Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю кітайскаму медыя.
Пытанні Прэзідэнту Беларусі задавала вядучая і карэспандэнт Медыякарпарацыі Кітая (China Media Group) Цзо Юнь. Размова была арганізавана напярэдадні буйных міжнародных мерапрыемстваў у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у якіх возьме ўдзел і беларускі лідар: саміту ШАС і парада ў Пекіне ў гонар Перамогі над японскімі мілітарыстамі і заканчэння Другой сусветнай вайны.
Медыякарпарацыя Кітая (China Media Group) — дзяржаўная медыяарганізацыя Кітайскай Народнай Рэспублікі, адзін з найбуйнейшых медыякангламератаў свету. Знаходзіцца пад кантролем Аддзела прапаганды Нацыянальнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, падпарадкоўваецца непасрэдна Дзяржаўнаму савету КНР. Ахоп аўдыторыі — звыш мільярда чалавек у Кітаі і за яго межамі. Медыякарпарацыя ўключае 51 тэлевізійны канал, 23 дыяпазоны радыёчастот для вяшчання ўнутры Кітая і праграмы на 44 мовах для міжнароднай аўдыторыі. Сёння медыярэсурсы China Media Group даступны ў 143 краінах і рэгіёнах свету. Вяшчанне ажыццяўляецца кругласутачна на пяці мовах, уключаючы рускую.
Падчас інтэрв’ю было закранута шырокае кола пытанняў, якія датычацца беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння і міжнароднага парадку дня ў цэлым. Сярод тэм, якія абмяркоўваліся, — высокі ўзровень адносін Беларусі і Кітая, інтэнсіўнасць візітаў Аляксандра Лукашэнкі ў Паднябесную, даверлівыя сяброўскія адносіны двух лідараў. Журналіст пацікавілася, што ляжыць у аснове моцных беларуска-кітайскіх адносін і якія чаканні ў Прэзідэнта Беларусі ад маючага адбыцца візіту ў Кітай. Размова ішла і пра значэнне членства Беларусі ў ШАС, агульныя падыходы ў пытанні захавання гістарычнай памяці, двухбаковыя маштабныя праекты (у прыватнасці, такія, як індустрыяльны парк «Вялікі камень»). Цікавілася журналіст і пазіцыяй беларускага лідара наконт мірнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту, перагавораў прэзідэнтаў Расіі і ЗША на Алясцы. Аб гэтым, як заўсёды, Аляксандр Лукашэнка выказаўся адкрыта і падрабязна.
«Трэба зыходзіць з рэальнага, каб не страціць большага, каб не страціць усю Украіну»
«Мы як ніколі раней блізкія да таго, каб спыніць гэты канфлікт і дамовіцца аб міры паміж Расіяй і Украінай, — перакананы Прэзідэнт, які дастаткова паглыблены ў гэта пытанне. — Што датычыцца перагавораў Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна на Алясцы, я гэта ўспрымаю вельмі пазітыўна. І я абсалютна не згодзен з тымі высновамі і заключэннямі, якія гучаць у журналістаў і рознага кшталту спецыялістаў на гэту тэму. Што Пуцін больш атрымаў, Трамп менш атрымаў і прайграў. Паслухайце, калі ты не разумееш у элементарнай дыпламатыі, то не трэба даваць ацэнкі. Гэта розныя людзі, розныя пазіцыі».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Расія і Украіна — гэта бакі, якія ўдзельнічаюць у канфлікце. «Калі Амерыка пастаўляе зброю, то яна не вядзе вайну супраць Расіі, Амерыка не з’яўляецца бокам у гэтай вайне, — патлумачыў ён. — А Дональд Трамп і Амерыка з’яўляюцца пасрэднікамі. І каб глыбей зразумець сітуацыю ў гэтым канфлікце, каб больш сур’ёзна ацаніць сітуацыю з боку Расіі, зразумець Расію ў гэтай вайне, Трамп як пасрэднік (яму трэба выказаць за гэта ўдзячнасць) запрасіў Пуціна на Аляску». За гэта, па словах беларускага лідара, Прэзідэнта ЗША варта не крытыкаваць, а быць яму ўдзячным.

«Ён высветліў пазіцыю ў гэтым канфлікце, ён зразумеў, чаго хоча Расія, — кажучы пра Дональда Трампа, заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Але нават гэта ён не стаў казаць, бо ён — не бок гэтага канфлікту. Тое, што было абмеркавана, — гэта канкрэтыка, па якой будуць размаўляць прэзідэнты Пуцін і Зяленскі, бакі, якія канфліктуюць». Па словах Аляксандра Лукашэнкі, падчас перагавораў на Алясцы Прэзідэнт ЗША задаваў шмат пытанняў Прэзідэнту Расіі і зразумеў пазіцыю апошняга.
