«Трэба вызначыць, што нам трэба і ў якім аб’ёме».

Акрамя таго, Галоўнакамандуючы азнаёміўся з варыянтамі экіпіроўкі ваеннаслужачых сродкамі індывідуальнай бронеабароны, аптычнымі прыборамі назірання, акулярамі абарончымі, гарнітурамі абароны слыху, іншымі ўзорамі ўзбраення ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Адбылася дэманстрацыя практычнага розыгрышу баявога прымянення БЛА. Завяршыўся насычаны працоўны дзень кіраўніка дзяржавы правядзеннем нарады па пытаннях развіцця вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў і бронекамізэлек.
«Моладзі гэта падабаецца. І гэта добра»
Адразу пры прыбыцці ў 927-ы цэнтр падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў Прэзідэнт удакладніў у ваеннаслужачых і іншых спецыялістаў, ці вызначыліся яны з тым, якія беспілотнікі патрэбны краіне, якія з іх будуць вырабляць у нас.
Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка праінфармаваў аб прызначэнні, складзе і структуры беспілотнай авіяцыі Узброеных Сіл. Ëн адзначыў, што ва Узброеных Сілах цяпер актыўна ўдасканальваецца сістэма беспілотнай авіяцыі.
«У агульнай структуры Узброеных Сіл у якасці самастойнага кампанента спецыяльных войскаў створаны войскі беспілотных авіяцыйных комплексаў, — далажыў Павел Муравейка. — На гэтыя войскі ўскладзены задачы па вядзенні паветранай разведкі, нанясенні агнявога паражэння праціўніку, навядзенні і карэкціроўцы агню, выкананні забяспечваючых функцый у інтарэсах іншых спецыяльных войскаў».Пасля даклада начальніка Генштаба, асноўная частка якога прайшла ў закрытым фармаце, кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі адпрацоўку практычных навыкаў праходжання спецыялізаванай трасы аператарамі FPV-дронаў. Гэтым аператары БЛА займаюцца пасля навучання на камп’ютарным трэнажоры.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, як наладжана процідзеянне сродкам радыёэлектроннай барацьбы. Аб гэтым Прэзідэнта падрабязна праінфармавалі.
Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з абсталяваннем цэха вытворчасці, зборкі і рамонту беспілотных авіяцыйных комплексаў, а таксама з вытворчым працэсам.
Галоўнакамандуючы звярнуў увагу: добра, што ў нас такія падрыхтаваныя аператары дронаў. «Ад гэтага нікуды не сыдзеш, — канстатаваў ён. — Ім работа ёсць салідная. Я бачу, моладзь імкнецца да таго, каб запусціць гэты дрон. Моладзі гэта падабаецца. І гэта добра. Мы сярод моладзі можам шмат знайсці такіх хлопцаў, і яны будуць лятаць».
Прэзідэнт заўважыў, што ў той жа час застаюцца запатрабаванымі і іншыя віды ўзбраенняў. «Чалавек з ружжом — гэта галоўнае, — падкрэсліў ён. — А гэта (беспілотнікі. — „Зв“.) — дзе дазволіць мясцовасць».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, залішне гэтым напрамкам таксама не трэба захапляцца. Ëн падкрэсліў, што ў гэтай справе ў тым ліку трэба арыентавацца на сродкі і патрэбы, якія ёсць.
«Галоўнае — не захапляцца, — паставіў задачу Прэзідэнт. — Заўсёды трэба мець галаву на плячах і разумець, што мы можам, што не можам. Трэба вызначыць, што нам трэба і ў якім аб’ёме. Стварыць добры дрон — тры ці чатыры тыпы — гэта трэба, будзем рабіць. Але вы павінны падказаць нам, якія яны павінны быць і што трэба рабіць».
«Заахвочвайце такіх людзей»
Прэзідэнту прадставілі ўзоры беспілотных авіяцыйных комплексаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні беларускай арміі. Шэраг мадэляў спраектаваны і сабраны непасрэдна беларускімі вайскоўцамі (свайго роду, аўтарскія распрацоўкі).
