Top.Mail.Ru

Лукашэнка будзе старшынстваваць на саміце ЕАЭС у Мінску і разам з іншымі лідарамі возьме ўдзел у ЕЭФ

Маштабнае мерапрыемства прымеркавана да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, дзе кіраўнікі дзяржаў-удзельніц абмяркуюць актуальны парадак еўразійскай інтэграцыі. Мерапрыемствы арганізаваны ў рамках старшынства Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2025 годзе.


«Беларусь была і застаецца перакананым прыхільнікам паглыблення еўразійскай інтэграцыі і пабудовы эфектыўнай агульнай эканамічнай прасторы на аснове даверу і ўзаемаразумення».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, 19 чэрвеня 2025 г.


Еўразійскі эканамічны форум пачне работу сёння на пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. Прэзідэнт Беларусі прыме ўдзел у пленарнай сесіі на тэму «Стратэгія Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: вынікі і перспектывы», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Саміт лідараў ЕАЭС пройдзе 27 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі.

На парадку дня пасяджэння — актуальныя пытанні еўразійскай інтэграцыі, якія датычацца міжнароднай дзейнасці, стратэгічных кірункаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, лібералізацыі паслуг у ЕАЭС, эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне спорту, а таксама развіцця гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з асноўнымі партнёрамі ЕАЭС.

Напярэдадні, праводзячы нараду па падрыхтоўцы да форуму, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў:

— Прыярытэты нашага старшынства ў бягучым годзе былі выкладзены ў маім звароце да кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕАЭС. Яны павінны быць рэалізаваны.

Кірункі пазначаныя — гэта прамысловая кааперацыя, транспартная палітыка, фінансавы рынак, міжнароднае пазіцыянаванне і гандлёвая экспансія на знешнія рынкі, а таксама фарміраванне сацыяльнага складніка інтэграцыі.

— Па кожным кірунку патрэбна практычная аддача ад рашэнняў, якія прымаюцца, і тых дакументаў, якія мы падпішам, — падкрэсліў беларускі лідар на нарадзе 19 чэрвеня 2025-га.

Сёння Беларусь у рамках свайго старшынства ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2025-м прымае ІV Еўразійскі эканамічны форум. На пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра Belexpo 26–27 чэрвеня ўдзельнікі абмяркуюць стратэгію Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: падвядуць яе вынікі за 10-гадовы перыяд існавання і вызначаць далейшыя перспектывы развіцця.

Як абяцаюць арганізатары, мерапрыемства збярэ больш за 2,7 тысячы ўдзельнікаў з 33 краін.

26-37 копия.jpg

Варта нагадаць, што ў ліку прыярытэтаў беларускага старшынства, пазначаных у звароце Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕАЭС, апублікаваных у студзені 2025 года, значацца наступныя: развіццё тэхналагічнага патэнцыялу і кааперацыя; павышэнне харчовай бяспекі; завяршэнне фарміравання адзінай транспартнай прасторы; выраўноўванне ўмоў гаспадарчай дзейнасці, стварэнне празрыстага канкурэнтнага асяроддзя; абарона ўнутранага рынку. Таксама ў ліку нашых прыярытэтаў — актывізацыя ўзаемадзеяння ў галіне лічбавай трансфармацыі; развіццё міжнароднага супрацоўніцтва; дапаўненне эканамічнага трэка інтэграцыі праблематыкай з сацыяльнай і гуманітарнай сфер, а таксама пераход на новы ўзровень інфармацыйнага ўзаемадзеяння.

Усе гэтыя тэмы знойдуць сваё адлюстраванне ў дыскусіях удзельнікаў.

Як адзначылі арганізатары, у рамках дзелавой праграмы форуму запланаваны шэсць тэматычных блокаў, якія ахопліваюць усе сферы ўзаемадзеяння ў рамках ЕАЭС: фінансавую сферу, прамысловасць і АПК, энергетыку, развіццё ўнутранага рынку ЕАЭС, гандаль, транспарт, мытнае рэгуляванне, дзяржзакупкі, статыстыку і іншыя.

Запланавана таксама правядзенне 35 тэматычных мерапрыемстваў.

Дарэчы, удзел у форуме возьмуць каля 300 спікераў, асвятляць яго працу будуць 450 прадстаўнікоў СМІ. Усе падрабязнасці найбуйнейшага мерапрыемства — у бліжэйшых нумарах газеты і на сайце zvіazda.by

Наша даведка

Еўразійскі эканамічны форум — штогадовае дзелавое мерапрыемства. Пляцоўка для прамога і канструктыўнага дыялогу паміж прадстаўнікамі бізнесу, органаў улады, міжнародных арганізацый.

Мерапрыемства арыентавана на ўдзел у ім кіраўнікоў буйнога, сярэдняга і малога бізнесу дзяржаў-членаў і трэціх краін, кіраўнікоў і прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады краін ЕАЭС, а таксама кіраўнікоў і членаў урадаў трэціх краін, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, зацікаўленых у развіцці ўзаемадзеяння ў рамках саюза.

Дзяржавы–члены ЕАЭС:

  • Арменія;
  • Беларусь;
  • Казахстан;
  • Кыргызстан;
  • Расія.

Толькі лічбы

На краіны ЕАЭС прыпадае 2,7 % сусветнага экспарту.

Валавы ўнутраны прадукт у ЕАЭС — 2 391,9 млрд долараў.

Прамысловая вытворчасць у 2023 годзе — 103,7 % да 2022 года.

Аб’ём знешняга гандлю таварамі ЕАЭС з трэцімі краінамі ў 2021 годзе — 988,2 млрд долараў ЗША.

Колькасць насельніцтва — 185,5 млн чалавек.

26-24 копия.jpg

Колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва — 93,4 млн чалавек.

Здабыча нафты — 611,7 млн тон (14,5 % сусветнай выпрацоўкі).

Здабыча газу — 818,0 млрд куб. м (20,3 % сусветнай выпрацоўкі).

Выпрацоўка электраэнергіі — 1 335,3 млрд кВт-г (4,7 % сусветнай выпрацоўкі).

Вытворчасць сталі — 84,0 млн тон (4,3 % сусветнай выпрацоўкі).

Вытворчасць чыгуну — 57,5 млн тон (4,3 % сусветнай выпрацоўкі).

Сельскагаспадарчая вытворчасць — 135,6 млрд долараў ЗША (2,7 % сусветнай выпрацоўкі).

Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур — 171,7 млн тон (6,1 % сусветнай выпрацоўкі).

Вытворчасць малака — 51,0 млн тон (5,3 % сусветнай выпрацоўкі).

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю