Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў Беларускай чыгункі з прафесійным святам — Днём чыгуначніка. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
«Беларуская чыгунка» — найважнейшае звяно ў транспартнай сістэме краіны і гонар яе жыхароў. Штогод вы перавозіце больш за 60 мільёнаў пасажыраў і звыш 100 мільёнаў тон розных грузаў. Усе, хто карыстаецца паслугамі Беларускай чыгункі, абсалютна ўпэўненыя ў вашай надзейнасці і пунктуальнасці«, — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што слаўныя працоўныя традыцыі беларускіх чыгуначнікаў былі закладзены з адкрыццём першага на тэрыторыі Беларусі ўчастка Парэчча — Гродна. «З тых часоў некалькі пакаленняў машыністаў і правадыроў, дыспетчараў і супрацоўнікаў вакзалаў, шляхавых абходчыкаў і інжынераў-рамонтнікаў з гонарам носяць форму беларускага чыгуначніка і адказна працуюць на карысць сваёй краіны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Упэўнены, удасканаленне кіравання перавозкамі, развіццё інфраструктуры і тэхналогій, нарошчванне патэнцыялу экспартных транспартных калідораў дазволяць вам і далей умацоўваць свае пазіцыі, працягваць паступальны рух наперад», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт пажадаў работнікам галіны, іх родным і блізкім здароўя, шчасця і новых прафесійных поспехаў.