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, такіх ваеннаслужачых у абавязковым парадку трэба заахвочваць. «Галоўная задача — каб не вохкалі і не ахкалі, — удакладніў ен. — Вось сыдзе, і што застанецца?» А каб за ім дзясятак такіх жа стаялі. І за гэта яго заахвочваць, плаціць і даваць усё, што трэба. Заахвочвайце такіх людзей."
Акрамя таго, Прэзідэнту прадэманстравалі перспектыўныя айчынныя распрацоўкі і беспілотнікі, якія вырабляюцца на замежных прадпрыемствах. Асобная ўвага была ўдзелена сродкам барацьбы з беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі. У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы запатрабаваў забяспечыць якасць тэхнікі, якая вырабляецца. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на ўзбраенне неабходна браць толькі найлепшыя мадэлі.
Таксама Прэзідэнту прадэманстравалі варыянты экіпіроўкі ваеннаслужачых сродкамі індывідуальнай бронеабароны, аптычныя прыборы назірання, ахоўныя акуляры, гарнітуры абароны слыху, іншыя ўзоры ўзбраення.
«Гэта трэба рабіць», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.Як беспілотнікі прымяняюцца ў дзеянні, Прэзідэнту паказалі падчас практычнага розыгрышу баявога прымянення дронаў. Падчас першага эпізоду былі прадэманстраваны дзеянні штурмавой групы сумесна з аператарамі беспілотных авіяцыйных комплексаў. Затым было разыграна вядзенне контрбатарэйнай барацьбы з выкарыстаннем беспілотнікаў.
«Найважнейшая задача — актыўнае развіццё сродкаў радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнай авіяцыяй»
Распачынаючы нараду па пытаннях развіцця вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў і бронекамізэлек, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў 927-м цэнтры падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў сабраліся для таго, каб абмеркаваць стан і перспектывы забеспячэння нашых Узброеных Сіл беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, індывідуальнай бронеабароны
вайскоўцаў.
«На прыкладзе спецыяльнай ваеннай аперацыі мы ўсе бачым, з аднаго боку, эфектыўнасць прымянення беспілотнікаў, з другога — складанасць барацьбы з імі, — канстатаваў Прэзідэнт. — Ударныя і разведвальныя комплексы развіваюцца вельмі дынамічна. Для кіравання імі выкарыстоўваюцца ўсё больш дасканалыя і абароненыя спосабы. Таму найважнейшая задача для нас — актыўнае развіццё сродкаў радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнай авіяцыяй».
Па словах кіраўніка дзяржавы, сёння, хаця б у першым набліжэнні, варта вызначыцца па пытанні беспілотных лятальных комплексаў. «Што гэта такое, мы бачылі, для чаго яны прызначаны — таксама ўбачылі, — сказаў ён. — Якія будзем вырабляць? Іх мноства ўжо. Калі не сотні, то дзясяткі — дакладна. Зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў Беларусі, зыходзячы з нашых магчымасцяў, — што будзем вырабляць? Гэта па-першае. Як будзем выкарыстоўваць іх, мы ўбачылі. Як будзем змагацца супраць беспілотных лятальных комплексаў — гэта тэма два. Як мне заўсёды дакладваюць, яна бліжэй да нас. Мы тут можам больш».
Вядома, па словах кіраўніка дзяржавы, пажадана было б мець такую цуда-машыну, якая працавала б па ўсіх беспілотніках і пазбаўляла іх магчымасці выконваць свае функцыі. «Калі мы такое вырабім, тады нам не патрэбны ніякія беспілотнікі», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што любая сучасная зброя можа эфектыўна прымяняцца толькі пры належнай індывідуальнай абароне салдата на полі бою. «Бронекамізэлькі, шлемы і іншая баявая амуніцыя павінны быць надзейнымі, лёгкімі і ў той жа час зручнымі, — паставіў задачу Галоўнакамандуючы. — У той жа час перада мной ставілася задача аб тым, каб мы выраблялі дастатковую колькасць бронекамізэлек для таго, каб забяспечыць Узброеныя Сілы Беларусі і ў тым ліку для рэалізацыі на экспарт. Мы таксама павінны вызначыць, што якія бронекамізэлькі будзем вырабляць, якую абарону забяспечым нашым салдатам на полі бою».
Па словах Прэзідэнта, натуральна, гэта патрабуе найперш навуковага падыходу.
«Можа быць у поўнай меры зроблена таксама з выкарыстаннем высокатэхналагічных матэрыялаў, — удакладніў ён. — Без гэтага таксама немагчыма. Што мы можам у гэтым плане? Як будзем тут дзейнічаць? Самае галоўнае, каб мы не патрацілі грошы ўпустую. Вы разумееце, што грошы патрэбны і для вытворчасці харчавання, адзення, пенсіянерам трэба заплаціць ды і ваеннаслужачым трэба ў гэтай пяцігодцы (нават за тры гады) поўнасцю вырашыць праблему забяспечанасці жыллём. Усюды патрэбны грошы. Таму каб мы не патрацілі грошы невядома куды».
«Давайце па-гаспадарску вызначымся, як будзем жыць далей, як дзейнічаць»
Прэзідэнт праінфармаваў, што перад нарадай ваеннае ведамства, Акадэмія навук і абаронная прамысловасць прадставілі наяўныя ўзоры ўзбраення арміі, паказалі, як рыхтуюцца спецыялісты гэтых сістэм. Галоўнакамандуючы прапанаваў абмеркаваць перспектывы далейшых крокаў па развіцці адпаведных напрамкаў у мэтах умацавання баяздольнасці і бяспекі войскаў.
Прэзідэнт цікавіўся аб бягучым стане вытворчасці, магчымасцях па распрацоўцы і стварэнні новых інавацыйных відаў пазначанай прадукцыі, праблемных пытаннях і, самае галоўнае, прапановах па іх вырашэнні. У тым ліку кіраўнік дзяржавы папрасіў праінфармаваць аб прымаемых мерах па зніжэнні залежнасці ад імпарту камплектуючых, забеспячэнні неабходных тэмпаў серыйнага выпуску.
«Да слова, беспілотнікі, якія будзем вырабляць, — удакладніў ён. — Мы цудоўна ўсе разумеем: сення вырабілі — заўтра яны ўстарэлі або ў прыватнасці, або зусім. Зусім, напэўна, не, а ўвесь час патрэбна мадэрнізацыя». Прэзідэнт прапанаваў пайсці шляхам стварэння трох-чатырох. базавых беспілотнікаў: «Стварыць чатыры пэўныя базавыя, іх з часам, калі патрэбна, мадэрнізаваць, — удакладніў ён. — Таму давайце па-гаспадарску вызначымся, як будзем жыць далей, як дзейнічаць».
«Давайце будзем зыходзіць ад зямлі» Прэзідэнт папрасіў старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрыя Пантуса з улікам размовы, якая адбылася, далажыць, што мы можам у мірны, ваенны час, на перспектыву ў галіне беспілотных лятальных комплексаў. «І як я вас папярэдзіў, ад зямлі, — удакладніў беларускі лідар. — Давайце будзем зыходзіць з зямной нашай прыналежнасці, давайце будзем дакладна разумець — гэта можна, гэта нельга. Хачу проста вас папярэдзіць: мы сёння ўсе захоплены „ах, беспілотнікі, ах, беспілотнікі“. Я казаў аб тым, што дзесьці, можа быць, дзесяць гадоў таму, можа, сем, міністр абароны цяперашні на калегіі Міністэрства абароны, на ўзроўні ўрада ахаў: „Нам трэба такія самалёты, нам трэба гэта зброя, ракеты і іншае“. Сёння кажа: „Ды не, ні танкі, ні БМП не вырашаюць пытанні,ні ракеты — беспілотнікі“. Добра, што тады не ўлезлі ў гэту шалёную, мільярдную праграму рэканструкцыі ўзбраення нашых Узброеных Сіл. Не паспяшаліся, не ўлезлі. Сёння аказалася, нам не столькі трэба танкаў, БМП. Кажуць, на пярэднім краі іх ужо няма, усё вырашаюць беспілотнікі». Але, заўважыў Прэзідэнт, ці не атрымаецца так, што праз нейкі час будзем шкадаваць, што ў беспілотнікі ўклалі столькі грошай, «але яны аказаліся зусім не той зброяй, на якую мы разлічвалі». Таму, заўважыў ён, трэба прадугледжваць усе варыянты.
