад Мінска пачалі будаваць атамную цеплаэлектрацэнтраль. Гэта было прадугледжана энергетычнай праграмай СССР, прынятай у 1983 годзе. Але чарнобыльская трагедыя прывяла да закрыцця праграмы ядзернай энергетыкі і замест ядзернага аб’екта пад Мінскам з’явілася новая ЦЭЦ на прыродным газе.
Спатрэбіліся гады і палітычная воля, каб усё ж такі вярнуцца на курс па развіцці ў краіне атамнай энергетыкі.
«Будаўніцтва АЭС — гэта рэальная перспектыва, стратэгічная задача, і адмаўляцца ад яе Беларусь не мае намеру. Я думаю, будучыя пакаленні ацэняць наша рашэнне», — заявіў тады Прэзідэнт.
Штогод БелАЭС генеруе каля 18 млрд кВт. г і забяспечвае больш за 40% унутраных патрэбаў краіны ў электраэнергіі.
- Беларусь цалкам адмовілася ад імпарту электрычнай энэргіі.
- Зніжана залежнасць ад імпартаванага прыроднага газу. З моманту ўключэння першага энергаблока БелАЭС у аб’яднаную энергасістэму (3 лістапада 2020 года) станцыя сумарна выпрацавала больш за 50 млрд кВт. г электраэнергіі, што дазволіла замясціць звыш 13 млрд куб. м прыроднага газу.
- Атрыманы экалагічны эфект, і гэта ўклад у агульную справу па змякчэнні наступстваў змены клімату. За кошт уводу БелАЭС выкіды парніковых газаў скарачаюцца прыкладна на 7 млн т у год.
- Атамная станцыя забяспечвае задавальненне нарастальнага попыту на электраэнергію рэальным сектарам эканомікі і насельніцтвам на мэты ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Дзейнічаюць стымулюючыя тарыфы як для энергаёмістых вытворчасцяў, так і для грамадзян, якія выкарыстоўваюць электраэнергію для ацяплення.
- БелАЭС стала драйверам развіцця сумежных галін эканомікі. Рыхтуецца да рэалізацыі цэлы шэраг інавацыйных праектаў — у прамысловасці, навуцы, медыцыне. Вялікі праект «БелАЭС» садзейнічае шырокаму ўкараненню сучасных тэхналогій на вытворчасцях, забяспечвае стварэнне новых працоўных месцаў.
Ці будзе ў Беларусі другая АЭС?
Гэта пакуль пытанне дыскусійнае, але, як казаў Карл Маркс, ідэя ўсё больш авалодвае масамі. Калі меркаваць па афіцыйных заявах, справа да гэтага ідзе. Трэба толькі канчаткова вызначыцца, ці будаваць новую АЭС на новай пляцоўцы альбо дадаць яшчэ адзін-два блокі да БелАЭС у Астраўцы.
Першае даражэй, бо трэба будзе зноў ствараць усю інфраструктуру. Але ёсць і плюсы ў выглядзе рэгіянальнага развіцця і больш кароткага пляча дастаўкі электраэнергіі да спажыўцоў у канкрэтным рэгіёне. Гэта таксама забяспечыць больш надзейнае энергазабеспячэнне за кошт размеркавання крыніц. Таму трэба ўсё грунтоўна пралічыць, узважыць за і супраць, прычым пажадана ў перспектыве дзясяткаў гадоў. Не выключана, што нейкія заявы на гэты конт прагучаць і падчас форуму ў Маскве.
Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што будаўніцтва новай АЭС магчымае на ўсходзе Беларусі. Якраз у Магілёўскай вобласці размешчаны пляцоўкі, якія першапачаткова, разам з Астравецкай, былі выбраныя ў якасці найбольш падыходных для будаўніцтва БелАЭС.
«Мы папрасілі расіян, калі ёсць магчымасць, пабудаваць другую электрастанцыю. Мы яе пабудуем самі, акрамя рэактара. Спецыялісты ў нас ёсць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў сакавіку бягучага года ў Савеце Федэрацыі падчас афіцыйнага візіту ў Расію.
У гэтым жа ключы Аляксандр Лукашэнка выказваўся і падчас размовы з жыхарамі Касцюковічаў у красавіку 2024 года. «Другая пляцоўка (раней як альтэрнатыва Астравецкай, дзе пабудавана БелАЭС, была вызначана Краснапалянская пляцоўка) знаходзіцца на ўсход ад Магілёва. Я сёння думаю: калі будзем будаваць другую АЭС, мы дзе гэтыя рэактары размесцім? — падзяліўся Прэзідэнт. — Я ўсё ж такі схіляюся да таго, што ў нас на захадзе ёсць станцыя. Павінна яна быць і на ўсходзе».