«Як ні кажы, а ўсё-такі пазіцыя Расіі для будучага міру тут важнейшая, чым украінская. Чаму? Расія дамінуе сёння на фронце. Вельмі моцна дамінуе. І на галоўным напрамку, Данецкім, у раёне Пакроўска, склалася вельмі небяспечная сітуацыя для ўкраінцаў. Яны адтуль бралі, з асноўнага напрамку, войскі, баяздольныя, і перакідвалі на поўнач, у раён Сум, Харкава, дзе расіяне ўклініліся на тэрыторыю Украіны. Яны перакінулі часці, тым самым аслабіўшы асноўны напрамак на Данбасе, у Данецкай вобласці. Гэта вельмі небяспечна, катастрафічна небяспечна. І адбылося тое, што адбылося: расіяне наступаюць па ўсёй лініі фронту. Так, спакойна».
Аляксандр Лукашэнка распавёў, што абмяркоўваў гэта пытанне з Уладзімірам Пуціным: наступленне можа быць больш імклівым, але за гэтым — чалавечыя страты. «Яны берагуць людзей, яны берагуць ваеннаслужачых, — падкрэсліў беларускі лідар. — Але ўсюды паціху рухаюцца кіламетр за кіламетрам, кожны дзень вызваляючы новыя паселішчы. Для Украіны — вельмі небяспечна. Украіне трэба сёння спыніцца, трэба заключыць мірнае пагадненне, каб не страціць Украіну ўвогуле».
- Па назіраннях Прэзідэнта, Дональд Трамп, які ўзяўся за ўрэгуляванне гэтага канфлікту, магчыма, ужо і не рады. «Ён зразумеў, што гэта сапраўды складана, — патлумачыў беларускі лідар. — Але яму няма куды дзявацца. Як у нас кажуць, саскочыць ужо немагчыма. І я амерыканцаў слова ў слова папярэджваў, калі яны былі задоўга да гэтых перагавораў у мяне: „Вы, кажу, перадайце Трампу, што яму цяпер адступаць нельга“. Ён узяўся за праблему гэту, і ён павінен яе вырашыць. І ён можа яе вырашыць. І ён імкнецца яе вырашыць. Вось у чым сутнасць размовы на Алясцы».
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў перагаворы па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту рвуцца еўрапейцы: маўляў, без нас не можа нічога адбыцца. У гэтай сувязі Прэзідэнт ім нагадаў люты 2015 года, калі па ініцыятыве буйных еўрапейскіх краін (Германіі і Францыі) у Мінску сабраліся іх лідары, а таксама Уладзімір Пуцін і тагачасны Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, каб спыніць тое, што адбывалася тады ва Украіне.
«Хто перашкаджаў устанавіць трывалы мір? — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар. — Дык яны потым прызналіся: яны сюды прыехалі не мір устанаўліваць, а для таго, каб даць магчымасць пераўзброіцца Украіне. Дык чаго сёння вы крыўдзіцеся, што Трамп вас не запрашае? Навошта вы тут патрэбныя? Вы ж ужо адзін раз паспрабавалі. Амерыка тады не ўмешвалася, хоць я казаў: без Амерыкі міру не будзе, патрэбна падключыць Амерыку. Яны яе не падключалі. Яны самі вырашылі ўстанавіць мір. У 2015 годзе, у лютым месяцы. Правалілі гэта. Свядома гэта зрабілі. Падманулі Расію».
Таму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, Дональд Трамп мае рацыю, што Амерыка ў адзіночку спрабуе прасунуць мірныя пагадненні. «Думаю, што гэта шчыра», — падзяліўся кіраўнік дзяржавы і ўдакладніў, што Прэзідэнту ЗША выгадна, калі еўрапейцы выступаюць «ястрабамі».
Аляксандр Лукашэнка разумее, наколькі Дональду Трампу складана ў гэтай сітуацыі, бо ён змагаецца не толькі за мір, за тое, каб зблізіць пазіцыі Украіны і Расіі. Няпроста і таму, што еўрапейцы, саюзнікі Амерыкі, выступаюць супраць гэтага. «Таму чыста ў перагаворным працэсе Трампу ў пэўнай ступені выгадна, што еўрапейцы іграюць такую ролю і займаюць такую пазіцыю, — сказаў Прэзідэнт. — Думаю, найбліжэйшы час пакажа, у якім кірунку будзе развівацца абстаноўка. Але я абсалютна перакананы, я гэта дакладна ведаю ад Прэзідэнта Расіі, ён вельмі хацеў бы, каб наступіў мір паміж Украінай і Расіяй. І многае будзе залежыць ад таго, наколькі Украіна зразумее рэальнае становішча спраў. Усё-такі трэба зыходзіць з рэальнага, каб не страціць большага, каб не страціць усю Украіну»
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што хацелася б, каб урэгуляванне ўкраінскага канфлікту ішло хутчэй, хоць разумее, што вайна ідзе чатыры гады, таму хутка не будзе. «Тут трэба спакойна разабрацца і хоць бы перастаць страляць адзін у аднаго, спыніць наносіць удары па паветры, — лічыць ён. — Спыняцца ваенныя на лініі судакранання на фронце, перастануць страляць адзін у аднаго, не будуць гінуць людзі, як цяпер адбываецца, тады можна гаварыць і аб міры, і аб пасляваенным уладкаванні, і аб рэдказямельных металах. Аб чым заўгодна можна гаварыць. На гэта будзе час. Але лепш, вядома, мір заключыць, калі атрымаецца».
«Патрэбны гарантыі бяспекі»
Адказваючы на пытанне, як можна стварыць эфектыўную ўстойлівую сістэму еўразійскай бяспекі, што павінна быць у яе аснове, Прэзідэнт адзначыў, што бяспека павінна быць непадзельнай. «Яна павінна быць для нас, еўрапейцаў, агульнай, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сваю ролю ў гэтай сістэме бяспекі павінны іграць усе: ад Беларусі і Расіі да Англіі, Германіі і гэтак далей. Можа быць, з удзелам вядучай краіны — Злучаных Штатаў Амерыкі».
Прэзідэнт нагадаў, што ёсць такая арганізацыя як АБСЕ (Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе), куды, акрамя еўрапейскіх дзяржаў, уваходзяць ЗША і Канада. Але, як падкрэсліў беларускі лідар, гэтай арганізацыі не чуваць і не відаць. «А трэба было б сабрацца і сур’ёзна кіраўнікам дзяржаў абмеркаваць тое, што тут адбываецца, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Таму патрэбна не проста дыпламатычная арганізацыя, а ваенна-палітычная арганізацыя. І самае галоўнае пры гэтым патрэбны гарантыі бяспекі. Трэба дамовіцца. Вось гарантыі бяспекі, калі яны парушаюцца — адказ такі».
Кіраўнік дзяржавы расказаў журналісту, што ў горкім вопыце Беларусі была і такая старонка, узгадаўшы заключаны ў Будапешце дагавор аб вывадзе ядзернай зброі з тэрыторыі Украіны і Беларусі. «Тады нам давалі гарантыі моцныя краіны: і Амерыка, і Вялікабрытанія, і Расія і гэтак далей, — сказаў ён. — Ну і што? Усё гэта было забыта. Таму трэба дамаўляцца цяпер. А ўсё, што будзе потым, будзе залежаць ад нас, ад нашай палітыкі на еўрапейскім кантыненце. І не толькі на еўрапейскім».
Інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі будзе трансліравацца ў праграме «Дыялог на высокім узроўні» — гэта адзіная ў Кітаі штотыднёвая праграма, якая вядзецца на дзвюх мовах (кітайскай і англійскай) на каналах «Сі-Сі-Ці-Ві» і «Сі-Джы-Ці-Эн». З кастрычніка 2022 года гасцямі праграмы сталі звыш 130 вядомых сусветных палітычных лідараў. Падрабязнасці цікавай і карыснай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам, якая доўжылася паўтары гадзіны, будуць апублікаваны і ў газеце «Звязда».
Вераніка КАНЮТА
Валерыя СЦЯЦКО
«Трамп выдатна сыграў сваю ролю пасрэдніка». Лукашэнка ацаніў вынікі перагавораў на Алясцы
Лукашэнка: Я не хварэю «хацелкамі» арганізаваць перагаворы па Украіне ў Мінску, але калі трэба — усё зробім
Лукашэнка расказаў пра мірны план па Украіне, пра які гаварыў у размове з Трампа
Лукашэнка: «Збеглыя» не маюць ніякага дачынення да дамоўленасцяў з ЗША па памілаванні
Лукашэнка пра ЗША: Будзем выбудоўваць з імі адносіны, мы на гэта нацэлены
Лукашэнка выказаўся пра магчымасць памілавання асуджаных: Не варта разлічваць, што выпусцім бандытаў
Лукашэнка: Трамп не такі, якім яго паказваюць, ён удумлівы чалавек і настроены на мір
Лукашэнка ацаніў шанцы Трампа на Нобелеўскую прэмію міру
«Мне з імі няма пра што гаварыць». Лукашэнка пра магчымасць перагавораў з беглай апазіцыяй
«Ніякага дыктату»: эксперт — пра магчымасць аднаўлення амерыканцамі дзейснага дыялогу з Масквой па шырокім спектры пытанняў