ДАСЛОЎНА
Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый ПАНТУС, кіраўніку дзяржавы было даложана аб той лінейцы БЛА, якія сёння ва ўстаноўленым парадку распрацаваны, прыняты на ўзбраенне і, самае галоўнае, гатовы да серыйнай вытворчасці. «Гэта наменклатура па зразумелай прычыне на пастаяннай аснове будзе мадэрнізавацца, дапрацоўвацца з улікам пажаданняў нашага Міністэрства абароны і іншых сілавых ведамстваў», — удакладніў ён.
Па словах Дзмітрыя Пантуса, ажыццяўляецца маніторынг, што адбываецца на сусветным рынку ўзбраення. «У тым ліку па такіх кірунках, як беспілотныя лятальныя апараты, РЭБ (радыёэлектронная барацьба. — «Зв».), сёння таксама дэталёва абмяркоўвалася, — канкрэтызаваў кіраўнік ведамства. — Па РЭБ у нас больш развітая навуковая школа. Вядома, вынікі сёння па РЭБ крыху лепшыя, але гэта два кірункі, якія на пастаяннай аснове канкурыруюць паміж сабой, таму сёння вырываецца наперад адзін, заўтра яго даганяе іншы. І наадварот».
***
Як акцэнтаваў увагу міністр абароны Віктар ХРЭНІН, створаны самастойны кампанент спецыяльных войскаў — войскі беспілотных авіяцыйных комплексаў. «У нас выбудавана дакладная вертыкаль ва Узброеных Сілах: пачынаючы ад органаў кіравання, падраздзяленняў, сістэмы падрыхтоўкі, — канстатаваў ён. — Мэта гэтага мерапрыемства — прадставіць кіраўніку дзяржавы тыя беспілотныя авіяцыйныя комплексы, якія ўжо прыняты на ўзбраенне, якія выкарыстоўваюцца і прымяняюцца. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача — яшчэ раз перагледзець усе разлікі зыходзячы з прынцыпу разумнай дастатковасці: што неабходна нам, у якой колькасці сістэм беспілотных авіяцыйных комплексаў, сродкаў супрацьдзеяння ім жа. Задачы дакладна пастаўлены, у гэтым кірунку будзем рухацца».
Па словах міністра, у цяперашні час ёсць разуменне, што БЛА — гэта адзін з кампанентаў, які павінен быць на полі бою. «Ні ў якім разе мы не кажам, што нам не патрэбна артылерыя, тыя ж танкі, баявыя машыны пяхоты, — падкрэсліў кіраўнік абароннага ведамства. — Вядома, усё на полі бою вырашае ваеннаслужачы, салдат. Таму адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася, — сродкі абароны нашых ваеннаслужачых. Тут таксама ёсць перспектывы, магчымасці нашага Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта забяспечваць імі нашы Узброеныя Сілы».
***
Абаронна-прамысловы комплекс Беларусі здольны забяспечыць патрэбы арміі ў беспілотніках, заявіў журналістам начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.
Паводле яго слоў, сёння ва Узброеных Сілах выбудавана сістэма падрыхтоўкі кадраў для выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў.
«Гэта падрыхтоўка базавых спецыялістаў на базе Акадэміі авіяцыі нашай краіны, дзе ў рамках ваеннага факультэта рыхтуюць спецыялістаў кіравання палётамі, інжынераў па эксплуатацыі беспілотных авіяцыйных комплексаў, аператараў БЛА самалётнага тыпу. Гэта своеасаблівая сістэма павышэння кваліфікацыі тых спецыялістаў, якія сёння займаюцца гэтымі пытаннямі ў войсках. Такія мерапрыемствы праходзяць у нас на рэгулярнай аснове», — заявіў Павел Муравейка.
Акрамя таго, па даручэнні кіраўніка дзяржавы войска шырока прыцягвае студэнтаў да асваення БЛА. На ваенных факультэтах у 12 ВНУ краіны створаны адпаведныя класы, дзе плануецца рыхтаваць па гэтым профілі больш за 20 тысяч студэнтаў у год.
«Выкарыстоўваюцца трэнажорныя класы, створаныя ў клубах ваенна-патрыятычнага выхавання. Таму сёння прымяненне беспілотнікаў стала дастаткова масавай спецыялізацыяй, і Узброеныя Сілы не адчуваюць недахопаў па падрыхтоўцы тых спецыялістаў, якія нам неабходны для кіраўніцтва гэтым відам узбраення», — падкрэсліў начальнік Генеральнага штаба.
Больш за тое, Узброеныя Сілы актыўна супрацоўнічаюць з выпускнікамі грамадзянскіх ВНУ. Інжынеры, тэхнікі, аператары і ІT-спецыялісты прыходзяць у армію, каб заняцца любімай справай — выкарыстаннем беспілотных авіяцыйных комплексаў.
«Гэта перспектыўны кірунак у нашых Узброеных Сілах, і мы яго развіваем. Яшчэ адно пытанне, якое вельмі дакладна паставіў кіраўнік дзяржавы, — патрэбы нашай арміі ў гэтых сістэмах. Сёння наш абаронна-прамысловы комплекс здольны забяспечыць гэтыя патрэбы. Ён вырабляе фактычна ўсю лінейку беспілотных авіяцыйных комплексаў, якія неабходны ва Узброеных Сілах. Тое, што яны не могуць вырабляць, мы збіраем самі, выкарыстоўваючы магчымасці нашых падраздзяленняў. Маючы такіх таленавітых хлопцаў, мы можам вырашыць тыя пытанні, якія перад намі стаяць», — сказаў Павел Муравейка.
Ён дадаў, што Прэзідэнт паставіў шэраг задач па ўдасканаленні гэтага кірунку. «Нам ёсць над чым працаваць у рамках тэорыі развіцця беспілотных сістэм. І гэта не толькі авіяцыйны складнік. Гэта ў тым ліку і наземны складнік — стварэнне розных рабатызаваных і іншых комплексаў, якія будуць у перспектыве паступаць у нашы войскі», — рэзюмаваў начальнік Генштаба.
***
Адказваючы на пытанне журналістаў, як айчынныя бронекамізэлькі выглядаюць на фоне найлепшых замежных аналагаў, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік сказаў: «Цалкам адпавядаюць. Мы лічым, што наш беларускі салдат павінен быць абаронены не толькі не горш, а лепш за сваіх замежных калег. Таму клас абароны, усе ДАСТы выконваюцца. Ідзе вельмі тонкая работа па падгонцы, каб улічваць усе запатрабаванні Узброеных Сіл».
Уладзімір Каранік расказаў, што ў краіне двума вытворцамі асвоены выпуск бронекамізэлек усіх сучасных класаў у аб’ёме, які нават перавышае штогадовыя патрэбы Узброеных Сіл. «Прыемна, што дасягнута даволі высокая тэхналагічная незалежнасць. Магчымасць забяспечыць камфорт пры тым жа ўзроўні абароны — выкарыстоўваць керамічныя бронепліты, якія абараняюць больш эфектыўна, чым метал, але пры гэтым маюць меншую вагу. На сённяшні момант абодва вытворцы ў Беларусі асвоілі ўласныя тэхналогіі і вытворчасці бронепліт у дастатковым аб’ёме», — падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Па яго словах, гэтую прадукцыю можна і экспартаваць. Тут пытанне ўжо маркетынгу, цаны і маштабавання аб’ёмаў.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Брэсцкая вобласць